МАГЧЫМАСЦЬ ЗБАВЕННЯ


Люблю адзіноту,

Люблю адзіноту скразную,

Да шляху падобную ў вырай

Праз далеч сваю і чужую.

У той адзіноце,

Як стома,

Жыве спамінанне

Пра страты малыя,

Пра клопаты

I пра каханне.

Ах, тое каханне —

Святло невядомае зоркі...

На сцежкі кладзецца чужыя

I родныя песціць пагоркі.

Ах, клопаты-страты,

Як рух безупынны да волі —

Да раніцы весняй,

Што ў родным сустрэнецца полі.

Ратуй ад здранцвення,

Мая адзінота скразная.

У руху — збавенне

I далеч свая і чужая.

Загрузка...