КРАЯВІД


Каля нашага плота рака.

Абсыпаецца бераг паціху.

Грукат ранішняга цягніка

Настрахаў на бярозе бусліху.

Час такі — трэба дом пакідаць.

Не ўратуе бярозу карэнне,

Бо не надта глыбока, відаць,

Дол свідруе ці стомлена дрэмле.

Будзе доўга сівая страха

Мроіць даўнія забабоны.

Па-грабарску працуе рака,

Глей дакідваючы да перона.

Праваднік пажартуе на лёс:

«Цяжка з ім, як з білетам на поўдзень»...

Вось бусліха ўзляціць да нябёс!

Паглядзім і ў купэ сваё пойдзем.

Загрузка...