ВАЛЯ


Пра што мы згадаем,

Пра што запяём,

Куды мы на лета паедзем?..

I лютаўскі вецер,

I ліпеньскі гром

Спрыяюць сардэчнай бяседзе.

Хвіліна спакою, калі мы з табой

Адны ў выдавецкім пакоі,

I гэты захоўваючы спакой,

Згадаю здарэнне былое,—

Ці хто блазнаваў у Давыд-Гарадку,

Ці млынам угневалі хмару,

Бо яблык агністы упаў у муку,

I збегліся ўсе да пажару.

А дзеці хацелі той яблык знайсці

I рознай другой садавіны,

Якая за хмарамі можа расці

Амаль увесь год безупынна.

Дарэмны той пошук...

I тою парой

Ці думалі мы, што ў адхланні

Прыносяць нам радасць,

Даюць нам спакой

Дзіцячыя нашы жаданні.

Загрузка...