Той час,—
Калі глядзелі на цябе
Вароны, валуны і змеі,—
Пчалу сачыў на залатой вярбе,
Падобнай да палескае касмеі.
На хвалях узнікаў абраз тугі
З вянком сухім і ручніком зрудзелым
I ад вады ўцякалі берагі,
А да вады імкнуліся, глядзелі,
Забыўшыся на час і на цябе,
Вароны, валуны і змеі,
I ўслед пчала —
Ёй сумна на вярбе,
Ёй лепей тут,
На залатой касмеі.
I нават час
I той глядзеў сюды —
На чысціню таемнае вады
Каля гароду,
А ў гародзе маці
Не пакідала з доўгае грады
Насенне красак у хвартух збіраці.