НАД ПЛЯЦАМ


А плота пакуль што няма —

Над пляцам кружыліся дошкі.

Брахала на дошкі шчаня,

I вапнаю пахлі валошкі.

Для шулаў, для лагаў — дубы,

Глухім плывучы абшарам,

Раструшчвалі чарапы

Аблезлым балотным хмарам.

Ад хвояў цяжкая імгла —

Цяжэй за спякоту цагельні.

Цякла на валошку смала,

I жоўтыя лапы цяжэлі.

У глінішчы жалезнякі

Выкопвалі з бітае гліны

I водар, і хвалі ракі

I кідалі іх у драбіны.

Цыратай засланае дно

Ці скруткам якой палатніны...

Звісала над пляцам радно,

Затульваючы глабіны.

I кроквы спынялі свой крок

Над пляцам.

I збегліся ў небе

I латы, і гонта, і дрот,

I зроблены з яблыні гэбель.

Вось так пачынаўся мой свет —

Раскручваўся толь на цагліны

Падмурку.

I клаліся ўслед

Абчэсаныя падваліны...

Маленства, як тое шчаня,

Як смолкія тыя валошкі,

Як дзіва, што плота няма,

А ў небе і сонца, і дошкі.

Загрузка...