СЦЭНЫ


1. Маленства

Вось яна, казка — Давыд-Гарадок,

Бацька на ганку і маці ў гародзе,

А перад хатаю чысты грудок —

Сонца стаіць і не хоча заходзіць.

Вось яна, ява — ахоўца нябёс

Крылы суцішыў ля нашае хаты.

Маці глядзіць, не хаваючы слёз,

Бацька глядзіць у здзіўленні зацятым...

Добры ахоўца ізноў да мяне...

Цацку прынёс... я прамовіць баюся.

Ён вандраваў па дажджы-тумане,

Вочы ягоныя ў стомленай скрусе.

«Я на хвіліну, каб выпіць вады»,—

Словы гучаць, як вандроўныя сховы.

Бусел з адрыны зляціць малады,

Студню крануўшы крылом чаратовым.


2. Сталасць

Зноў яна, казка,—

У студні віно:

Верх залацісты,

Празрыстае дно...

Студзячы зоры,

Студня гаворыць:

«Сініцы валлём казыталі мяне,

Калі спаталялі раптоўную смагу,

I навальніцы у гэтым віне

Купалі маланкі свае і адвагу.

Дарога плыла, абтрасаючы пыл,

I кроплі спадалі на тую дарогу.

Вандроўнік самотны праходзіў і піў

I забываўся на сон і знямогу.

Глыні, чалавек, і ў цябе гэткі лёс!»

Глынуў толькі кроплю, і студня заснула.

I строгая сталасць ахоўцу нябёс

З дарослае казкі ў маленства вярнула.

Загрузка...