Радок уваскрэсне патрэбны,
Тваю скалане дамавіну.
I дзень уваскрэсне ганебны,
Калі ты пакрыўдзіў жанчыну.
Радок гэты твой, найадзіны,
I ён пра каханне, вядома,
Магчыма, да гэтай жанчыны,
На свет навакольны падобнай.
З якіх небакраяў глядзела
На лёс вераб'іны твой,
Як прагнула, як хацела
Твой лёс, як уцеха, здрабнелы
Сваёй азарыць вышынёй.
Яна разумела мастацтва,
Яна гаварыла: «Застацца
З усіх тваіх вершаў павінен
Вось гэты радок аб жанчыне»,
Прароцтва цяжэй ад прымусу.
Даць веры такому няможна,
Бо ты ў гаспадарлівай Музы
Пазначаны ў спісе заможных.
I лепей пакінуць жанчыну,
Пазбыцца прароцтва яе...
I пыха твая без прычыны
Пра ўяўную славу пяе:
«Я — Майстар! Паэт знакаміты,
Я слова да бога узнёс,
I новую Маргарыту
Яшчэ мне падорыць лёс.
Пагляньце — спазнілася восень,
Але да мяне на парог
Стажок вінаграду падносіць
На срэбнай далоні бог.
Яшчэ не сабралася лета,
Але на ацуплы парог
Снапок мармуровых кветак
Кладзе заінелы бог».
Кладзе, паціскае плячыма,
Ранейшага не пазнае...
Як свет навакольны, жанчына
Ідзе да самоты свае
I з поўнымі снегу вачыма
Пра ўяўную славу
Пяе.