РАЗДЗЕЛ XVII


Лёс працягвае наносіць Оліверу ўдары і дзеля таго, каб знішчыць яго рэпутацыю, прысылае ў Лондан вялікага чалавека

тэатры існуе традыцыя ва ўсіх добрых крывавых меладрамах перамяжоўваць трагічныя сцэны камічнымі так, як у добрай грудзінцы перамяжоўваюцца белыя і чырвоныя слаі. Герой пад грузам сваіх нягод і бядот апускаецца на саламяны ложак, а ў наступнай сцэне яго верны, але не такі сур’ёзны збраяносец весяліць публіку адмысловай песенькай. Мы з трымценнем сэрца бачым, што гераіня знаходзіцца ва ўладзе фанабэрыстага і бязлітаснага барона і што ў небяспецы яе гонар і жыццё; яна дастае кінжал, каб захаваць першае за кошт другога — і вось якраз у той момант, калі хваляванне наша дасягнула самай высокай кропкі, мы чуем свісток і пераносімся напрасткі ў вялікую залу замка, дзе сівабароды сенешаль выконвае забаўныя прыпеўкі ў атачэнні забаўных васалаў, якія могуць з’явіцца дзе заўгодна — ад царкоўных скляпенняў да палаца — і вандруюць кагаламі па краіне, спяваючы безупынна песні.

Такія змены падаюцца абсурднымі, аднак яны не настолькі штучныя, як гэта магло б здавацца на першы пагляд. У рэальным жыцці пераход ад сталоў з найлепшымі стравамі да смяротнага ложа і ад жалобнага ўбранства да святочнай вопраткі ўражваюць ніяк не менш, але толькі тут мы — дзейныя асобы, а не пасіўныя гледачы, а гэта вялікая розніца. Акцёры ў тэатры, дзе пануе прыпадабненне, не заўважаюць рэзкіх пераходаў і раптоўных парываў жарсці, пачуццяў, што адразу, калі глядзець вачыма простага гледача, асуджаецца як з’ява непрыдатная і недарэчная.

З той прычыны, што нечаканае чаргаванне сцэн, рэзкія перамены часу і месца не толькі замацаваліся ў кнігах дзякуючы шматгадоваму ўжытку, але і шмат кім разглядаюцца як вялікае майстэрства пісьменніка — крытыкі ацэньваюць творчы патэнцыял пісьменніка галоўным чынам у залежнасці ад тых нявыкрутак, у якія ён ублытвае свайго героя напрыканцы кожнага раздзела, — гэты кароткі ўступ да бягучага раздзела можа здацца непатрэбным. Калі гэта так, то няхай ён будзе ўспрыняты як тонкі намёк гісторыка на тое, што ён вяртаецца адразу ў горад, у якім нарадзіўся Олівер Твіст, а чытач няхай прыме на веру, што ёсць важкія ды істотныя падставы зрабіць гэтае падарожжа і што ў адваротным выпадку яго ну ніяк не запрасілі б узяць удзелу ў такой авантуры.

Містэр Бамбл уранні выйшаў праз браму працоўні і ўрачыста пакрочыў уверх па Гай-стрыт. Ён увесь быў яскравым увасабленнем сваёй пасады прыходскага чыноўніка: яго трохкутны капялюш і форменны сурдут блішчалі ў промнях ранішняга сонца, сваю палку ён сціскаў з энергіяй здароўя і ўладарнасці. Містэр Бамбл заўсёды хадзіў з высока ўзнятай галавой. Сёння ён трымаў галаву яшчэ вышэй, чым звычайна. Ён ступаў з нейкай адасобленасцю ў позірку, з узвышанасцю ў манеры, так што збочны назіральнік, трэба думаць, мусіў пранікнуцца пэўнасцю, што кур’ер абдумвае рэчы занадта вялікія, каб іх можна было выказаць.

Нарэшце містэр Бамбл спыніўся, і спыніўся ён зусім не для таго, каб адказаць каму-небудзь з крамнікаў або камусьці іншаму з тых, хто загаворваў з ім па дарозе. Ім ён адно махаў рукой, не запавольваючы сваёй хады, пакуль не дасягнуў фермы, дзе немаёмных бязбацькавічаў ахінула прыходскім клопатам місіс Мэн.

— Каб цябе трасца трэсла! — усклікнула місіс Мэн, пачуўшы знаёмую манеру трэсці садовую брамку. — Хто ж яшчэ можа прысунуцца так рана, акрамя кур’ера! О містэр Бамбл, падумаць толькі, нарэшце вы завіталі да нас! Я так рада, так рада. Калі ласка, праходзьце ў вітальню, сэр, калі ласка.

Першая частка выказвання была адрасаваная Сьюзэн, а воклічы захаплення прызначаліся містэру Бамблу і гучалі, пакуль адчынялася брамка, і містэр Бамбл уваходзіў у дом.

— Місіс Мэн, — прамовіў містэр Бамбл, не сядаючы і не падаючы ў фатэль, як гэта зрабіў бы на яго месцы які-небудзь нахабнік, а паступова і паважна ў яго апускаючыся, — місіс Мэн, мэм, добры дзень.

— Добры дзень, сэр, — адказвала місіс Мэн, адорваючы госця ўсмешкамі. — Спадзяюся, вы пачуваецеся добра?

— Прыходскае жыццё — гэта не пасцель з ружаў, мэм, — адказаў містэр Бамбл і стукнуў палкай па століку. — Не, гэта жыццё, поўнае клопатаў, непрыемнасцяў і цяжкай працы. Але я магу сказаць, што ўсе грамадскія дзеячы зазнавалі пераслед.

Місіс Мэн, якая не магла адразу ўцяміць, што мае на ўвазе кур’ер, у знак згоды махнула рукой і ўздыхнула.

— Ох, тут ёсць ад чаго ўздыхнуць, місіс Мэн! — працягваў кур’ер.

Місіс Мэн падумала, што яна адрэагавала правільна, і ўздыхнула яшчэ раз, — і гэта, відавочна, каб дагадзіць грамадскаму дзеячу, які дзеля таго, каб запабегнуць самазадаволенай усмешцы, строга паглядзеў на свой трохкутны капялюш і прамовіў:

— Місіс Мэн, я еду ў Лондан.

— А Божачка мой, што вы кажаце, містэр Бамбл! — місіс Мэн нават адступіла на крок.

— Так, у Лондан, мэм, — няўмольна паўтарыў містэр Бамбл. — На паштовай карэце. З двума беднякамі, місіс Мэн! Адбудзецца паседжанне суда наконт справы аб аседласці, і рада даручыла мне — мне, місіс Мэн, — сведчыць у гэтай справе на квартальнай сесіі суда ў Клэркінуэле. І я баюся, — тут кур’ер крыху ўстаў і сеў больш самавіта, — я баюся, мэм, што сесія ў Клэркінуэле ўліпне як быць павінна, калі паспрабуе знайсці ўва мне крайняга.

— О, пашкадуйце іх, сэр! — патрапіла ў тон місіс Мэн.

Клэркінуэльская сесія сама наклікала такое стаўленне да сябе, мэм, — быў адказ містэра Бамбла. — Калі Клэркінуэльская сесія апынецца перад фактам, што ў іх атрымалася шмат горш, чым яны чакалі, то гэтым Клэркінуэльская сесія будзе абавязаная адно толькі сабе.

У суворай інтанацыі, з якой містэр Бамбл прамовіў гэтыя словы, было столькі перадвызначанасці і перакананасці, што місіс Мэн была застрашаная самым натуральным чынам. Нарэшце яна азвалася:

— Дык вы едзеце карэтай, сэр? А я думала, што гэтых беднякоў звычайна пасылаюць на вазах.

— Гэта калі яны хворыя, місіс Мэн, — адказаў кур’ер. — Калі ідзе дождж, мы адпраўляем на вазах хворых, каб загартаваць іх супраць прастуды.

— О! — выгукнула місіс Мэн.

— Карэта бярэцца прывезці іх таксама назад, і прытым за малую плату, — працягваў містэр Бамбл. — Яны абодва ў вельмі цяжкім стане, і мы вырашылі, што на два фунты танней абыдзецца адаслаць іх, чым пахаваць тут. Спіхнуць іншаму прыходу, абы толькі не памерлі па дарозе, ха-ха-ха!

Містэр Бамбл быў рассмяяўся, але тут яго вочы натрапілі на трохкутны капялюш, і ён зноў стаў сур’ёзным.

— Але мы адхіліліся ад справы, мэм, — сказаў кур’ер. — Вось ваша прыходскае ўтрыманне за месяц.

Містэр Бамбл паважна дастаў з гаманца колькі сярэбраных манет, загорнутых у паперу, і запатрабаваў распіску, якую місіс Мэн адразу ж напісала.

— Паставіла я на ёй пару плямаў, сэр, — проста сказала выхавальніца, — але здаецца, што ўсё па форме. Вялікі дзякуй вам, сэр. Пэўна ж, я вам вельмі абавязана.

У адказ на рэверанс місіс Мэн містэр Бамбл прыхільна кіўнуў галавой і спытаўся, як маюцца дзеці.

— Божа блаславі іх мілыя маленькія сэрцы! — узрушана азвалася місіс Мэн. — У іх усё як мае быць, у маіх маленькіх! Зразумела, акром тых двух, што памерлі на тым тыдні. Ды акрамя малога Дзіка.

— Што, яму не становіцца лепш? — запытаўся містэр Бамбл.

Місіс Мэн пахітала галавой.

— Вось жа сапсаваны, шкадлівы, гідкі малы нягоднік! — злосна сказаў містэр Бамбл. — Дзе ён?

— Праз хвіліну ён будзе тут, містэр Бамбл, — адказала місіс Мэн. — Гэй, Дзік, ану давай, хадзі сюды!

Яна гукнула яшчэ некалькі разоў. Нарэшце з’явіўся Дзік. Яго сунулі тварам пад калонку, місіс Мэн выцерла яго прыполам сваёй сукенкі, і ўрэшце хлопчыка паставілі перад страшную постаць містэра Бамбла, прыходскага кур’ера.

Дзіця было худым і бледным, з запалымі шчокамі, вялікімі, яснымі вачыма. Занядбаныя прыходскія рызманы —форменнае адзенне яго галечы — віселі на ім, як на палцы, а рукі і ногі ў яго высахлі, нібы ў старога.

Вось такая маленькая жывая істота стаяла, калоцячыся пад пільным паглядам містэра Бамбла і нават не наважвалася падняць схіленую галаву, баялася нават пачуць голас прыходскага кур’ера.

— Ты што, не можаш паглядзець на джэнтльмена, упарты хлопчык? — запыталася місіс Мэн.

Дзіця палахліва падняла галаву і сустрэла позірк містэра Бамбла.

— Дык у чым справа, прыходскі Дзік? — спытаў містэр Бамбл жартаўлівым тонам, які быў якраз да месца.

— Ні ў чым, сэр, — слабым голасам адказаў хлопчык.

— Зразумела, ні ў чым, — зазначыла, смеючыся, місіс Мэн. — Ён мае ўсё, што трэба.

— Я хацеў бы... — пачаў быў, запінаючыся, хлопчык.

— Вось табе і маеш! — уклінілася місіс Мэн. — Я думаю, што ты вось тут збіраешся сказаць, што табе нечага хочацца? Але ж, нягоднік ты такі...

— Стоп, місіс Мэн, спыніцеся! — прамовіў кур’ер, з выглядам вяльможы падымаючы руку. — Дык чаго ж ты хацеў бы?

— Я х-хацеў б-бы, — сказала дзіця, — каб калі х-хто-небудзь можа пісаць, то хай бы ён напісаў за мяне на паперы н-некалькі слоў, і склаў бы паперу і запячатаў бы і захоўваў бы, калі мяне закапаюць.

— Што такое, што хлопчык мае на ўвазе? — усклікнуў містэр Бамбл, на якога сур’ёзная манера і змарнелы выгляд хлопчыка зрабілі пэўнае ўражанне, хоць ён і быў прывычны да такіх рэчаў. — Што вы такое гаворыце, сэр?

— Я хацеў бы, — адказвала дзіця, — пакінуць знак любові майму міламу беднаму Оліверу Твісту, і каб ён ведаў, што я часта сядзеў сам з сабою і плакаў, думаючы пра яго, як ён ідзе цёмнаю ноччу і не мае ніадкуль дапамогі. І я хацеў бы, каб яму перадалі, — працягвала дзіця ўжо больш пэўна, склаўшы разам свае маленькія рукі і гаворачы з вялікім запалам, — што я быў вельмі рады, бо памёр маленькім, таму што калі б вырас вялікім і стаў старым, то мая маленькая сястрычка там, на Нябёсах, забылася б на мяне, або мы не пазналі б болей адно аднаго, а так яна будзе шмат шчаслівейшая, што мы ўдваіх дзецьмі застанемся там разам.

Містэр Бамбл з непрыхаваным здзіўленнем агледзеў малога прамоўцу з галавы да ног і, звяртаючыся да сваёй суразмоўніцы, сказаў:

— Яны ўсе звар’яцелі на гэтай глебе, місіс Мэн. Гэты нахабнік Олівер сапсаваў іх усіх!

— Я ніколі не паверыла б у гэта, сэр! — адказала місіс Мэн, складваючы рукі і злосна гледзячы на Дзіка. — Ніколі не бачыла такога закаранелага малога нягодніка!

— Прыбярыце яго з вачэй, мэм, — велічна сказаў містэр Бамбл, — і трэба праінфармаваць пра гэта раду.

— Я спадзяюся, джэнтльмены зразумеюць, што не я ў гэтым вінаватая, містэр Бамбл, — са слязой у голасе прадэкламавала місіс Мэн.

— Так, яны зразумеюць гэта, мэм, яны будуць азнаёмленыя з сапраўдным станам рэчаў, — адказаў містэр Бамбл. — Ну дык давайце, прыбярыце яго адсюль. Не магу яго больш бачыць.

Дзіка адразу павялі прэч і замкнулі ў вугальным склепе. Неўзабаве містэр Бамбл сышоў, каб збірацца ў дарогу.

Наступным ранкам а шостай гадзіне містэр Бамбл, замяніўшы трохкутны капялюш на круглы і захінуўшы сваю асобу ў сіні плашч з капюшонам, сеў на вонкавае месца паштовай карэты. З ім былі два злачынцы, чыё права на аседласць аспрэчвалася ў судзе. У такім складзе яны ў належны час прыехалі ў Лондан. У дарозе кур’ер не меў ніякіх непрыемных прыгодаў, калі не лічыць тых, што абавязаныя былі сваім існаваннем агідным паводзінам абодвух беднякоў, — тыя не пераставалі скардзіцца на холад і ўвесь час трэсліся так, што містэра Бамбла, як ён сказаў, самога праняла трасца, аж сківіцы ляскалі дробнай чачоткай, нягледзячы на тое, што на ім быў цёплы плашч.

Містэр Бамбл пазбавіўся ад злачыннікаў на ноч і сеў павячэраць у пастаялым двары, на якім спынілася карэта. Ён замовіў сціплую вячэру са смажанага мяса пад вустрычным соусам і келіха портэру. Ён паставіў на камінную паліцу шклянку джыну з вадой, падсунуў крэсла да агню і, паразважаўшы хвіліну-другую наконт маральных аспектаў вельмі распаўсюджанай заганы — незадаволенасці і схільнасці скардзіцца — намерыўся чытаць газету.

Самым першым тэкстам, на якім спынілася вока містэра Бамбла, была абвестка наступнага зместу:

УЗНАГАРОДЖАННЕ ПЯЦЬ ГІНЕЙ

У мінулы чацвер увечары ўцёк або быў зведзены сілай са свайго дому ў Пэнтанвіле маленькі хлопчык па імені Олівер Твіст.

З таго часу пра яго няма ніякіх звестак. Узнагароджанне, якое было ўжо згадана, будзе выплачана асобе, якая дасць для выяўлення

месцазнаходжання азначанага Олівера Твіста інфармацыю

або пралье святло на яго паходжанне, у чым аўтар абвесткі вельмі зацікаўлены са шматлікіх прычын.

Далей было поўнае апісанне адзення, знешнасці, абставінаў з’яўлення і знікнення Олівера, а таксама імя і адрас містэра Браўнлоў.

Містэр Бамбл шырока расплюшчыў вочы, памалу і асцярожна прачытаў абвестку раз, потым яшчэ і яшчэ раз, а яшчэ праз пяць хвілін ён ужо ішоў у Пэнтанвіл, забыўшыся ў спешцы нават пакаштаваць гарачага джыну з вадой.

— Ці дома містэр Браўнлоў? — запытаў містэр Бамбл у дзяўчыны, якая адчыніла дзверы.

Адказ дзяўчыны быў не занадта арыгінальны і ўхілісты:

— Не ведаю... А вы адкуль?

Толькі містэр Бамбл вымавіў імя Олівера, каб апраўдаць свой прыход, як у калідор, задыхаўшыся, убегла місіс Бэдуін, якая слухала ля дзвярэй гасцёўні, што адбываецца ўнізе.

— Заходзьце, заходзьце! — усклікнула старая лэдзі. — Я так і ведала, што мы нешта пачуем! Я была пэўная ў гэтым. Блаславі яго Бог! Я ўвесь час гэта паўтарала.

З гэтымі словамі шаноўная старая лэдзі паспяшалася назад у гасцёўню, села на канапу і расплакалася. За гэты час дзяўчына, якая не была такой чуллівай, паднялася была ўверх па лесвіцы і цяпер вярнулася з запрашэннем прайсці наверх, што містэр Бамбл не прамарудзіў зрабіць.

Яго прывялі ў маленькі кабінет у задняй частцы дома, дзе за сталом з графінамі і шклянкамі сядзелі містэр Браўнлоў і яго сябар містэр Грымуіг. Апошні джэнтльмен адразу пачаў выгукаць:

— Прыходскі кур’ер! Самы сапраўдны прыходскі кур’ер, а калі не, дык я з’ем сваю галаву.

— Малю, не перапыняйце якраз цяпер, — сказаў містэр Браўнлоў. — Сядайце, калі ласка.

Містэр Бамбл усеўся, даволі збіты з панталыку дзіўнымі манерамі містэра Грымуіга. Містэр Браўнлоў падсунуў лямпу, каб можна было, не звяртаючы на сябе ўвагі, разгледзець кур’ера, і крыху нецярпліва сказаў:

— Дык вы, сэр, прыйшлі пасля таго, як пазнаёміліся з абвесткай у газеце?

— Так, сэр, — адказаў містэр Бамбл.

— І вы прыходскі кур’ер, так ці не? — пацікавіўся містэр Грымуіг.

— Я насамрэч прыходскі кур’ер, — з гонарам пацвердзіў містэр Бамбл.

— Натуральна, — азваўся містэр Грымуіг, адрасуючы тыя словы свайму сябру. — Я адразу здагадаўся. Выліты прыходскі кур’ер.

Містэр Браўнлоў злёгку пахітаў галавой, даючы свайму сябру зразумець, што ён павінен памаўчаць, і працягваў:

— Вы ведаеце, дзе цяпер гэты бедны хлопчык?

— Не болей за любога іншага, — адказаў містэр Бамбл.

— Добра, тады што вы ведаеце пра яго? — дапытваўся стары джэнтльмен. — Кажыце, сябра мой, калі вы маеце нешта сказаць. Што вам пра яго вядома?

— Наўрад ці вы ведаеце пра яго нешта добрае, — кпліва зазначыў містэр Грымуіг, дэталёва вывучыўшы выраз твару містэра Бамбла.

Містэр Бамбл імгненна зарыентаваўся ў пытанні і велічна ды злавесна пахітаў галавой.

— Вось бачыце? — сказаў містэр Грымуіг, з трыумфам гледзячы на містэра Браўнлоў.

Містэр Браўнлоў насцярожана паглядзеў на набычаную фізіяномію містэра Бамбла і папрасіў яго расказаць усё, што той ведаў пра Олівера, і як мага больш сцісла.

Містэр Бамбл паклаў свой капялюш, расшпіліў сурдут, склаў рукі, з філасофскім выглядам нахіліў галаву і пасля хвіліннага роздуму пачаў распавядаць.

Перадаваць сэнс ягонага аповеду ягонымі ж словамі было б занадта занудліва, бо, каб закругліцца, яму спатрэбілася добрых дваццаць хвілін.

Увогуле ён давёў, што Олівер — гэта байструк, дзіця бацькоў-адкідаў грамадства, што ўжо з малых гадоў ён меў такія якасці, як падступства, няўдзячнасць і зласлівасць, што сваю кароткую кар’еру ў мястэчку, дзе ён нарадзіўся, закончыў агідным, нахабным нападам на безабароннага хлапчыну, а потым баязліва збег ноччу з дома свайго гаспадара. Каб пацвердзіць, што ён насамрэч быў тым, за каго сябе выдае, містэр Бамбл расклаў на стале паперы, з якімі прыехаў у Лондан, і чакаў цяпер, склаўшы рукі на грудзях, пакуль містэр Браўнлоў з імі азнаёміцца.

— Баюся, што ўсё сказанае адпавядае рэчаіснасці, — сумна зазначыў стары джэнтльмен, разгледзеўшы паперы. — Узнагароджанне за вашу інфармацыю малое, але я з радасцю даў бы ў тры разы больш, каб толькі гэта нейкім чынам пайшло на карысць хлопчыку.

Каб містэр Бамбл ведаў гэты нюанс раней, то вельмі верагодна, што ён надаў бы свайму аповеду зусім іншую афарбоўку. Аднак было ўжо запозна што-небудзь мяняць, так што ён толькі змрочна патрос галавой, засунуў у кішэню пяць гіней і сышоў.

Некалькі хвілін містэр Браўнлоў мераў пакой крокамі; аповед кур’ера яго відавочна ўзрушыў настолькі, што нават містэр Грымуіг не дапякаў яму болей.

Нарэшце ён спыніўся і энергічна пазваніў у званочак.

— Місіс Бэдуін, — сказаў містэр Браўнлоў, калі прыйшла эканомка, — гэты хлопчык, Олівер, — нягоднік.

— Гэтага не можа быць, сэр. Гэтага не можа быць! — настойліва запярэчыла старая лэдзі.

— А я кажу, што ён нягоднік! — заўпарціўся стары джэнтльмен. — Што вы маеце на ўвазе пад «не можа быць»? Мы толькі што праслухалі поўную справаздачу пра яго, пачынаючы з дня нараджэння. Ён усё жыццё быў спрытным малым мярзотнікам.

— Я ніколі не паверу ў гэта, сэр, — пэўна запярэчыла старая лэдзі. — Ніколі!

— Вы, старыя жанчыны, заўсёды верыце адно шарлатанам ды прыдуманым кніжным байкам, — прабурчэў містэр Грымуіг. — А я дык вось адразу гэта ведаў. Чаму вы не звярнуліся да мяне адразу? Што, вы звярнуліся б, але ён захварэў на гарачку, ці не так? Цікавы быў хлопчык, га? Цікавы? Вось цяпер і маеце, — і містэр Грымуіг стаў раззлавана шураваць гакам у каміне.

— Сэр, ён быў мілым, удзячным, лагодным дзіцём, — раздражнёна запярэчыла місіс Бэдуін. — Я добра ведаю дзяцей, сэр, і прытым ужо сорак гадоў. Не варта людзям, якія не могуць пахваліцца тым самым, нешта тут казаць пра дзяцей.

Гэта быў рэзкі выпад супраць містэра Грымуіга, які быў халасцяком. Але той адно ўсміхнуўся, і таму старая лэдзі патрэсла галавой, паправіла фартух і падрыхтавалася выказацца яшчэ раз, аднак яе спыніў містэр Браўнлоў.

— Замаўчыце! — сказаў стары джэнтльмен, прыкідваючыся злосным. — Ніколі больш пры мне не паўтарайце імя гэтага хлопчыка. Я паклікаў вас, каб сказаць гэта. Ніколі. Запомніце, ніколі, ні пры якіх абставінах! Можаце ісці, місіс Бэдуін. Дык не забудзьцеся! Я сказаў гэта сур’ёзна.

У тую ноч цяжка было на душы ў жыхароў дома містэра Браўнлоў. У Олівера млела сэрца, калі ён думаў пра сваіх добрых, мілых сяброў. Балазе, ён не ведаў, якія звесткі пра яго яны атрымалі, бо сэрца ягонае няйначай разарвалася б.

Загрузка...