Манкс і містэр Браўнлоў нарэшце сустракаюцца.
Іх размова і паведамленне, якое яе перапыняе
Ужо цямнела, калі містэр Браўнлоў выйшаў з найманай карэты і ціха пастукаў у дзверы свайго дома. Калі дзверы адчыніліся, з карэты выйшаў каржакаваты мужчына і стаў з аднаго боку падножкі, а з козлаў злез другі мужчына і заняў месца з другога боку. На знак містэра Браўнлоў яны дапамаглі выбрацца трэцяму і, паставіўшы яго паміж сабой, хуткім крокам паперлі яго ў дом. Гэты трэці быў Манкс.
Такім жа чынам, не гаворачы ні слова, яны падняліся па лесвіцы, і містэр Браўнлоў, які ішоў паперадзе, правёў іх у адзін з задніх пакояў. Ля яго дзвярэй Манкс, які падымаўся з яўнай неахвотай, спыніўся. Два мужчыны зірнулі на старога джэнтльмена, быццам чакалі ягонага распараджэння.
— Ён ведае, што можа выбіраць, — сказаў містэр Браўнлоў. — Калі ён будзе вагацца або паварушыць хоць пальцам не ў той бок, валачыце яго на вуліцу, выклікайце паліцыю і ад майго імя прад’яўляйце яму абвінавачанне ў злачынстве.
— Якое права вы маеце так гаварыць пра мяне? — запытаў Манкс.
— Якое права вы маеце прымушаць мяне рабіць гэта, малады чалавек? — адказаў містэр Браўнлоў, неадрыўна і пільна гледзячы на яго. — Ці хопіць у вас вар’яцтва пакінуць гэты дом? Пусціце яго. Вось, сэр, — вы вольны ісці, а мы — ісці следам. Але я папярэджваю вас. І клянуся ўсім, што я лічу найбольш святым, што ў той самы момант, як вы ступіце на вуліцу, у той самы момант я арыштую вас па абвінавачанні ў махлярстве і рабаўніцтве. Гэта канчаткова і непарушна. І калі ўжо вы мусіце заставацца сабой, то няхай ваша кроў абрынецца на вашу ўласную галаву!
— З чыйго гэта загаду я быў выкрадзены на вуліцы і дастаўлены сюды гэтымі сабакамі? — спытаў Манкс, гледзячы то на аднаго, то на другога з мужчын, якія стаялі побач з ім.
— З майго, — адказаў містэр Браўнлоў. — За гэтых асоб адказнасць нясу я. Калі вы скардзіцеся, што вас пазбавілі свабоды — вы мелі права і магчымасць вярнуць яе, калі ехалі сюды. Але палічылі за разумнае не прыцягваць да сябе ўвагі — я паўтараю яшчэ раз, аддайцеся пад абарону закона. Я таксама звярнуся да закона. Але калі вы зойдзеце занадта далёка, каб адступаць, не прасіце мяне аб спагадзе пасля таго, як права рашаць пяройдзе ў іншыя рукі, і не кажыце, што я піхнуў вас у бездань, у якую вы ўляцелі самі.
Манкс быў прыкметна збіты з панталыку і занепакоены. Ён вагаўся.
— Вырашайце хутка, — сказаў містэр Браўнлоў з выдатнай цвёрдасцю і ўпэўненасцю. — Калі вы аддаяце перавагу варыянту, што я прад’яўлю сваё абвінавачанне афіцыйна і выраку вас тым самым на пакаранне, якое я прадбачу, скаланаючыся, але ўнікнуць якога не магу, — кажу яшчэ раз, вы ведаеце, дзе тут выхад з дома. Калі ж не, і вы апелюеце да маёй паблажлівасці і міласэрнасці тых, каму вы зрабілі столькі ліха, — без лішніх слоў сядайце на гэтае крэсла, яно чакала вас цэлых два дні.
Манкс прамармытаў нешта невыразнае, але ўсё яшчэ вагаўся.
— Паспяшайцеся, — сказаў містэр Браўнлоў. — Адно маё слова — і выбару як не было.
Чалавек усё яшчэ не мог наважыцца.
— У мяне зусім няма намеру весці перамовы, — прамовіў містэр Браўнлоў, — да таго ж, я не маю права, паколькі прадстаўляю самыя прыватныя інтарэсы іншых асоб.
— Ці няма, — запінаючыся, спытаў Манкс, — ці няма... якогасьці кампрамісу?
— Не.
Манкс з бояззю паглядзеў на старога джэнтльмена, але, не прачытаўшы на яго твары анічога, апроч суворасці і пэўнасці, сцепануў плячыма, прайшоў у пакой і сеў.
— Замкніце дзверы з таго боку, — загадаў містэр Браўнлоў сваім памочнікам. — Увойдзеце, калі я пазваню.
Мужчыны выканалі загад, і яны ўдвух засталіся сам-насам.
— Нічога сабе абыходжанне, сэр, — сказаў Манкс, скідваючы капялюш і плашч, — з боку старога сябра майго бацькі.
— Якраз таму, што я быў старым сябрам вашага бацькі, малады чалавек, — адказаў містэр Браўнлоў, — якраз таму, што надзеі і спадзяванні маладых ды шчаслівых гадоў былі звязаныя з ім і з той праведнай істотай адной з ім крыві і гэтаксама схільнай да дабра, той, якая маладой далучылася да Бога і пакінула мяне самотным чалавекам; якраз таму, што ён яшчэ малым хлопцам разам са мной стаяў на каленях ля смяротнага ложа адзінай сваёй сястры тым ранкам, калі — але Неба хацела інакш — яна павінна была стаць маёй жонкай; якраз таму, што маё збалелае сэрца з таго часу было, нягледзячы на ўсе яго памылкі і выпрабаванні, прыхільнае яму, пакуль ён не памёр; якраз таму, што старыя ўражанні, мінуўшчына перапаўняюць маё сэрца, і калі я нават проста бачу вас, то да мяне прыходзяць былыя думы, — якраз з-за ўсіх гэтых рэчаў я схільны абыходзіцца з вамі мякка... так, Эдуард Ліфорд, нават цяпер... І я чырванею за непрыстойныя паводзіны таго, хто носіць гэтае імя!
— А прычым тут маё імя? — спытаў малады, які дагэтуль моўчкі, са змрочным неўразуменнем выслухоўваў усхваляваны зварот суразмоўцы. — Пры чым тут імя?
— Ні пры чым, — адказаў містэр Браўнлоў, — з вамі яно не мае нічога супольнага. Але яго насіла ЯНА, і нават праз гэтую адлегласць часу яно вяртае мне, старому, жар і трымценне, якое я адчуваў, варта мне было пачуць яго. Я вельмі задаволены, што вы памянялі яго, вельмі, вельмі.
— Усё гэта вельмі добра, — сказаў Манкс (захаваем яму гэтае ўзятае ім імя) пасля працяглага маўчання, падчас якога ён круціўся на крэсле туды-сюды, а містэр Браўнлоў сядзеў, зацяніўшы твар рукой. — Але чаго ж вы ад мяне хочаце?
— У вас ёсць брат, — сказаў, падымаючыся, містэр Браўнлоў, — і мне дастаткова было прашаптаць яго імя вам на вуха, калі я ішоў з вамі па вуліцы, каб вы з непакоем і зацікаўленасцю пайшлі за мной сюды.
— У мяне няма брата, — адказаў Манкс. — Вы ж ведаеце, што я быў адзіным дзіцём. Навошта вы тут распавядаеце пра братоў? Вы ведаеце гэта не горш за мяне.
— Дык паслухайце тое, што ведаю я, і, мабыць, не ведаеце вы, — прамовіў містэр Браўнлоў. — Паступова, не адразу, але гэта вас вельмі пачне цікавіць. Я ведаю, што вы ёсць адзіным і найпачварнейшым вынікам нешчаслівага шлюбу, да якога ваш нешчаслівы бацька зусім хлопчыкам быў змушаны сямейнай пыхлівасцю, карыслівай і чэрствай амбітнасцю.
— Я стойкі да гучных слоў, — перапыніў Манкс са з’едлівым смехам. — Аднак вы ведаеце сам факт, і мне гэтага дастаткова.
— Але я ведаю таксама, — працягваў стары джэнтльмен, — якім мізэрам, якім павольным катаваннем і доўгатэрміновай пакутай быў гэты няўдалы саюз. Я ведаю, як неахвотна і стомлена гэтая няшчасная пара цягнула за сабой па жыцці цяжкі ланцуг, як атрутна гэта было для абоіх. Я ведаю, як халоднай фармальнасці прыйшла на змену з’едлівасць, як абыякавасць змянілася на непрыязь, непрыязь на нянавісць, а нянавісць на пагарду, пакуль яны нарэшце не разарвалі гэты грымячы ланцуг, не рушылі ў шырокі свет паасобку, кожны цягнучы свой абрывак абрыдлага ланцуга, звенні якога не магло зламаць нішто, акрамя смерці, — рушылі, каб схаваць яго ў новым асяродку пад самым вясёлым выглядам, на які яны былі здольныя. Вашай маці гэта ўдалося; яна хутка на ўсё забылася. Але не так ваш бацька: рэшткі ланцуга ржавелі і раз’ядалі яго сэрца.
— Так, яны жылі паасобку, — сказаў Манкс. — І што з таго?
— Калі яны пражылі асобна колькі часу, — працягваў містэр Браўнлоў, — ваша маці праз сваю залішнюю легкадумнасць зусім забылася на мужа, які быў маладзейшы за яе на добрыя дзесяць гадоў і працягваў сваё існаванне дома без аніякіх надзей на будучыню — аж пакуль яму не надарылася сустрэць новых сяброў. Гэтую акалічнасць вы, безумоўна, ведаеце.
— Зусім не, — сказаў Манкс, адвёўшы вочы і стукаючы нагой па падлозе з выглядам чалавека, які вырашыў адмаўляць усё. — Зусім не.
— Тое, як вы сябе паводзіце, сцвярджае мяне ў пэўнасці, што вы гэта ведаеце, ніколі не забываліся на гэта і не пераставалі думаць пра гэта з горыччу, — адказаў містэр Браўнлоў. — Нагадваю падзеі пятнаццацігадовай даўніны, калі вам было не болей за адзінаццаць гадоў, а вашаму бацьку толькі трыццаць адзін — таму што, паўтару, ён быў зусім яшчэ хлопчыкам, калі яго бацька загадаў яму жаніцца. Ці трэба мне вяртацца да падзей, якія кідаюць цень на памяць вашага бацькі? Або вы пазбавіце нас ад гэтай неабходнасці і скажаце праўду?
— Мне няма чаго сказаць, — быў адказ Манкса. — Можаце працягваць свае размовы, калі хочаце.
— Такім чынам, адным з гэтых новых сяброў быў марскі афіцэр, які выйшаў у адстаўку і чыя жонка памерла паўгады таму, пакінуўшы яму двух дзяцей — іх было больш, але з усёй сям’і выжылі толькі двое. Абедзве былі дзяўчынкі, адна была прыўкрасным стварэннем дзевятнаццаці гадоў, другая — зусім яшчэ дзіцём двух ці трох гадоў.
— Пры чым тут я? — спытаў Манкс.
— Яны жылі, — працягваў містэр Браўнлоў, быццам не заўважыў, што яго перапынілі, — у той частцы краіны, у якую ваш бацька трапіў падчас сваіх вандровак і дзе ён усталяваўся на жыццё. Знаёмства, блізкасць, сяброўства — хутка змяняліся адно на адно. Ваш бацька быў таленавіты, як няшмат хто. У яго была душа і схільнасці ягонай сястры. Чым бліжэй стары афіцэр знаёміўся з ім, тым больш яго любіў. Добра было б, каб гэтым і скончылася. Але дачка палюбіла яго таксама.
Стары джэнтльмен перапыніўся; Манкс кусаў вусны, утаропіўшыся ў падлогу. Убачыўшы гэта, стары джэнтльмен адразу працягваў:
— Напрыканцы года выйшла, што ён узяў на сябе абавязак, святы абавязак перад гэтай дзяўчынай, бо стаў аб’ектам першага, сапраўднага, палкага, непадзельнага кахання шчырай, нявіннай дзяўчыны.
— Ваша байка не з кароткіх, — заўважыў Манкс, ёрзаючы на крэсле.
— Гэта праўдзівая гісторыя пра суворыя выпрабаванні, пакуты і смутак, малады чалавек, — адпрэчыў містэр Браўнлоў, — а такімі звычайна якраз і бываюць гэткія гісторыі; калі б гэта была гісторыя весялосці і шчасця без перашкодаў, то яна была б вельмі кароткай. Нарэшце памёр адзін з багатых родзічаў, дзеля інтарэсаў і важнасці якога і быў ахвяраваны, як гэта часта бывае, ваш бацька, і дзеля кампенсацыі шкоды, якую спрычыніла тая сітуацыя, ён пакінуў вашаму бацьку ў спадчыну панацэю ад усялякага смутку — Грошы. Вашаму бацьку неабходна было адразу ехаць у Рым, куды той родзіч паехаў папраўляць здароўе і дзе памёр, пакінуўшы свае справы ў вялікім беспарадку. Ён і паехаў, але там заразіўся смяротнай хваробай; як толькі вестка пра гэта дасягнула Парыжа, за ім следам паехала ваша маці, якая ўзяла з сабою і вас. Ён памёр праз дзень пасля яе прыезду, і не пакінуў тастамента, — не пакінуў, і, такім чынам, уся маёмасць перайшла да яе і вас.
Тут Манкс сцішыў дыханне, і ягоны твар выдаў найвялікшую зацікаўленасць, хоць ён і не глядзеў на апавядальніка. Калі містэр Браўнлоў зрабіў перапынак, ён памяняў сваю позу і з выглядам чалавека, які адчуў нечаканую палёгку, выцер гарачы твар і рукі.
— Перад тым як ад’ехаць у Рым, па дарозе цераз Лондан, — прамовіў працяжна містэр Браўнлоў, уважліва гледзячы ў твар свайму візаві, — ён зайшоў да мяне.
— Ніколі не чуў пра гэта, — перапыніў яго Манкс тонам, які меў гучаць недаверліва, але выяўляў хутчэй здзіўленне і нязгоду.
— Ён наведаў мяне і пакінуў у мяне сярод іншых рэчаў карціну — партрэт, які намаляваў ён сам, — выяву гэтай беднай дзяўчыны. Ён не хацеў пакідаць яго і не мог узяць з сабой у сваё паспешнае падарожжа. Ад непакою і згрызотаў сумлення ён высах і стаў падобным да ўласнага ценю, гаварыў няўцямна і без сувязі пра катастрофу, страту гонару, у якой вінаваты ён сам, даверыў мне свой намер перавесці ўсю маёмасць, не зважаючы на страты, у грошы, пакінуць жонцы і вам частку спадчыны і ўцячы за мяжу — я лёгка здагадаўся, што ўцякаць ён збіраўся не адзін, — а потым ніколі больш сюды не вярнуцца. Нават перада мной, сваім старым сябрам яшчэ з маладых гадоў, чыя моцная прыхільнасць каранілася ў зямлі, якой быў закрыты нехта самы дарагі для нас абодвух — нават перада мной ён устрымаўся ад удакладненняў, паабяцаўшы напісаць ліст і ў ім распавесці пра ўсё падрабязна, а потым яшчэ раз наведаць мяне, у апошні раз у жыцці. Але не! Гэта і быў апошні раз. Ніякага ліста я не атрымаў і яго самога больш ніколі не бачыў.
— Я паехаў, — сказаў містэр Браўнлоў пасля невялікай паўзы, — я паехаў, калі ўсё было скончана, да месца нараджэння гэтага — я ўжыву слова, якое і іншыя людзі таксама, напэўна, ужылі б, таму што ні людская жорсткасць, ні людская прыхільнасць для яго цяпер не маюць значэння — гэтага яго злачыннага кахання. Я думаў, што калі мая боязь мае пад сабой падставу, то тады гэтае заблукаўшае дзіця знойдзе спачувальнае сэрца і прытулак. Аднак сям’я з’ехала адтуль за тыдзень да таго; яны расплаціліся за ўсе дробныя даўгі і выехалі ноччу. Куды і навошта — не мог сказаць ніхто.
Манкс з палёгкай уздыхнуў і агледзеўся з усмешкай трыумфу.
— Калі ваш брат, — сказаў містэр Браўнлоў, падсунуўшы сваё крэсла да крэсла Манкса, — калі ваш брат, слабае, апранутае ў рыззё, пакінутае ўсімі дзіця, быў кінуты на мой шлях рукой больш магутнай, чым выпадак, і я выратаваў яго ад жыцця распуснага, зганьбаванага...
— Што? — закрычаў Манкс.
— ...выратаваў яго, — паўтарыў містэр Браўнлоў. — Я ўжо даўно казаў вам, што зацікаўлю вас. Дык яшчэ раз: я выратаваў яго — відаць, ваш хітры супольнік утаіў маё імя, хоць і лічыў, што яно вам незнаёмае. Калі ваш брат быў выратаваны мною і ляжаў у маім доме, ачуньваючы пасля хваробы, то мяне здзівіла яго моцнае падабенства да партрэта, пра які я ўжо згадваў. Нават калі я ў першы раз убачыў яго, недагледжанага ды нягеглага, нешта ў выразе яго твару зрабіла на мяне ўражанне, быццам вобраз старога сябра з’явіўся мне ў жывым сне. Мне не трэба распавядаць вам, што яго выкралі да таго, як я даведаўся пра яго гісторыю...
— Чаму не трэба? — паспешліва запытаўся Манкс.
— Таму што вы добра яе ведаеце.
— Я?
— Адмаўляць гэта не мае сэнсу, — зазначыў містэр Браўнлоў. — Я пакажу вам, што я ведаю яшчэ больш.
— Вы... вы ніякіх доказаў на мяне не знойдзеце, — запінаючыся, прамовіў Манкс. — У вас нічога не выйдзе.
— Паглядзім, — адказаў стары джэнтльмен, выпрабавальна зірнуўшы на яго. — Я страціў хлопчыка, і ніякія мае спробы вярнуць яго не мелі поспеху. Я ведаў, што пасля смерці вашай маці калі хто і мог раскрыць таямніцу, дык толькі вы адзін. Апошнія чуткі пра вас былі, што вы жывяце ў сваім маёнтку ў Вест-Індыі — куды, як вам добра вядома, вы з’ехалі пасля смерці вашай маці, каб пазбегнуць наступстваў ад вашых пэўных тутэйшых дзеянняў. І я паехаў у Вест-Індыю. Вы пакінулі яе некалькі месяцаў таму, і людзі там казалі, што хутчэй за ўсё вы ў Лондане, але ніхто не мог сказаць, дзе дакладна. Я вярнуўся. Вашыя агенты не ведалі, дзе вы. Яны казалі, што вы прыходзіце і сыходзіце як набяжыць — і, як вы заўсёды гэта рабілі, то цэлымі дняміседзіце дома, а то вас няма месяцамі; ну і, мяркуючы па ўсім, вы наведвалі тыя самыя прытоны і хаўрусаваліся з тымі самымі адкідамі, якія былі вашымі таварышамі, калі вы былі запальчывым, некіруемым падлеткам. Я назаляў агентам новымі роспытамі. Я блукаў па вуліцах днём і ноччу, і яшчэ дзве гадзіны таму ўсе мае высілкі былі безвыніковымі, і мне не шанцавала ўбачыць вас і на момант.
— А цяпер вы бачыце мяне, — азваўся Манкс, смела падымаючыся з месца. — Ну і што далей? Махлярства і рабаўніцтва — гучныя словы, якія пацвярджаюцца, паводле вашай версіі, уяўным падабенствам нейкага падшыванца да партрэта, наквэцанага ад няма чаго рабіць нейкім нябожчыкам. Брат! Вы нават не ведаеце, ці нарадзілася ў гэтай сентыментальнай пары дзіця, нават гэтага вы не ведаеце.
— Я не ведаў, — запярэчыў містэр Браўнлоў і таксама падняўся з месца, — але за апошнія два тыдні я пра ўсё даведаўся. У вас ёсць брат, і вы ведаеце гэта, ведаеце і яго. Быў тастамент, які знішчыла ваша маці; перад смерцю яна распавяла вам пра таямніцу. Усё склалася найвыгадней для вас. У тастаменце ж была спасылка на дзіця, якое магло быць плодам гэтай сумнай сувязі. Дзіця нарадзілася, і калі вы яго выпадкова сустрэлі ў першы раз, то ўпершыню вашыя падазрэнні былі разбуджаныя яго падабенствам да бацькі. Вы наведалі месца яго нараджэння. Там захаваліся доказы, якія доўга трымаліся ў таямніцы, — доказы нараджэння і бацькоўства. Тыя доказы былі знішчаныя вамі, а цяпер, калі гаварыць вашымі ж словамі да вашага супольніка Фэджына, «апошнія доказы паходжання хлопчыка ляжаць на дне ракі, а старая вядзьмарка, якая займела іх ад маці, гніе ў сваёй труне». Няварты бацькі сын, баязлівец, хлус, — вы, хто начамі ў цёмных пакоях хаўруснічаў са злодзеямі і забойцамі, вы, чые інтрыгі і змовы каштавалі жыцця той, якая адна вартая мільёна да вас падобных, вы, хто з малых гадоў горыччу ды злосцю атручваў сэрца свайго роднага бацькі, у кім блукалі пажада, распуста, — усе жарсці зла, — пакуль яны не знайшлі выхаду ў агіднай хваробе, якая зрабіла ваш твар адпаведным вашай душы — вы, Эдуард Ліфорд, вы ўсё яшчэ кідаеце мне выклік?
— Не, не, не! — азваўся баязлівец, агаломшаны такім спалучэннем абвінавачанняў.
— Мне вядомае кожнае слова! — усклікнуў стары джэнтльмен. — Кожнае слова, якім вы абмяняліся з гэтым мярзотным ліхадзеем! Цені на сцяне падслухалі вашыя шэпты і перадалі іх у мае вушы; адзін толькі выгляд гнанага дзіцяці скіраваў да дабра істоту, якая ўвасабляла распусту, і даў ёй мужнасці, даў ёй ледзь што не атрыбуты дабрачыннасці. Было ўчыненае забойства, да якога вы маеце маральнае, калі не непасрэдна практычнае дачыненне.
— Не, не, — уставіў Манкс. — Я — я нічога пра гэта не ведаю. Калі вы мяне перахапілі, я якраз збіраўся праверыць, ці гэтая гісторыя сапраўды здарылася. Я не ведаў прычыны. Я думаў, што гэта была звычайная сварка.
— Прычынай было частковае раскрыццё вашай таямніцы, — адказаў містэр Браўнлоў. — Вы раскажаце ўсё да канца?
— Так, раскажу.
— Падпішаце пераказ праўды і фактаў і паўторыце гэта пры сведках?
— Абяцаю зрабіць і гэта.
— Застаняцеся тут, пакуль такі дакумент не будзе складзены, і потым пойдзеце са мной туды, куды я палічу найбольш прыдатным, каб заверыць яго?
— Калі вы настойваеце на гэтым, то я зраблю так, — адказаў Манкс.
— Вы мусіце зрабіць больш, чым гэта, — працягваў містэр Браўнлоў. — Вярнуць спадчыну невінаватаму і бяскрыўднаму дзіцяці, бо яно такое, хоць і ёсць плодам злачыннага, найнешчаслівейшага кахання. Вы не забыліся, як было запісана ў тастаменце. Выканайце волю бацькі адносна вашага брата, тады вы можаце ісці куды заўгодна. На гэтым свеце вам з ім няма патрэбы сустракацца.
У той час як Манкс хадзіў узад і ўперад, са злосным і змрочным выглядам абдумваючы гэтую прапанову і магчымасці адкруціцца ад яе выканання, і боязь турзала яго ў адзін бок, а нянавісць у другі, дзверы раптам расчыніліся, і ў пакой увайшоў джэнтльмен (містэр Лосбэрн), у найвялікшай меры ўсхваляваны.
— Злачынцу схопяць, — выкрыкнуў ён. — Яго схопяць сёння ўвечары!
— Забойцу? — спытаў містэр Браўнлоў.
— Так, так, — адазаў доктар. — Бачылі, як ягоны сабака бадзяўся вакол аднаго прытона, і мала сумневу, што яго гаспадар або ўжо там, або будзе там пад покрывам цемры. Віжы разышліся ва ўсіх кірунках. Я гаварыў з людзьмі, якія маюць даручэнне злавіць яго, і яны сказалі, што ён не можа ўцячы. Сёння ўвечары ад імя ўрада аб’яўлена аб узнагародзе ў сто фунтаў таму, хто яго зловіць.
— Я дам яшчэ пяцьдзесят фунтаў, — азваўся містэр Браўнлоў, — і аб’яўлю гэта сам на месцы, як толькі траплю туды. Дзе містэр Мэйлі?
— Гары? Як толькі ён убачыў гэтага вашага сябра, цэлага і здаровага ў карэце з вамі, ён паспяшаўся туды, дзе пачуў гэтую навіну. Потым паскакаў верхам кудысьці на ўскраіну горада ў абумоўленае месца, каб там далучыцца да групы захопу.
— Габрэй, — сказаў містэр Браўнлоў, — што пра яго чуваць?
— Апошняе, што я чуў, дык тое, што яго яшчэ не схапілі, але
неўзабаве схопяць, а магчыма, ужо і схапілі. Наконт яго ў іх сумневу няма.
— Вы ўжо вырашылі? — ціхім голасам запытаўся містэр Браўнлоў у Манкса.
— Так, — адказаў той. — Вы — вы не выдадзіце мяне?
— Не. Заставайцеся тут, пакуль я не вярнуся. Гэта адзіная ваша гарантыя бяспекі.
Яны выйшлі з пакоя, і дзверы зноў былі замкнутыя.
— Чаго вы дабіліся? — спытаў шэптам доктар.
— Усяго, чаго я спадзяваўся дабіцца, і нават больш. Паяднаўшы інфармацыю беднай дзяўчыны з маімі папярэднімі звесткамі і з вынікамі расследаванняў нашага добрага сябра на месцы, я не пакінуў яму ні найменшага пралазу і раскрыў як мае быць усё яго ліхадзейства, якое ў гэтым святле стала відавочным. Напішыце і прызначце сустрэчу на паслязаўтра, а сёмай гадзіне вечара. Мы прыедзем туды на некалькі гадзін раней і будзем мець патрэбу ў адпачынку, у асаблівасці маладая лэдзі, якой, можа быць, спатрэбіцца большая прысутнасць духу, чым вы ці я можам цяпер прадбачыць. Але мая кроў кіпіць ад жадання адпомсціць за гэтае беднае замардаванае стварэнне. Якой дарогай яны паехалі?
— Кіруйце наўпрост у паліцэйскі офіс, і прыедзеце якраз учас, — адгукнуўся містэр Лосбэрн. — Я застануся тут.
Джэнтльмены паспешліва разышліся, абодва не ў стане кантраляваць сваё ўзрушэнне.
Пераследаванне і ўцёкі
Непадалёку ад той часткі Тэмзы, на якой месціцца царква ў Ротэрхіт, дзе будынкі на берагах найбольш брудныя і караблі на рацэ найбольш чорныя ад пылу з вугальных баржаў і дыму з цесна пастаўленых дамоў з нізкімі дахамі, знаходзіцца найбольш брудны, дзіўны і своеасаблівы з усіх раёнаў Лондана, нават назва якога невядомая вялікай колькасці жыхароў сталіцы.
Каб апынуцца ў гэтым месцы, наведвальнік мусіць прабрацца скрозь блытаніну вузкіх, гразкіх вуліц, на якіх жывуць самыя грубыя і самыя бедныя з жыхароў берагавой лініі і гандлююць таварамі, на якія тут можа быць попыт. У крамах кучамі наваленыя самыя танныя і нізкаякасныя прадукты харчавання, на дзвярах крам, на парэнчах, ля вокнаў вісіць самае грубае і няўклюднае адзенне. Натыкаючыся на беспрацоўных рабочых самай нізкай кваліфікацыі, грузчыкаў, вугальшчыкаў, распусных жанчын, дзяцей у рыззі і ўсялякі зброд з прыстані, наведвальнік з цяжкасцю пракладвае сабе дарогу пад уражаннем самых непрыемных краявідаў і пахаў з вузкіх завулкаў, якія адгаліноўваюцца налева і направа, і аглушаемы грукатам цяжкіх павозак, якія развозяць горы тавараў са складоў, што месцяцца на кожным рагу. Дасягнуўшы, нарэшце, вуліц больш аддаленых, якія месцяцца менш кучна, чым тыя, па якіх ён ішоў, ён пройдзе міма хісткіх франтонаў, што навісаюць над тратуарам, слабых сценаў, якія, здаецца, хістаюцца, калі праходзіш паўз іх, міма напаўразбураных комінаў, балансуючых паміж стаяннем і падзеннем, міма вокнаў, закратаваных іржавымі жалезнымі прэнтамі, якія час і бруд амаль што з’елі, — міма ўсіх магчымых сведчанняў жабрацтва і разбурэння.
У такім вось суседстве, за Докхэдам у Саўтуорку, месціцца выспа Джэкаба, акружаная глейкім ровам глыбінёй у шэсць ці восем футаў і шырынёй футаў у пятнаццаць ці дваццаць падчас прыліву; роў гэты называўся раней Міл Паўнд, а цяпер вядомы як Фолі Дыч. Гэтая перасохлая старыца, або адгалінаванне Тэмзы, у час прыліву заўсёды можа напаўняцца вадой, калі адкрыць шлюзы ля Лід Мілз, ад якой яна і запазычыла сваё старое найменне. У такі час чужы чалавек, гледзячы з аднаго з драўляных масткоў, перакінутых цераз роў ля Міл-Лэйн, убачыць па абодва бакі насельнікаў дамоў, якія апускаюць з задніх дзвярэй і вокнаў цэбры, вёдры, усемагчымы дамашні посуд і падымаюць наверх ваду, а калі яго вока адхіліцца ад гэтай дзеі на ўласна дамы, то той краявід выкліча ў яго найвялікшае здзіўленне. Хісткія драўляныя галерэі, агульныя для пяці-шасці дамоў, з дзіркамі ў насціле, праз якія бачны глей, вокны, разбітыя і заклееныя, з жэрдкамі, што тырчаць адтуль і на якіх сушаць бялізну, якой ніколі няма; пакоі, такія маленькія, такія брудныя, такія цесныя, што паветра падаецца празмерна заражаным нават для таго бруду і гідоты, якія тут затаіліся; драўляныя веранды, якія наважыліся высунуцца над глейкім дном і пагражаюць абрынуцца ў гразь, — з некаторымі гэта ўжо здарылася; замазаныя брудам муры і напаўразбураныя фундаменты; усе агідныя прыкметы жабрацтва, усялякі бруд, гніллё, гніючыя адкіды — усё гэта ўпрыгожвае берагі Фолі Дыч.
На выспе Джэкаба склады даўно без дахаў і пустыя, муры сыплюцца, вокны ўжо болей не вокны, дзверы вываліліся на вуліцу, коміны чорныя, але дыму над імі няма. Гадоў трыццаць-сорак таму, калі людзі тут яшчэ не зведалі цяжбаў і стратаў у Канцлерскім судзе, гэтае паселішча квітнела, цяпер, аднак, на выспе жабрацкія краявіды. У дамоў няма гаспадароў, іхузломваюць і засяляюць тыя, хто мае дастаткова нахабства; там яны жывуць, і там яны паміраюць. Досыць важкія матывы трэба мець, каб хавацца тут, цяжкія нягоды могуць выштурхнуць чалавека ад людской супольнасці на выспу Джэкаба.
У верхнім пакоі аднаго з гэтых дамоў — асабняку даволі вялікіх памераў, досыць зруйнаваным ва ўсіх адносінах, акрамя дзвярэй і вокнаў, якія былі добра ўмацаваныя; задняя сцяна таго асабняка прымыкала, як і было апісана раней, да рова — сабралася трое мужчын, якія раз-пораз кідалі адзін на аднаго збянтэжаныя і чакальныя позіркі; нейкі час яны сядзелі ў абсалютным і змрочным маўчанні. Адзін з іх быў Тобі Крэкіт, другі — містэр Чытлінг, трэцім быў рабаўнік пяцідзесяці гадоў, са зламаным у адной з боек носам, твар яго таксама быў знявечаны жахлівым шнарам, відаць, таго самага паходжання. Гэты чалавек уцёк з катаргі. Звалі яго Кэгз.
— Я хацеў бы, мілы мой, — сказаў Тобі, павярнуўшыся да містэра Чытлінга, — каб ты нагледзеў сабе іншую нару, калі ў дзвюх старых загорача, замест таго, каб прыпаўзаць сюды.
— Чаму ты гэтага не зрабіў, балван? — азваўся Кэгз.
— Я думаў, што вы крыху больш узрадуецеся, пабачыўшы мяне, а вы вось як... — адказаў містэр Чытлінг з меланхалічным выразам твару.
— Бачыце, у чым справа, джэнтльмен, — сказаў Тобі, — калі чалавек трымаецца так на адлегласці, як я, і дзякуючы гэтаму мае ўтульны дамок, вакол якога ніхто не шнырыць і не разнюхвае, то досыць неспадзявана і непрыемна мець гонар быць наведаным маладым джэнтльменам (няхай сабе і дастаткова рэспектабельным ды кампанейскім, каб пагуляць з ім у карты), які знаходзіцца ў такіх абставінах, як вашыя.
— У асаблівасці, калі гэты прыстойны малады чалавек займеў сябра, які спыніўся ў яго, вяртаючыся з далёкіх краёў, едзе адтуль раней, чым яго чакалі, і які занадта сціплы, каб хацець прывітацца з суддзямі пасля свайго вяртання, — дадаў містэр Кэгз.
Наступіла кароткае маўчанне, пасля якога Тобі Крэкіт, здаецца, адмовіўся як ад безнадзейнай і нявартай ад спробы весцісябе ў сваёй звычайнай манеры «чорт-усё-забяры-мне-ўсё-роўна», павярнуўся да Чытлінга і сказаў: «Калі ж узялі Фэджына?»
— Якраз папалудні — гадзіны ў дзве. Мне з Чарлі пашэнціла ўцячы праз комін у пральні, а Болтэр схаваўся ў пустой бочцы для вады, галавой уніз; але ногі ў яго такія доўгія, што ступакі вытыркаліся вонкі, так што яго таксама забралі.
— А Бэт?
— Бедная Бэт! Яна пайшла паглядзець, каго забілі, — адказаў Чытлінг, і яго фізіяномія выцягвалася ўсё больш і больш, — і звар’яцела: стала крычаць, кідацца, біцца галавой аб сценку, так што яны надзелі на яе ўтаймавальную кашулю і завезлі ў шпіталь. Там яна і цяпер.
— А што малады Бэйц? — патрабавальным тонам спытаў Кэгз.
— Дзесьці швэндаецца, не хоча ўсплываць тут да цемры, але хутка мусіць быць, — адказаў Чытлінг. — Больш яму ісці няма куды, бо людзей з «Калек» усіх пазабіралі, а ў бары — я сам хадзіў і бачыў на ўласныя вочы — поўна віжоў.
— Гэта крах, — заўважыў Тобі, кусаючы вусны. — Шмат каго заграбуць.
— Пачалася сесія, — сказаў Кэгз. — Калі яны закончаць следства, і Болтэр выдасць астатніх — а ён гэта зробіць напэўна, мяркуючы па тым, што ён ужо зрабіў, — то яны могуць даказаць удзел Фэджына і прызначыць суд на пятніцу, і далібог, праз шэсць дзён ён будзе боўтацца на шыбеніцы.
— Каб вы чулі, як крычаў натоўп, — азваўся Чытлінг, — паліцыянты змагаліся, як чэрці, інакш яго разарвалі б на шматкі. Адзін раз ён упаў, але яны ўзялі яго ў кола і так працерабілі сабе дарогу. Каб вы бачылі, як ён азіраўся, увесь у брудзе і крыві, і ліпнуў да копаў, быццам тыя былі яго найлепшымі сябрамі. Яны і цяпер у мяне перад вачыма: ледва могуць стаяць на нагах — так на іх цісне натоўп, цягнуць яго, прыкрываючы сабой; людзі з натоўпу адзін за адным наскокваюць на яго, скаляць зубы, спрабуюць дастацца да яго, як дзікія звяры; як цяпер бачу кроў на ягонай галаве і барадзе і чую выкрыкі жанчын, якія раз’ятрана цярэбяць сабе дарогу ў цэнтр натоўпу на рагу вуліцы і клянуцца вырваць яго сэрца!
Ахоплены жахам, сведка гэтай падзеі закрыў вушы рукамі, заплюшчыў вочы, устаў і бы вар’ят пачаў хутка хадзіць па пакоі ўзад і ўперад.
У той час, як ён быў заняты хадзьбой, а двое іншых мужчын моўчкі сядзелі, скіраваўшы позірк да долу, у дзверы нехта заскрэбся, і ў пакой забег сабака Сайкса. Яны кінуліся да акна, потым уніз па лесвіцы і на вуліцу. Сабака ўскочыў на падваконне адчыненага акна. Ён не рабіў спробы пабегчы за імі. Яго гаспадара нідзе не было бачна.
— Што б гэта магло значыць? — прамовіў Тобі, калі яны вярнуліся наверх. — Не можа быць, каб ён прыйшоў сюды. Я... я спадзяюся, што не.
— Калі б ён прыйшоў сюды, то ён прыйшоў бы разам з сабакам, — сказаў Кэгз, нахіліўшыся, каб агледзець сабаку, які, цяжка дыхаючы, ляжаў на падлозе. — Гэй! Дайце яму вады, ён так бег, што зараз дуба дасць.
— Ён выпіў усё да кроплі, — сказаў Чытлінг, колькі часу моўчкі назіраючы за сабакам. — Пакрыты брудам... глінай... напаўсляпы... напэўна, ён прабег доўгі шлях.
— Адкуль жа ён мог прыбегчы? — усклікнуў Тобі. — Напэўна, ён бегаў па карчмах, а калі ўбачыў, што там поўна чужых, прыбег сюды, дзе ён быў шмат разоў і часта. Але адкуль ён прыбег спачатку і якім чынам ён трапіў сюды адзін, без гаспадара?
— Ён (ніхто з іх не называў забойцу яго ранейшым іменем), ён жа не мог скончыць самагубствам, як вы думаеце? — азваўся Чытлінг.
Тобі пахітаў галавой.
— Каб ён зрабіў гэта, — сказаў Кэгз, — сабака захацеў бы прывесці нас на тое месца, дзе ён гэта зрабіў. Не. Я думаю, што ён з’ехаў за мяжу, а сабаку пакінуў тут. Напэўна. Якімсьці чынам збег ад сабакі, інакш ён не ляжаў бы так спакойна.
Гэтае рашэнне, якое здавалася ім найбольш верагодным, было прызнанае за слушнае, а сабака запоўз пад крэсла, скруціўся ў клубок і заснуў, не зважаючы больш ні на кога.
Ужо стала цёмна, таму закрылі аканіцы, запалілі і паставілі на падлогу свечку. Жахлівыя падзеі апошніх двух дзён зрабілі на ўсіх трох глыбокае ўражанне, узмоцненае пагражаючай ім небяспекай і няпэўнасцю ўласнай пазіцыі. Яны падцягнулі крэслы блізка адно да другога, уздрыгваючы ад кожнага гуку. Гаварылі яны мала, і тое шэптам, і былі гэткімі маўклівымі і запалоханымі, быццам прах забітай ляжаў у суседнім пакоі.
Так яны сядзелі нейкі час, як раптам пачуўся паспешлівы стук у дзверы ўнізе.
— Малады Бэйц, — сказаў Кэгз, злосна азіраючыся, каб адужаць страх, які апанаваў яго.
Стук прагучаў яшчэ раз. Не, гэта быў не ён. Ён ніколі так не стукаў.
Крэкіт падышоў да акна і, задрыжаўшы ад галавы да пят, прыняў галаву назад у пакой. Не было патрэбы гаварыць, хто гэта быў, дастаткова было зірнуць на яго белы твар. І сабака таксама ўскочыў на ногі і, скуголячы, памкнуўся да дзвярэй.
— Мы павінны ўпусціць яго, — сказаў Крэкіт, беручы свечку.
— Няўжо нельга прыдумаць нічога іншага? — спытаў асіплым голасам другі мужчына.
— Не. Мы мусім упусціць яго.
— Не пакідай нас у цемры, — азваўся Кэгз, узяў свечку з каміна і запаліў яе; яго рукі так дрыжалі, што пакуль ён рабіў гэта, стук двойчы паўтарыўся.
Крэкіт пайшоў уніз да дзвярэй і вярнуўся ў суправаджэнні чалавека, ніжняя частка твару якога была захутаная ў хустку, а галава пад капелюшом была абвязаная другой хусткай. Ён памалу расхінуўся. Бледны твар, запалыя вочы і шчокі, трохдзённае шчацінне, адрузлая скура, кароткае хрыпатае дыханне — гэта быў толькі цень Сайкса.
Ён паклаў руку на крэсла, якое стаяла пасярэдзіне пакоя, але калі збіраўся апусціцца на яго, то скалануўся і, азірнуўшыся цераз плячо, падсунуў яго блізка да сцяны, падсунуў так блізка, як можна было, і сеў.
Ніхто не прамовіў ні слова. Ён моўчкі пераводзіў позірк ад аднаго да другога. Калі хто-небудзь употай падымаў вочы і сустракаў яго позірк, то адразу адводзіў вочы ўбок. Калі яго хрыпаты голас парушыў цішыню, усе ўтрох уздрыгануліся. Было такое ўражанне, што яны гэты голас ніколі раней не чулі.
— Як трапіў сюды сабака? — спытаў ён.
— Прыбег адзін. Тры гадзіны таму.
— У вячэрняй газеце пішуць, што Фэджына ўзялі. Гэта праўда ці брахня?
— Праўда.
Яны зноў памаўчалі.
— Каб вас чорт пабраў усіх, — прамовіў Сайкс, кратаючы рукой лоб, — вам што, няма чаго сказаць мне, ці што?
Сярод іх прабег нялёгкі рух, але ніхто нічога не сказаў.
— Вось ты, гаспадар гэтага дома, — сказаў Сайкс, павярнуўшы твар да Крэкіта, — ты збіраешся прадаць мяне ці дасі мне магчымасць дачакацца тут, пакуль паляванне не скончыцца?
— Калі ты думаеш, што тут бяспечна, то можаш заставацца, — пасля некаторага роздуму адказаў той, да каго звярталіся.
Сайкс падняў галаву і ледзь прыкметна скасіў вочы на сцяну за сабой, а потым працягваў: «Ну, а... а цела... яе пахавалі?»
Яны пакруцілі галовамі.
— Чаму не? — усклікнуў ён, кінуўшы яшчэ адзін касы позірк на сцяну ззаду. — Навошта яны трымаюць такія гідкія рэчы непахаванымі?.. Хто гэта стукае?
Выходзячы з пакоя, Крэкіт жэстам рукі паказаў, што прычыны турбавацца няма, і неўзабаве вярнуўся. Следам за ім увайшоў Чарлі Бэйц. Сайкс сядзеў насупраць дзвярэй, так што як толькі дзяцюк увайшоў у пакой, ён адразу ўбачыў забойцу.
— Тобі, — прамовіў, адхіснуўшыся, хлапец, калі Сайкс перавёў на яго свой позірк, — чаму ты не сказаў мне пра гэта там, унізе?
У адчужанасці і спалоху гэтых траіх было нешта настолькі страшнае, што злашчасны чалавек гатовы быў ліслівіць нават перад гэтым юнаком. Адпаведна, ён кіўнуў галавой і, відавочна, падрыхтаваўся парукацца з ім.
— Дайце мне прайсці ў іншы пакой, — сказаў дзяцюк, адступаючы яшчэ далей.
— Чаму, Чарлі? — прамовіў Сайкс, робячы крок наперад. — Ты што... не пазнаеш мяне?
— Не падыходзь да мяне, — адказаў хлопчык, падаючыся назад і гледзячы на твар забойцы з жахам у вачах. — Пачвара!
Сайкс спыніўся на паўдарозе, і яны паглядзелі адзін на аднаго; позірк забойцы паступова апусціўся долу.
— Будзьце сведкамі вы ўтрох, — закрычаў хлапец, трасучы ў паветры сціснутымі кулакамі і ўзрушваючыся ўсё больш і больш па меры таго, як гаварыў. — Будзьце сведкамі вы ўтрох — я не баюся яго — калі яны прыйдуць сюды па яго, я яго здам, здам. Кажу вам адразу. Ён можа забіць мяне за гэта, калі хоча або калі наважыцца, але калі я буду тут, я яго здам. Я здам яго, няхай яго нават будуць варыць жыўцом. Забіваюць! На дапамогу! Калі сярод вас трох хоць адзін мае мужнасць, вы мне дапаможаце. Забіваюць! На дапамогу! Трымай яго!
Выкрыкваючы гэтыя словы і суправаджаючы іх энергічнай жэстыкуляцыяй, хлопец насамрэч з голымі рукамі кінуўся на моцнага мужчыну, і дзякуючы націску гэтай энергіі, а таксама раптоўнасці яго нападу забойца цяжка паваліўся на падлогу.
Тры гледачы былі зусім агаломшаныя. Яны не ўмяшаліся, і дзяцюк з мужчынам удвух качаліся па падлозе, першы з іх, не зважаючы на град удараў, якія сыпаліся на яго, усё больш цесна сцягваў адзенне вакол грудзей забойцы і не спыняўся з усіх сіл клікаць на дапамогу.
Аднак сілы былі занадта няроўныя, каб гэта магло працягвацца доўга. Сайкс падмяў яго пад сябе і наступіў каленам на горла. Крэкіт адцягнуў яго ўбок і з трывогай паказаў на акно. Унізе былі бачныя агеньчыкі, чуліся гучныя і сур’ёзныя галасы, паспешлівы ўпэўнены шоргат ног — здавалася, іх было вялікае мноства — па бліжэйшым драўляным мастку. Відавочна, сярод натоўпу быў і адзін вершнік, бо чуцен быў стук капытаў па няроўным бруку. Святло агеньчыкаў стала больш моцным, крокі больш гучнымі. Потым пачуўся моцны стук у дзверы і такі магутны хор мноства раз’ятраных людзей, што нават самы смелы чалавек скалануўся б.
— На дапамогу! — прарэзліва крыкнуў хлапец. — Ён тут! Выломвайце дзверы!
— Іменем караля! — пачуліся галасы з вуліцы, і хрыплы пошум хваляй падняўся зноў, яшчэ вышэй.
— Выломвайце дзверы! — крычаў хлапчына. — Яны ніколі не адчыняць. Бяжыце наўпрост у пакой, дзе гарыць святло. Ламайце дзверы!
Калі ён перастаў крычаць, на дзверы і аканіцы ніжніх вокнаў абрынуўся град цяжкіх удараў, і з натоўпу грымнула магутнае «У-РА!», у першы раз даючы слухачу магчымасць адэкватна ацаніць яго памеры.
— Адчыніце які пакой, дзе я мог бы замкнуць гэтае крыклівае чарцяня! — нервова выгукнуў Сайкс, бегаючы туды-сюды і цягаючы за сабой хлопца з такой лёгкасцю, быццам гэта быў пусты мяшок. — Вось гэтыя дзверы! Хутка! — ён закінуў хлопца ў каморку, зачыніў дзверы і павярнуў ключ. — Дзверы ўнізе моцныя?
— Зачыненыя на два абароты і на ланцуг, — адказаў Крэкіт, які, гэтаксама як і два іншыя яго таварышы, заставаўся бязрадным і крыху не ў сабе.
— Каркасы моцныя?
— Падбітыя жалезнымі палосамі.
— І аканіцы таксама?
— Так, і аканіцы.
— Ух вы, кодла праклятая! — злосна выкрыкнуў нягоднік, адчыніўшы акно і пагражаючы людзям унізе. — Давайце-давайце! Я вам яшчэ пакажу!
З усіх жахлівых крыкаў, якія калі-небудзь чула вуха смяротнага, ніводны не мог пераўзысці равення гэтага раз’ятранага натоўпу. Некаторыя крычалі тым, якія былі бліжэй, што трэба падпаліць дом, іншыя гучна раілі паліцыянтам застрэліць таго наверсе. Сярод іх усіх ніхто, здаецца, не выказваў такога гневу, як вершнік на кані, які, саскочыўшы з сядла, рассякаў натоўп, як быццам ваду, і крычаў пад акном голасам, які перакрываў роў натоўпу: «Дваццаць гіней таму, хто прынясе лесвіцу!»
Тыя, хто стаяў паблізу, падхапілі гэты крык, і сотні рэхам паўтарылі яго. Адны крычалі, што трэба прынесці лесвіцы, другія, што патрэбныя кувалды, іншыя сноўдалі туды-сюды з паходнямі, як быццам у пошуках таго і другога, вярталіся і зноў крычалі; некаторыя гарлавалі, выкрыкваючы дзікія праклёны, іншыя з імпэтам вар’ятаў праштурхоўваліся наперад і заміналі тым, хто працаваў; самыя смелыя спрабавалі залезці наверх па вадасцёкавых трубах і выступах ды паглыбленнях у муры. І ўсе разам хваляваліся ў цемры ўнізе, бы каласы пад злосным ветрам, час ад часу зліваючы асобныя выкрыкі ў адзін магутны страшны роў.
— Прыліў! — выгукнуў забойца, адхіснуўшыся назад у пакой і закрыўшы акно. — Калі я падымаўся сюды, быў прыліў. Дайце мне вяроўку, доўгую вяроўку. Яны ўсе спераду. Я паспрабую саскочыць у Фолі Дыч і зліняць такім чынам. Вяроўку, або я зраблю яшчэ тры забойствы, а потым кончу сябе.
Апанаваныя жахам мужчыны паказалі, дзе ляжыць вяроўка. Забойца, паспешліва выбраў самую доўгую і тоўстую і паспяшаўся на паддашак.
Усе вокны ў тыльнай частцы дома былі даўно закладзеныя цэглай, за выключэннем адзінай адтуліны-шпіёна ў каморцы, дзе быў замкнёны хлопец, і гэтая адтуліна была замалая нават для яго. Але ён не пераставаў крычаць з гэтай адтуліны тым, унізе, каб яны пільнавалі тыльны бок дома, і таму, калі забойца нарэшце выбраўся на дах, гучны вокліч абвясціў факт яго з’яўлення людзям перад домам, і яны адразу сталі перацякаць на другі бок будынка, — адзін падціскаючы другога, маналітная плынь.
Сайкс надзейна падпёр дзверы дошкай, якую спецыяльна ўзяў з сабой для гэтай мэты. Цяпер адчыніць іх з таго боку было б надзвычай цяжка. Ён прапоўз крыху па чарапіцах і выглянуў за нізкі парапет.
Наступіў адліў, і на месцы вадзяной роўнядзі была глейкая яміна.
У гэтыя некалькі імгненняў натоўп прыціх, назіраючы за яго перамяшчэннямі і прыкідваючы, што ён хоча ўчыніць, але як толькі намер быў разгаданы і прыйшло разуменне, што выканаць яго немагчыма, натоўп падняў такі гвалт трыумфу, што ранейшыя выкрыкі былі шэптам у параўнанні з ім. Роў натоўпу ішоў хвалямі. Тыя, што былі занадта далёка, каб ведаць, што ён значыць, падхоплівалі пошум, так што ён вяртаўся магутным рэхам; рэха нават дваілася. Здавалася, што жыхары ўсяго горада высыпалі на вуліцу, каб праклясці яго.
З боку фасада падыходзіла ўсё больш людзей — адзін за другім, магутная плынь раз’юшаных твараў, там-сям асветленыхпалаючай паходняй, і тады найлепш была бачная іхняя раз’ятранасць. Натоўп запоўніў дамы на супрацьлеглым баку канала. Былі адчыненыя або вырваныя «з мясам» аконныя рамы, з кожнага акна выглядвалі гронкі твараў, дзясяткі людзей стаялі на дахах. Кожны маленькі масток (а іх бачна было адсюль тры) прагінаўся пад вагой масы людзей. А людская плынь працягвала напіраць, спрабуючы знайсці якое-небудзь месца альбо пройму, адкуль можна было выкрыкваць праклёны ці хоць на імгненне ўбачыць забойцу.
— Цяпер яго схопяць, — крычаў мужчына на бліжнім мастку. — Ура!
У натоўпе пачалі падкідваць капелюшы, і зноў падняўся роў.
— Абяцаю пяцьдзясят фунтаў, — выкрыкнуў нейкі стары джэнтльмен з таго самага мастка, — пяцьдзясят фунтаў таму, хто возьме яго жывым. Буду тут, пакуль чалавек не прыйдзе па грошы!
Зноў паднялася хваля выкрыкаў. У гэты момант па натоўпе пайшла чутка, што нарэшце выламалі дзверы і што той, хто першы патрабаваў лесвіцу, ужо ў пакоях. Плынь раптоўна памяняла кірунак руху, і людзі ў вокнах, убачыўшы, што натоўп з масткоў рушыў назад, пакінулі свае назіральныя пункты, выбеглі на вуліцы і папоўнілі натоўп, які хаатычна памкнуўся да ранейшага месца ля дома. Людзі напіралі і штурхаліся ў нястрымным жаданні патрапіць да дзвярэй, каб убачыць, як паліцыянты выведуць злачынцу. Пачуліся жахлівыя крыкі і стогны тых, каго сціснулі так, што ні ўдыхнуць, ні выдыхнуць, лямант людзей, якіх збілі на брук і цяпер мясілі нагамі. Цесныя завулкі былі цалкам заблакаваныя людзьмі. У гэты момант, калі адны спрабавалі забяспечыць сабе месца перад дзвярыма, а другія дарэмна трацілі сілы, каб выбрацца з натоўпу, забойца перастаў быць аб’ектам непасрэднай увагі, хоць агульнае жаданне бачыць, як яго схопяць, узрасло.
Перапалоханы раз’ятранасцю натоўпу і немагчымасцю ўцёкаў, забойца быў упаў духам, але цяпер ён адсачыў змену, якая адбылася, і з хуткасцю, не саступаўшай тэмпам змены, падняўся ва ўвесь рост і наважыўся зрабіць апошнюю спробу ў барацьбе за жыццё — скочыць у балацянку ўнізе, каб знікнуць у цемры ды мітусні, калі не загрузне.
Перамены ў паводзінах натоўпу і шум унутры дома, які сведчыў пра тое, што ўваходныя дзверы нарэшце зламалі, надалі яму новых сіл і энергіі. Ён упёрся нагой у комін, адзін канец вяроўкі надзейна замацаваў, абвязаўшы комін, а на другім умомант пры дапамозе рук і зубоў засмаргнуў рухомую пятлю.
Ён мог спусціцца па гэтай вяроўцы ўніз на адлегласць да зямлі, не большую за ягоны рост, і меў у руцэ напагатове нож, каб перарэзаць вяроўку і саскочыць.
У той самы момант, калі ён прасунуў галаву ў зашмаргу, рыхтуючыся апусціць пятлю і падвесці яе пад рукі; у той момант, калі раней памянёны стары джэнтльмен (які абшчаперыў парэнчы мастка, каб не быць выціснутым натоўпам) настойліва папярэджваў людзей навокал, што злачынца збіраецца спусціцца ўніз — у гэты момант забойца азірнуўся на дах, ускінуў рукі над галавой і жудасна крыкнуў: «Зноў яе вочы!»
Ён пахіснуўся, бы ў яго трапіла маланка, страціў раўнавагу і пераваліўся цераз парапет. Пятля была ў яго на шыі. Ад цяжару ягонага цела яна нацягнулася, як цеціва лука, і гэтак хутка, як страла, з яго выпушчаная, ён падаў трыццаць тры футы. Потым яго цела рэзка тузанулася, члены скруціў жудасны курч, і ён павіс, заціснуўшы нож у пруцянеючай руцэ.
Стары комін затросся ад штуршка, але выстаяў. Забойца мёртвым грузам боўтаўся ля сцяны. Хлопец, адштурхоўваючы цела, якое закрывала яму бачнасць з акенца, іменем Госпада Бога прасіў, каб людзі прыйшлі і забралі яго.
Сабака, які да гэтага часу недзе хаваўся, бегаў нейкі час па парапеце туды і назад, журботна выючы, раптам паспрабаваў скочыць мерцвяку на плечы. Ён прамахнуўся, пачаў куляцца ў паветры, пакуль не ўпаў у роў, дзе так выцяўся галавой аб камень на дне, што яму выскачылі мазгі.
які тлумачыць больш за адно таямнічае здарэнне і ўключае шлюбную прапанову без агаворвання жончынай часткі маёмасці або «грошай на шпількі»
Не прайшло і двух дзён пасля таго, як адбыліся падзеі, апісаныя ў папярэднім раздзеле, а Олівер Твіст а трэцяй гадзіне папалудні ўжо сядзеў у карэце, якая шпарка рухалася ў кірунку яго роднага горада. З ім былі місіс Мэйлі, і Роз, і місіс Бэдуін, і добры доктар, а містэр Браўнлоў ехаў следам у паштовай карэце ў суправаджэнні яшчэ адной асобы, чыё імя не згадвалася.
Па дарозе яны гаварылі мала, бо з-за хвалявання і няпэўнасці Олівер не мог сабрацца з думкамі, яму амаль заняло мову, і выглядала на тое, што ягоныя спадарожнікі падзялялі яго ўзрушанасць. Містэр Браўнлоў вельмі далікатна пазнаёміў яго і абедзвюх лэдзі з паказаннямі, выціснутымі з Манкса, і хоць яны ведалі, што мэтай іхняга падарожжа з’яўляецца завяршэнне так паспяхова пачатай справы, аднак пакуль што ўсё, што адбывалася, было ахінута такой таямнічасцю, што яны вельмі непакоіліся.
Той самы добры сябра з дапамогай містэра Лосбэрна прадбачліва паклапаціўся перакрыць для іх усе каналы інфармацыі, па якіх маглі прасачыцца звесткі пра нядаўнія жахлівыя падзеі. «Зразумела, — сказаў ён, — што яны павінны ведаць пра гэта, але будзе лепш, калі яны даведаюцца пра гэта не цяпер; прынамсі, горш не будзе». Так што яны ехалі моўчкі, і кожны быў паглыблены ў рэфлексіі пра тое, што звяло іх разам, і ніхто не збіраўся выказаць услых думкі, якія перапаўнялі ўсіх.
Але калі Олівер пад уплывам такіх абставінаў захоўваў маўчанне, пакуль яны ехалі дарогай, якую ён ніколі не бачыў, то якая плынь успамінаў памчала яго ў часы мінулыя, якая хваля пачуццяў усхадзілася ў грудзях пасля таго, як яны павярнулі на знаёмую яму дарогу, якую ён у свой час мераў пешкі, бедны, бяздомны малы валацужнік, што не меў ані сябра, каб той дапамог яму, ані даху, каб было дзе прытуліць галаву.
— Паглядзіце сюды, сюды! — усклікнуў Олівер, усхвалявана схапіўшы Роз за руку і паказваючы на акно. — Вунь той пералаз, дзе я перайшоў на той бок, вунь кусты агароджы, за якія я запоўз і схаваўся, бо баяўся, што мяне дагоняць і прымусяць вярнуцца! А там сцежка цераз палі, якая вядзе да старога дома, дзе я быў малым дзіцём! О Дзік, Дзік, мой дарагі стары сябра, каб толькі я мог цябе бачыць!
— Хутка ты яго пабачыш, — адказала Роз, лагодна сціскаючы яго далоні. — Ты скажаш яму, які ты шчаслівы, якім багатым ты стаў і што пры ўсім тваім шчасці для цябе няма шчасця большага, чым вярнуцца, каб зрабіць шчаслівым і яго.
— Так, так, — сказаў Олівер, — і мы — і мы забяром яго адсюль, адзенем, навучым яго і пашлём у якое-небудзь ціхае месца ў вёсцы, дзе ён зможа стаць моцным і здаровым, ці не так?
Роз кіўнула галавой у знак пацверджання, бо хлопчык так кранальна ўсміхаўся праз слёзы шчасця, што яна не магла гаварыць.
— Вы будзеце ставіцца да яго вельмі добра, як вы ставіцеся да ўсіх, — працягваў Олівер. — Я ведаю, што вы будзеце плакаць, слухаючы ягоны аповед, але нічога, усё пройдзе, і вы зноў пачняце ўсміхацца — я гэта таксама ведаю, — калі пабачыце, як ён зменіцца. Тое ж самае было са мной. Ён сказаў мне, калі я ўцякаў: «Блаславі цябе Бог», — усклікнуў хлопчык з замілаваннем, — так што цяпер я яму скажу: «Блаславі цябе Бог», — і дакажу яму, як я яго люблю.
Калі яны наблізіліся да мястэчка, паехалі нарэшце па ягоных вузкіх вулках, то ўтрымліваць хлопчыка ў межах разважлівых паводзінаў стала цяжка. Тут была кантора Саўэрберы, адзін да аднаго такая самая, як і была раней, толькі не такая вялікая ў параўнанні з тым, што ён запомніў; тут былі ўсе добра вядомыя яму крамы і дамы, ледзь не з кожным з якіх у яго быў звязаны ўспамін пра нейкае здарэнне: тут быў воз Гэмфілда — той самы, што і раней, і стаяў ён ля дзвярэй старога паба; тут была працоўня, змрочная вязніца яго дзяцінства, якая паныла ўзіралася панурымі вокнамі на вуліцу; тут быў той самы кашчавы швейцар, які стаяў ля брамы; Олівер спачатку адхіснуўся, калі ўбачыў яго, а потым сам засмяяўся з уласнай дурноты, потым заплакаў, потым зноў засмяяўся. У дзвярах і ў вокнах ён бачыў дзясяткі знаёмых яму людзей; амаль усё выглядала так, як быццам ён з’ехаў адсюль толькі ўчора, а жыццё, якое ён вёў апошнім часам, было адно салодкім сном.
Але гэта была чыстая, сапраўдная, радасная рэчаіснасць. Яны пад’ехалі адразу да дзвярэй самага вялікага гатэля (на які Олівер колісь глядзеў з глыбокай пашанай, як на прыўкрасны палац, але гатэль з таго часу крыху страціў у раскошы і памерах). Тут іх ужо чакаў містэр Грымуіг; ён пацалаваў маладую лэдзі, гэтаксама як і старую, калі яны выйшлі з карэты, як быццам ён даводзіўся дзядулем усёй кампаніі — увесь сама добразычлівасць і ветлівасць, гэтым разам без аніякага жадання з’есці ўласную галаву, не, ні разочку, нават тады, калі ўступіў у спрэчку са старым фурманам наконт найкарацейшай дарогі ў Лондан і пачаў сцвярджаць, што ён лепш ведае гэта, хоць ехаў гэтай дарогай толькі раз, ды і тое пры гэтым моцна спаў. Іх чакаў абед, спальні былі падрыхтаваныя, і ўсё ладзілася, бы пад уплывам чараўніцтва.
І ўсё ж, калі мітусня першай паўгадзіны пасля прыезду ўлеглася, зноў вярнулася тая маўчанка і напятасць, якія спадарожнічалі ім у паездцы. Не сеў абедаць за агульны стол, застаўся ў сваім пакоі містэр Браўнлоў. Два іншых джэнтльмены то прыходзілі, то паспешліва ішлі кудысьці з узрушанымі тварамі, а ў тыя кароткія прамежкі часу, калі яны прысутнічалі адначасова, гутарылі без сведкаў. Адзін раз паклікалі з дому місіс Мэйлі; пасля блізу гадзіннай адсутнасці яна вярнулася з вачыма, апухлымі ад слёз. Усё гэта спарадзіла ў Роз і Олівера, якія нічога не ведалі пра новыя таямніцы, нервовасць і пачуццё дыскамфорту. Яны не ведалі, што тут думаць, і сядзелі моўчкі або калі і абменьваліся парай слоў, то рабілі гэта шэптам, нібы баючыся пачуць гук уласнага голасу.
Нарэшце, калі гадзіннік адбіў дзявятую гадзіну, і яны ўжо думалі, што сённяшнім вечарам нічога новага не даведаюцца, у пакой увайшлі містэр Лосбэрн і містэр Грымуіг у суправаджэнні містэра Браўнлоў і чалавека, убачыўшы якога, Олівер мала не закрычаў ад здзіўлення: яго папярэдзілі, што прыйдзе ягоны брат, а прыйшоў той самы чалавек, якога ён сустрэў у кірмашовым мястэчку і якога бачыў з Фэджынам праз акно свайго маленькага пакойчыка. Манкс кінуў на здзіўленага да крайнасці хлопчыка пагляд, поўны нянавісці, якую ён не мог схаваць нават цяпер, і сеў каля дзвярэй. Містэр Браўнлоў, які трымаў у руках нейкія паперы, падышоў да стала, ля якога сядзелі Роз і Олівер.
— Гэта непрыемны абавязак, — сказаў ён, — але заявы, якія былі падпісаныя ў Лондане ў прысутнасці многіх джэнтльменаў, мусяць быць у асноўным паўтораныя тут. Я хацеў бы пазбавіць вас ад прыніжэння, але мы павінны пачуць іх з вашых уласных вуснаў, перш чым мы развітаемся, і вы ведаеце чаму.
— Працягвайце, — сказаў той, да каго ён звяртаўся, і адвярнуўся. — Я думаю, што зрабіў амаль усё, што трэба. Не затрымлівайце мяне больш.
— Гэты хлопчык, — сказаў містэр Браўнлоў, прыцягваючы Олівера да сябе і кладучы руку яму на галаву, — напалову ваш брат, пазашлюбнае дзіця вашага бацькі, а майго найлепшага сябра Эдвіна Ліфорда і беднай маладой Агнэс Флэмінг, якая памерла адразу пасля таго, як дала яму жыццё.
— Так, — сказаў Манкс, скоса злосна зіркнуўшы на трымцячага Олівера, у якога сэрца білася так гучна, што той мог гэта пачуць. — Гэта іхны байстручок.
— Тэрмін, які вы ўжываеце, — сувора сказаў містэр Браўнлоў, — ёсць абразай тым, хто даўно ўжо сышоў у іншы свет, дзе ўсялякія нашыя патугі асуджаць адно вартыя жалю. Таму вы сваім жаргонам можаце запэцкаць адно сябе, а не каго-небудзь іншага. Але пакінем. Ён нарадзіўся ў гэтым мястэчку?
— У працоўні гэтага мястэчка, — быў пануры адказ. — Там усё запісана.
Манкс нецярпліва паказаў на паперы.
— Вы павінны паўтарыць яшчэ раз, — сказаў містэр Браўнлоў, паглядзеўшы на слухачоў.
— Ну дык слухайце! — агрызнуўся Манкс. — Ягоны бацька захварэў у Рыме, да яго прыехала жонка, мая маці, з якой ён даўно ўжо не жыў разам; яна выехала з Парыжа і ўзяла з сабой мяне — глядзець за ягонай маёмасцю, ці што — я не ведаю.
Моцнага кахання да яго яна ніяк не мела, як і ён да яе. Нас ён не пазнаў, бо быў непрытомным і ляжаў так ноч і дзень, пакуль назаўтра не памёр. Сярод папер у ягоным стале былі дзве, якія былі датаваныя вечарам, калі яго хвароба праявілася ў першы раз, і адрасаваныя вам, — тут ён павярнуўся да містэра Браўнлоў. — На канверце, у якім ляжалі паперы, была прыпіска з просьбай пераслаць гэты пакет адрасату толькі пасля смерці аўтара. Адна папера прызначалася той дзяўчыне, Агнэс, а другая была тастаментам.
— Што было ў лісце? — спытаў містэр Браўнлоў.
— У лісце? Там шмат было закрэслена; болей там былі нейкія прыніжаныя прызнанні, малітвы да Бога, каб ён ёй дапамог. Ён абдурыў дзяўчыну пры дапамозе нейкай байкі, што быццам бы пажаніцца з ёй яму не давала нейкая загадкавая гісторыя, якая мела раскрыцца неўзабаве, і яна жыла надзеяй на лепшую будучыню, цалкам даверыўшыся яму, пакуль гэты давер не зайшоў занадта далёка і яна не страціла тое, што ніхто ёй вярнуць не мог. На той час ёй заставалася да родаў усяго некалькі месяцаў. Ён пісаў ёй пра тое, што ён планаваў зрабіць, каб схаваць яе ганьбу, калі ён будзе жывы, і заклінаў яе не праклінаць яго, калі ён памрэ, і не думаць пра тое, што наступствы яе граху адаб’юцца на ёй або на іхнім дзіцяці, бо вінаваты толькі ён. Ён нагадваў ёй пра той дзень, калі падараваў ёй маленькі медальён і пярсцёнак з іменем, выгравіраваным на ім, на якое яна была пахрышчаная, а таксама пакінуты прагал для таго імя, якое ён збіраўся ёй даць апасля; ён заклінаў яе берагчы медальён і насіць яго каля сэрца так, як яна рабіла гэта раней, а потым зноў і зноў бязладна паўтараў адныя і тыя самыя словы, быццам у яго розум парушыўся. Я думаю, што так яно і было.
— Тастамент, — сказаў містэр Браўнлоў.
Олівер заліваўся слязьмі.
Манкс маўчаў.
— Тастамент, — пачаў гаварыць містэр Браўнлоў замест яго, — быў вытрыманы ў тым самым духу, што і ліст. Ён пісаў пра нягоды, якія наклікала на яго жонка, пра яе агрэсіўнасць, злосны нораў, распуснасць, пра тое, што ўжо з ранняга ўзосту ў вас, ягонагаадзінага сына, праявіліся дрэнныя схільнасці, што вас прывучвалі ненавідзець яго, і пра тое, што ён пакінуў вам і вашай маці па восемсот фунтаў у год кожнаму. Усю сваю маёмасць ён падзяліў на дзве роўныя часткі. Адна прызначалася для Агнэс Флэмінг, а другая для яе дзіцяці, калі яму выпадала нарадзіцца жывым і вырасці. Калі б нарадзілася дзяўчынка, то яна мела б атрымаць спадчыну без ніякіх умоў, але калі гэта быў бы хлопчык, то ён атрымліваў спадчыну толькі пры той умове, што ён да свайго паўналецця не запляміць свайго імені ніякім ганебным, нізкім, подлым або заганным учынкам. Ён тлумачыў, што робіць гэта, каб падкрэсліць свой давер да маці, сваю пэўнасць у тым, што дзіця атрымае ў спадчыну яе ціхамірнае сэрца і высакародную душу. Калі ж яго спадзяванні не спраўдзіліся б, то тады спадчына мусіла б перайсці да вас, бо тады, — і толькі тады, калі абодва сыны былі б роўныя, — згаджаўся ён прызнаць першынства ў праве мець прэтэнзію на ягоныя грошы за вамі, тым, хто не прэтэндаваў на яго сэрца, але адштурхнуў яго яшчэ ў дзіцячым узросце сваёй халоднасцю і злосцю.
— Мая маці, — сказаў Манкс павышаным тонам, — зрабіла тое, што мела зрабіць на яе месцы любая жанчына — яна спаліла тастамент. Не дайшоў да месца прызначэння і ліст, але яго, як і іншыя доказы, яна захавала на выпадак, калі хто-небудзь паспрабуе аспрэчыць пляму няслаўя. Бацька дзяўчыны даведаўся ад яе праўду з усімі перабольшаннямі, да якіх яе схіліла — і я люблю яе цяпер за гэта — ейная нянавісць. З-за сораму і няслаўя ён з усімі дзецьмі ўцёк у самы глухі куток Уэльса, нават памяняў імя, каб сябры не змаглі яго знайсці, і там яго неўзабаве знайшлі ў сваім ложку мёртвым. Дзяўчына сышла з дому за некалькі тыдняў да гэтага; ён шукаў яе, абышоў пешшу ўсе вёскі і мястэчкі па суседству. Той самай ноччу, калі ён вярнуўся дадому, пэўны, што яна наклала на сябе рукі, каб схаваць сваю і ягоную ганьбу, яго старое сэрца разарвалася.
Наступіла каротая паўза, пасля якой містэр Браўнлоў працягнуў свой аповед.
— Прайшло шмат гадоў, — сказаў ён, — і маці гэтага чалавека, Эдуарда Ліфорда, прыйшла да мяне. Ён пакінуў яе, калі яму было толькі васямнаццаць гадоў, украўшы ў яе дыяменты і грошы, гуляў у карты, раскідваўся грашыма, махляваў, потым збег у Лондан, дзе два гады меў справу з самымі агіднымі адкідамі грамадства. Між тым яна захварэла на цяжкую, невылечную хваробу і захацела адшукаць яго перад смерцю. Пачалі расшукваць, дзе ён, паспрабавалі выйсці на яго наўпрост. Доўга пошукі не давалі выніку, але памалу тое-сёе пачало праяўляцца, пакуль яго нарэшце не знайшлі, і ён разам з маці вярнуўся ў Францыю.
— Там яна памерла пасля доўгай хваробы, — працягваў Манкс, — на сваім смяротным ложы завяшчала мне гэтыя таямніцы. А таксама неспатольную, смяротную нянавісць да ўсіх, хто таго быў варты, хоць ёй і не было патрэбы рабіць гэта, бо нянавісць я атрымаў у спадчыну шмат раней. Яна не верыла, што дзяўчына скончыла жыццё самагубствам, забіўшы і дзіця, — наадварот, яна мела трывалае падазрэнне, што дзіця належыць да мужчынскага полу і што яно жывое і здаровае. Я пакляўся ёй, калі толькі ён з’явіцца на маім жыццёвым шляху, звесці яго са свету, не даючы ні хвіліны спачыну, пераследаваць яго з неўтаймоўнай варожасцю, выліць на яго ўсю нянавісць, якую я меў, і прыцягнуць яго, калі атрымаецца, да самага падножжа шыбеніцы, пасмяяўшыся тым самым з абразлівага тастамента ягонага бацькі. Выйшла яе праўда. Ён усплыў-такі на маім шляху. Я пачаў добра, і каб не гэтыя балбатлівыя лахудры, то скончыў бы таксама, як і пачаў!
Калі зладзей сплёў цесна рукі на грудзях і пачаў у непрытомнай злосці мармытаць праклёны, містэр Браўнлоў павярнуўся да ўражаных слухачоў і растлумачыў, што габрэй, які быў ягоным старым супольнікам і даверанай асобай, атрымаў вялікае ўзнагароджанне за тое, што ўтрымліваў Олівера ў сваіх сецях; частку гэтага ўзнагароджання ён мусіў бы вярнуць, калі б таму ўдалося выратавацца; спрэчка наконт гэтага паслужыла прычынай візіту да загараднага дома з мэтай апазнаць яго.
— Медальён і пярсцёнак, — сказаў містэр Браўнлоў, паварочваючыся да Манкса.
— Я купіў іх у мужчыны і жанчыны, пра якіх я вам гаварыў; яны скралі іх у старой нянькі, а тая зняла іх з трупа, — адказваў Манкс, не падымаючы вачэй. — Вы ведаеце самі, што з імі здарылася.
Містэр Браўнлоў толькі кіўнуў містэру Грымуігу, і той імгненна знік з пакоя, а неўзабаве вярнуўся, падпіхваючы перад сабой місіс Бамбл і цягнучы за сабой яе неахвотнага сужэнца.
— Ці не падманваюць мяне вочы? — усклікнуў містэр Бабмл з падробным энтузіязмам. — Хіба гэта не маленькі Олівер? О Олівер, каб ты ведаў, як мы па табе бедавалі!
— Закрый рот, ідыёт, — прамармытала місіс Бамбл.
— Гэта гаворыць прырода, місіс Бамбл! — запярэчыў наглядчык працоўні. — Няўжо я не магу даць волю пачуццям — я, хто выхаваў яго па-прыходску, — калі бачу, што ён сядзіць тут сярод лэдзі і джэнтльменаў з самай прыемнай знешнасцю! Я заўсёды любіў гэтага хлопчыка так, як быццам ён мой уласны... мой уласны... дзядуля, — спатыкнуўся містэр Бамбл, шукаючы прыдатнае параўнанне. — Мастэр Олівер, мой мілы, ці помніш ты блаславёнага джэнтльмена ў белай камізэльцы? Ах, Олівер, на тым тыдні ён адышоў на нябёсы ў дубовай труне з ручкамі з накладнога срэбра!
— Даволі, сэр! — сувора прамовіў містэр Грымуіг. — Стрымлівайце сябе.
— Пастараюся, сэр, як хопіць маіх сілаў, — адказаў містэр Бамбл. — Як вы маецеся, сэр? Спадзяюся, у вас усё ў парадку.
Гэтае прывітанне было адрасавана містэру Браўнлоў, які падышоў блізка да шаноўнай пары. Той запытаўся, паказваючы на Манкса:
— Вы ведаеце гэтага чалавека?
— Не, — рашуча адказала місіс Бамбл.
— А можа, і вы не ведаеце? — спытаў містэр Браўнлоў, звяртаючыся да яе сужэнца.
— Упершыню яго бачу, — сказаў містэр Бамбл.
— І пэўна ж, нічога яму не перадавалі?
— Не, — адказаў містэр Бамбл.
— Відаць, у вас ніколі не было залатога медальёна і пярсцёнка? — спытаў містэр Браўнлоў.
— Безумоўна, не, — адказвала наглядчыца. — Навошта нас прывялі сюды — каб адказваць на гэтыя дурацкія пытанні, ці што?
Містэр Браўнлоў яшчэ раз кіўнуў містэру Грымуігу; той зноў выбег з надзвычайнай хуткасцю, але вярнуўся не з тоўстым мужчынам і жанчынай, а гэтым разам з дзвюма разбітымі паралюшам жанчынамі, якія ішлі трасучыся і спатыкаючыся.
— Вы зачынілі дзверы ноччу, калі памірала старая Сэлі, — сказала, падымаючы сваю выпетралую руку, тая, якая ішла паперадзе, — але вы не маглі закрыць дарогу гукам, не маглі закрыць шчыліны.
— Не, не, — сказала другая, аглядваючыся і рухаючы бяззубымі сківіцамі. — Не змагла.
— Мы чулі, як Сэлі спрабавала расказаць вам, што яна зрабіла, і бачылі, як вы ўзялі ў яе з рук паперу, а на наступны дзень бачылі, як вы ішлі ў ламбард.
— Так, — дадала другая, — і там былі медальён і залаты пярсцёнак. Мы гэта разведалі, і мы бачылі, як іх вам аддалі. Мы былі пры гэтым. О! Мы былі пры гэтым.
— І мы ведаем яшчэ больш, — працягвала першая. — Шмат гадоў таму Салі часта распавядала нам пра маладую маці, быццам тая казала ёй, што, захварэўшы і адчуваючы, што не выжыве, тая ішла да магілы бацькі ейнага дзіцяці, каб там памерці.
— А можа, вы хочаце пабачыць і ўладальніка ламбарда? — запытаўся містэр Грымуіг і зрабіў выгляд, што хоча рушыць да дзвярэй.
— Не, — адказала жанчына, — калі ён, — тут яна паказала на Манкса, — быў настолькі баязлівым, што прызнаўся, — а я бачу, што ён гэта зрабіў, — і калі вы распыталі ўсіх гэтых вядзьмарак і знайшлі патрэбных, то мне няма чаго больш сказаць. Я сапраўды прадала іх, і яны цяпер там, дзе вы іх ніколі не знойдзеце. Што далей?
— Нічога, — адказаў містэр Браўнлоў. — Адно толькі: засталося паклапаціцца, каб вы абое не займалі больш пасадаў, якія патрабуюць даверу. Ідзіце!
— Спадзяюся, — сказаў містэр Бамбл, азіраючыся з вялікай скрухай, пасля таго як містэр Грымуіг вывеў абедзвюх старых, — спадзяюся, што гэты нешчаслівы дробны інцыдэнт не пазбавіць мяне маёй прыходскай пасады?
— Пазбавіць, — адказаў містэр Браўнлоў. — Можаце прыняць гэта як належнае, і яшчэ майце на ўвазе, што вам усё лёгка сышло.
— Гэта ўсё місіс Бамбл. Яна дабівалася гэтага, — сказаў ён, упэўніўшыся, што тая ўжо выйшла з пакоя.
— Гэта не апраўданне, — запярэчыў містэр Браўнлоў. — Калі гэтыя рэчы знішчалі, вы былі пры гэтым, а згодна з законам вы, калі разглядаць вас абоіх, вінаватыя ў большай меры: закон мае на ўвазе, што жонка дзейнічае паводле ўказання мужа.
— Калі закон мае гэта на ўвазе, — сказаў містэр Бамбл, узрушана ціскаючы ў руках капялюш, — то значыць, закон гэты асёл... ідыёт. Калі закон трактуе гэта так, то закон — халасцяк, і найгоршае, што я магу пажадаць — гэта каб ён навучыўся з уласнага досведу... з уласнага досведу.
Выразна падкрэсліўшы апошнія словы шляхам іх паўтарэння, містэр Бамбл глыбака насадзіў капялюш на галаву, засунуў рукі ў кішэні і пайшоў следам за сваёй палавінай уніз па лесвіцы.
— Маладая лэдзі, — звярнуўся да Роз містэр Браўнлоў, — дайце мне вашу руку. Не дрыжыце. Можаце, не баючыся, выслухаць тыя апошнія некалькі слоў, якія засталося сказаць.
— Калі яны... я не ведаю, як гэта магчыма, але калі яны... маюць нейкія адносіны да мяне, — сказала Роз, — о, малю вас, хай яны прагучаць калі-небудзь іншым разам. Сёння ў мяне няма сіл іх пачуць.
— Не, — сказаў стары джэнтльмен і ўзяў яе пад руку, — я пэўна ведаю, што ў вас хопіць сілы духу. Манкс, ці ведаеце вы гэтую маладую лэдзі?
— Так, — адказаў Манкс.
— Ніколі не бачыла яго раней, — ледзь чутна сказала Роз.
— А я вас часта бачыў, — азваўся Манкс.
— У бацькі няшчаснай Агнэс было дзве дачкі, — сказаў містэр Браўнлоў. — Як склаўся лёс другой... другога дзіцяці?
— Калі памёр бацька, — адказаў Манкс, — памёр у чужым месцы, пад чужым іменем, дзіця, не маючы ані пісьма, ані якога-небудзь пасведчання, ані цыдулкі, якая была б ключом, які дазволіў бы выйсці на сяброў або родзічаў, — дзіця было ўзятае ў сям’ю беднякамі-сялянамі. Яе выхавалі, як родную дачку.
— Працягвайце! — сказаў містэр Браўнлоў; ён даў знак місіс Мэйлі падысці бліжэй. — Працягвайце!
— Вы не змаглі б знайсці месца, куды з’ехалі гэтыя людзі, — сказаў Манкс, — але дзе бяссільныя сяброўскія повязі, там часта можа прабіць сабе дарогу нянавісць. Пасля года адмысловых пошукаў мая маці выйшла на яе — яна знайшла дзяўчынку.
— Яна забрала яе сабе?
— Не. Людзі, якія яе прынялі, былі бедныя. І ім нарэшце пачало надакучваць — прынамсі, мужу — іхняе неабгрунтаванае чалавекалюбства, так што мая маці пакінула яе ў іх, даўшы ім невялікую суму грошай, якой на доўга ім, пэўна ж, не хапіла, і паабяцала даць потым яшчэ; праўда, гэтага рабіць яна зусім не збіралася. Яна не зусім спадзявалася на тое, што незадаволенасць і беднасць зробяць дзяўчынку нешчаслівай. У дадатак яна распавяла пра няслаўе сястры дзяўчынкі, прычым з тымі зменамі, якія найбольш адпавядалі яе інтарэсам. Яна прасіла пільнаваць дзяўчынку, таму што ў яе кепская спадчыннасць, расказала, што яна пазашлюбная і рана ці позна пойдзе крывымі сцежкамі. Усё гэта пацвярджалася вядомымі ўжо абставінамі, так што тыя людзі паверылі. Дзяўчынка нейкі час існавала ў такой мізэрнасці, што гэта задаволіла нават нас, пакуль адна лэдзі, удава, якая жыла на той час у Чэстэры, не ўбачыла яе выпадкова і, пашкадаваўшы яе, не ўзяла да сябе. Мне здаецца, што супраць нас дзейнічалі нейкія чары, таму што нягледзячы на ўсе нашыя высілкі, яна заставалася там і была шчаслівай. Два ці тры гады таму я страціў яе з поля зроку і не бачыў больш, пакуль не сустрэў некалькі месяцаў таму назад.
— Вы бачыце яе цяпер?
— Так. Яна абапіраецца на вашу руку.
— Але яна па-ранейшаму мая пляменніца, — усклікнула місіс Мэйлі, абдымаючы дзяўчыну, якая, відавочна, губляла сілы, — яна па-ранейшаму маё мілае дзіця! Я цяпер не пайшла б на тое, каб страціць яе, нават дзеля ўсіх багаццяў свету. Мая мілая, родная душа. Харошая мая дзяўчынка!
— Адзіны мой сябра, — усклікнула Роз, прыціскаючыся да яе. — Найлепшы, самы добры мой сябра! Маё сэрца зараз не вытрымае. Я... я не магу... больш трываць...
— Ты вытрывала шмат і, нягледзячы на ўсё, заставалася заўсёды самай мілай, самай спагаднай дзяўчынай, якая прыносіла шчасце тым, хто быў побач, — прамовіла місіс Мэйлі, ласкава абдымаючы яе. — Даволі, даволі, мая дарагая! Успомні, хто чакае цябе, каб раскрыць табе свае пяшчотныя абдымкі! Паглядзі сюды. Паглядзі, мілая мая!
— Не цёця, ты мне не цёця! — усклікнуў Олівер, абвіваючы рукамі яе шыю. — Ніколі ўжо не назаву цябе цёцяй, бо ты сястра, мая мілая, родная сястра, якую маё сэрца таемным чынам навучылася любіць ужо даўно, з самага пачатку! Роз, дарагая, мілая Роз!
Няхай будуць свяшчэннымі гэтыя слёзы, гэтыя каструбаватыя фразы, якімі абменьваліся паміж сабой сіраты, моцна абняўшы адно аднаго. Бацька, маці і сястра былі набытыя і страчаныя ў адзін момант. У адным кубку змяшаліся і радасць, і гора, але горкіх слёз не было, бо нават сама жальба была настолькі змякчаная агульнымі прыемнымі ўспамінамі, што яна перастала прыносіць пакуты і ператварылася ва ўрачыстую радасць.
Яны доўга-доўга заставаліся сам-насам. Нарэшце ціхі стук у дзверы абвясціў пра тое, што ля дзвярэй стаіць яшчэ нехта. Олівер адчыніў дзверы, адступіў убок і даў прайсці Гары Мэйлі.
— Пра ўсё ведаю, — сказаў ён, сядаючы побач з прыўкраснай дзяўчынай. — Мілая Роз, я ведаю пра ўсё.
— Я тут не выпадкова, — дадаў ён пасля даволі працяглай паўзы. — Пра ўсё гэта я даведаўся не сёння, а ўчора, толькі ўчора. Ці здагадваецеся вы, што я прыйшоў нагадаць вам пра адно абяцанне?
— Пачакайце, — сказала Роз. — Дык вы ўсё ведаеце?
— Усё. Вы дазволілі мне вярнуцца да прадмета нашай колішняй размовы ў любы час цягам года.
— Так.
— Не прымушаць вас памяняць сваё рашэнне, — працягваў малады чалавек, — а выслухаць яго яшчэ раз, калі на тое будзе ваша воля. Я павінен быў пакласці да вашых ног тое становішча ў грамадстве або багацце, якім валодаю, і калі б вы не адступілі ад свайго першапачатковага рашэння, я ўзяў на сябе абавязак не спрабаваць змяніць вашае рашэнне ні словам, ні справай.
— На мяне цяпер будуць уплываць тыя самыя прычыны, што і тады, — цвёрда сказала Роз. — Калі я маю пачуццё абавязку перад той, чыё добрае сэрца ўратавала мяне ад галечы і пакутаў, то хіба можа яно калі-небудзь быць больш моцным, чым сёння? Гэта барацьба, — працягвала Роз, — але я буду весці яе з гонарам. Гэта боль, але яго перанясе маё сэрца.
— Тое, што адкрылася сёння ўвечары... — пачаў быў Гары.
— Тое, што адкрылася сёння ўвечары, — мякка прамовіла Роз, — не мяняе майго становішча, майго стаўлення да вас. Яно застаецца ранейшым.
— Вы крыўдзіце сваё сэрца, настройваеце яго супраць мяне, — сказаў закаханы малады чалавек.
— О Гары, Гары, я так хацела б гэта зрабіць, каб не пакутаваць болей, — сказала маладая лэдзі і заплакала.
— Дык навошта выракаць сябе на пакуты? — сказаў Гары і ўзяў яе за руку. — Мілая Роз, вы падумайце, вы толькі падумайце, што вы пачулі сёння ўвечары.
— А што я пачула? Што пачула? — выгукнула Роз. — Што мой бацька так блізка прыняў да сэрца гэтую ганьбу, што ён уцёк ад усіх... Даволі, Гары, мы даволі ўжо гаварылі.
— Не, не даволі, — адказаў малады чалавек, утрымліваючы яе, калі яна ўстала. — Мае спадзяванні, памкненні, мае пачуцці, кожная мая думка — усё змянілася, акрамя майго кахання. Я не прапаную вам цяпер цвёрдага становішча ў мітуслівым свеце, не прапаную мець нешта супольнае са светам, дзе пануюць крыўда і прыніжэнні, дзе сумленны чалавек мусіць чырванець не з-за існага няслаўя і ганьбы... Але вось дом — так, наймілейшая мая Роз, — дом і сваё сэрца — гэта і толькі гэта я магу вам прапанаваць.
— Што вы хочаце сказаць?.. — няпэўна спытала яна.
— Тым самым я хацеў сказаць, што... калі я развітаўся з вамі ў мінулы раз, я пайшоў ад вас з цвёрдай рашучасцю зраўняць з зямлёю ўсе ўяўныя перашкоды паміж мною і вамі, я вырашыў, што калі мой свет не можа быць вашым, то мне трэба зрабіць ваш свет сваім. Я вырашыў, што ні адзін з тых фанабэрыстых людзей, хто крывіў бы вусны, маючы на ўвазе паходжанне, не пабачыць вас, бо я ад іх адвярнуся. Я гэта зрабіў. Тыя, хто з-за гэтага адхіснуліся ад мяне, адхіснуліся і ад вас і даказалі, што вы тут гаварылі правільна. Тыя апекуны, тыя маючыя ўладу, тыя ўплывовыя родзічы са становішчам у свеце адвярнуліся ад мяне, і наколькі яны ўсміхаліся мне раней, настолькі холадна глядзяць цяпер. Але ёсць у самым заможным графстве Англіі вясёлыя палі і трымцячыя пад ветрам гаі, а ля адной вясковай царквы — маёй, Роз, царквы! — стаіць вясковы дом — прытулак, якім я, калі вы гэта дазволіце, буду ганарыцца ў тысячу разоў болей, чым усімі надзеямі, ад якіх я адрокся. Вось такое маё становішча і такое маё багацце, і іх я кладу да вашых ног.
— Ну і катаванне гэта — чакаць каханкаў на вячэру, — сказаў, прачнуўшыся, містэр Грымуіг і турзануў з галавы сваю насоўку.
Папраўдзе кажучы, вячэра адкладвалася на няпэўна доўгі тэрмін. Ні місіс Мэйлі, ні Гары, ні Роз (якія ўвайшлі разам) нічога не маглі сказаць дзеля апраўдання.
— Сёння ўвечары ў мяне быў сур’ёзны намер з’есці сваю галаву, — сказаў містэр Грымуіг, — бо я пачаў думаць, што есці нічога не дадуць. З вашага дазволу, я бяру на сябе смеласць пацалаваць нявесту.
Не губляючы марна часу, містэр Грымуіг выканаў свой абвешчаны намер, чмокнуўшы пачырванелую дзяўчыну ў шчаку; заражаныя яго прыкладам, тое самае зрабілі лекар і містэр Браўнлоў. Некаторыя сцвярджаюць, што бачылі, як Гары Мэйлі першым зрабіў гэта ў суседнім прыцемненым пакоі, але найбольш аўтарытэтныя асобы кажуць, што гэта проста немагчыма, бо ён яшчэ занадта малады і да таго яшчэ святар.
— Олівер, дзіцятка маё, — сказала місіс Мэйлі, — дзе ты быў і чаму ты выглядаеш такім маркотным? Вось — у цябе ўжо і слёзкі пацяклі. У чым справа?
Наш свет — гэта свет расчараванняў, і часта расчараванні спасцігаюць нас у тых надзеях, якія мы найбольш песцім, у надзеях, якія робяць найвялікшы гонар нашай прыродзе.
Бедны Дзік памёр!
Перадсмяротная ноч Фэджына
Зала суда была біцалем набітая людзьмі. Дапытлівыя, нецярплівыя вочы глядзелі з кожнага квадратнага дзюйма прасторы. Пачынаючы ад парэнчаў перад лавай падсудных і да самага цеснага, малога куточка на галёрцы, пагляды ўсіх былі прыкаваныя да аднаго чалавека — да габрэя. Яны былі ззаду, спераду, над ім, знізу, справа і злева; выглядала на тое, што ён у цэнтры небасхілу, усеянага прамяністымі вачыма.
Ён стаяў у прамянях гэтага жывога святла, апусціўшы адну руку на драўляную перакладзіну перад сабой, а другую трымаючы каля вуха, і выцягваў шыю, каб больш выразна чуць кожнае слова, якое гаварыў старшыня судовага паседжання, які чытаў абвінаваўчае заключэнне прысяжным. Часам ён пільна ўглядаўся ў прысяжных, каб выгледзець хоць які станоўчы эфект ад амаль бязважкага сведчання на яго карысць, а калі абвінавачанні супраць яго выкладаліся з неабвержнай дакладнасцю, то ён умольна глядзеў на свайго адваката, каб той нават тут сказаў што-небудзь на яго карысць. Калі не лічыць гэтых праяваў трывогі, ён не рухаў ні нагой, ні рукой. З таго часу, калі суд пачаўся, ён не зрабіў ніводнага руху, і цяпер, калі суддзя замоўк, ён па-ранейшаму заставаўся ў той самай напружанай позе глыбокай увагі, не зводзячы вачэй са старшыні суда, быццам усё яшчэ слухаў.
Лёгкая мітусня ў зале прымусіла яго ачнуцца. Ён азірнуўся і ўбачыў, што прысяжныя схіліліся адзін да аднаго, каб вынесці вердыкт. Калі вочы яго падняліся на галерэю, ён убачыў, як людзі выцягваюць шыі, каб разгледзець ягоны твар; некаторыя паспешліва прыкладвалі да вачэй біноклі, іншыя нешта з агідай шапталі суседзям. Былі тут у нешматлікай колькасці і такія, хто, здаецца, зусім не звяртаў на яго ўвагі і адно нецярпліва паглядваў на прысяжных, дзівячыся, што гэта яны марудзяць. Але ні на адным твары ён не прачытаў нічога, акрамя ўсепаглынальнага жадання пачуць, як яго засудзяць, — ані каліва спагады, нават сярод жанчын, якіх тут было шмат.
Калі ягоны разгублены позірк увабраў усё гэта, зноў наступіла поўная цішыня, і, азірнуўшыся, ён убачыў, што прысяжныя павярнуліся да суддзі. Ціха!
Але яны толькі прасілі дазволу выйсці.
Ён пільна глядзеў на іх твары, затрымліваў пагляд на кожным па меры таго, як яны праходзілі поруч, быццам спадзяваўся выведаць, да якога рашэння схіляецца большасць, але ўсё было дарма. Турэмшчык крануў яго за плячо. Ён машынальна пайшоў следам да канца памоста і сеў на крэсла побач. На крэсла паказаў яму наглядчык, а інакш ён яго і не ўбачыў бы.
Ён яшчэ раз паглядзеў на галерэю. Некаторыя з людзей закусвалі, некаторыя абмахваліся насоўкамі, бо ў перапоўненай зале было надта горача. Нейкі малады чалавек рабіў накід ягонага твару ў нататніку. Ён задаў сабе пытанне, ці падобны накід, і, быццам старонні разявака, глядзеў, як мастак вострыць зламаны аловак.
Тое самае адбылося і калі ён перавёў позірк на суддзю — у галаве закапашыліся думкі наконт таго, які пакрой у судзейскага адзення, колькі яно каштуе і ў якой манеры суддзя яго надзявае. На адным з судзейскіх крэслаў сядзеў стары тоўсты чалавек, які з паўгадзіны таму быў выйшаў, а цяпер вярнуўся. Ён пытаў сам сябе, ці хадзіў той на абед, што ён еў, дзе, і так ён думаў пра нейкія збочныя рэчы, пакуль нейкі новы аб’ект не прыцягваў яго ўвагі і не пераключаў думкі.
Аднак увесь гэты час яго мозг ні на міг не быў вольным ад гнятлівага, ашаламляльнага ўсведамлення таго, што перад ім раскрываецца магіла; яно не пакідала яго, але яно было няўцямным, няпэўным, і ён не мог засяродзіць на ім свае думкі. Але нават цяпер, калі ён трымцеў, і яго кідала ў гарачку ад думкі пра блізкую смерць, ён раптам пачаў лічыць жалезныя прэнты перад сабой, разважаць, як гэта мог абламіцца верх аднаго з іх і ці будуць яго рамантаваць або пакінуць так, як ёсць. Потым ён пачаў думаць пра ўвесь жах шыбеніцы, і раптам яго ўвага скіравалася на чалавека, які пырскаў вадой на падлогу, каб ахаладзіць яе, а потым зноў задумаўся.
Нарэшце пачуўся вокліч — патрабаванне цішыні, і ўсе, стаіўшы дыханне, пачалі глядзець на дзверы. Вярнуліся прысяжныя і прайшлі, амаль зачапіўшы яго. Ён не мог нічога прачытаць на іх тварах — яны былі быццам з каменя. Апусцілася глыбокая цішыня... ні шолаху... ні дыхання... ВІНАВАТЫ!
Будынак выбухнуў страшнымі крыкамі, а потым пракаціўся гулкі роў, падобны на ярасны грукат грому. Гэта былі крыкі радасці людзей знадворку, якія віталі навіну, што ён памрэ ў панядзелак. Шум заціх, і яго спыталі, ці мае ён што-небудзь сказаць, каб адпрэчыць смяротны прысуд. Ён зноў прыняў колішнюю напружаную паставу і ўважліва слухаў таго, хто задаваў пытанне, але яго мусілі паўтарыць двойчы, перш чым да яго нарэшце дайшло; у адказ ён толькі прамармытаў, што ён стары, стары, стары чалавек, — і паступова панізіўшы голас да шэпту, змоўк.
Суддзя надзеў чорны берэт, а падсудны ўсё яшчэ стаяў у той самай паставе, з тым самым выразам твару. У нейкай жанчыны на галерыі вырваўся вокліч, выкліканы гэтым страшным і велічным момантам. Ён паглядзеў туды, адкуль данёсся крык, быццам быў раззлаваны гэтай прыкрасцю, і з яшчэ большай увагай нахіліўся наперад. Прамова, звернутая да яго, была ўрачыстай і ўнушальнай, прысуд гучаў жахліва, але ён стаяў, бы мармуровая статуя, абсалютна нерухома. Яго выпетралы твар усё яшчэ быў звернуты ўперад, ніжняя сківіца адвісла, а вочы былі ўтаропленыя перад сабой, калі наглядчык паклаў яму руку на плячо і паказаў на выхад. Ён нейкую хвіліну тупа глядзеў перад сабой, потым паслухаўся.
Яго правялі праз пакой з каменнай падлогай, пад залам суда, дзе адны арыштанты чакалі сваёй чаргі ісці ў суд, іншыя размаўлялі са сваімі сябрамі, якія штурхаліся ля рашоткі, за якой быў адкрыты двор. Тут не было нікога, хто пагаварыў бы з ім, але калі ён праходзіў, арыштанты адступілі, каб ён лепш быў бачны тым, хто стаяў, прыціснуўшыся да кратаў, і тыя абсыпалі яго крыўднымі мянушкамі, лаянкай, крычалі і свісталі. Ён патрос кулаком і збіраўся ўжо плюнуць у іх, але канваіры прыспешылі яго і павялі цёмным калідорам, які быў асветлены толькі некалькімі цьмянымі лямпамі, унутр вязніцы.
Тут яго абшукалі — ці няма пры ім якіх-небудзь рэчаў, якія дапамаглі б яму абысці закон. Калі гэтая цырымонія закончылася, яго завялі ў адну з камер для асуджаных і пакінулі там аднаго.
Ён сеў на каменную лаву насупраць дзвярэй, якая служыла крэслам і ложкам, утаропіў налітыя крывёй вочы ў падлогу і паспрабаваў сабрацца з думкамі. Праз нейкі час ён ўзгадаў некалькі разрозненых фрагментаў таго, што сказаў суддзя, хоць тады яму здавалася, што ён не разумее ні слова. Словы паступова вярталіся на свае месцы, паступова аднаўляліся часткі сказаў, якіх не хапала, так што праз невялікі час ён аднавіў увесь прысуд амаль у тым выглядзе, у якім ён быў вырачаны. Павесіць за шыю, пакуль не памрэ — такі канец чакаў яго. Павесіць за шыю, пакуль не памрэ.
Стала зусім цёмна. Ён пачаў думаць пра ўсіх знаёмых яму людзей, якія памерлі на эшафоце; некаторыя з іх памерлі якраз гэткім чынам. Яны так хутка наплывалі адзін за другім, што ён ледзьве паспяваў іх лічыць. Ён бачыў, як паміралі некаторыя з іх — і пасміхаўся, таму што яны памерлі з малітвай на вуснах. З якім ляскатам падала дошка і як хутка яны мяняліся — ператвараліся са здаровых, энергічных людзей у віснучыя цюкі адзення!
Мабыць, некаторыя з іх былі ў гэтай самай камеры — сядзелі на гэтым вось месцы. Ужо зусім цёмна — чаму не нясуць святла? Камера была пабудаваная шмат гадоў таму. Колькі ж людзей правялі ў ёй свае апошнія гадзіны? Здавалася, што ён сядзіць у склепе, забітым мерцвякамі — каптур, пятля, звязаныя рукі, твары, якія ён ведаў, якія пазнаваў нават праз агідныя покрывы... Святла! Святла!
Нарэшце, калі ён у мяса разбіў рукі, б’ючы імі ў цяжкія дзверы і сцены, прыйшлі двое. Адзін прынёс свечку, якую засунуў у жалезны падсвечнік на сцяне, другі прынёс матрац, каб ноччу спаць на ім, бо з гэтага часу вязня нельга было пакідаць аднаго.
Потым настала ноч — цёмная, панурая, маўклівая ноч. Іншыя людзі з тых, хто не спіць, з радасцю прыслухоўваюцца да царкоўнага звона, бо ён абвяшчае пра тое, што жыццё ідзе далей, што наступіць дзень. Габрэю гэты гук прыносіў толькі роспач. Бумканне металёвага звона было сугучнае толькі аднаму глыбокаму, пустому слову — «смерць». Што было карысці ад тлуму і шуму вясёлага рання, якія пранікалі нават сюды, да яго ў камеру? Гэта быў той самы пахавальны звон, у якім здзек паяднаўся з перасцярогай.
Дзень прайшоў. Дзень? Не было ніякага дня. Ён праляцеў гэтаксама хутка, як і наступіў — і надышла ноч, ноч доўгая і адначасна такая кароткая, доўгая з-за жахлівай глухой цішыні і кароткая з-за хуткаплынных гадзін. Нейкі час ён шалеў, брыдка зневажаў Бога, потым проста выў і рваў на сабе валасы. Яго шаноўныя аднаверцы прыйшлі, каб памаліцца разам з ім, але ён з праклёнамі прагнаў іх. Яны былі паспрабавалі яшчэ раз праявіць дабрачыннасць, але ён выштурхнуў іх прэч.
Ноч з суботы на нядзелю. Яму засталася яшчэ толькі адна ноч. Калі гэтая думка прыйшла яму ў галаву, настаў новы дзень — нядзеля.
Толькі пад вечар гэтага апошняга жахлівага дня гнятлівае ўсведамленне яго безнадзейнага, роспачнага становішча цалкам завалодала ягонай грэшнай душой — не таму, што ён меў нейкую надзею на памілаванне, а таму, што ён ніколі не быў у стане дапусціць, што смерць так блізка. Ён мала гаварыў з тымі двума, што наглядалі за ім, мяняючы адзін другога; са свайго боку, і яны не рабілі спробаў прыцягнуць яго ўвагу. Ён сядзеў у нейкім трансе. Іншым разам ён усхопліваўся і з раскрытым ротам бегаў у гарачцы ўзад і ўперад у такім прыпадку страху і злосці, што нават яны, звыклыя да такіх рэчаў, адхіналіся ад яго з жахам. Нарэшце ён стаў такім страшным, яго так замучыла ягонае хворае сумленне, што наглядчыкі пачалі баяцца сядзець па адным і пільнавалі яго ўдвух.
Ён расцягнуўся на сваім каменным ложку і пачаў думаць пра мінулае. Нехта з натоўпу дастаў яго нейкай зброяй, калі яго бралі, і ягоная галава была перавязаная палатнянай павязкай. Рыжыя валасы яго звісалі на бяскроўны твар, барада была каўтуном, некалькі касмыкоў з яе былі вырваныя. Яго вочы свяціліся страшным агнём, нямытая скура патрэскалася ад ліхаманкі, якая з’ядала яго. Восем-дзевяць-дзесяць. Калі гэта толькі не фокус дзеля таго, каб запалохаць яго, калі гэта насамрэч былі гадзіны, якія напіралі адна на другую, то дзе будзе ён, калі яны зробяць поўны круг? Адзінаццаць! Яшчэ адзін удар, а яшчэ ж не адгучала рэха ад папярэдняй гадзіны. У восем ён будзе адно плакальшчыкам ва ўласнай пахавальнай працэсіі, у адзінаццаць...
Жахлівыя сцены Ньюгейта, якія хавалі ў сабе шмат нішчымніцы, нявыказанага страху, хавалі не толькі ад вачэй, але і — занадта часта і занадта доўга — ад думак людскіх, ніколі не бачылі відовішча больш прывіднага і жудлівага. Тыя нешматлікія, хто, праходзячы міма, запавольваў крокі і задаваў сабе пытанні, што можа рабіць чалавек, прысуджаны да павешання заўтра ранкам, дрэнна спалі б у тую ноч, каб пабачылі яго.
З ранняга вечара амаль да поўначы невялікія групкі па два-тры чалавекі падыходзілі да турэмнай брамы і цікавіліся са спалоханым выразам твару, ці не прыйшло памілаванне. Атрымаўшы адмоўны адказ, яны перадавалі жаданую вестку групам людзей, якія кучкаваліся на вуліцы, паказвалі дзверы, праз якія ён выйдзе, месца, на якім будзе пабудаваная шыбеніца, а потым, неахвотна адыходзілі і ўяўлялі сабе, як гэта будзе выглядаць. Паступова яны ўсе пайшлі, і нейкую гадзіну ўначы вуліца заставалася пустой і цёмнай.
Пляц перад турмой быў расчышчаны, а цераз дарогу былі перакінутыя некалькі афарбаваных у чорны колер моцных брусоў, каб стрымліваць націск натоўпу, калі ў брамцы з’явіліся містэр Браўнлоў і Олівер і прад’явілі ордэр з дазволам наведаць вязня, падпісаны адным з шэрыфаў.
— Што, сэр, малады джэнтльмен таксама пойдзе? — спытаў чалавек, які мусіў суправаджаць іх. — Такое відовішча не для дзяцей, сэр.
— Правільна, мой сябра, — азваўся містэр Браўнлоў, — але мая справа да таго чалавека цесна звязаная з хлопчыкам, і калі ўжо дзіця бачыла яго ў зеніце росквіту і зладзейства, то я думаю, што было б добра — нават коштам пэўнага страху і перажывання, — каб ён пабачыў яго цяпер.
Гэтыя некалькі слоў былі сказаныя ўбаку, не для вушэй Олівера. Мужчына дакрануўся да капелюша, з цікаўнасцю зірнуўшы на Олівера, адчыніў другую брамку, якая была насупраць той, праз якую яны ўвайшлі, і правёў іх цёмнымі, пакручастымі калідорамі да камеры.
— Тут, — сказаў ён, спыніўшыся ў цёмным пераходзе, у якім некалькі рабочых былі занятыя ў поўнай цішыні нейкай падрыхтоўкай, — тут ён будзе праходзіць. А калі вы заглянеце сюды, то зможаце ўбачыць дзверы, з якіх ён выйдзе.
Ён завёў іх у кухню з каменнай падлогай, дзе стаяла шмат катлоў для гатавання турэмнай ежы, і паказаў на дзверы. Над імі была закратаваная пройма, праз якую даносіліся гукі мужчынскіх галасоў, якія перамяжоўваліся стукам цяслярскага начыння і дошак. Там ладзілі шыбеніцу.
Потым яны прайшлі праз некалькі трывалых дзвярэй, якія адмыкалі знутры іншыя наглядчыкі, перасеклі адкрыты двор, падняліся па вузкай лесвіцы і ўвайшлі ў калідор з шэрагам дзвярэй злева. Ключнік падаў ім знак, каб заставаліся, дзе ёсць, і пастукаў у адну з іх звязкай ключоў. Абодва наглядчыкі пашапталіся з ім, пацягваючыся, выйшлі на калідор, быццам узрадаваныя, што будуць мець перадышку, і падалі знак наведвальнікам, каб тыя ішлі ў камеру следам за першым наглядчыкам. Тыя так і зрабілі.
Асуджаны злачынец сядзеў на каменным ложку, хістаючыся з боку на бок. Твар яго нагадваў хутчэй пысу нейкага звера, чым аблічча чалавека. Няйначай, ён успамінаў сваё мінулае, бо безупынна нешта мармытаў, усведамляючы наведнікаў няйначай як удзельнікаў сваіх відзежаў.
— Малайчына, Чарлі, добра справіўся, — мармытаў ён. — І ты, Олівер — ха-ха! І ты, Олівер, — цяпер зусім джэнтльмен, зусім... забярыце гэтага хлопца спаць!
Наглядчык узяў Олівера за руку, шапнуў яму, каб той не баяўся, і моўчкі глядзеў на тое, што адбываецца.
— Забярыце яго спаць! — крычаў габрэй. — Вы мяне чуеце, хто-небудзь з вас? Ён... ён... усяму прычынай. Варта грошай... прывучыць яго да гэтага... Біл, Болтэра за глотку, пакінь дзяўчыну, урэж Болтэраў гарляк як мага глыбей. Адвалі яму галаву!
— Фэджын! — прамовіў наглядчык.
— Гэта я! — усклікнуў габрэй, імгненна прымаючы тую самую паставу, якую ён захоўваў у судзе. — Стары, мілорд, вельмі, вельмі стары чалавек!
— Слухайце, — працягваў наглядчык і паклаў яму руку на грудзі, каб той не ўставаў, — тут прыйшлі, хочуць пагаварыць звамі, няйначай, задаць некалькі пытанняў. Фэджын! Фэджын! Вы мужчына ці не?
— Мне нядоўга засталося ім быць, — адказаў той і зіркнуў на іх; твар яго не выражаў ніякіх людскіх пачуццяў, акрамя шаленства і спалоху. — Забіць іх усіх! Якое права яны маюць забіваць мяне!
Тут ён пазнаў Олівера і містэра Браўнлоў. Забіўшыся ў самы дальні куток свайго ложа, запытаўся, што ім тут трэба.
— Ціха, — сказаў наглядчык, усё яшчэ трымаючы яго. — Ну, сэр. Пытайце ў яго, што вы там хацелі спытаць, і хутка, бо ён з кожнай хвілінай становіцца ўсё горш!
— У вас ёсць паперы, — сказаў, наблізіўшыся, містэр Браўнлоў, — якія былі аддадзеныя ў вашы рукі дзеля бяспечнага захавання чалавекам па імені Манкс.
— Гэта ўсё хлусня, — адказваў габрэй. — Ніякіх папер у мяне няма.
— Дзеля Госпада Бога, — урачыста прамовіў містэр Браўнлоў, — не гаварыце так цяпер, на парозе смерці, скажыце мне, дзе яны. Вы ведаеце — Сайкс мёртвы, Манкс прызнаўся, і ніякай выгады атрымаць больш нельга. Дык дзе паперы?
— Олівер, — усклікнуў габрэй і жэстам паклікаў яго. — Ідзі сюды. Я табе на вуха скажу.
— Я не баюся, — сказаў Олівер упаўголаса і вызваліўся ад рукі містэра Браўнлоў.
— Паперы ў парусінавым мяху, — сказаў габрэй, прыцягнуўшы Олівера да сябе, — схаваныя ў пройме над комінам у верхнім пакоі. Я хачу пагаварыць з табой, мой мілы. Хачу пагаварыць з табой.
— Добра, добра, — адказаў Олівер. — Дайце я прачытаю малітву. Прашу вас! Дазвольце мне прачытаць малітву. Толькі адну, разам з вамі на каленях, і потым мы будзем гаварыць да самага рання.
— Выходзь, выходзь, — адказаў габрэй, штурхаючы хлопчыка перад сабой да дзвярэй і безуважна гледзячы паверх яго галавы.
— Скажы, што я пайшоў спаць, — табе яны павераць. Ты можаш мяне вывесці, калі будзеш ісці са мной так. Ну, ну!
— О! Божа, даруй гэтаму няшчаснаму! — усклікнуў хлопчык і заліўся слязьмі.
— Правільна, правільна, — сказаў Фэджын. — Гэта нам дапаможа. Спачатку ў гэтыя дзверы. Калі я пачну трымцець, праходзячы каля шыбеніцы, не зважай і паспяшайся. Ну, ну!
— У вас яшчэ ёсць пытанні, сэр? — спытаўся наглядчык.
— Больш пытанняў няма, — адказаў містэр Браўнлоў. — Каб я мог спадзявацца, што можна дабіцца, каб ён уцяміў сваё становішча.
— З гэтага нічога не атрымаецца, сэр, — адказаў той, хітаючы галавой. — Лепш пакіньце яго ў спакоі.
Дзверы камеры адчыніліся, і з’явіліся наглядчыкі.
— Паспяшайма, паспяшайма! — крыкнуў габрэй. — Без шуму, але і не марудзячы. Хутчэй, хутчэй!
Мужчыны падхапілі яго пад рукі, вызвалілі Олівера, адцягнулі яго назад. Нейкую хвіліну ён змагаўся з сілай адчаю, а потым пачаў крычаць так, што крыкі гэтыя пранікалі нават скрозь тоўстыя сцены і звінелі ў вушах наведвальнікаў, аж пакуль яны не выйшлі ўва двор.
Яны не адразу пайшлі з вязніцы. Пасля страшнага відовішча Олівер ледзь не самлеў і быў такім слабым, што з гадзіну ці болей не мог ісці.
Калі яны выйшлі, бралася на дзень. Ужо сышоўся ладны натоўп. Ва ўсіх вокнах цясніліся людзі, якія курылі, гулялі ў карты, каб прабавіць час; у натоўпе штурхаліся, сварыліся, жартавалі. Усё гаварыла пра бурлівасць жыцця, — усё, акрамя спалучэння страшных прыкметаў у цэнтры ўсяго: чорнага ўзвышша, перакладзіны, вяроўкі ды іншых агідных інструментаў смерці.
і апоші
Расказ пра лёс герояў гэтай аповесці амаль скончаны. Тое апошняе, што засталося расказаць іх біёграфу, памесціцца ў некалькіх словах.
Не прайшло і трох месяцаў, як Роз Флэмінг і Гары Мэйлі пабраліся шлюбам, — павянчаліся ў вясковай царкве, дзе з гэтага часу пачыналася праца маладога святара; у той самы дзень яны сталі ўладальнікамі свайго новага шчаслівага дома.
Місіс Мэйлі пачала жыць у свайго сына і нявесткі, каб у дні, якія ёй засталіся, радавацца той асалодзе, якую могуць даць чалавеку ўзрост і годнасць, — сузіранню шчасця тых, каму бесперапынна дарыліся найцёплыя пачуцці і найпяшчотныя клопаты варта пражытага жыцця.
У выніку грунтоўнага і бесстаронняга даследавання высветлілася, што калі рэшту прамантачанага багацця, якое заставалася ва ўладанні Манкса (і якое не павялічылася ні ў яго руках, ні ў руках яго маці), пароўну падзяліць паміж Манк-сам і Оліверам, то кожны атрымае крыху больш за тры тысячы фунтаў. Згодна з бацькоўскім тастаментам, Олівер меў права на ўсю спадчыну, але містэр Браўнлоў, не хочучы пазбавіць старэйшага сына магчымасці пакінуць распуснае жыццё, распачаць сумленную кар’еру, прапанаваў такі падзел маёмасці, і яго малады выхаванец на гэта з радасцю пагадзіўся.
Манкс, які ўсё яшчэ захоўваў гэтае сваё прыдуманае імя, з’ехаў са сваёй доляй у аддаленую частку Новага Свету, дзе неўзабаве марна растраціў усё і зноў вярнуўся да ранейшага жыцця, за нейкае махлярства трапіў у турму, доўга там прасядзеў, быў разбіты прыступам сваёй старой хваробы і памёр у вязніцы. Гэтаксама далёка ад радзімы памерлі ўсе галоўныя ўдзельнікі банды ягонага сябра Фэджына.
Містэр Браўнлоў усынавіў Олівера. Ён асеў з Оліверам і эканомкай на сталае жыццё за нейкую мілю ад прыходскага дома, дзе жылі яго добрыя сябры, і выканаў адзінаежаданне гарачага і шчырага сэрца Олівера, якое засталося яшчэ не выкананым: паяднаў маленькую грамаду, і тая зажыла жыццём, блізкім да таго ідэальна шчаслівага, якое толькі магчыма ў нашым пераменлівым свеце.
Неўзабаве пасля вяселля маладых людзей шляхетны доктар вярнуўся ў Чэрсі, дзе, пазбаўлены ўзаемінаў са сваімі старымі сябрамі, ён мог бы захандрыць, каб быў схільны да гэтага з-за свайго тэмпераменту, і мог бы стаць старым буркатуном, калі б ведаў як. Два ці тры месяцы ён абмяжоўваўся намёкамі, што баіцца, ці не пашкодзіць мясцовы клімат яго здароўю, потым упэўніўся, што месца гэтае перастала быць для яго тым, чым было раней, і перадаў сваю практыку памочніку, пасяліўся ў халасцяцкім асабняку на выселках ля вёскі, дзе яго малады сябра быў святаром, і адразу ж выздаравеў. Тут ён пачаў займацца садаводствам, пасадкай дрэваў, рыбалоўствам, сталярствам, а таксама многімі іншымі справамі накшталт гэтых, і ўсё гэта з характэрным імпэтам, і ў кожнай справе ён стаў адным з найбольшых аўтарытэтаў ва ўсёй акрузе.
Перад сваім пераездам яму ўдалося наладзіць моцныя сяброўскія сувязі з містэрам Грымуігам; з боку апошняга ў гэтае сяброўства ўкладвалася шмат сардэчнасці. Ён наведвае містэра Лосбэрна вельмі шмат разоў на год. З нагоды чарговага наведвання містэр Грымуіг садзіць дрэвы, ловіць рыбу і сталярнічае з вялікай ахвотай, прычым робіць гэта так, як можа толькі ён адзін, і заўсёды настойліва сцвярджае, што яго спосаб найлепшы. Па нядзелях ён ніколі не прамінае пакрытыкаваць у размове са святаром яго набажэнства, потым зусім канфідэнцыйна інфармуе містэра Лосбэрна, што лічыць набажэнства выдатным, але не лічыць патрэбным гаварыць пра гэта. Сталым і вельмі любімым жартам містэра Браўнлоў стала тое, што ён падсмейваецца з колішняга прароцтва містэра Грымуіга адносна Олівера і нагадвае яму пра тую ноч, калі яны сядзелі ля стала, паклаўшы перад сабою гадзіннік, ды чакалі вяртання Олівера. Аднак містэр Грымуіг запэўнівае, што па сутнасці ён меў рацыю, і даказвае гэта рэмаркаю, што Олівер у рэшце рэшт насамрэч не прыйшоў. Гэта заўсёды выклікае ў яго самога смех і падымае яго настрой.
Містэр Ноэ Клэйпал, які атрымаў ад суда Кароны дзякуючы яго актыўнай ролі ў справе Фэджына дараванне і прыйшоў да высновы, што ў цэлым яго прафесія не такая бяспечная, як хацелася, не ведаў спачатку, дзе яму шукаць сродкі да існавання, не абцяжарваючы сябе залішне працай. Пасля непрацяглага роздуму ён распачаў дзейнасць інфарматара паліцыі і мае за гэта немалы заробак. Раз на тыдзень, падчас царкоўнага набажэнства, ён і Шарлот, шляхетна апрануўшыся, выходзяць на людзі. Каля дзвярэй якой-небудзь карчмы лэдзі млее, і джэнтльмену даюць на тры пенсы брэндзі, каб прывесці яе ў прытомнасць. Назаўтра ён даносіць у паліцыю і мае палову сумы штрафу. Калі-нікалі містэр Клэйпал млее сам, — з тым самым вынікам.
Містэр і місіс Бамбл, вызваленыя ад пасадаў, паступова моцна збяднелі і змізарнелі; нарэшце яны апынуліся ў той самай працоўні, дзе калісьці панавалі над іншымі. Нехта чуў, як містэр Бамбл казаў, што з-за такой бядоты і нястачаў ён нават не можа як след быць удзячным за тое, што яго разлучылі з жонкай.
Што да містэраў Джайлса і Брытлза, то яны пакуль на старых пасадах, хоць першы стаў лысым, а згаданы апошнім хлапчук зусім пасівеў. Яны начуюць у доме прыходскага святара, але настолькі пароўну размяркоўваюць сваю ўвагу паміж насельнікамі таго дома і містэрам Оліверам, містэрам Браўнлоў і містэрам Лосбэрнам, што да сённяшняга дня вяскоўцы не могуць вызначыць, у каго яны на службе.
Малады Чарлі Бэйц, напалоханы злачынствам Сайкса, пачаў разважаць пасля ўсяго, што адбылося, ці не ёсць сумленнае жыццё найлепшым варыянтам. І калі прыйшоў да высновы, што, напэўна, так яно і ёсць, то павярнуўся спінай да мінулага і вырашыў загладзіць яго, — распачаўшы іншую дзейнасць. Нейкі час яму давялося шмат працаваць і нямала пакутаваць, але з яго лёгкім характарам і вартай мэтай ён урэшце дасягнуў поспеху: пасля досведу працы парабкам у фермера і памочнікам у рамізніка ён цяпер самы вясёлы жывёлапрамысловец ва ўсім Нортгэмптаншыры.
Рука, якая піша гэтыя радкі, набліжаецца да канца работы і пачынае дрыжаць; яна ахвотна выцягвала б і далей ніці прыгодаў.
Я неахвотна развітваюся з некалькімі з тых, з кім супольнічаў так доўга, і падзяліў бы іх шчасце, паспрабаваўшы апісаць яго. Я паказаў бы Роз Мэйлі ў поўным росквіце чароўнае маладое жаноцкасці, якая пралівае на сваю ціхую сцежку жыцця такое лагоднае і пяшчотнае святло, якое падае на ўсіх, хто ідзе разам з ёй, свеціць у сэрцы іншых. Я паказаў бы яе душой кола людзей ля каміна або нейкай кампаніі ўлетку, я прыйшоў бы за ёй следам па спякотных палях у летні поўдзень, слухаў бы нізкі тон яе мілага голаса падчас вечаровага шпацыру пад поўняй, я назіраў бы яе ва ўсёй яе шчырай дабрадзейнасці па-за домам, і як яна з усмешкай выконвае абавязкі ў сваім жытле; я паказаў бы яе і дзіця яе памерлай сястры, шчаслівых ва ўзаемнай любові, як яны цэлыя гадзіны праводзяць разам, распавядаючы адно аднаму пра сяброў, страта якіх была такою журботнай; яшчэ раз убачыў бы я радасныя маленькія тварыкі, якія прытуліліся да яе каленяў, і паслухаў бы іх вясёлае балбатанне. Я б нагадаў той чысты смех і слёзы замілавання, якія блішчаць у лагодных блакітных вочках. Усё гэта і яшчэ тысячу позіркаў і ўсмешак, паваротаў думкі і размовы — я ўзнавіў бы дакладна ўсё да драбніцы.
Пра тое, як містэр Браўнлоў дзень за днём працягваў узбагачаць розум свайго прыёмнага сына скарбамі ведаў і адчуваў усё большую прыхільнасць да яго па меры таго, як развівалася яго самасць і ўсё больш прарастала насенне тых якасцяў, якія ён хацеў у ім развіць. Як ён заўважаў у ім усё новыя рысы сябра сваёй маладосці, якія будзілі ў яго сэрцы старыя ўспаміны, ціхую меланхолію, але былі і прыемнымі ды заспакаяльнымі — успаміны пра тое, як два сіраты прайшлі праз выпрабаванні Лёсу, запомнілі яго ўрокі і не забыліся на міласэрнасць да іншых людзей, узаемную любоў і палкую ўдзячнасць да Таго, хто абараніў, захаваў іх. Пра гэтыя рэчы няма патрэбы гаварыць. Я сказаў, што яны былі па-сапраўднаму шчаслівыя, а без моцы пачуцця, без чалавечнасці ў сэрцы, без удзячнасці да Таго, чыім паролем мусіць быць міласэрнасць і чыёй найважнейшай якасцю ёсць Прыхільнасць да ўсяго, што дыхае, не можа быць дасягнута сапраўднае шчасце.
У алтары старой вясковай царквы знаходзіцца белая мармуровая дошка, на якой высечанае толькі адно слова — «Агнэс».
У гэтым склепе няма труны, і няхай пройдзе шмат, шмат гадоў, перш чым над гэтым імем з’явіцца яшчэ адно! Але калі душы памерлых усё-такі вяртаюцца на зямлю, каб наведаць месцы, ахінутыя іх любоўю, любоўю, якая існавала да іх смерці, любоўю тых, каго яны ведалі ў жыцці, — тады я веру, што цень Агнэс часамі лунае ў гэтым святым кутку. Веру, таму што гэты куток у Царкве, у Доме Божым, хоць яна і была пры жыцці слабай і заблытанай у памылках.
Слоўнік прыблізных беларускіх асацыятыўных псіхалінгвістычных адпаведнікаў некаторым знакавым прозвішчам з рамана Чарльза Дзікенса «Олівер Твіст»
Твіст (Тwist; to twist — круціць, сплятаць) — Курчэня; Круціла; Вераціла
Бамбл (Bumble; to bumble — блытаць; марнатравіць; заікацца; bum — задніца) — Маруда; Азадчэня
Саўэрберы (Sowerberry; sower — сейбіт; Ьеггу — ягады) —
Пагост-Ягадзінскі; Цвінтар-Ягадовіч
Крэкіт (Crackit; to сгаск — узломваць) — Ламавеня; Лом-Узламніцкі
Мэн (Mann; верагодна, ад нямецкага «Мапп» — мужчына, муж) — Мужук; Мужачко; Мужачынская
Корні (Согпеу; соrnу — закарэлы, мазольны, шурпаты) — Шурпа
Грымуіг (Grimwig, grim — змрочны, жорсткі; wig — парык, валасы; wigging — разнос, «галавамыйка» ) — Хмурчык
Бэйц (Bates; bate — рошчына для хімічнай апрацоўкі скуры, але і шал, ятра) — Ёдка; Вастрэйка
Чытлінг (Chitling, to chig — пляткарыць, але і, верагодна, to cheat — падманваць) — Брыхайла
Доўкінз (Dawkins; to dawdie — марнатравіць час) — Лай-Лайдакоўскі
Клэйпол (Claypole; clay — гліна; глей; — pole — дышаль, аглобля) — Глінабайчук
Джайлз (Giles; gillie — слуга, пахалок) — Пахолкаў, Парабчынскі
Брытлз (Brittles; brittle — крохкі) — Зломак
Манкс (Monks; — манах, чарнец) — Чарнецкі
Мэйлі (Maylie; maylily — ландыш, «майская лілея») — Маеўскі
Фэнг (Fang, — клык, змяіны зуб, крук) — Крук
Спаерс (Spyers; spy — шпег, віж, дыверсант) — Віж
Слоўнік склаў перакладчык Яўген Бяласін