у якім абмяркоўваюць і прымаюць выбітны план
Была шэрая, вільготная, ветраная ноч, калі габрэй, туга зашпіліўшы ўсе гузікі свайго шэрага паліто, якое шчыльна аблягала яго лядашчае цела, наставіўшы каўнер да вушэй так, каб нябачнай была ніжняя частка твару, вылез са свайго схову. На ганку ён пачакаў, пакуль за ім не замкнулі на замок і ланцуг дзвярэй, упэўніўся, што хлопчыкі зрабілі ўсё належным чынам і што іх крокаў больш не чуваць, і прыпусціў уніз па вуліцы як мага.
Дом, куды прывялі Олівера, стаяў па суседству з Уайтчэпелам. Габрэй на момант спыніўся на рагу, падазрона агледзеўся, перасёк вуліцу і ўзяў кірунак на Спітэлфілдз.
На брукаванцы ляжаў тоўсты слой гразі. Над вуліцамі вісеў шчытны туман, імжэла, і ўсё было навобмацак халодным і ліпучым. Здавалася, што выпала якраз адна з начэй, прыдатных, каб швэндаліся істоты, падобныя да старога габрэя. Агідны стары, які, крадучыся, сунуўся ўперад, поўз пад прыкрыццём сцен і праездаў, здаваўся мярзотнай рэптыліяй, што нарадзілася ў гразі і цемры, праз якія яна рухалася ў пошуках тлустых адкідаў сабе на вячэру.
Па звілістых, вузкіх вулках і сцежках ён цвёрда трымаўся свайго курсу, пакуль не дасягнуў Бэтнэл-Грын. Потым ён нечакана павярнуў улева і хутка заглыбіўся ў лабірынт смярдзючых брудных вуліц, якіх шмат у гэтым густанаселеным квартале.
Відавочна, што габрэй добра ведаў гэтую мясцовасць, так што ні цемрадзь, ні адмысловая ноч не палохалі яго. Ён шпарка прайшоў некалькі завулкаў і вуліц і нарэшце павярнуў на вуліцу, на якой гарэў толькі адзін ліхтар у канцы. Ён пастукаў у дзверы аднаго з дамоў і, перашапнуўшы пару слоў з асобай, якая адчыніла іх, падняўся ўверх па лесвіцы.
Калі ён узяўся за ручку дзвярэй у пакой, за імі загырчэў сабака, а мужчынскі голас патрабавальна запытаў, хто там.
— Гэта я, Біл, гэта ўсяго толькі я, мой даражэнькі, — азваўся габрэй, заглядваючы ў пакой.
— Ну, дык занось сюды хутчэй сваё цела, — сказаў Сайкс. — Ляжы, тупая скаціна! Ты што, не пазнаеш д’ябла, хай сабе ён і апрануў шэрае паліто?
Відавочна было, што сабаку ўвяла ў зман вопратка містэра Фэджына, таму што, калі ён расшпіліў сваё паліто і кінуў яго на спінку крэсла, сабака кінуўся ў кут, з якога быў падняўся. Пры гэтым ён віляў хвастом у знак таго, што ён задаволены, — зразумела, у той меры, у якой гэта яму дазваляла ягоная натура.
— Ну! — прамовіў Сайкс.
— Дык што, мой даражэнькі, — сказаў габрэй. — А, Нэнсі!
Апошнія словы прагучалі з відавочнай няўпэўненасцю. Гэта значыла, што містэр Фэджын не ведаў, як Нэнсі да яго паставіцца. Габрэй і яго маладая сяброўка не сустракаліся з таго часу, як яна заступілася за Олівера. Усе ягоныя сумненні на гэты конт, калі яны і былі, хутка рассеяліся. Нэнсі прыняла ногі з каміннай рашоткі, адсунула крэсла ад агменя і, шмат не гаворачы, прапанавала старому сесці да цяпла, бо ноч, пэўна, была надта халодная.
— Вох і холад, Нэнсі, даражэнькая, — сказаў габрэй, працягваючы свае маршчакаватыя рукі да агню. — Прабірае наскрозь, — дадаў ён, паціраючы бок.
— Напэўна, на дварэ люты холад, калі цябе працяла аж да самага твайго сэрца, — сказаў Сайкс. — Нэнсі, дай яму чаго-небудзь выпіць. Ды хутчэй давай, рэзя-разанка! Можна хворым стаць, гледзячы на гэтыя дрыжачыя старыя мошчы, — роўна дух які страшны падняўся з магілы!
Нэнсі бягом прынесла з буфета бутэльку. У буфеце было іх шмат, і, мяркуючы па іх вонкавым выглядзе, напоўненыя яны былі рознымі спіртнымі напоямі. Сайкс наліў шклянку брэндзі і падаў яе габрэю.
— Даволі, даволі... Дзякуй, Біл, — сказаў габрэй і паставіў шклянку, толькі крыху яе прыгубіўшы.
— Што, баішся, каб не абдурылі? — запытаўся Сайкс, пільна гледзячы на габрэя. — Вух!
Хрыпата прамармытаўшы нешта пагардлівае, Сайкс схапіў шклянку і ў якасці падрыхтоўчай дзеі перад тым, як наліць сабе, выплюхнуў яе змесціва на попел, потым наліў і адразу выпіў.
Пакуль яго супольнік апаражняў другую шклянку, габрэй уважліва агледзеў пакой, — не з цікаўнасці (ён быў тут ужо многа разоў), а з падазронасці і неспакойнасці сваёй натуры. Пакой быў абсталяваны па-жабрацку, і толькі шафа сведчыла, што гаспадар не займаецца фізічнай працай: не было бачна нічога падазронага, акрамя некалькіх цяжкіх дубінак, якія стаялі ў кутку, і палкі са свінцом унутры, якая вісела над каптуром каміна.
— Ну вось, цяпер я гатовы, — прамовіў Сайкс, аблізваючы вусны.
— Гаварыць пра справу? — удакладніў габрэй.
— Гаварыць пра справу, — пацвердзіў Сайкс. — Ну, дык з чым прыйшоў?
— Дык што наконт справы ў Чэрсі, Біл? — спытаў габрэй, падсунуўшы крэсла і сцішыўшы як мага голас.
— Так. Што ты скажаш наконт гэтага? — пацікавіўся Сайкс.
— Ах, ты ведаеш, мой даражэнькі, што я маю на ўвазе, — адказаў габрэй. — Ён ведае, што я маю на ўвазе, так, Нэнсі?
— Не, ён не ведае, — ухмыльнуўся Сайкс. — Або не хоча ведаць, і гэта тое самае. Давай кажы зразумела, называй рэчы сваімі імёнамі. Няма чаго расседжвацца тут, мігаць, падміргваць, казаць намёкамі, як быццам бы ты першы, хто падумаў пра тое, каб улезці. Што ты маеш на ўвазе?
— Ціха, Біл, ціха! — габрэй паспрабаваў спыніць гэты выбух раздражнення. — Хто-небудзь можа пачуць нас.
— Няхай чуе! Мне ўсё роўна. Але пасля хвіліннага роздуму ён панізіў голас і супакоіўся.
— Ну, ну, — лагодна сказаў габрэй. — Я толькі перасцярогся — вось і ўсё. А цяпер, даражэнькі, наконт справы ў Чэрсі — дык калі мы яе зробім? Калі? Які там срэбны посуд, мае вы мілыя, які посуд! — прамовіў габрэй, паціраючы рукі і падняўшы бровы ў прадчуванні поспеху.
— Нічога не выйдзе, — холадна сказаў Сайкс.
— Нічога не выйдзе? — рэхам азваўся габрэй, адкінуўшыся на спінку крэсла.
— Анічога, — пацвердзіў Сайкс. — Ва ўсялякім выпадку, гэта не такая простая справа, як мы думалі.
— Значыць, яе не прапрацавалі як належыць, — запярэчыў габрэй, — і няма чаго тут гаварыць.
— Але я буду гаварыць, — не згадзіўся Сайкс. — Хто ты такі, каб табе тут не гаварыць. Я табе кажу, што Тобі Крэкіт два тыдні валачыўся вакол гэтага месца, але так і не змог наладзіць кантакт з кім-небудзь з абслугі.
— Ты маеш на ўвазе, Біл, — сказаў габрэй, змякчаючы тон па меры таго, як яго суразмоўца раздражняўся, — што нікога з абодвух слуг не ўдалося апрацаваць?
— Так, я маю на ўвазе якраз гэта, — адказаў Сайкс. — Яны служаць у старой лэдзі ўжо дваццаць гадоў, і калі б ім далі нават пяцьсот фунтаў, яны не пайшлі б на гэта.
— І ты маеш на ўвазе, мой даражэнькі, што нават жанчын нельга нейкім чынам апрацаваць? — спытаў габрэй.
— Ні-ні, — адказаў Сайкс.
— Што, нават такі спрытнюга, як Тобі Крэкіт, не можа? — недаверліва перапытаў габрэй. — Падумай, Біл, што за народ гэтыя жанчыны.
— Не, тут нават спрытнюга Тобі Крэкіт бяссільны, — запярэчыў Сайкс. — Ён казаў, што прыладжваў штучныя бакенбарды, надзяваў канарэечнага колеру камізэльку, але ўсё без толку.
— Трэба было яму, даражэнькі мой, лепш паспрабаваць вусы і брыджы, — параіў габрэй.
— Ды спрабаваў ён і тое, і другое, але ўсё з аднолькавым поспехам, — адказаў Сайкс.
Такая інфармацыя засмуціла габрэя. Ён колькі хвілін сядзеў, упершы бараду ў грудзі, і думаў, а потым, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў, што калі ўжо Тобі Крэкіт расказаў усё як ёсць, то ён баіцца, што справа сапраўды не выгарыць.
— І ўсё ж, мой даражэнькі, — сказаў габрэй, паклаўшы рукі на калені, — вельмі сумна губляць так шмат пасля таго, як мы так прыкіпелі да гэтага сэрцам.
— Так, так, — пацвердзіў містэр Сайкс. — Вось няўдача дык няўдача!
Наступіла працяглае маўчанне. Габрэй занурыўся ў думкі, і ягоны твар набыў сапраўды нейкі д’ябальска-зладзейскі выраз. Сайкс час ад часу ўпотай паглядваў на яго. Нэнсі, напэўна, баялася раздражняць хатняга злодзея і сядзела, неадрыўна гледзячы на агонь, як быццам яна не чула, што тут адбываецца.
— Фэджын, — сказаў Сайкс, раптам парушыўшы пануючую цішыню, — ці вартая гэтая справа лішніх пяцідзесяці бліскучых, калі яе без рызыкі можна абцяпаць звонку?
— Так, — сказаў габрэй, ураз ачуняўшы.
— Дык па руках? — запытаў Сайкс.
— Так, даражэнькі, па руках, — адказаў габрэй. Яго вочы пасля прапановы Сайкса заблішчалі, а на твары пачаў адвольна скарачацца кожны мускул.
— Тады можна выходзіць калі хочаш, — сказаў Сайкс, з лёгкай пагардай адхіляючы руку габрэя. — Пазамінулай ноччу Тобі і я пералазілі цераз агароджу і абследавалі дзверы і аканіцы. На ноч скрынку замыкаюць, як турму, але ёсць месца, якое мы можам узламаць без вялікай напругі і рызыкі.
— І што гэта за месца, Біл? — нецярпліва спытаў габрэй.
— Трэба перасекчы газон... — прашаптаў Сайкс.
— Так, так, — сказаў габрэй, нахіліўшы галаву ўперад і вылупіўшы вочы так, што яны ледзь не пакінулі вачніц.
— Вух! — выгукнуў Сайкс, запнуўшыся, бо дзяўчына раптам азірнулася і ледзьве заўважным рухам галавы паказала на габрэя. — Якая розніца, дзе гэта. Я ведаю, што без мяне ты не абыдзешся, але найлепш будзе перасцерагчыся, калі маеш справу з табой.
— Як хочаш, даражэнькі, як хочаш, — азваўся габрэй. — Будзеце толькі ты і Тобі, дапамога больш не патрэбная?
— Не, — адказаў Сайкс. — Нам патрэбен толькі калаўрот і хлопчык. Першы ёсць што ў яго, што ў мяне, другога дастанеце мне вы.
— Хлопчык! — усклікнуў габрэй. — О! Значыць, будзеце вымаць панэль?
— Гэта не твая справа! — агрызнуўся Сайкс. — Мне патрэбен хлопчык, і не тоўсты. О Божа, — раздумліва працягваў ён, — вось каб мне малога мальца, сына камінара Нэда! Той знарок недакармліваў яго і выпускаў, калі трэба было ісці на справу. Але бацька загрымеў на катаргу. І вось потым усплыло Таварыства апекі маладых парушальнікаў закону і забрала хлопца ад рамяства, якім ён зарабляў сабе на жыццё. Яго навучылі чытаць і пісаць, а потым аддалі яго вучнем. І так вось яны заўсёды ўлазяць, — Сайкс раз’ятрываўся па меры таго, як ягоны рахунак крыўдаў рос, — так вось яны заўсёды сунуць нос! Застаецца дзякаваць лёсу, што ў іх грошай мала, а каб былі, то праз год-два ў гэтым рамястве не засталося б і паўтузіна мальцоў.
— Не болей, — згадзіўся габрэй, які ўвесь час пра нешта думаў і пачуў толькі апошнюю фразу. — Біл!
— Ну, што яшчэ? — запытаў Сайкс.
Габрэй кіўнуў галавой у бок Нэнсі, якая ўсё яшчэ, не адводзячы вачэй, глядзела на агонь, і знакамі паказаў, што ён хацеў бы, каб яна выйшла. Сайкс нецярпліва паціснуў плячыма, як быццам ён думаў, што перасцярога залішняя, але тым не менш паслухаўся і загадаў Нэнсі прынесці яму куфаль піва.
— Ніякага піва ты не хочаш, — Нэнсі склала рукі і засталася сядзець ля каміна, як быццам нічога не здарылася.
— А я кажу, што хачу! — закрычаў Сайкс.
— Лухта, — халодным тонам запярэчыла дзяўчына. — Працягвай, Фэджын. Я ведаю, што ён хоча сказаць, Біл, яму няма чаго хаваць ад мяне.
Габрэй вагаўся. Сайкс з пэўным здзіўленнем глядзеў то на габрэя, то на дзяўчыну.
— Дык што, хай застаецца, як, Фэджын? — нарэшце спытаўся ён. — Ты ведаеш яе даволі доўга, каб давяраць; яна ж не з балбатлівых. Хіба д’ябал тут улезе, а так усё будзе чын-чынаром, так, Нэнсі?
— А як жа! — адказала маладая лэдзі, падсунула сваё крэсла бліжэй да стала і села, абапёршыся локцямі на стол.
— Не, мая даражэнькая, ты не з балбатлівых, але... — і стары зноў запнуўся.
— Але што? — пацікавіўся Сайкс.
— Я не ведаю: можа, яна зноў выйдзе з берагоў, як тым вечарам, ты ж помніш, даражэнькі, — адказаў габрэй.
Пачуўшы гэтае прызнанне, Нэнсі гучна засмяялася, нагбом выпіла шклянку брэндзі, з выклікам патрэсла галавой і выкрыкнула пару фраз кшталту «Гуляй далей», «Не губляй надзеі» і да таго падобныя. Гэта відавочна заспакоіла абодвух джэнтльменаў, бо габрэй з задаволеным выглядам пахітаў галавой і сеў на месца. Тое самае зрабіў і містэр Сайкс.
— А цяпер, Фэджын, — сказала, смеючыся, Нэнсі, — адразу кажы Білу пра Олівера.
— Так, так, разумніца, даражэнькая мая; больш праніклівай дзяўчыны я не сустракаў, — зазначыў габрэй, паляпваючы Нэнсі па шыі. — Сапраўды, я збіраўся гаварыць пра Олівера, ха-ха-ха!
— І што пра Олівера? — запатрабаваў Сайкс.
— Гэта якраз той хлопчык, які патрэбен табе, мой даражэнькі, — адказаў габрэй хрыпатым шэптам, прыставіўшы палец да носа і гідка ўсміхаючыся.
— Ён? — не даў веры Сайкс.
— Вазьмі яго, Біл! — сказала Нэнсі. — Я ўзяла б, каб была на тваім месцы. Ён не такі падрослы, як іншыя, але ж табе не гэта трэба, ён жа толькі мае адамкнуць знутры дзверы. Будзь пэўны, Біл, на яго можна спадзявацца без сумневаў.
— Я пэўна кажу, што так, — пацвердзіў габрэй. — За апошнія пару тыдняў я добра яго памуштраваў, і цяпер прыйшоў час яму самому зарабляць на хлеб. Акрамя таго, іншыя ўсе занадта вялікія.
— Так, што да росту, то ён якраз прыдасца, — раздумліва сказаў Сайкс.
— І зробіць усё, што ты пажадаеш, Біл, мой даражэнькі, — уставіў габрэй. — Ён не мае іншага выйсця. Толькі прыпалохаеш яго як след.
— Прыпалохаць! — адгукнуўся Сайкс. — Запомніце, я не проста запалохаю яго. Калі мы пачнём працаваць, і ён стане адлыньваць або выкручвацца, хоць на пені, хоць на фунт, — папомніш маё слова, Фэджын: не ўбачыце яго больш жывым. Падумайце яшчэ раз, перш чым пасылаць яго да мяне, — сказаў рабаўнік, паказваючы на жалезны лом, які ён выцягнуў з-пад ложка.
— Я ўсё ўжо абдумаў, — энергічна прамовіў габрэй. — Я... я даўно ўжо пільна сачу за ім, мае даражэнькія, пільна сачу. Трэба адзін раз даць адчуць яму, што ён адзін з нас, адзін раз убіць яму ў галаву, што ён злодзей — і ён наш! Наш на ўсё жыццё! Але! Так дарэчы ўсё складваецца!
Стары скрыжаваў рукі на грудзях, уцягнуў галаву — здавалася, ён сам сябе абдымаў ад радасці.
— Наш! — сказаў Сайкс. — Ты маеш на ўвазе — твой.
— Можа быць, даражэнькі, — адказаў габрэй і пранізліва захіхікаў. — Калі ты хочаш, Біл, няхай будзе мой.
— Што ж, — панура сказаў Сайкс, злосна гледзячы на свайго згодлівага сябра, — што ж прымушае цябе так цацкацца з нейкім задрыпам, ведаючы, што кожны вечар на Коман Гардэн віруе штук пяцьдзясят падшыванцаў, і з іх можна ўзяць кожнага?
— Таму што ад іх — нуль карысці, даражэнькі, — растлумачыў крыху збіты з панталыку габрэй. — Няма пра што казаць. Калі яны заляцяць, то іх выдасць іхняя фізіяномія — і яны прапалі. Калі папрацаваць як належыць, мой даражэнькі, то ад гэтага хлопчыка будзе аддача? як ад дваццаці іншых. Да таго ж, — дадаў габрэй, крыху ачуняўшы ад разгубленасці, — ён закладзе нас толькі тады, калі ўцячэ ад нас, таму ён павінен быць з намі ў адной лодцы. Ці не ўсё роўна, пры якіх абставінах гэтае яднанне адбудзецца? Маёй улады над ім дастаткова, каб прымусіць яго ўзяць удзел у рабаўніцтве, — і гэта ўсё, што патрэбна. Да таго ж, гэта шмат лепш, чым прыбраць з дарогі беднага маленькага хлопчыка: гэта было б небяспечна, ды і страцілі б мы на гэтым.
— На які дзень дамовіліся? — Нэнсі сваім пытаннем перашкодзіла Сайксу выразна і адназначна адказаць на чалавекалюбныя патугі Фэджына.
— Але, каб быць ужо пэўным, на калі дамовіліся, Біл? — далучыўся габрэй.
— Мы з Тобі планавалі, што ўначы пазаўтра, — змрочным голасам азваўся Сайкс, — калі толькі я не дам адбою.
— Добра, — сказаў габрэй, — месяца не будзе.
— Не, — пацвердзіў Сайкс.
— Ці ўсё падрыхтавана, каб знесці здабычу? — спытаў габрэй.
Сайкс кіўнуў.
— І наконт таго...
— І, а, о... Усё спланавана, — перапыніў яго Сайкс. — Няма чаго ўлазіць у дэталі. Лепш прывядзі сюды заўтра позна ўвечары хлопчыка. А ты трымай язык на прывязі, ды падрыхтуй тыгель. Вось і ўсё, што ад цябе трэба.
Пасля невялікага абмеркавання, у якім усе трое ўзялі актыўны ўдзел, было вырашана, што заўтра, калі возьмецца на прыцемкі, Нэнсі пойдзе да габрэя і возьме з сабой Олівера. Тут Фэджын уставіў, што пры любым адхіленні ад дамоўленасці будзе сачыць за дзяўчынай з большай ахвотай, чым хто іншы, бо ж яна паказала сябе нядаўна як заступніца Олівера. Таксама ўрачыста прынялі рашэнне, што дзеля запланаванай экспедыцыі бедны Олівер цалкам будзе аддадзены пад увагу і апеку містэра Уільяма Сайкса і што згаданы містэр Сайкс будзе абыходзіцца з ім так, як знойдзе належным, і не будзе прыцягнуты габрэем да адказнасці, калі хлопчыка напаткае няшчасны выпадак або нешта накшталт гэтага, або калі будзе неабходна нейкім чынам пакараць дзіця. Па апошнім пункце дамовіліся так, што любое сцверджанне містэра Сайкса пасля яго вяртання са справы павінна быць ва ўсіх істотных падрабязнасцях пацверджана і засведчана спрытнюгам Тобі Крэкітам.
Такім чынам, перамовы скончыліся, і тут містэр Сайкс накінуўся на брэндзі. Ён піў з ашаламляльнай хуткасцю, увесь час парушаў мір, махаючы ломам, гарланіў нейкія абрыўкі песень уперамешку з агіднай лаянкай. Нарэшце ён у прыпадку прафесійнага энтузіязму настаяў на тым, каб паглядзелі ягоную скрынку са зладзейскімі прыладамі. Ён паспеў толькі ўваліцца з гэтай скрынкай у пакой і адкрыць яе, каб растлумачыць прызначэнне і якасці розных прылад, якія былі там у камплекце, асаблівую прыгажосць іх канструкцыі, — як раптам абсунуўся на скрынку і на месцы заснуў.
— Дабранач, Нэнсі, — сказаў габрэй, зноў захінаючыся да вушэй.
— Дабранач.
Іх позіркі сустрэліся. Габрэй пільна паглядзеў ёй у вочы. Яна вытрымала ягоны позірк. У гэтай справе яна была не менш сумленная і пэўная, чым сам Тобі Крэкіт.
Габрэй яшчэ раз даў «дабранач», цішком заехаў выспятка распасцёртаму целу містэра Сайкса і, намацваючы нагамі прыступкі, спусціўся па лесвіцы.
— Заўсёды тое самае! — мармытаў сам сабе габрэй, ідучы дадому. — Найгоршае ў гэтых жанчынах тое, што самая малая драбніца можа абудзіць нейкія даўно забытыя пачуцці, а вось што гэта хутка праходзіць — гэта добра. Ха! Ха! Мужчына супраць хлопчыка за торбу золата!
Бавячы час такімі прыемнымі развагамі, містэр Фэджын па гразі і слоце дайшоў да свайго змрочнага схова, дзе яго ўжо з нецярпеннем чакаў Махляр.
— Олівер ужо спіць? Я хачу пагаварыць з ім, — было першае, што сказаў Фэджын, калі яны спусціліся ўніз.
— Ужо даўно, — адказаў Махляр, расчыняючы дзверы. — Вось ён!
Хлопчык моцна спаў на цвёрдай пасцелі, пасланай на падлозе. Ён быў такі бледны ад страхаў, змрочнасці, няволі сваёй турмы, што нагадваў мерцвяка, — не такога, што ахінуты саванам у труне, а таго, якога жыццё пакінула толькі што, чый лагодны юны дух імгненне таму ўзнёсся на Нябёсы, а грубае паветра матэрыяльнага свету яшчэ не паспела сваім подыхам сапсаваць тленную абалонку, якую ён поўніў.
— Не сёння, — сказаў габрэй, паціху адыходзячы ад пасцелі. — Заўтра. Заўтра.