у якім чытач можа назіраць канфлікт - нярэдкую з’яву ў матрыманіяльных дачыненнях
Містэр Бамбл сядзеў у пярэднім пакоі працоўні, маркотна ўтаропіўшыся ў панылую камінную рашотку, якая з нагоды лета спрамяняла толькі пэўную колькасць слабых сонечных промняў, што адбіваліся ад яе халоднай блішчастай паверхні. Са столі звешвалася папяровая мухалоўка, да якой ён час ад часу ў панурым роздуме падымаў вочы і цяжка ўздыхаў, гледзячы, як віруе за стракатай сеткай неасцярожная жамяра; пры гэтым на яго аблічча набягаў яшчэ больш змрочны цень. Містэр Бамбл разважаў, і падобна было, што ён быў схілены мухамі да разваг над досыць тужлівым перыядам свайго жыцця.
Але не толькі змрочны выгляд містэра Бамбла мог абудзіць у грудзях назіральніка шчымлівую меланхолію. Былі і іншыя прыкметы, прычым цесна звязаныя з яго асобай, якія сведчылі пра тое, што ў стане яго спраў адбыліся вялікія змены. Дзе ён, шынель з галунамі? Дзе трохкутка? Ніжняя палова ягонага цела ўсё яшчэ была ўбраная ў кароткія брыджы ды баваўняныя панчохі, але гэта былі не тыя брыджы. Сурдут быў шырокі і ў гэтым сэнсе нагадваў той шынель, але, мой ты Божа, якая розніца! Масіўная трохкутка была замененая на больш сціплы круглы капялюш. Містэр Бамбл не быў болей прыходскім кур’ерам.
Ёсць такія пасады, якія, незалежна ад больш істотных пераваг, звязаных з імі, надаюць асаблівую каштоўнасць і значнасць праз шынялі ды мундзіры, што іх сімвалізуюць. Фельдмаршал мае свой мундзір, біскуп — сваю шаўковую рызу, адвакат — сваю шаўковую мантыю; прыходскі кур’ер мае сваю трохкутку. Здымі з фельдмаршала яго мундзір, з біскупа ягоную шаўковую рызу або з прыходскага кур’ера яго галаўны ўбор ды шынель — і хто яны будуць такія? Людзі. Звычайныя людзі. Годнасць і нават святасць часамі залежыць ад шыняля і мундзіра больш, чым некаторыя людзі сабе ўяўляюць.
Містэр Бамбл ажаніўся з місіс Корні і стаў наглядчыкам працоўні. Іншы прыходскі кур’ер ужо прыступіў да выканання сваіх абавязкаў; ён атрымаў і трохкутку, і шынель з залатымі галунамі, і палку.
— Заўтра будзе два месяцы, як гэта адбылося, — прамовіў містэр Бамбл, уздыхнуўшы. — Здэцца, мінуў цэлы век.
Магчыма, містэр Бамбл хацеў сказаць, што цэлае шчаслівае жыццё сканцэнтравалася ў гэтым кароткім прамежку часу, але ўздых — гэты ўздых шмат пра што казаў.
— Я прадаўся, — працягваў сам да сябе містэр Бамбл, — прадаўся за шэсць лыжачак для гарбаты, пару галоў цукру і малочнік, за малую колькасць мэблі, што была ў карыстанні, ды дваццаць фунтаў грашыма. Пралічыўся. Танна, дзе ў халеры танна!
— Танна! — выкрыкнуў вісклівы голас у вуха містэра Бамбла. — За цябе колькі ні дай, усё роўна дорага, а заплаціла я за цябе нямала, бачыць Бог!
Містэр Бамбл павярнуўся і ўбачыў твар сваёй прывабнай жонкі, якая, падслухаўшы толькі што канец яго скаргі і не зусім уцяміўшы яе сэнс, рызыкнула, аднак, адрэагаваць такім чынам.
— Місіс Бамбл, мэм! — прамовіў містэр Бамбл з сентыментальнай суворасцю.
— Чаго! — закрычала тая.
— Майце ласку паглядзець на мяне, — сказаў містэр Бамбл, гледзячы жонцы ў вочы. Пры гэтым ён падумаў: «Калі яна можа вытрымаць такі позірк, то яна можа вытрымаць усё. Ні разу не саступіў я ніводнаму бедняку, а вось калі з ёй будзе прамашка, то тады — бывай, мая сіла».
Можна паспрачацца, у чым тут была справа: у тым, што на беднякоў, недакормленых і без волі да супраціву, дастатковабыло крыху болей вылупіць вочы, ці ў тым, што былая місіс Корні мела асаблівы імунітэт ад арліных позіркаў, — але факт застаўся фактам: наглядчыца аніяк не была пераможаная суворым выглядам містэра Бамбла. Зусім наадварот, яна паставілася да такога ягонага выгляду з вялікай пагардай і нават гучна і зусім натуральна зарагатала.
Пачуўшы гэткія нечаканыя гукі, містэр Бамбл не паверыў вушам і вачам сваім, потым здзівіўся. Пасля гэтага ён апаў у свой ранейшы стан і ачомаўся толькі пасля таго, як увагу яго зноў прыцягнуў голас ягонай супольніцы.
— Ты што, збіраешся сядзець ды сапець тут цэлы дзень, ці што? — пацікавілася місіс Бамбл.
— Я маю намер сядзець тут столькі, колькі трэба, мэм, — адказаў містэр Бамбл, — і хоць я насамрэч не сапеў, я буду сапець, пазяхаць, чыхаць, смяяцца або плакаць, — як мне прыйдзе на розум. Маю права.
— Пра-ва! — з бязмернай пагардай пакпіла місіс Бамбл.
— Так, я прамовіў гэтае слова, мэм, — сказаў містэр Бамбл. — Неад’емнае права мужчыны аддаваць загады.
— А што ж тады, мілы Божа, ёсць неад’емным правам жанчын? — залямантавала ўдава па містэру Корні, нябожчыку.
— Слухацца, мэм! — прагрымеў містэр Бамбл. — Ваш няшчасны нябожчык-муж павінен быў навучыць вас гэтаму — тады, магчыма, ён быў бы цяпер жывы. А я хацеў бы, каб ён быў жывы, небарака!
Місіс Бамбл, адчуўшы, што рашучы момант наступіў, і ўдар, які вырашыць, хто будзе камандаваць у сям’і, мусіць быць канчатковым і пераканаўчым, ледзьве пачуўшы гэтую спасылку на памерлага, упала ў фатэль і з гучным крыкам, што містэр Бамбл — бессардэчная жывёла, затрэслася ў гістэрычным плачы.
Але слёзы не былі слушным сродкам, каб знайсці шлях да сэрца містэра Бамбла, бо яно было вадастойкім. Акурат як касторавыя капелюшы, якія ад дажджу робяцца толькі лепшымі, так і яго нервы дзякуючы слёзнай плыні сталі больш моцнымі ды пругкімі; слёзы, якія з’яўляліся прыкметай слабасці і тым самым маўклівым прызнаннем ягонай перавагі, былі для яго прыемнымі і натхнялі яго. Ён кідаў на сваю добрую лэдзі позіркі найвялікшага задавальнення і ўхвальна прасіў яе выплакацца да донца, бо плач, як кажуць дактары, карысны для здароўя.
— Калі плачаш, адкрываюцца лёгкія, мыецца твар, трэніруюцца вочы і змякчаецца нораў, — сказаў містэр Бамбл. — Так што давай, плач.
Выпусціўшы гэты зарад спагадлівай энергіі, містэр Бамбл зняў з цвічка свой капялюш, зухавата насадзіў яго на галаву набок, як чалавек, які ведае, што ён належным чынам сцвердзіў сваё вяршэнства, і накіраваўся да дзвярэй, усім сваім выглядам увасабляючы гарэзлівасць і задаволенасць.
А былая місіс Корні пакарысталася слязьмі таму, што гэты шлях быў менш стамляльным за рукапрыкладства; яна цалкам была гатовая скарыстаць і гэты апошні спосаб уздзеяння, у чым містэр Бамбл вокамгненна пераканаўся.
Першым доказам гэтага факта, стаў нейкі глухі гук, за якім яго капялюх адразу адляцеў у іншы бок пакоя. Калі гэтая папярэдняя мера дала доступ да яго галавы, дасведчаная лэдзі, моцна абхапіўшы яго адной рукой за шыю, другой абсыпала гэтую галаву градам удараў, якія яна наносіла з неверагоднай сілай і спрытам. Зрабіўшы гэта, яна прыўнесла ў працэс крыху разнастайнасці, пачаўшы драпаць яму твар і рваць валасы. Выдаткаваўшы столькі кары, колькі ён, на яе думку, заслугоўваў за абразу, яна піхнула яго ў крэсла, якое шчаслівым чынам стаяла паблізу, нібы адмыслова для гэтай мэты, і прапанавала яму яшчэ раз выказацца наконт сваіх прэрагатыў, калі дастане авантурнасці.
— Уставай! — сказала місіс Бамбл загадным тонам. — І звальвай адсюль, калі не хочаш, каб я ўчыніла нешта адчайнае.
Містэр Бамбл падняўся з вельмі пакаяным выглядам, разважаючы, што ж такое адчайнае магла ўчыніць місіс Бамбл, і накіраваўся да дзвярэй, падабраўшы з падлогі капялюш.
— Ты сыходзіш? — запытала місіс Бамбл.
— Зразумела, мая дарагая, зразумела, — адказаў містэр Бамбл і хутчэй-хутчэй памкнуўся да дзвярэй. — Я не хацеў... я сыходжу, дарагая! Ты настолькі беспардонная, што я напраўду...
У гэты момант місіс Бамбл зрабіла рэзкі крок наперад, каб паправіць дыван, ссунуты падчас бойкі. Містэр Бамбл імгненна выслізнуў з пакоя, нават і не падумаўшы закончыць пачатую фразу і цалкам пакінуўшы поле бітвы на міласць колішняй місіс Корні.
Містэр Бамбл быў заспеты знянацку і атрымаў напоўніцу. Ён, відавочна, меў ахвоту запалохваць іншых — таму лішне было б казаць, што сам быў не абы-якім баязліўцам. Гэта зусім не ганьбіць яго як чалавека, бо шмат якія афіцыйныя асобы, што карыстаюцца высокай павагай і захапленнем, даюць такую самую слабіну. Заўвага гэтая зробленая хутчэй як пахвала яму, а не наадварот, і мае мэтай сфармаваць у чытача правільнае ўяўленне аб яго здатнасці да службы.
Але мера яго прыніжэння яшчэ не была поўнай. Абышоўшы дом і ў першы раз падумаўшы, што законы пра беднякоў насамрэч занадта жорсткія і што мужы, якія збеглі ад сваіх жонак, пакінуўшы іх на ўтрыманне прыхода, папраўдзе, дык і не толькі не заслугоўваюць пакарання, а хутчэй узнагароды, як заслужаныя людзі, якія шмат пацярпелі, — містэр Бамбл увайшоў у пакой, дзе звычайна некалькі бяднячак былі занятыя мыццём прыходскай бялізны і адкуль цяпер таксама чуўся людскі гоман.
— Кгм, — сказаў містэр Бамбл, набываючы былую сваю годнасць. — Прынамсі, хоць гэтыя жанчыны, напэўна, працягваюць зважаць на вяршэнства майго права. Гэй, вы тут, што вы тут галас узнялі, рожы быдлячыя!
З гэтымі словамі містэр Бамбл адчыніў дзверы і ўвайшоў у пакой з вельмі рашучым і раззлаваным выглядам, які адразу змяніўся на пакорлівы і баязлівы, як толькі яго вочы нечакана спыніліся на постаці спадарыні жонкі.
— Мая дарагая, — прамовіў містэр Бамбл, — я не ведаў, што ты тут.
— Не ведаў, што я тут! — паўтарыла місіс Бамбл. — А што ты робіш тут?
— Я думаў, што яны тут зашмат балбочуць замест таго, каб працаваць, дарагая, — адказаў містэр Бамбл, няпэўна гледзячы на пару старых каля ночваў, якія абменьваліся воклічамі захаплення ад нязвыклай пакоры наглядчыка працоўні.
— Ты думаў, што яны занадта шмат балбочуць? — сказала місіс Бамбл. — А якая табе справа да гэтага?
— Чаму ж, мая дарагая... — выціснуў з сябе пакорліва містэр Бамбл.
— Якая табе да гэтага справа? — перапытала настойліва місіс Бамбл.
— І сапраўды, мая дарагая, ты гаспадыня тут, — згадзіўся містэр Бамбл, — але я падумаў, што якраз цяпер цябе тут няма.
— Вось што я скажу табе, містэр Бамбл, — адрэзала лэдзі. — Нам тваё ўмяшальніцтва зусім не патрэбнае. Ты занадта любіш соваць нос у справы, якія цябе не датычаць, і ўсе з цябе смяюцца за тваёй спінай, як толькі ты адвернешся. Ты сто разоў на дзень выстаўляешся дурнем. Ідзі адсюль, ідзі!
Нейкую хвіліну містэр Бамбл вагаўся, з сумам назіраючы захапленне абедзвюх старых, якія весела перахіхікваліся. Місіс Бамбл, якая не цярпела адкладу, схапіла конаўку з мыльнай пенай і, паказваючы на дзверы, загадала яму сысці не марудзячы, інакш яго мажная постаць будзе аблітая змесцівам конаўкі.
Што было рабіць містэру Бамблу? Ён абвёў пакой панылым позіркам і паціху адступіў. Калі ён наблізіўся да дзвярэй, хіхіканне старых перайшло ў нястрымны рогат захаплення. Толькі гэтага яшчэ не ставала! Ён быў прыніжаны ў іхніх вачох, ён страціў свой аўтарытэт і годнасць нават у беднякоў, ён упаў з усёй пампезнай вышыні пасады прыходскага кур’ера да самых глыбокіх нізоў, дзе знаходзяцца мужы пад абцасам сварлівых жонак.
— І ўсё за два месяцы! — прамовіў містэр Бамбл, перапоўнены тужлівымі думкамі. — Толькі за два месяцы! Не больш, як два месяцы таму я быў гаспадаром не толькі самому сабе, а і ўсім іншым, як толькі справа датычыла прыходскай працоўні, а цяпер!
Гэта было ўжо занадта. Містэр Бамбл адвесіў пару поўхаў хлопчыку, які адчыніў перад ім браму (таму што ў глыбокай задуменнасці, сам не заўважыўшы таго, прыйшоў да брамы), і, зніякавелы, выйшаў на вуліцу.
Ён прайшоўся па адной вуліцы, потым па другой, пакуль гэты шпацыр не заглушыў збольшага яго тугу. Праца эмоцый нагнала на яго смагу. Ён прамінаў шмат шынкоў і нарэшце спыніўся ля аднаго з іх у завулку. У пакоі шынка, як ён упэўніўся, глянуўшы паверх фіранак, было пуста, калі не лічыць нейкага самотнага заўсёдніка. Тут пачаў падаць спорны дождж. Гэта прымусіла містэра Бамбла ўвайсці. Ён замовіў ля стойкі крыху выпіць, а сам накіраваўся ў пакой, у які заглядваў з вуліцы.
Мужчына, які там сядзеў, быў высокі і смуглявы, апрануты ў шырокі плашч. Ён выглядаў на чужаземца, і па стомленым выглядзе ды пыле на вопратцы можна было меркаваць, што прыехаў ён здалёк. Калі Бамбл увайшоў, ён скоса зіркнуў на яго і ў адказ на яго прывітанне ледзьве нахіліў галаву.
У містэра Бамбла хапіла б годнасці і для двух чалавек, нават калі ўявіць, што незнаёмец быў бы больш схільны да кантакту, таму ён моўчкі піў свой джын з вадой і з важным выглядам падкрэслена ўважліва чытаў газету.
Аднак здарылася так, як вельмі часта здараецца, калі мужчыны сыходзяцца пры такіх абставінах: містэр Бамбл адчуў непераадольную схільнасць кінуць позірк на незнаёмца, і колькі ён ні касавурыўся на таго, кожны раз мусіў хаваць вочы, таму што сустракаўся з позіркам незнаёмца. Збянтэжанасць містэра Бамбла павялічвалася з-за вельмі дзіўнага выразу вачэй незнаёмца — зоркіх, смелых, — якія адначасова выяўлялі недавер і падазронасць. Містэр Бамбл не бачыў дагэтуль нічога падобнага, і гэта яму было вельмі непрыемна.
Калі яны так абмяняліся позіркамі некалькі разоў, незнаёмец грубым, нізкім голасам парушыў цішыню.
— Гэта вы мяне шукалі, калі заглядвалі ў акно? — спытаў ён.
— Не вас, калі вы толькі не містэр... — тут містэр Бамбл на імгненне спыніўся, таму што яму вельмі хацелася даведацца імя незнаёмца, і ён у сваёй нецярпячцы спадзяваўся, што той закрые прагал.
— Бачу, што не, — прамовіў незнаёмец, і сарказм злёгку абазначыўся каля яго рота, — інакш бы вы ведалі, як мяне завуць. Я не раю вам спрабаваць даведацца.
— Я не хацеў зрабіць вам шкоды, малады чалавек, — велічна даў адказ містэр Бамбл.
— І не зрабілі, — сказаў незнаёмец.
Гэты кароткі дыялог перамежыўся яшчэ маўчаннем, якое зноў парушана было незнаёмцам.
— Мне здаецца, што я вас раней бачыў, — сказаў ён. — У той час вы былі не так апрануты, і я бачыў вас толькі пару разоў на вуліцы, але вось, здаецца, пазнаў. Вы калісьці былі тут прыходскім кур’ерам, ці не так?
— Быў, — адказаў містэр Бамбл крыху здзіўлена, — быў прыходскім кур’ерам.
— Вось-вось, — адказаў мужчына, ківаючы галавой. — Дык я вас бачыў. А хто вы цяпер?
— Наглядчык працоўні, — павольна і важка, каб прадухіліць усялякую непатрэбную фамільярнасць з боку незнаёмца, прамовіў містэр Бамбл. — Наглядчык працоўні, малады чалавек!
— Не сумняваюся, што вы, як і раней, трымаеце ў полі зроку свае інтарэсы? — працягваў незнаёмец і пільна паглядзеў містэру Бамблу ў вочы, якія ажно акругліліся, калі ён пачуў дзіўнае пытанне. — Не разменьвайцеся на дробязі, кажыце як ёсць, чалавеча. Вы ж бачыце, я ведаю вас досыць добра.
— Я думаю, — адказаў Бамбл, — што жанатаму чалавеку нялішне будзе, як і халасцяку, схаваць у кішэню сумленна зароблены пені, калі можна. У прыходскіх чыноўнікаў заробак не занадта высокі, каб яны маглі адмовіцца ад дадатковага заробку, калі ён законны і прапанаваны належным чынам.
Незнаёмец усміхнуўся і зноў кіўнуў галавой, як быццам жадаючы паказаць, што ён у чалавеку не памыліўся. Зазвінеў званочак.
— Напоўніце яшчэ раз шклянку, — сказаў ён, уручыўшы гаспадару пустую шклянку містэра Бамбла. — Памацней і гарачага. Ці не так?
— Не занадта моцнага, — азваўся містэр Бамбл, далікатна кашлянуўшы.
— Зразумелі, што маецца на ўвазе, шынкар? — суха сказаў незнаёмец.
Той усміхнуўся, знік і неўзабаве вярнуўся з кубкам гарачага пуншу. Пасля першага глытка ў містэра Бамбла навярнуліся на вачах слёзы.
— А цяпер паслухайце мяне, — сказаў незнаёмец, зачыніўшы акно і дзверы. — Я прыехаў сёння ў гэтае мястэчка, каб знайсці вас, і дзякуючы аднаму ці двум шанцам, якія дорыць калі-нікалі сваім сябрам д’ябал, вы прыйшлі якраз у той пакой, дзе сядзеў я, акурат тады, калі я пра вас падумаў. Мне патрэбная ад вас сякая-такая інфармацыя. Я не прашу даць мне яе за так, хоць яна таго вартая. Вазьміце для пачатку гэта.
Сказаўшы так, ён падсунуў суразмоўцу цераз стол два саверэны, зрабіўшы гэта асцярожна, быццам баючыся, каб хто не пачуў звон манет. Калі містэр Бамбл упэўніўся, што манеты сапраўдныя, і з вялікім задавальненнем паклаў іх у кішэню камізэлькі, ён працягваў:
— Перанясіце сваю памяць назад — дванаццаць гадоў таму, зіма...
— Гэта вельмі даўно было, — сказаў містэр Бамбл. — Добра. Успомніў.
— Месца падзеі — працоўня.
— Добра!
— Уначы.
— Так.
— Мярзотны закутак, дзе ён там яшчэ, у якім мярзотныя стварэнні давалі жыццё і здароўе, у чым так часта было адмоўлена ім самім, — спараджалі на свет пісклявых дзяцей, каб пакінуць іх прыходу, а самі, каб іх чорт забраў, хавалі сваю ганьбу ў магіле!
— Радзільны пакой, так, па-мойму? — перапыніў містэр Бамбл, не зусім у стане ўлоўліваць ход думак незнаёмца, які, відавочна, пачаў хвалявацца.
— Так, — сказаў незнаёмец. — Там нарадзіўся хлопчык.
— Хлопчыкаў шмат нараджалася, — заўважыў містэр Бамбл, скрушна пахітаўшы галавой.
— Каб яны павыздыхалі, чэрці малыя! — выкрыкнуў незнаёмец. — Я кажу пра аднаго, здохлага з выгляду, малакроўнага шчанюка, які быў у навучанні ў трунара; хацеў бы я, каб той зрабіў яму труну, і каб ён скруціўся ў ёй. Потым ён, кажуць, уцёк у Лондан.
— Дык гэта вы маеце на ўвазе Олівера! Маладога Твіста! — сказаў містэр Бамбл. — Зразумела, я помню яго. Такога нягодніка ніколі яшчэ.
— Не ён мяне цікавіць, пра яго я чуў досыць, — сказаў незнаёмец, спыняючы містэра Бамбла ў самым пачатку тырады на прадмет заганаў беднага Олівера. — Мяне цікавіць жанчына, старая ведзьма, якая даглядала яго маці. Дзе яна?
— Дзе яна? — перапытаў містэр Бамбл, які пасля джыну з вадой схільны быў да жартаў. — Цяжка сказаць. Там, куды яна пайшла, павітухі зусім непатрэбныя, так што, па-мойму, яна там так ці іначай беспрацоўная.
— Што вы маеце на ўвазе? — злосна спытаў незнаёмец.
— Яна памерла той зімой, — адказаў містэр Бамбл.
Пачуўшы гэта, незнаёмец пільна паглядзеў на яго, і хоць ён
доўга не спускаў з яго вачэй, позірк яго паступова губляў сваю засяроджанасць; здавалася, што незнаёмец глыбока задумаўся. Нейкі час ён нібыта вагаўся, радавацца яму гэтай навіне або быць расчараваным, але нарэшце ён уздыхнуў больш вольна і, адвёўшы вочы, сказаў, што гэта не так і важна. З тым ён падняўся, як быццам збіраўся сысці.
Містэр Бамбл быў дастаткова хітрым, каб убачыць, што яму адкрываецца магчымасць выгадна распарадзіцца нейкім сакрэтам, якім валодала яго лепшая палова. Ён добра памятаў ноч, калі памерла Салі, таму што абставіны гэтага дня не без прычыны ўрэзаліся ў яго памяць: дзякуючы ім ён зрабіў прапанову місіс Корні, і хоць гэтая лэдзі не даверыла яму таго, чаму яна адна была сведкай, ён пачуў дастаткова, каб зразумець, што гэта мае дачыненне да нейкай падзеі, якая адбылася тады, калі старая ў якасці сядзелкі працоўні апекавалася маладой маці Олівера Твіста. Хутка ўспомніўшы гэтую акалічнасць, ён з таямнічым выглядам паведаміў незнаёмцу, што перад самай смерцю старой ведзьмы адна жанчына была з ёй сам-насам і што ў яго ёсць падставы думаць, што яна можа праліць святло на сутнасць справы.
— Як я магу знайсці яе? — спытаў незнаёмец, якога такі паварот падзей заспеў знянацку і які ясна паказаў, што гэтая навіна зноў абудзіла ўсю яго боязь, якая б яна ні была.
— Толькі праз мяне, — адказаў містэр Бамбл.
— Калі? — выкрыкнуў паспешліва незнаёмец.
— Заўтра, — быў адказ містэра Бамбла.
— А дзявятай вечарам, — сказаў незнаёмец, выняў кавалак паперы і дрыжачай рукой напісаў назву нейкай вуліцы ля ракі. — А дзявятай вечара прыведзяце яе да мяне туды. Думаю, не трэба казаць вам, што гэта таямніца. Гэта і ў вашых інтарэсах.
З гэтымі словамі ён накіраваўся да дзвярэй. Заплаціўшы ля стойкі за выпіўку і сцісла заўважыўшы, што дарогі ў іх розныя, ён без усялякіх цырымоній сышоў, нагадаўшы яшчэ раз настойліва час сустрэчы назаўтра ўвечары.
Службовец зірнуў на адрас і заўважыў, што там не пазначанае імя. Незнаёмец не адышоўся далёка, так што ён прыпусціўся за ім, каб спытаць, як таго завуць.
— Хто гэта? — выкрыкнуў чалавек, хутка павярнуўшыся, калі Бамбл пакратаў яго за рукаў. — Сочыце за мной!
— Толькі адно пытанне, — сказаў Бамбл, паказваючы на кавалак паперы, — каго мне спытаць па гэтым адрасе?
— Манкса! — адказаў чалавек і шпарка пакрочыў прэч.