Ноэ Клэйпал атрымлівае ад Фэджына сакрэтнае даручэнне
Наступным ранкам стары ўстаў рана і з нецярпеннем чакаў, калі прыйдзе новы хаўруснік, які нарэшце з вялікім спазненнем з’явіўся і прагна ўзяўся за сняданак.
— Болтэр, — сказаў габрэй, падсоўваючы крэсла і сядаючы насупраць. — Морыс Болтэр.
— Ну, тут я, — азваўся Ноэ. — Што здарылася? Не кажыце мне нічога пра справу, пакуль не паем. У вашай завядзёнцы гэта вялікая памылка. Ніколі не маеш часу, каб як належыць паесці.
— Ты што, не можаш гаварыць, калі ясі, ці што? — сказаў Фэджын, ад усёй душы праклінаючы пражорлівасць свайго маладога сябра.
— А як жа, магу. Калі я размаўляю, у мяне справы лепш ладзяцца, — сказаў Ноэ, адразаючы вялізную лусту хлеба. — Дзе Шарлот?
— Выйшла, — адказаў Фэджын. — Паслаў яе сёння з іншай маладой жанчынай, бо хацеў, каб мы былі адны.
— О! — усклікнуў Ноэ. — Лепш бы вы загадалі ёй спачатку зрабіць якіх там смажанак. Але добра. Выкладвайце. Вы мне не замінаеце.
Насамрэч, вялікай небяспекі перашкодзіць яму, відавочна, не было, бо ўсеўся ён за стол з выразным жаданнем папрацаваць як належыць.
— Учора ты ўсё зрабіў як трэба, мой даражэнькі, — ухваліў габрэй. — Выдатна! Шэсць шылінгаў дзевяць з паловай пенсаў за першы дзень! Вытрасанне птушанятаў прынясе табе багацце.
— Не забудзьцеся дадаць сюды тры кубкі па пінце кожны і збан для малака, — сказаў містэр Болтэр.
— Не, не, мой даражэнькі, — адказаў габрэй. — З кубкамі ты гэта добра правярнуў, а збан для малака і ўвогуле геніяльная работа.
— Я думаю, што для пачынальніка даволі добра, — самазадаволена зазначыў містэр Болтэр. — Кубкі я зняў з тыну, а збан стаяў сам сабе каля паба. Я падумаў, што ён можа заржавець ад дажджу або прастудзіцца, вядомая справа. Га? Гы-гы-гы!
Фэджын зрабіў выгляд, быццам ад душы смяецца, а містэр Болтэр, высмяяўшыся, адхапіў колькі разоў запар па вялікім кавалку ад свайго першага бутэрброда, пакончыў з ім і ўзяўся за другі.
— Болтэр, я хачу, мой даражэнькі, — сказаў габрэй, перахіліўшыся цераз стол, — каб ты зрабіў для мяне адну справу, справу, якая вымагае стараннасці і асцярожнасці.
— Кажу ж вам, — запярэчыў Болтэр, — не піхайце мяне туды, дзе небяспека. Не пасылайце ў паліцэйскі пастарунак. Мне гэта не падыходзіць, майце на ўвазе.
— Тут не будзе аніякай небяспекі, зусім — сказаў габрэй, — трэба толькі павіжаваць за адной жанчынай.
— За старой? — спытаў Болтэр.
— За маладой, —адказаў габрэй.
— Я магу рабіць гэта выдатна, сам ведаю, — запэўніў Болтэр. — У школе я заўсёды быў спрытным жыгуном. А навошта за ёю сачыць? Каб...
— Не каб зрабіць ёй што-небудзь, — перапыніў яго габрэй, — а каб расказаць мне, куды яна ходзіць, з кім сустракаецца, і, магчыма, што гаворыць; каб запомніць вуліцу, калі гэта вуліца, дом, калі гэта дом, і прыносіць мне ўсю магчымую інфармацыю.
— Што мне за гэта будзе? — спытаў Ноэ, ставячы кубак і сквапна гледзячы свайму працадаўцу ў вочы.
— Калі зробіш усё як мае быць, то дам табе фунт, мой даражэнькі. Цэлы фунт, — сказаў Фэджын, жадаючы зацікавіць яго сваёй прапановай. — Столькі я не даваў яшчэ ні за якую работу, якая не давала асаблівай выгады.
— Хто яна? — пацікавіўся Ноэ.
— Адна з нашых.
— О Божа! — усклікнуў Ноэ, наморшчыўшы нос. — Вы, відаць, яе падазраяце, ці што?
— У яе з’явіліся нейкія новыя сябры, мой даражэнькі, і мне трэба ведаць, хто яны, — адказаў габрэй.
— Зразумела, — сказаў Ноэ. — Адно каб пазнаёміцца з імі, калі яны шляхотныя людзі, га? Гы-гы-гы! Тады я той, хто вам патрэбен.
— Я ведаў, што ты згодзішся, — усклікнуў Фэджын у захапленні ад поспеху свайго плана.
— Зразумела, — азваўся Ноэ. — А дзе яна? Дзе мне яе чакаць? Калі ісці?
— Я скажу табе ўсё гэта, мой даражэнькі. На яе я пакажу табе ў належны час, — сказаў Фэджын. — Будзь гатовы, а ў іншым я ўсё бяру на сябе.
Гэтым вечарам, і наступным, і яшчэ адзін вечар шпіён прасядзеў у ботах і поўнай выкладцы фурмана, гатовы выйсці на адзін знак Фэджына. Прайшло шэсць вечароў — шэсць стамляльных вечароў, — і кожны раз Фэджын прыходзіў дадому з роспачнай фізіяноміяй і коратка казаў, што яшчэ не час. На сёмы вечар ён вярнуўся раней і не мог прыхаваць радасці. Была нядзеля.
— Сёння ўвечары яна выходзіць, — сказаў Фэджын, — і я пэўны, што дзеля той самай справы. Яна цэлы дзень была адна, а мужчына, якога яна баіцца, вернецца толькі пад раніцу. Пайшлі. Хутчэй!
Ноэ, не кажучы ні слова, ускочыў: габрэй быў у стане такога ўзрушэння, што яно перакінулася і на шпіёна. Яны, крадучыся, пакінулі дом і лабірынтам завулкаў пракінуліся да карчмы, якую Ноэ пазнаў: гэта была тая самая карчма, дзе ён начаваў, калі толькі прыйшоў у Лондан.
Была дванаццатая гадзіна; дзверы карчмы былі зачыненыя. Яны нячутна адчыніліся, калі габрэй ціха свіснуў. Яны бясшумна ўвайшлі, і дзверы за імі зачыніліся.
З вялікай асцярогай, гаворачы шэптам, а болей замяняючы словы пантамімай, Фэджын і малады габрэй, які адчыніў ім, звярнулі ўвагу Ноэ на акенца, знакам запрасілі залезці наверх і паглядзець на асобу, якая сядзела ў сумежным пакоі.
— Гэта тая жанчына? — спытаў ён ледзь чутна.
Габрэй пацвердзіў, кіўнуўшы галавой.
— Я не магу разгледзець яе твар, — прашаптаў Ноэ. — Яна глядзіць уніз, ды і свечка стаіць у яе за спінай.
— Будзь пакуль там, — прашаптаў Фэджын.
Ён даў знак Барні, і той выйшаў. Праз момант Барні ўвайшоў у сумежны пакой, растлумачыў Нэнсі, што мусіць забраць свечку, каб зняць нагар, і пераставіў яе на патрэбнае месца; ён таксама сказаў дзяўчыне яшчэ нешта, і тая мусіла падняць галаву.
— Цяпер я яе бачу! — усклікнуў віж.
— Добра? — пацікавіўся габрэй.
— Я пазнаў бы яе з тысячы.
Ён хутка сышоў уніз, таму што дзверы адчыніліся, і ўвайшла дзяўчына. Фэджын адцясніў яго ў кут пакоя, аддзелены фіранкай, і яны туліліся там, стаіўшы дыханне, калі яна прайшла за некалькі футаў ад іхняга схову і знікла за дзвярыма, праз якія яны ўвайшлі.
— Дзіха! — усклікнуў хлапец, які адчыніў ім дзверы. — Бара!
Ноэ з Фэджынам паглядзелі адзін на аднаго, і віж выбег на вуліцу.
— Дадева! — прашаптаў хлапец. — Бярыся дадева, і трыбайся субрацьдегдага боку.
Ноэ паслухаўся і ў святле газавых ліхтароў убачыў фігуру дзяўчыны, якая ўжо нашмат яго апярэдзіла. Прытрымліваючыся супрацьлеглага боку вуліцы, ён наблізіўся да яе на такую дыстанцыю, якую лічыў за бяспечную і прыдатную для найлепшага назірання. Яна разы са два ці тры нервова азірнулася, аднойчы спынілася, каб прапусціць двух мужчын, якія ішлі адразу за ёю. Чым далей яна ішла, тым больш смялела — аж урэшце яе хада набыла ўпэўненасць і рашучасць. Віж захоўваў паміж ёй і сабой ранейшую дыстанцыю і не спускаў з яе вачэй.
Спатканне адбылося
Царкоўны гадзіннік прабіў тры чвэрці дванаццатай, калі на Лонданскім мосце з’явіліся тры фігуры. Адна фігура, жанчына, ішла лёгкім, шпаркім крокам, нецярпліва аглядваючыся, быццам яна каго-небудзь спадзявалася тут убачыць; другая фігура, мужчына, туліўся да самых густых ценяў, якія толькі можна было знайсці, і здалёк прыстасоўваў сваю хаду да хады жаночай: спыняўся, калі спынялася яна, працягваў рух, калі яна зноў пачынала рухацца, але ніколі не дазваляў сабе ў запале пераследу дагнаць яе. Такім чынам яны перайшлі мост з боку Мідлсэкса на бераг Сэры, як раптам жанчына, пэўна, расчараваўшыся ў сваіх спадзяваннях, павярнула назад. Яна павярнула нечакана, але той, хто віжаваў за ёй, не быў заспеты знянацку: ён ушчаміўся ў пройму над быкамі моста, перагнуўся цераз парэнчы, каб лепш схавацца, і дачакаўся, пакуль яна не пройдзе міма па супрацьлеглым баку. Калі яна аддалілася прыкладна на тую самую адлегласць, як і раней, ён ціхенька выслізнуў з нішы і зноў пайшоў за ёю. Прыблізна на сярэдзіне моста яна спынілася. Мужчына таксама спыніўся.
Ноч была вельмі цёмная. Надвор’е было дрэннае, і ў гэты час на мосце людзей было зусім мала. Тыя, што былі там, спяшаліся міма і, напэўна, не заўважалі ні жанчыну, ні мужчыну. Ды і знешні выгляд іх быў не той, каб прыцягваць да сябе дакучлівую ўвагу лонданскіх жабракоў, якім той ноччу надарылася ісці цераз мост у пошуках якой-небудзь халоднай проймы або хібары без дзвярэй, дзе яны маглі б прыхіліць на ноч свае галовы, так што абое стаялі моўчкі, і ніхто не выяўляў жадання загаварыць з імі.
Над ракой вісеў туман, згушчаючы чырвонае святло агнёў, што гарэлі на маленькіх суднах, зашвартаваных да розных прычалаў; ад гэтага змрочныя пабудовы на берагах здаваліся яшчэ больш панылымі і невыразнымі. Старыя, чорныя ад сажы склады на абодвух берагах, цяжкія і змрочныя, падымаліся над шчыльным навалам дахаў і карнізаў і панура ўзіраліся ў ваду, занадта чорную, каб адбіваць нават іхнія грувасткія формы. У цемры віднеліся вежа старой царквы Сэнт-Сэйвіёр і шпіль царквы Святога Магнуса — старадаўніх гігантаў-стражаў антычнага моста, але лес мачтаў унізе і густа рассыпаныя шпілі цэркваў уверсе амаль зусім не былі бачныя.
Дзяўчына некалькі разоў неспакойна прайшлася ўзад-уперад — пад уважлівым наглядам замаскаванага віжа, — і тут цяжкі звон сабора Святога Паўла абвясціў пра смерць яшчэ аднаго дня. Над шматлюдным горадам апусцілася поўнач. На палац, на начную піўніцу, на вязніцу, на вар’ятню, на пакоі, дзе нараджаюцца, і пакоі, дзе паміраюць, на прытулкі здароўя і хваробы, на халодны твар нябожчыка і заспакоены сном твар дзіцяці — на ўсё апусцілася поўнач.
Не прайшло і дзвюх хвілін з таго часу, як званы адбілі дванаццаць, і вось непадалёку ад моста з кэба выйшлі маладая лэдзі і сівавалосы джэнтльмен. Яны адпусцілі карэту і пакрочылі прама на мост. Не паспелі яны ступіць на тратуар моста, як дзяўчына заўважыла іх і пайшла насустрач.
Яны ішлі ўперад, азіраючыся па баках, быццам чакалі нечага такога, што наўрад ці магло адбыцца, і тут раптам перад імі з’явілася дзяўчына. Яны спыніліся і ўскрыкнулі ад здзіўлення, але адразу змоўклі, бо якраз у гэты момант міма іх прайшоў, нават штурхнуў аднаго з іх, нейкі чалавек, адзеты па-вясковаму.
— Не тут, — паспешна сказала Нэнсі. — Я баюся гаварыць тут. Адыдзем... далей ад дарогі... можа, вось сюды, уніз па сходах.
Калі яна прамовіла свае словы і паказала рукой, у якім кірунку ім прапаноўвалася ісці, вясковец азірнуўся, груба запытаў, чаго гэта яны загарадзілі ўвесь тратуар, і пайшоў далей.
Сходы, на якія паказала Нэнсі, былі тыя самыя, якія на беразе Сэры, на тым самым баку, дзе і царква Сэнт-Сэйвіёр, утвараюць рачны прычал. Да гэтага месца і памкнуўся чалавек са знешнасцю вяскоўца. Яго не заўважылі. Ён хутка акінуў позіркам гэтае месца і пачаў спускацца.
Сходы гэтыя ёсць часткай моста. Яны маюць тры пралёты. Якраз каля канца другога пралёта, калі ісці ўніз, каменны мур злева заканчваецца пілястрам з арнаментам, звернутым у бок Тэмзы. У гэтым месцы прыступкі, якія ідуць ніжэй, расшыраюцца, так што чалавек, які паверне за мур, ніяк не можа быць заўважаным тымі, каму надарылася быць тут і хто стаіць вышэй за яго хоць на прыступку. Калі вясковец дайшоў да гэтага месца, ён агледзеўся. Паколькі нідзе не было больш схаванага куточка, а з-за адліву месца было дастаткова, ён падаўся ўбок і, прыціснуўшыся спінай да пілястра, чакаў там, упэўнены, што яны не будуць спускацца ніжэй і што нават калі ён не пачуе, пра што яны будуць гаварыць, дык зможа потым напэўна пайсці за імі следам.
Так памалу ішоў час у гэтым куточку і так не цярпелася шпегу выведаць прычыны спаткання, такога адрознага ад таго, якое ён разлічваў падслухаць, што ён некалькі разоў ужо быў падумаў, што справа не выгарэла, і даводзіў сабе, што яны або спыніліся вышэй, або накіраваліся дзеля сваёй таямнічай размовы ў якое-небудзь іншае месца. Ён ужо хацеў быў пакінуць сваё сховішча і падняцца наверх, калі раптам пачуў шоргат крокаў і адразу пасля гэтага галасы ледзь не над самым вухам.
Ён распластаўся, прыціснуўся да сцяны і, стаіўшы дыханне, лавіў кожнае слова.
— Даволі ісці, — сказаў голас, які, відавочна, належаў джэнтльмену. — Я не дапушчу, каб лэдзі рызыкавала ісці далей.
Няшмат хто даверыўся б вам настолькі, каб зайсці з вамі сюды, але ж я гатовы спрыяць вам.
— Спрыяць мне! — пачуўся голас дзяўчыны, якую ён высочваў. — Вы спагадны чалавек, сэр. Вы гатовыя спрыяць мне! Але няхай, не ў гэтым справа.
— Але з якой мэтай, — сказаў джэнтльмен ужо больш лагодна, — з якой мэтай вы прывялі нас у гэтае дзікае месца? Чаму не пагаварыць там, наверсе, дзе ёсць святло, дзе ходзяць людзі, замест таго, каб валачы нас у гэты цёмны, пракляты закутак!
— Я ўжо казала вам, — адказвала Нэнсі, — што я баюся гаварыць з вамі там. Не ведаю чаму, — працягвала яна, уздрыгваючы, — але на мяне сёння такі страх найшоў, што я ледзь стаю.
— Страх перад чым? — спытаў джэнтльмен, які, здавалася, шкадаваў яе.
— Я не ведаю, перад чым, — адказала дзяўчына. — А хацелася б ведаць. Цэлы дзень сёння, як насланнё, жахлівыя думкі пра смерць, відзежы нейкіх саванаў у крывавых плямах і такі жах, што я ўся гарэла, бы ў агні. Вечарам я ўзялася чытаць кніжку, каб прабавіць час, і такія самыя здані з’яўляліся між радкоў.
— Уява, — сказаў джэнтльмен, суцяшаючы яе.
— Не, не ўява, — азвалася хрыпатым голасам дзяўчына. — Клянуся, я бачыла, што на кожнай старонцы кнігі вялікімі чорнымі літарамі было напісана «труна». Але вось і сёння ўвечары на вуліцы паўз мяне пранеслі труну.
— У гэтым няма нічога незвычайнага, — сказаў джэнтльмен. — Паўз мяне іх часта праносілі.
— Сапраўдныя труны, — запярэчыла дзяўчына. — А гэтая была не такая.
У яе паводзінах было нешта такое незвычайнае, што ў затоенага віжа мурашкі пабеглі па целе, калі ён пачуў, як дзяўчына вымаўляе гэтыя словы, а кроў у яго жылах ажно застыла. Ніколі яшчэ ён не адчуваў большай палёгкі, як тады, калі пачуў мілы голас маладой лэдзі, якая пачала прасіць яе супакоіцца і не дазволіць сабе стаць ахвярай такіх страшных відзежаў.
— Гаварыце з ёй спагадна, — звярнулася маладая лэдзі да свайго кампаньёна. — Бедненькай гэта, відавочна, неабходна.
— Гэтыя фанабэрыстыя дабрадзеі, вашыя знаёмыя, адразу задралі б нос, калі б пабачылі мяне такой, якая я ёсць сёння, і пачалі б абяцаць пекла і парахаванне, — усклікнула дзяўчына.
— О дарагая лэдзі, чаму тыя, што лічаць, што яны выконваюць запаветы Божыя, не ставяцца да нас, нікчэмных стварэнняў, з такой самай спагадай і дабрынёй, як вы? Вы ж маладая і прыгожая, вы маеце ўсё, што яны ўжо страцілі, і маглі б ганарыцца, а вы больш сціплая, чым яны.
— О! — сказаў джэнтльмен. — Турак, памыўшы твар, паварочвае яго на Усход і прамаўляе свае малітвы, а гэтыя добрыя людзі, якія ад судакранання са Светам назаўсёды страцілі ўсмешку на твары, з не меншай рэгулярнасцю паварочваюцца да цёмнага боку Нябёсаў. Калі выбіраць паміж мусульманінам і фарысеем, то я выберу першага.
Гэтыя словы, відаць, прызначаліся маладой лэдзі, і магчыма, што яны былі прамоўленыя, каб даць Нэнсі час супакоіцца. Неўзабаве джэнтльмен зноў звярнуўся да Нэнсі.
— Вы не прыйшлі ў мінулую нядзелю, — сказаў ён.
— Я не магла, — адказала Нэнсі. — Мяне ўтрымлівалі сілай.
— Хто?
— Той, пра каго я казала маладой лэдзі мінулым разам.
— Я спадзяюся, што вас не западозрылі ў тым, што вы кантактуеце з кім-небудзь у пытанні, дзеля якога прыйшлі сёння сюды? — спытаў стары джэнтльмен.
— Не, — адказала дзяўчына і пакруціла галавой. — Мне няпроста пайсці ад яго, калі ён не ведае, куды я іду; калі я сустракалася з лэдзі, я змагла адлучыцца, толькі даўшы яму морфію.
— Ён прачнуўся да таго, як вы вярнуліся? — пацікавіўся джэнтльмен.
— Не, і мяне не падазраюць ні ён, ні хто-небудзь іншы.
— Добра, — адзначыў джэнтльмен. — А цяпер паслухайце мяне.
— Я гатовая, — сказала дзяўчына, калі ён замаўчаў на момант.
— Гэтая маладая лэдзі паведаміла мне, — пачаў джэнтльмен, — мне і некаторым сябрам, якім можна давяраць, што вы расказалі ёй блізу двух тыдняў таму. Прызнаюся, я спачатку сумняваўся, ці можна вам давяраць цалкам, але цяпер у мяне такіх сумненняў няма.
— І правільна! — горача прамовіла дзяўчына.
— Паўтараю, што я тут пэўны. Каб пацвердзіць вам тое, што я вам схільны давяраць, я без аніякага скажу вам, што мы мяркуем дазнацца пра таямніцу, якая яна ні была б, нагнаўшы страху на гэтага чалавека, на Манкса. Але калі...калі..., — сказаў джэнтльмен, — калі нам не ўдасца затрымаць яго, або ўдасца затрымаць, але не выйдзе прымусіць яго гаварыць, то вы павінны будзеце выдаць габрэя.
— Фэджына! — усклікнула дзяўчына і адхіснулася.
— Вы мусіце выдаць гэтага чалавека, — сказаў джэнтльмен.
— Я не зраблю гэтага! Ніколі! — адпрэчыла дзяўчына. — Гэта
д’ябал; для мяне ён быў і ёсць горшым за д’ябла. Ніколі не зраблю гэтага.
— Не зробіце? — перапытаў джэнтльмен, які, відаць, быў цалкам гатовы пачуць такі адказ.
— Ніколі! — адказала дзяўчына.
— Скажыце, чаму?
— Па адной прычыне, — цвёрда адказвала дзяўчына, — па адной прычыне, лэдзі ведае, па якой, і падтрымае мяне, я ведаю, падтрымае, бо яна абяцала, але, акрамя таго, яшчэ і з-за таго, што ён жыў дрэнна, але і я жыла гэтым самым жыццём; шмат хто з нас ішоў той самай дарогай, але я не здраджу, не выдам іх; з іх кожны мог бы выдаць мяне, але не выдаў, хоць яны і дрэнныя людзі.
— Тады, — падхапіў джэнтльмен, быццам гэта і была якраз тая мэта, якой ён хацеў дасягнуць, — аддайце ў мае рукі Манкса і пакіньце мне мець справу з ім.
— А што, калі гэта абернецца супраць іншых?
— Я абяцаю вам, што калі прызнанне будзе ў яго здабытае, то справа на гэтым і скончыцца; у маленькай гісторыі Олівера, напэўна, ёсць старонкі, якія даткліва было б аддаваць на агульны разгляд. Так што, калі мы даб’ёмся праўды, то гэтыя людзі не будуць пакараныя.
— А калі не даб’яцеся? — спытала дзяўчына.
— Тады, — працягваў джэнтльмен, — гэтага габрэя не аддадуць у рукі правасуддзя без вашай згоды. У такім выпадку я мог бы назваць аргументы, якія прымусяць вас саступіць.
— Лэдзі таксама абяцае мне гэта? — спытала дзяўчына.
— Так, — азвалася Роз. — Даю вам урачыстае сумленнае абяцанне.
— Манкс ніколі не даведаецца, адкуль вы ведаеце? — спытала дзяўчына пасля кароткага маўчання.
— Ніколі, — адказаў джэнтльмен. — Гэтая інфармацыя будзе пададзеная яму так, што ён ніколі не западозрыць.
— Я заўсёды хлусіла і з дзяцінства расла сярод хлусаў, — сказала дзяўчына пасля яшчэ адной паўзы, — але вам я паверу на слова.
Атрымаўшы ад абоіх запэўніванні, што яна можа спакойна паверыць на слова, дзяўчына ціхім голасам — таму, хто падслухоўваў, бывала нават цяжка ўлавіць сэнс яе слоў, — пачала распавядаць, і пачала з апісання паба, з якога за ёй гэтым вечарам пачалося віжаванне. Калі меркаваць па манеры расповеду, па паўзах, то выглядала на тое, што джэнтльмен хуценька занатоўваў інфармацыю, якую ім паведамлялі. Яна старанна апісала ўсе прыкметы гэтай установы, найлепшую пазіцыю, з якой можна было б за ёю назіраць, не выклікаючы падазрэння, а таксама вечар і час, калі Манкс з найбольшай верагоднасцю мог там з’явіцца. Колькі хвілін Нэнсі маўчала, імкнучыся больш дакладна ўзгадаць яго знешнасць і манеры.
— Ён высокага росту, — працягвала дзяўчына, — ладна складзены, але не тоўсты; калі ідзе, то быццам крадзецца, і пры хадзе ўвесь час азіраецца то цераз адно, то цераз другое плячо. Не забудзьцеся пра гэта, бо ў яго вочы так глыбока сядзяць, як ні ў аднаго іншага чалавека, так што адно па гэтым вы яго адразу пазналі б. Твар у яго цёмны, як і валасы ды вочы, і выпетралы, хоць яму не больш, чым дваццаць шэсць — дваццаць восем гадоў. Вусны ў яго бледныя і пакусаныя, бо ў яго надараюцца жахлівыя прыпадкі; іншы раз ён нават да крыві кусае сабе рукі, — чаму вы здрыгануліся? — спытала, нечакана спыніўшыся, дзяўчына.
Джэнтльмен паспешліва сказаў, што гэта адбылося з ім падсвядома, і папрасіў працягваць.
— Частку гэтых звестак, — казала далей дзяўчына, — я выпытала ў іншых людзей у тым доме, пра які я вам казала, бо сама я бачыла яго адно два разы, і кожны раз ён быў захінуты ў шырокі плашч. Здаецца, гэта ўсё, што я магу вам паведаміць пра яго, каб вы яго пазналі. Але не, пачакайце, — дадала яна, — у яго на шыі пад шыйнай хусткай, так што бачна, калі ён паварочвае галаву, ёсць...
— Шырокая чырвоная пляма, быццам ад апёку! — усклікнуў джэнтльмен.
— Як? — сказала дзяўчына. — Вы яго ведаеце?
Маладая лэдзі ад здзіўлення вохнула, і яны нейкі час стаялі так ціха, што слухач выразна чуў іхняе дыханне.
— Здаецца, так, — сказаў джэнтльмен, парушаючы маўчанне. — Я пазнаў бы яго праз вашае апісанне. Паглядзім. Шмат хто з людзей падобны да іншых. Можа быць, гэта не ён.
Сказаўшы гэта з робленай абыякавасцю, ён наблізіўся да схову віжа на крок або два; пра гэта шпіён мог меркаваць па тым, як выразна ён пачуў мармытанне джэтльмена: «Няйначай гэта ён!»
— А цяпер, — працягваў ён (мяркуючы па тым, як гучаў ягоны голас, ён вяртаўся на ранейшае месца), — пасля таго як мы атрымалі ад вас вельмі вялікую дапамогу, мы хочам нейкім чынам аддзячыць вам, нашай памочніцы. Што я магу для вас зрабіць?
— Нічога, — адказала Нэнсі.
— Не настойвайце на гэтых словах, — сказаў джэнтльмен; у ягоным голасе было столькі спагады і пачуцця, што гэта кранула б і сэрца больш чэрствае і жорсткае. — Дык падумайце. Скажыце мне.
— Нічога, сэр, — адазвала, усхліпваючы, дзяўчына. — Вы нічым не можаце дапамагчы мне. У мяне больш няма аніякае надзеі.
— Вы самі сябе пазбаўляеце гэтай надзеі, — сказаў джэнтльмен. — Да гэтага вы дарэмна трацілі свае маладыя сілы, той бясцэнны скарб, якім Творца надзяляе толькі раз і які ёсць незваротным, але што да будучыні, дык вы можаце спадзявацца. Я не кажу, што ў нашых сілах прапанаваць вашаму сэрцу і душы спакой, бо гэта адбудзецца, калі вы самі будзеце да яго імкнуцца, але спакойны прытулак у Англіі або, калі вы баіцеся тут заставацца, недзе за мяжой, мы не толькі маглі б, але івельмі хацелі б вам забяспечыць. Яшчэ да золку, перад тым, як рака прачнецца пры першых проблісках дня, вы будзеце па-за межамі дасягальнасці вашых былых супольнікаў і не пакінеце за сабой ніякіх слядоў, як быццам вы ў адзін момант зніклі з твару зямлі. Дык хадземце! Я не хачу, каб вы вярнуліся назад і абмяняліся хоць словам са сваімі ранейшымі таварышамі або адно пабачылі старыя мясціны, адно ўдыхнулі паветра, якое нясе пошасць і якое пагібельнае для вас. Пакіньце гэта ўсё, пакуль у вас ёсць час і магчымасць!
— Цяпер яе можна будзе пераканаць, — усклікнула маладая лэдзі. — Яна вагаецца, я ўпэўненая.
— Баюся, што не, мая дарагая, — сказаў джэнтльмен.
— Не, сэр, я не вагаюся, — адказала дзяўчына пасля кароткай барацьбы з сабой. — Я прыкутая да майго ранейшага жыцця. Цяпер я ім пагарджаю, ненавіджу яго, але пакінуць яго не магу. Пэўна, я занадта далёка зайшла, каб вярнуцца назад, — я не ведаю, бо калі б вы так загаварылі са мной колькі часу таму назад, то я адно пасмяялася б. Але, — сказала яна, паспешліва агледзеўшыся, — гэты страх зноў находзіць на мяне. Мне трэба ісці дадому.
— Дадому! — паўтарыла маладая лэдзі, падкрэсліўшы вымаўленнем гэтае слова.
— Так, лэдзі, дадому, — адказала дзяўчына. — У той дом, які я заслужыла, вырабіла сабе ўсім сваім жыццём. Развітаемся. Мяне могуць высачыць або ўбачыць. Ідзіце! Ідзіце! Калі я зрабіла вам паслугу, то ўсё, пра што я вас прашу — гэта пакінуць мяне, даць мне магчымасць самой ісці сваім шляхам.
— Усё гэта бяссэнсава, — уздыхнуў джэнтльмен. — Можа быць, застаючыся тут, мы рызыкуем яе бяспекай. Мы затрымалі яе больш, чым яна разлічвала.
— Так, вы мяне затрымалі, — падхапіла дзяўчына.
— Дык чым жа закончыцца жыццё гэтага беднага стварэння? — усклікнула маладая лэдзі.
— Чым? — паўтарыла дзяўчына. — Паглядзіце ўперад, маладая лэдзі. Паглядзіце на гэтую чорную ваду. Колькі разоў ужо вы чыталі пра такіх, хто кінуўся ў ваду і не пакінуў ніводнай жывой істоты, якая мела б да яго нейкую спагаду, аплаквала б яго! Праз некалькі гадоў, а можа, і праз некалькі месяцаў гэта будзе і маім шляхам.
— Малю вас, не кажыце так, — папрасіла, усхліпваючы, маладая лэдзі.
— Гэта ніколі не дасягне вашых вушэй, дарагая лэдзі, і крый Божа, каб вы гэта пачулі! — адказала дзяўчына. — Дабранач, дабранач!
Джэнтльмен адвярнуўся.
— Вось грошы! — усклікнула маладая лэдзі, працягваючы ёй гаманец. — Вазьміце іх дзеля мяне, каб у вас былі хоць якія сродкі ў час нэндзы і гора.
— Не! — запярэчыла дзяўчына. — Я гэта зрабіла не дзеля грошай. Хачу памятаць пра гэта так, як яно ёсць. Хіба што — дайце мне якую-небудзь рэч, якую вы носіце, — не, не пярсцёнак, — вашыя пальчаткі, вашу насоўку — што-небудзь, што я магу мець і ведаць, што яно належала вам, мілая лэдзі. Дзякуй. Блаславі вас Бог! Дабранач! Дабранач!
Моцнае ўзрушэнне дзяўчыны, якая баялася, што калі яе ўбачаць, то быць ёй бітай, прымусіла джэнтльмена адпусціць яе, як яна прасіла. Пачуліся крокі, яны аддаляліся. Галасы неўзабаве сціхлі.
Хутка на мосце з’явіліся фігуры маладой лэдзі і яе кампаньёна. Яны спыніліся на верхняй пляцоўцы лесвіцы.
— Пачакайце! — выгукнула маладая лэдзі. — Яна кліча нас! Мне здаецца, я чую яе голас.
— Не, мая мілая, — адказаў містэр Браўнлоў, маркотна азіраючыся. — Яна не зрушылася з месца і не зрушыцца, пакуль мы не пойдзем.
Роз Мэйлі марудзіла, але стары джэнтльмен прасунуў яе руку пад локаць сваёй і мякка, але настойліва павёў яе прэч. Калі яны зніклі, дзяўчына амаль плазам павалілася на каменныя прыступкі і пачала выліваць свой душэўны боль у горкіх слёзах.
Праз нейкі час яна ўстала і, хістаючыся, няпэўна ступаючы, паднялася на дарогу. Агаломшаны віж заставаўся на сваім пасту яшчэ некалькі хвілін, а потым, некалькі разоў асцярожна агледзеўшыся навокал і пераканаўшыся, што ён адзін, паціху выпаўз са свайго сховішча і падняўся па лесвіцы, крадучыся ў цені мура — таксама, як ён прабраўся сюды.
Ноэ Клэйпал дасягнуў верхняй прыступкі і шматкроць агледзеў ваколіцу, каб быць пэўным, што яго ніхто не бачыць, а потым памчаўся што было сілы і дасягнуў дома габрэя так хутка, як толькі маглі яго несці ногі.