РАЗДЗЕЛ XXVII


выпраўляе стан рэчаў, які склаўся ў адным з папярэдніх раздзелаў, калі даволі бестактоўна была пакінутая ў самоце адна лэдзі

Сціпламу аўтару ніяк не выпадае вытрымліваць такую важную асобу, як прыходскі кур’ер, спінай да каміна, з расхінутым крыссём сурдута да таго часу, пакуль аўтару не ўзбрыдзе ў галаву адпусціць яго; яшчэ менш прыдатна кур’еру, беручы пад увагу ягоны статус і якасці, падобным зняважлівым чынам ставіцца да лэдзі, на якую гэты кур’ер глядзеў пяшчотным, расчуленым вокам і на вуха якой шаптаў тыя салодкія словы, што, калі ўжо яны зыходзілі ад такой асобы, прымусілі б часта біцца сэрца дзяўчыны або матроны безуважна, якога саслоўя. Гісторык, чыё пяро выводзіць гэтыя словы, мяркуючы, што ён усведамляе сваё месца і ставіцца з належным піетэтам да тых асоб на гэтай зямлі, якім дадзеная высокая і магутная ўлада, спяшаецца засведчыць ім пашану, якой патрабуе іхняе становішча, і захаваць у абыходжанні з імі ўсе неабходныя цырымоніі, якіх нязменна вымагаюць іх высокая годнасць і, адпаведна з гэтым, станоўчыя якасці іхняй натуры. З гэтай мэтай аўтар збіраўся прадставіць тут навуковае абгрунтаванне дадзеных Богам правоў прыходскага кур’ера і ягонай беззаганнасці і беспамылковасці, што для правільна выхаванага чытача было б роўна займальным і карысным, але, на жаль, праз недахоп часу і месца аўтар вымушаны адкласці гэта да больш зручнай і прыдатнай нагоды; калі такая нагода надарыцца, то ён гатовы наглядна даказаць, што кур’ер прысутнага месца ў вузкім сэнсе гэтага слова, то бок прыходскі кур’ер, які належыць да прыходскага штату працоўні і адпаведным чынам бярэ ўдзел у службе прыходскай царквы, валодае найвыбітнейшымі, найлепшымі станоўчымі якасцямі чалавечай натуры і што ні на адну з гэтых якасцей не могуць прэтэндаваць нават у самай малой меры ні кур’еры прамысловых кампаній, ні кур’еры судоў, ні нават кур’еры пры капліцах (хіба што, можа, апошнія, але ў вельмі малой, мізэрнай ступені).

Містэр Бамбл яшчэ раз пералічыў чайныя лыжкі, узважыў на далоні шчыпцы для цукру, уважліва агледзеў малочнік, упэўніўся ў належным стане мэблі, праверыў нават, у якім стане набіўка з конскіх валасоў у крэслах і, паўтарыўшы гэтую аперацыю разоў шэсць, пачаў думаць, што місіс Корні мусіла б ужо вярнуцца. Думка за думкай, і паколькі набліжэння місіс Корні нічога не прадказвала, то містэру Бамблу здалося, што ён можа прабавіць час нявінна і дабрачынна, задаволіўшы сваю цікаўнасць і крыху, адным вокам, зазірнуўшы ў камоду місіс Корні.

Містэр Бамбл паслухаў трохі каля замочнай адтуліны, каб упэўніцца, што ніхто не ідзе ў пакой, потым пачаў свой агляд з дна камоды і найперш узяўся правяраць змесціва трох доўгіх шуфляд. Яны былі напоўненыя ўсемагчымымі прадметамі туалету, высакаякаснымі, з добрага матэрыялу. Рэчы былі рупна складзеныя паміж дзвюма бачынамі старой газеты, пасыпаныя сухой лавандай і, відавочна, прынеслі кур’еру вялікае задавальненне. Праз нейкі час містэр Бамбл дасягнуў правага верхняга боку камоды і знайшоў у шуфлядзе, у якой тырчаў ключ, шкатулку з вісячым замком, якая, калі ён яе патрос, азвалася прыемным звонам — няйначай звонам манет. Паважнай хадою містэр Бамбл вярнуўся на ранейшае месца ля каміна, прыняў ранейшую паставу і з сур’ёзным і ўпэўненым выглядам сказаў: «Я зраблю гэта!» Пасля сваёй незвычайнай заявы ён хвілін з дзесяць у добрым гуморы хітаў злёгку галавой, як быццам разважаючы сам сабе, які ён слаўны хлапчына, а потым з заўважнай цікаўнасцю і задавальненнем пачаў разглядаць свае ногі збоку.

Ён усё яшчэ быў паглыблены ў гэтую інспекцыю, калі, задыхаўшыся, прыбегла ў пакой місіс Корні; яна ўпала на крэсла каля каміна, адной рукой закрыла вочы, другую прыклала да сэрца і пачала лавіць ротам паветра.

— Місіс Корні, — сказаў містэр Бамбл, схіляючыся над матронай, — што з вамі, мэм? Што-небудзь здарылася, мэм? Малю, адкажыце, я як... як на...

Ад хвалявання містэр Бамбл забыўся на адпаведны выраз «як на іголках» і замест гэтага сказаў «як на разбітых бутэльках».

— О містэр Бамбл! — усклікнула лэдзі. — Мне так сапсавалі настрой!

— Сапсавалі настрой? — выкрыкнуў містэр Бамбл. — Хто наважыўся зрабіць гэта?! Я ведаю, — працягваў ён з характэрнай для яго велічнай манерай, — вас пакрыўдзілі гэтыя паганыя беднякі.

— Страшна ўспомніць! — сказала лэдзі, дрыжучы ўсім целам.

— Дык і не ўспамінайце, мэм, — падказаў містэр Бамбл.

— Не магу! — скрывілася лэдзі.

— Тады прыміце якіх лекаў, мэм, — мякка параіў містэр Бамбл. — Можа, крыху віна?

— Ні за што на свеце! — запярэчыла місіс Корні. — Не, я не магу, не! На верхняй паліцы ў кутку... О!

Вымавіўшы гэтыя словы, добрая лэдзі, нібы ў ачмурэнні, паказала рукой на буфет, а потым яе пачала браць нейкая ўнутраная сутарга. Містэр Бамбл кінуўся да буфета, схапіў з так няпэўна абазначанай паліцы бутэльку з зялёнага шкла ўмяшчальнасцю ў пінту, напоўніў ейным змесцівам кубачак і паднёс да вуснаў лэдзі.

— Цяпер мне лепш, — сказала місіс Корні, выпіўшы паўкубачка, і адкінулася на спінку крэсла.

Удзячны містэр Бамбл ціхмянамудра падняў вочы да горняй столі, потым апусціў іх на кубачак і прынюхаўся да змесціва.

— Лікёр на перачнай мяце, — растлумачыла слабым голасам місіс Корні, усміхаючыся кур’еру. — Пакаштуйце! Там ёсць яшчэ... яшчэ нешта.

Містэр Бамбл недаверліва пакаштаваў лекі, прыгубіў, пакаштаваў яшчэ і выпіў да дна.

— Вельмі добра супакойвае, — сказала місіс Корні.

— Насамрэч, вельмі, — азваўся кур’ер.

Сказаўшы гэта, ён падсунуўся з крэслам да наглядчыцы і лагодна запытаўся, што там такое здарылася, што так узрушыла яе.

— Нічога, — адказала місіс Корні. — Я слабае, дурное, нервовае стварэнне...

— Вы не слабая, мэм, — запярэчыў містэр Бамбл, падсоўваючыся яшчэ на пару сантыметраў. — Хіба вы слабае стварэнне, місіс Корні?

— Мы ўсе слабыя стварэнні, — дала ўніверсальную фармулёўку тая.

— Што праўда, тое праўда, — адказаў кур’ер.

Хвіліну ці дзве абое маўчалі. Пасля гэтага містэр Бамбл, каб растлумачыць сваю думку, зняў руку са спінкі крэсла, на якім сядзела місіс Корні і дзе гэтая рука была раней, і паклаў яе на пояс фартуха місіс Корні, паступова абвіваючы ёй талію лэдзі.

— Усе мы слабыя стварэнні, — прамовіў містэр Бамбл.

Місіс Корні ўздыхнула.

— Не ўздыхайце, місіс Корні, — сказаў містэр Бамбл.

— Не магу з сабой нічога зрабіць, — адказала місіс Корні і ўздыхнула яшчэ раз.

— Вельмі ўтульны пакойчык, мэм, — сказаў, аглядваючыся, містэр Бамбл. — Каб яшчэ адзін сумежны, было б нешта цэльнае.

— Для мяне адной зашмат, — прамармытала лэдзі.

— А для двух — не зашмат, — мякка зазначыў містэр Бамбл. — Ну, дык як, місіс Корні?

Місіс Корні апусціла галаву, пачуўшы гэтыя словы, містэр Бамбл апусціў галаву, каб убачыць, які ў яе выраз твару. Місіс Корні з годнасцю адвярнулася і вызваліла руку, каб дастаць насоўку, аднак бессвядома зноў паклала яе ў руку містэра Бамбла.

— Рада выдзяляе вам вугаль, місіс Корні? — пацікавіўся кур’ер, жарсна паціскаючы яе руку.

— І свечкі, — адгукнулася місіс Корні, злёгку адказваючы на поціск рукі містэра Бамбла.

— Вугаль, свечкі і бясплатная службовая кватэра, — сказаў містэр Бамбл. — О місіс Корні, вы чысты анёлак!

Лэдзі не магла не саступіць такой буры пачуццяў. Яна ўпала ў абдымкі містэра Бамбла, і гэты джэнтльмен у парыве жарсці забусяў яе цнатлівы нос.

— Дасканалы твор прыхода! — у захапленні ўсклікнуў містэр Бамбл. — Мая чароўная, ці ведаеце вы, што сёння ўвечары містэру Слаўту стала горш?

— Так, — сарамліва адказала місіс Корні.

— Дактары кажуць, што ён не пражыве і тыдня, — працягваў містэр Бамбл. — Ён узначальвае гэтую ўстанову. Калі ён памрэ, адкрыецца вакансія. Вакансію трэба будзе запоўніць. О місіс Корні, якія перспектывы адкрываюцца! Якія магчымасці, каб аб’яднаць сэрцы і гаспадарку!

Місіс Корні расчулена праслязілася.

— Адно слова! — папрасіў містэр Бамбл, схіляючыся над сарамлівай прыгажуняй. — Скажыце толькі адно кароткае, зусім кароткае, кароценькае слова, о блаславёная місіс Корні!

— Т... т... т... так, — выдыхнула матрона.

— Яшчэ адно слова, — працягваў кур’ер, — збярыцеся з вашымі міленькімі сіламі і скажыце яшчэ толькі адно: калі?

Місіс Корні парывалася двойчы сказаць, і двойчы ў яе не атрымалася. Нарэшце, набраўшыся смеласці, яна абняла містэра Бамбла за шыю і зазначыла, што гэта будзе тады, калі таго пажадае «найабаяльнае маё птушанятка».

Пасля таго, як справа была ўладжана такім прыстойным і людскім чынам, дамову ўрачыста замацавалі яшчэ адным кубачкам мятнага лікёру, што было надта неабходным, бо ад узрушэння нервовая сістэма лэдзі знаходзілася на мяжы выбуху. Выпіўшы свае паўкубка, наглядчыца паведаміла містэру Бамблу падрабязнасці сённяшняй смерці.

— Вельмі добра, — сказаў джэнтльмен, адсёрбваючы з кубачка. — Па дарозе дадому зазірну да Саўэрберы і скажу, каб ён прыслаў заўтра ўранні ўсё, што трэба. Што ж цябе так напалохала, любая мая?

— Нічога такога не здарылася, — унікліва адказала лэдзі.

— І ўсё ж нешта здарылася, — настойваў містэр Бамбл. — Хіба вы не скажаце вашаму Бамбліку, што?

— Не цяпер, — адмовілася лэдзі. — Днямі. Пасля таго, як пажэнімся, даражэнькі.

— Пасля таго, як пажэнімся! — усклікнуў містэр Бамбл. — Няўжо нехта з гэтых жабракоў быў настолькі нахабным, каб...

— Не, не, мой любы! — паспешліва перапыніла яго лэдзі.

— Каб я палічыў гэта магчымым, — працягваў містэр Бамбл, — каб я палічыў гэта магчымым, што нехта з іх насмеліцца падняць сваё вульгарнае вока на гэта мілае аблічча...

— Яны не насмеліліся, мой любы, — адказала лэдзі.

— Лепш не трэба, — сказаў містэр Бамбл, сцісаючы кулакі. — Пакажыце мне хоць каго з прыходскіх або па-за прыходам, хто наважыўся б зрабіць гэта, і я магу адразу адказаць, што яшчэ раз ён гэтага рабіць не схоча!

Калі б гэтая заява не была падмацаваная даволі энергічнай жэстыкуляцыяй, яна магла б прагучаць як абраза прыгоства лэдзі, але паколькі містэр Бамбл суправаджаў пагрозы шматлі-кімі ваяўнічымі жэстамі, то лэдзі была вельмі расчуленая гэтымі доказамі ягонай прыхільнасці і з вялікім захапленнем сцвяр-джала, што ён насамрэч яшчэ птушанятка.

Пасля гэтага птушанятка наставіла каўнер паліто, начапі-ла трохкутку, абмянялася з будучай сужэнкай доўгім і жарсным пацалункам і зноў пакрочыла змагацца з халодным ветрам ды ноччу, адно што затрымаўшыся на пару хвіляў у памяшканні беднякоў-мужчын, каб іх крыху дадзець і такім чынам упэўніцца ў тым, што ён з дастатковай строгасцю можа выконваць абавяз-кі начальніка працоўні. Упэўніўшыся ў сваёй кваліфікаванасці, містэр Бамбл з лёгкім сэрцам пакінуў працоўню, цешачы сябе марамі пра будучае падвышэнне. Прыемныя думкі такога кштал-ту не пакідалі яго, пакуль ён не дабраўся да крамы трунара.

Містэр і місіс Саўэрберы дзесьці гасцявалі, а Ноэ Клэйпал ніколі не быў схільны высільвацца на што-небудзь іншае, апра-ча прыемнай справы прыняцця ежы і напояў, так што крама была не зачыненая, нягледзячы на тое, што час яе закрыцця ўжо мінуў. Містэр Бамбл колькі разоў грукнуў палкай па прылаўку, але не прыцягнуў нічыёй увагі і, заўважыўшы святло праз шкло дзвярэй гасцёўні, дазволіў сабе зазірнуць туды, каб высветліць, што там адбываецца; калі ж ён высветліў, што там адбываецца, то быў вельмі ўражаны.

Стол быў накрыты; на ім стаялі хлеб, масла, талеркі, шклян-кі, гляк портэру і бутэлька віна. За сталом на пачэсным месцы сядзеў, разваліўшыся ў фатэлі і перакінуўшы ногі цераз адзін з падлакотнікаў, містэр Ноэ Клэйпал. У адной руцэ ён трымаў раскрыты складанчык, у другой — вялізную лусту хлеба з тоўстым слоем масла. Каля яго стаяла Шарлот; яна вымала з бочачкі і раскрывала вустрыцы, якія містэр Клэйпал ушаноўваў сваёй увагай і глытаў з прыкметнай сквапнасцю. Большая, чым звычайна, ступень пачырванення носа і паторгванне правага павека сведчылі пра тое, што ён злёгку затуманіў розум алка-гольнай атрутай; гэтыя сімптомы пацвярджаліся і прагнасцю, з якой ён еў вустрыцы і якую нельга было растлумачыць нічым іншым, апроч таго, што ён належным чынам цаніў іх уласці-васць ахаладжаць нутраны жар.

— Вось гэтая асабліва тоўстая! Глянь, што за далікатэс, Ноэ, даражэнькі! — казала Шарлот. — Пакаштуй яе, ну, толькі адну.

— Што за смаката гэтыя вустрыцы! — заўважыў містэр Клэйпал, праглынуўшы прапанаваны экзэмпляр. — Як шкада, што пачынае нудзіць, калі з’ясі іх зашмат, праўда, Шарлот?

— Гэта жорстка, — адказала Шарлот.

— Чыстая праўда, — згадзіўся містэр Клэйпал. — А ты не лю-біш вустрыцы?

— Не надта, каб любіла, — азвалася тая. — Мне падабаецца глядзець, як ты іх ясі, Ноэ, даражэнькі, — падабаецца больш, чым есці іх самой.

— А Божа... — раздумліва сказаў Ноэ. — Гэта ж трэба, каб такое...

— На вось яшчэ адну! — прапанавала Шарлот. — Вось гэтую, з цудоўнымі маленькімі валаскамі.

— Не магу болей, — адказаў Ноэ. — Праўда, не магу. Падыдзі, Шарлот, я цябе пацалую.

— Што?! — выкрыкнуў містэр Бамбл, урываючыся ў пакой. — Паўтарыце яшчэ раз, сэр.

Шарлот завішчала і закрылася фартухам, а містэр Клэйпал, застаўшыся ў ранейшай паставе і толькі апусціўшы ногі на пад-логу, глядзеў на кур’ера з п’яным жахам.

— Паўтарыце гэта яшчэ раз, вы, нахабны, нікуды не варты не-даростак! — настойваў містэр Бамбл. — Як вы можаце казаць та-кія рэчы? І як ты можаш падбухторваць яго на такое, ты, бесса-ромніца? Пацалую! Бачылі вы? — вельмі раздражнёна выкрыкваў містэр Бамбл. — Фу!

— Я меў на ўвазе не гэта, — заікаючыся, пачаў Ноэ. — Яна век цалуе мяне, хачу я гэтага ці не.

— О Ноэ! — з дакорам усклікнула Шарлот.

— Цалуеш, не кажы, што не, — настойваў Ноэ. — Яна век гэта ро-біць, містэр Бамбл, сэр, яна гладзіць мяне па шыі і ўсяляк заляцаецца!

— Ціха! — сувора крыкнуў містэр Бамбл. — Ідзіце ўніз, спадарыня. Ноэ, зачыніце краму. Нічога не кажыце, пакуль не прыйдзе гаспадар, інакш быць бядзе. Калі ён прыйдзе, скажыце, што містэр Бамбл загадаў перадаць, каб прыслалі заўтра зранку, пасля снядання, труну для бабкі. Чулі? Цалавацца! — узняў зноў голас містэр Бамбл, падымаючы рукі. —Дапраўды, грэшнасць і сапсаванасць у нізах гэтага прыхода набылі нябачаны памер! Калі парламент не зверне ўвагі на такія гідкія праявы, то краі-на загіне, а норавы сялян будуць сапсаваныя незваротна.

Сказаўшы гэтыя словы, кур’ер з велічным і змрочным выглядам пакінуў сядзібу трунара.

А цяпер, калі мы правялі кур’ера дадому і зрабілі ўсё неаб-ходнае, каб падрыхтавацца да пахавання бабкі, навядзем давед-кі пра маладога Олівера Твіста і праверым, ці ляжыць ён усё яшчэ ў той канаве, дзе яго пакінуў Тобі Крэкіт.

Загрузка...