РАЗДЗЕЛ XLI,


які ўтрымлівае новыя адкрыцці і паказвае, што неспадзяванка, як і няшчасце, рэдка прыходзіць

адна

Яе становішча і насамрэч было нязвыкла складаным і цяжкім. Яна ўся гарэла ад жадання пранікнуць за завесу таямніцы, якой была ахінутая гісторыя Олівера, і ў той самы час яна не магла не лічыць свяшчэннай таямніцу паведамлення, якое ёй, маладой, чыстай дзяўчыне, перадала няшчасная жанчына, з якой яна толькі што размаўляла. Яе словы і манеры кранулі сэрца Роз Мэйлі, і да той любові, якую яна адчувала да свайго маладога выхаванца, дадалося гэткае самае шчырае і моцнае жаданне вярнуць няшчасную адрынутую жанчыну ва ўлонне надзеі і пакаяння.

Яны мелі намер прабыць у Лондане тры дні, а потым паехаць на некалькі тыдняў у якое-небудзь малалюднае месца на ўзбярэжжы. Цяпер была першая ноч іх побыту ў Лондане. На якія дзеянні ёй трэба было набрацца духу, каб ажыццявіць іх за сорак восем гадзін? Або як адкласці падарожжа, не выклікаўшы падазрэння?

З імі прыехаў містэр Лосбэрн, які павінен быў застацца яшчэ на два дні, але Роз занадта добра ведала імпульсіўнасць гэтага выдатнага джэнтльмена і занадта добра прадбачыла гнеў, які авалодае ім адразу пры паведамленні пра таго, хто быў вінаватым у другім выкраданні Олівера, каб даверыць яму таямніцу без падтрымкі і аргументацыі з боку яшчэ якой-небудзь асобы з багатым жыццёвым досведам. Былі ўсе прычыны захоўваць найвялікшую асцярогу і абачлівасць, калі расказаць пра таямніцу місіс Мэйлі, бо тая адразу ж захацела б параіцца з шаноўным доктарам... Што ж датычыла афіцыйнага юрыдычнага кансультанта, то нават калі б яна ведала, як да яго звярнуцца, пра гэта наўрад ці выпадала думаць з тых самых прычын. Аднойчы яна была падумала, што варта заручыцца падтрымкай Гары, але думка гэтая абудзіла ўспамін пра іх колішнія ростані, і ёй здалося, што не варта клікаць яго на дапамогу ў такі час, — тут слёзы навярнуліся ёй на вочы, калі яна стала ўспамінаць пра гэта, — калі ён, мабыць, толькі пачаў прывыкаць да таго, што ім не быць разам, і пачаў адчуваць сябе больш шчаслівым далёка ад яе.

Узрушаная рознымі ўспамінамі, схіляючыся то да аднаго рашэння, то да другога, то зноў пакідаючы ўсё як ёсць, па меры таго, як яна перабірала ў галаве варыянты сваіх магчымых дзеянняў, — так вось неспакойна, без сну правяла Роз гэтую ноч. На наступны дзень, падумаўшы яшчэ і прыйшоўшы ў роспач, яна ўсё ж вырашыла звярнуцца да Гары.

— Калі яму будзе балесным вяртанне сюды, — разважала яна, — то як балесна гэта будзе для мяне! Але можа, ён зусім не прыедзе; ён можа напісаць або можа прыехаць і знарок пазбягаць сустрэч — ён так зрабіў, калі ад’язджаў. Але тут Роз выпусціла з рук пяро і адвярнулася, быццам не хацела, каб нават папера была сведкай таго, што яна плача.

Яна брала і зноў клала пяро разоў пяцьдзясят, зноў і зноў абдумвала першы радок ліста, так і не напісаўшы ніводнага слова, калі раптам Олівер, які шпацыраваў па вуліцах у суправаджэнні містэра Джайлса як целаахоўніка, так паспешліва і з такім шумам уварваўся ў пакой, што гэта прадказвала яшчэ нейкую бяду.

— Што гэта з табой? — спытала Роз, устаўшы яму насустрач.

— Гаварыць цяжка... Здаецца, зараз задыхнуся, — адказваў хлопчык. — Вось гэта дык праява! Нарэшце я ўбачыў яго, а вы ўпэўніцеся, што я казаў праўду!

— Я заўсёды верыла, што ты кажаш нам праўду, — суцешыла яго Роз. — Але пра што размова? Каго ты маеш на ўвазе?

— Я бачыў таго джэнтльмена, — адказваў Олівер, захлёбваючыся словамі і ледзьве паспяваючы іх прамаўляць, — джэнтльмена, які быў да мяне такі добры, — містэра Браўнлоў, пра якога мы так часта гаварылі.

— Дзе? — спытала Роз.

— Ён выйшаў з кэба, — адказаў Олівер, заплакаўшы ад радасці, — і ўвайшоў у дом. Я не загаварыў да яго — я не мог гэтага зрабіць, бо ён мяне не бачыў, а я так дрыжаў, што не мог пайсці за ім следам. Але Джайлс па маёй просьбе спытаў, ці там ён жыве, і яму адказалі станоўча. Паглядзіце сюды, — Олівер разгарнуў нейкую цыдулку, — вось тут, тут вось ён жыве — і я цяпер адразу пабягу туды! Вой, што са мной будзе, калі я зноў убачу яго, зноў пачую ягоны голас!

Роз, чыю ўвагу нямала адхілялі гэтыя бязладныя і радасныя выкрыкі, усё-такі прачытала адрас: Крэйвэн-стрыт, Стрэнд; яна адразу вырашыла атрымаць карысць з гэтай магчымай сустрэчы.

— Хутчэй! — сказала яна. — Распарадзіся, каб нанялі кэб і чакалі мяне. Зараз мы з табой, не губляючы ні хвіліны часу, паедзем туды. Я толькі скажу маёй цётухне, што мы адлучымся на гадзіну, і буду гатовая да паездкі.

Оліверу не трэба было паўтараць некалькі разоў, і праз якіх пяць хвілін яны ўжо ехалі ў кірунку Крэйвэн-стрыт. Калі яны прыбылі на месца, Роз пакінула Олівера ў карэце, быццам бы для таго, каб падрыхтаваць старога джэнтльмена да сустрэчы, а сама паслала слугу са сваёй візітоўкай, каб той папрасіў містэра Браўнлоў прыняць яе дзеля неадкладнай справы. Хутка слуга вярнуўся і запрасіў яе падняцца па лесвіцы наверх. Роз пайшла за ім. У пакоі наверсе слуга назваў яе джэнтльмену сталага веку з добрым выразам твару. Адзеты гэты джэнтльмен быў у фрак колеру цёмна-зялёнай бутэлькі. Непадалёку ад яго сядзеў другі джэнтльмен сталага веку ў нанкавых брыджах і гетрах; выраз ягонага твару быў не асабліва прыхільным; ён сядзеў, абапёршыся барадой на рукі, якімі ён абхапіў наверша тоўстай палкі.

— Ах, мой ты Божа, — сказаў джэнтльмен у фраку з найвялікшай паважлівасцю, ветліва падхапіўшыся, — прашу ласкава прабачыць, маладая лэдзі... я думаў, што гэта якая-небудзь дакучлівая асоба, якая... дык прашу мне прабачыць. Сядайце, малю вас.

— Я думаю, вы містэр Браўнлоў, сэр? — спытала Роз, пераводзячы позірк з другога джэнтльмена на джэнтльмена, які з ёю загаварыў.

— Так, гэта маё імя, — адказаў стары джэнтльмен. — А гэта мой сябар, містэр Грымуіг. Грымуіг, пакіньце нас, калі ласка, сам-насам на некалькі хвілін.

— Я думаю, — азвалася міс Мэйлі, — што на гэтым месцы нашай размовы мне няма патрэбы турбаваць гэтага джэнтльмена — ён мог бы застацца. Наколькі я інфармаваная, ён ведае пра справу, пра якую я хацела б з вамі пагаварыць.

Містэр Браўнлоў нахіліў галаву. Містэр Грымуіг, які быў падняўся і чапурыста пакланіўся, зрабіў яшчэ адзін важны паклон і ўпаў назад у крэсла.

— Не сумняваюся, што вельмі вас здзіўлю, — пачала Роз, адчуваючы цалкам зразумелую ўзрушанасць. — Аднойчы вы праявілі спагаду і дабрыню да аднаго вельмі дарагога мне малога сябра, і я дакладна ведаю, што вам будзе цікава пачуць пра яго яшчэ раз.

— Насамрэч! — сказаў містэр Браўнлоў.

— Вы ведалі яго як Олівера Твіста, — працягвала Роз.

Як толькі словы гэтыя зляцелі з яе вуснаў, містэр Грымуіг, які прыкідваўся, быццам заглыбіўся ў таўшчэзную кнігу, што ляжала на стале, з вялікім шумам выпусціў яе з рук на падлогу, адкінуўся на спінку крэсла і паглядзеў на дзяўчыну; на твары яго нельга было прачытаць нічога болей, акрамя бязмежнага здзіўлення; ён доўга і бяссэнсава глядзеў на яе, вырачыўшы вочы, потым, быццам бы засаромеўшыся такога яўнага праяўлення сваіх эмоцый, ён сутаргава выпрастаўся, прыняў ранейшую паставу і, гледзячы проста перад сабой, працягла і глуха свіснуў; свіст гэты не знік, а, здавалася, заглух дзесьці ў глыбіні ягонага страўніка.

Не менш здзіўлены быў і містэр Браўнлоў, хоць яго здзіўленне не выявілася так эксцэнтрычна. Ён падсунуў крэсла бліжэй да міс Мэйлі і прамовіў:

— Мая дарагая маладая лэдзі, зрабіце мне ласку, не гаварыце наконт спагады і дабрыні: пра гэта ніхто нічога не ведае. Калі вы толькі можаце засведчыць нешта, што можа змяніць тое адмоўнае ўражанне, якое я аднойчы атрымаў ад гэтага беднага дзіцяці, то дзеля Бога, выкладвайце хутчэй.

— Дрэнны хлопчык! З’ем сваю галаву, калі ён не дрэнны, — прамовіў містэр Грымуіг нутраным голасам — нават ні адзін мускул не зварухнуўся на яго твары.

— У гэтага дзіцяці высакародная натура і добрае сэрца, — запярэчыла, пачырванеўшы, Роз, — і тая сіла, якая распарадзілася выпрабаваць яго не па ягоных гадах, памясціла ў ягоныя грудзі жарсці і пачуцці, якія зрабілі б гонар шмат каму з тых, хто мае ўжо шэсць разоў па столькі гадоў, як ён.

— Мне толькі шэсцьдзесят адзін год, — уставіў містэр Грымуіг з тым самым застылым выразам твару. — Калі ў справу не ўмяшаўся сам д’ябал, то Оліверу, напэўна, каля дванаццаці гадоў, так што я не разумею, каго вы маеце на ўвазе.

— Не звяртайце на майго сябра ўвагі, міс Мэйлі, ён не гэта хацеў сказаць.

— Гэта, гэта, — прабурчэў містэр Грымуіг.

— Не, не гэта, — паўтарыў містэр Браўнлоў; яго голас набыў адценне злосці.

— Ён гатовы з’есці сваю галаву, калі не тое, — прабурчэў містэр Грымуіг.

— У такім выпадку ён заслугоўвае таго, каб зняць яе з плеч далоў, — сказаў містэр Браўнлоў.

— Надта хацелася б бачыць, хто возьмецца гэта зрабіць, — адказаў містэр Грымуіг, грукнуўшы палкай аб падлогу.

Зайшоўшы так далёка, абодва старыя джэнтльмены некалькі разоў узялі кожны панюшку тытуню, а потым, згодна з нязменнай сваёй традыцыяй, паціснулі адзін другому рукі.

— А цяпер, міс Мэйлі, — сказаў містэр Браўнлоў, — вернемся да асобы, якая так узрушыла вашыя гуманныя пачуцці. Паведамце мне ўсё, што ведаеце пра гэтае беднае дзіця. І дазвольце мне таксама сказаць, што я вычарпаў усе сродкі, якія меў у сваім распараджэнні, каб знайсці яго, і з таго часу, як я пакінуў Англію, першапачатковае маё меркаванне, быццам ён падмануў мяне, што ягоныя былыя супольнікі падгаварылі яго абрабаваць мяне, у значнай меры пахіснулася.

Роз, якая мела даволі часу, каб сабрацца з думкамі, сцісла і зразумела пераказала ўсё, што выпала перажыць Оліверу з таго часу, як ён пакінуў дом містэра Браўнлоў, прамаўчаўшы пра тое, што перадала ёй Нэнсі, з тым каб потым расказаць пра гэта містэру Браўнлоў сам-насам; завершыла яна свой аповед запэўніваннем, што адзіным, што выклікала роспач Олівера ў апошнія месяцы, было тое, што ён не мог сустрэцца са сваім колішнім апекуном і сябрам.

— Дзякуй Богу! — сказаў стары джэнтльмен. — Гэта для мяне вялікае шчасце, вялікае шчасце. Але міс Мэйлі, вы не сказалі мне, дзе ён цяпер. Даруйце мне за дакор — але чаму вы не прывялі яго з сабой?

— Ён сядзіць у карэце перад домам, — адказала Роз.

— Перад маім домам! — усклікнуў стары джэнтльмен.

Не гаворачы больш ні слова, ён выскачыў з пакоя, пабег уніз па лесвіцы, падняўся па прыступках кэба і праз якое імгненне быў ужо ў карэце.

Калі дзверы пакоя зачыніліся, містэр Грымуіг падняў галаву і, ператварыўшы адну з задніх ножак крэсла ў вось вярчэння, апісаў тройчы круг, дапамагаючы сабе палкай і абапіраючыся на стол. Зрабіўшы гэтае практыкаванне, ён падняўся і прайшоўся па пакоі разоў з дванаццаць так хутка, як толькі мог, потым нечакана спыніўся перад Роз і без слоў пацалаваў яе.

— Ціха! — сказаў ён, калі маладая лэдзі ўстала з крэсла, крыху напалоханая яго незвычайнымі паводзінамі. — Не бойцеся. Я ў дзяды вам падыходжу. А вы слаўная. Вы мне падабаецеся. А вось і яны!

Насамрэч, не паспеў ён апусціцца на сваё ранейшае месца, як вярнуўся містэр Браўнлоў у суправаджэнні Олівера, якога містэр Грымуіг сустрэў вельмі прыхільна, і калі б гэтая шчаслівая хвіля была адзінай узнагародай за ўсе страхі і турботы дзеля Олівера, то такой узнагароды для Роз Мэйлі было б даволі.

— А між тым тут яшчэ ёсць асоба, пра якую нельга забываць, — сказаў містэр Браўнлоў, звонячы ў званочак. — Калі ласка, скажыце, хай сюды прыйдзе місіс Бэдвін.

Старая эканомка не прамарудзіла з’явіцца, зрабіла ля дзвярэй рэверанс і чакала загаду.

— Але ж вы слепнеце з кожным днём, Бэдвін, — сказаў містэр Браўнлоў крыху раздражнёна.

— Насамрэч, сэр, — адказала старая лэдзі. — У маім узросце вочы ў людзей не паляпшаюцца з гадамі, сэр.

— Я мог бы і сам сказаць вам, — працягваў містэр Браўнлоў, — але начапіце лепш свае акуляры, і вы ўбачыце тое, што так хацелі ўбачыць.

Старая лэдзі пачала намацваць у кішэні акуляры. Але цярпенне Олівера не магло вынесці такога выпрабавання, і ён, падхоплены парывам душы, кінуўся ў яе абдымкі.

— Літасцівы Божа! — усклікнула старая лэдзі, абдымаючы яго. — Гэта ж дзіцятка маё нявіннае!

— Добрая мая старая няня! — усклікнуў Олівер.

— Ён вярнуўся! Я ведала, што ён вернецца! — сказала старая лэдзі, трымаючы яго ў абдымках. — Як добра ён выглядае і як ён зноў добра адзеты, як сын джэнтльмена! Дзе ж ты быў так доўгенька, так доўга? Ну-ну, той самы прыгожанькі тварык, але не бледны больш, тыя самыя добрыя вочкі, але не такія маркотныя. Ніколі не забывалася на іх, на ягоную ціхмяную ўсмешку, помніла іх кожны дзень нароўні з вачыма маіх любых дзетак, якія памерлі яшчэ тады, калі я была вясёлай і маладой.

Гаворачы так без перапынку і то адхіляючы Олівера ад сябе, каб праверыць, наколькі ён вырас, то зноў прытуляючы і з любасцю гладзячы яго па галаве, добрая душа то смяялася, то плакала, абняўшы яго.

Містэр Браўнлоў пакінуў ёй ды Оліверу час абмяняцца ўражаннямі. Ён пайшоў у іншы пакой і там пачуў ад Роз падрабязны аповед пра яе размову з Нэнсі, які здзівіў і ўразіў яго нямала. Роз растлумачыла таксама, чаму яна не даверылася найперш свайму сябру, містэру Лосбэрну; стары джэнтльмен выказаў меркаванне, што яна зрабіла ўсё правільна, і ахвотна пагадзіўся сам правесці ўрачыстую нараду з шаноўным доктарам. Каб забяспечыць як мага больш хуткае выкананне гэтай задумы, было вырашана, што ён прыбудзе ў гатэль а восьмай гадзіне ўвечары, а місіс Мэйлі да таго часу асцярожна праінфармуюць пра ўсё, што здарылася. Калі гэтыя меры былі грунтоўна абмеркаваныя, Роз і Олівер вярнуліся дадому.

Роз аніяк не пераацаніла выбуховы тэмперамент добрага доктара. Пачуўшы пераказ гісторыі Нэнсі, ён адразу пачаў сыпаць праклёнамі і пагрозамі, абяцаў зрабіць яе першай ахвярай дасціпнасці і камбінатарскіх здольнасцяў містэраў Блатэрса і Дафа і нават напяліў капялюш, каб пайсці і заручыцца падтрымкай гэтых джэнтльменаў. І ён у сваім парыве без сумнення выканаў бы гэты намер, ні на хвілю не задумваючыся пра наступствы, калі б яго не стрымала раздражненне містэра Браўнлоў, які і сам меў даволі гарачы тэмперамент, а таксама высновы і пярэчанні, якія здаваліся найбольш прыдатнымі, каб утрымаць яго ад такога няўзважанага кроку.

— Што тады рабіць, чорт вазьмі! — усклікнуў нецярпліва лекар, калі яны вярнуліся да абедзвюх лэдзі. — Мы што, павінны падзякаваць усім гэтым бадзягам мужчынскага і жаночага полу і папрасіць іх прыняць па сто фунтаў на кожнага як сціплы знак нашай павагі за іхняе добрае стаўленне да Олівера?

— Не зусім так, — смеючыся, адказаў містэр Браўнлоў, — але нам трэба дзейнічаць без паспешлівасці і вельмі асцярожна.

— Без паспешлівасці і асцярожна! — усклікнуў лекар. — Я паслаў бы іх усіх разам і кожнага паасобку да...

— Не важна куды, — перапыніў яго містэр Браўнлоў, — але падумайце, ці дасягнем мы нашай мэты, калі пашлем іх куды б там ні было?

— Якой мэты? — запытаўся доктар.

— Даведацца пра паходжанне Олівера і вярнуць яму спадчыну, якую, калі верыць гэтай версіі, у яго па-махлярску забралі.

— Так-так, — сказаў доктар і абмахнуўся насоўкай. — Пра гэта я ледзь не забыўся.

— Бачыце, што атрымліваецца, — працягваў містэр Браўнлоў, — калі мы паспрабуем нават вывесці з гульні гэтую бедную дзяўчыну і калі нам, можа быць, выпадзе аддаць гэтых нягоднікаў пад суд, не кампраметуючы яе, то што мы будзем мець?

— Падвядзём пад шыбеніцу пару-тройку гадаў, няйначай, і пасадзім рэшту, — быў адказ лекара.

— Выдатна! — усміхнуўся містэр Браўнлоў. — Але, без сумнення, яны самі рана ці позна туды трапяць, а калі мы ўмяшаемся і насцярожым іх, то мы, здаецца мне, зробім донкіхоцкі ўчынак, які яўна супярэчыць нашым інтарэсам або інтарэсам Олівера, што тое самае.

— Якім чынам? — запытаўся лекар.

— А вось якім. Абсалютна зразумела, што мы будзем мець цяжкасці, дакопваючыся да ісціны, пакуль не паставім на калені гэтага чалавека, Манкса. Гэтага можна дасягнуць толькі хітрасцю, заспеўшы яго ў той момант, калі навокал не будзе ягоных супольнікаў. Калі, дапусцім, яго арыштуюць — у нас няма супраць яго ніякіх улік. Ён ніколі не браў удзел (наколькі мы ведаем, або як выглядаюць факты) ні ў адным злачынстве шайкі. Нават калі яго не апраўдаюць, то самае вялікае пакаранне, якое ён атрымае, будзе прысуд за махлярства і валацужніцтва, і ўжо, напэўна, нават пасля гэтага яго рот будзе закрыты так надзейна, што для нас ад яго будзе роўна столькі карысці, каб калі ён быў глухі, нямы, сляпы і дэбільны.

— Тады я пытаю вас яшчэ раз, — з імпэтам запярэчыў лекар, — ці мяркуеце вы, што мы павязаныя абяцаннем, якое было дадзена дзяўчыне, дадзена з добрымі, найлепшымі намерамі, але...

— Не бойцеся, мілая маладая лэдзі, прашу вас, — папярэдзіў містэр Браўнлоў Роз, якая хацела была запярэчыць доктару. — Абяцанне не будзе парушана. Не думаю, каб яно нам хоць крышку замінала ў нашых намерах. Але перш чым мы абяром нейкі пэўны план дзеянняў, неабходна будзе сустрэцца з дзяўчынай і даведацца ад яе, ці пакажа яна нам на гэтага Манкса, калі ён захоча мець справу з намі, а не з правасуддзем. Калі ж яна не захоча або не зможа гэтага зрабіць, то трэба дабіцца ад яе, якія прытоны ён наведвае, як выглядае, — карацей, выведаць усё, што можа дапамагчы апазнаць яго. З ёю нельга сустрэцца да наступнага нядзельнага вечара. Сёння аўторак. Я параіў бы супакоіцца і захоўваць гэтую справу ў таямніцы, не расказваць пра яе нават Оліверу.

Хоць містэр Лосбэрн, пачуўшы гэтую прапанову, скорчыў нямала незадаволеных грымасаў — азначала ж гэта перанос справы дзён на пяць, — ён мусіў прызнаць, што на дадзены момант лепшага плана ў яго няма, а паколькі Роз і місіс Мэйлі моцна падтрымлівалі містэра Браўнлоў, прапанова гэтага джэнтльмена была прынятая адзінагалосна.

— Мне б хацелася, — сказаў ён, — звярнуцца па дапамогу да майго сябра Грымуіга. Ён дзівак, але ён чалавек праніклівага розуму і можа аказаць нам істотную дапамогу; мушу сказаць, што ён атрымаў юрыдычную адукацыю, але з агідай адмовіўся ад прафесіі адваката, бо за дваццаць гадоў яму прапанавалі толькі адну невялікую справу; добра гэта ці блага — мяркуйце самі.

— Я не пярэчу супраць таго, што вы паклічаце на дапамогу свайго сябра, калі толькі і мне можна будзе паклікаць майго, — сказаў лекар.

— Мы павінны вырашыць гэта большасцю галасоў, — адказаў містэр Браўнлоў. — Хто ён?

— Гэта сын лэдзі, — сказаў лекар, паказваючы на місіс Мэйлі, — а гэтай маладой лэдзі — вельмі стары сябра, — дадаў ён, выразна паглядзеўшы на яе пляменніцу,

Роз густа пачырванела, але не зрабіла спробы запярэчыць (магчыма, яна разумела, што застанецца ў безнадзейнай меншасці), так што Гары Мэйлі і містэр Грымуіг увайшлі ў камітэт.

— Зразумела, — сказала місіс Мэйлі, — пакуль ёсць хоць маленькая надзея на поспех гэтага расследаваня, мы застанемся ў горадзе. Дзеля той высакароднай мэты я не пашкадую ні часу, ні грошай, і я гатовая жыць тут нават дванаццаць месяцаў, калі вы ўпэўніце мяне, што ёсць хоць малая надзея.

— Добра! — падтрымаў яе містэр Браўнлоў. — А паколькі на тварах вакол мяне я чытаю пытанне, як гэта так здарылася, што мяне не было на месцы, каб пацвердзіць расказ Олівера, што я так нечакана пакінуў Англію, то дазвольце паставіць умову: мне не будуць задаваць ніякіх пытанняў, пакуль я не палічу мэтазгодным папярэдзіць іх і распавесці сваю ўласную гісторыю. Верце: я маю досыць важкія прычыны для такой просьбы. У адваротным выпадку я магу толькі спарадзіць надзеі, якія ніколі не спраўдзяцца, і адно памножыць цяжкасці і расчараванні, якіх і без гэтага хапае. Хадземце! Ужо клікалі на вячэру, і малады Олівер, які зусім адзін сядзіць у суседнім пакоі, можа, ужо пачаў думаць, што нам апрыкралаягоная кампанія і што мы ўступілі ў нейкую чорную змову, каб пазбавіцца ад яго.

З гэтымі словамі стары джэнтльмен падаў руку місіс Мэйлі і павёў яе ў сталовую. Містэр Лосбэрн узяў пад руку Роз і пайшоў следам, і нарада закрылася.

Загрузка...