Фатальныя наступствы
Да світання заставалася гадзіны дзве; гэта быў восеньскі час года, які з поўным правам называюць глухой ноччу. Вуліцы агорнутыя маўчаннем і зусім бязлюдныя, і нават гукі быццам бы ахінуў моцны сон, а распуста ды разгул, хістаючыся, ідуць дадому паспаць. Якраз гэтым ціхім і маўклівым часам сядзеў у сваёй старой бярлозе габрэй. Сядзеў без сну, з тварам такім перакошаным і бледным, з такімі налітымі крывёй, чырвонымі вачыма, што менш за ўсё ён быў падобны на чалавека, а болей — на нейкую агідную здань, якая паднялася з магілы і апанаваная была нейкім злым духам.
Ён сядзеў згорблены каля халоднага агменя, захінуўшыся ў старое рыззё, павярнуўшыся тварам да агарка свечкі, які стаяў перад ім на стале. Яго правая рука была паднятая да вуснаў, і калі ён, паглыблены ў думкі, грыз свае доўгія чорныя пазногці, то паміж бяззубых дзяснаў бачныя былі некалькі іклаў, якія бываюць у сабакі ці ў шчура.
На падлозе моцным сном спаў Ноэ Клэйпал, раскінуўшыся на матрацы. Часам стары скіроўваў свой позірк у яго бок, потым зноў пераводзіў яго на свечку, абгарэлы кнот якой сагнуўся амаль удвая, а гарачае сала камякамі абвальвалася на стол, відавочна паказваючы, што думкі старога былі дзесьці далёка адсюль.
Яны насамрэч былі далёка. Роспач з-за крушэння адмысловага плана, нянавісць да дзяўчыны, якая наважылася звязацца з чужымі людзьмі, поўнае нявер’е, што яна быццам бы не выдасць яго, горкае расчараванне з-за страты магчымасці адпомсціць Сайксу, страх выкрыцця, страты ўсяго, страх смерці, дзікая, нестрыманая лютасць, — вось якія пачуцці апанавалі, як віхор, розум Фэджына, у той час як сэрца яго грызлі д’ябальскія думкі ды самыя чорныя намеры.
Ён сядзеў так, не мяняючы позы, страціўшы, здавалася б, адчуванне часу, пакуль ягоны чуйны слых не данёс да яго крокі з вуліцы.
— Нарэшце, — прамармытаў габрэй, працягнуўшы рукой па засмяглым, гарачым роце. — Нарэшце!
У адначассе з ягоным голасам прагучаў ціхі званок. Ён споўз па прыступках да дзвярэй і неўзабаве вярнуўся з нейкім да барады захутаным у шалік чалавекам, які трымаў пад пахай якісьці клунак. Сеўшы і скінуўшы верхняе адзенне, чалавек аказаўся дужым Сайксам.
— Вось! — сказаў ён і паклаў клунак на стол. — Паклапаціся пра гэта, зрабі, што ў тваіх сілах. Каштавала шмат, каб дастаць. Думаў, што буду тут яшчэ тры гадзіны таму.
Фэджын узяў клунак, замкнуў яго ў шафе і зноўку сеў, не прамовіўшы ні слова. Аднак за ўвесь час гэтай дзеі ён ні на момант не адвёў вачэй ад Сайкса і цяпер, седзячы якраз насупраць, глядзеў на яго застыглым позіркам. Яго вусны так трэсліся, а твар так змяніўся з-за апанаваўшых яго эмоцый, што хатні злодзей міжволі адсунуў сваё крэсла і ўтаропіўся ў яго з непадробным страхам.
— Чаго! — усклікнуў Сайкс. — Чаго на мяне так глядзіш!
Габрэй падняў сваю правую руку і з пагрозаю патрос у паветры
дрыжачым указальным пальцам, але ён быў настолькі ўзрушаны, што на момант пазбавіўся мовы.
— Каб цябе трасца ўзяла! — сказаў Сайкс, мацаючы з устрывожаным выглядам нешта ў сябе за пазухай. — Ён звар’яцеў. Трэба асцерагчыся.
— Не, не, — адпрэчыў Фэджын, да якога вярнуўся голас. — Гэта не... гэта не ты, Біл... Я не магу... за табой няма ніякага граху, Біл.
— Няма. Няма, кажаш, — прамовіў Сайкс, пільна гледзячы на яго і дэманстратыўна перакладваючы пісталет у больш зручную кішэню. — Гэта добра — для аднаго з нас. Няважна, хто гэты адзін.
— Тое, што я маю сказаць, Біл, — працягваў габрэй, падцягваючы крэсла бліжэй, — горш хутчэй для цябе, чым для мяне.
— Ну? — азваўся недаверліва рабаўнік. — Выкладвай давай! Ды хутчэй давай, а то Нэнсі падумае, што я трапіў.
— Трапіў! — усклікнуў Фэджын. — Добра ж абгаблявала яна справу, трапіў, гэта факт.
Сайкс з выглядам поўнага неўразумення паглядзеў габрэю ў твар і, не знайшоўшы здавальняючага рашэння загадкі, згроб яго сваёй вялізнай ручыскай за каўнер ды патрос у паветры.
— Ану давай, кажы! — прамовіў ён. — А то хутка дыхалкі забракуе. Адкрый свой рот і скажы проста і зразумела. Распакоўвайся давай, чорт стары, хутчэй!
— Уяві сабе, што гэты хлопец там... — пачаў Фэджын.
Сайкс павярнуўся тварам туды, дзе спаў Ноэ, як быццам не бачыў яго дасюль.
— Ну! — сказаў ён і прыняў ранейшую паставу.
— Уяві сабе, што гэты хлопец задумаў данесці... здрадзіць нам, знайшоў адпаведных людзей, прызначыў ім спатканне на вуліцы, каб апісаць, як мы выглядаем, згадаць кожную адметную нашу рысу, з якой нас можна пазнаць, а таксама месца, дзе нас лягчэй за ўсё схапіць. Давай уявім, што ён усё гэта зрабіў, хоча яшчэ выдаць адну справу, у якой мы ўсе павязаныя, больш ці менш, — і ўсё гэта па сваёй прыхамаці, не будучы схопленым, кінутым у сутарэнне, катаваным, без падказкі святара, не седзячы на вадзе ды хлебе, але самахоць, крадзе час уночы, каб знайсці нашых ганіцеляў і данесці на нас. Ты чуеш мяне? — усклікнуў габрэй, і яго вочы загарэліся гневам. — Уявім, што гэта так. Што тады?
— Што тады! — паўтарыў Сайкс, дадаўшы жахлівае брыдкаслоўе. — Калі б яго пакінулі жыць да майго прыходу, я разбіў бы маім жалезным абцасам яго чарапянку на столькі кавалкаў, колькі ў яго валасоў на галаве.
— А калі б гэта зрабіў я? — амаль загаласіў Фэджын. — Я, хто ведае так шмат і даў бы падставу павесіць побач з сабой шмат каго яшчэ!
— Не ведаю, — адказаў Сайкс, сцяўшы зубы і пабялеўшы ад адной думкі пра гэта. — У вязніцы я ўчыніў бы нешта такое, каб мяне закавалі ў кайданы, і калі б надалей мяне судзілі разам з табой, то на паседжанні суда я ўзяў бы цябе ў абарот і перад усімі людзьмі выбіў бы мазгі з твае галавы. У мяне дастала б сілы, — прамармытаў рабаўнік, падымаючы сваю моцную руку, — так урэзаць па тваім кумпалу, як быццам яго пераехаў нагружаны воз.
— Дапраўды?
— Дапраўды! — сказаў хатні злодзей. — Давай паспрабуем.
— Няхай гэта быў бы Чарлі, або Махляр, або Бэт, або...
— Няважна хто, — нецярпліва адказаў Сайкс. — Хто б гэта ні быў, яго спасцігнуў бы адзін і той самы лёс.
Фэджын яшчэ раз пільна зірнуў на рабаўніка, даў яму знак маўчаць, нахіліўся над пасцеллю на падлозе ды стаў будзіць спячага. Сайкс у сваім крэсле нахіліўся, паклаўшы рукі на калені, глядзеў перад сабой у недаўменні, не разумеючы, чым могуць скончыцца гэткія пытанні і падрыхтоўка.
— Болтэр, Болтэр, бядача! — казаў Фэджын, і ў яго позірку быў агонь хуткай развязкі, а голас гучаў мерна і акцэнтавана. — Ён стаміўся, стаміўся сачыць за ёй так доўга, сачыць за ёй, Біл.
— Што ты маеш на ўвазе? — спытаў Сайкс, адхіліўшыся назад.
Габрэй не адказаў, але зноў нахіліўся над спячым, падняў і
пасадзіў яго. Калі ўмоўнае яго імя прагучала яшчэ колькі разоў, Ноэ пацёр вочы, на ўвесь рот пазяхнуў і пачаў сонна азірацца.
— Раскажы мне гэта яшчэ раз, раскажы яшчэ раз, каб ён пачуў, — прамовіў габрэй і паказаў на Сайкса.
— Што вам распавесці? — спытаў сонны Ноэ і незадаволена пацягнуўся.
— Гэта, пра НЭНСІ, — сказаў габрэй, схапіўшы Сайкса за запясце рукі, быццам баяўся, што той пойдзе з дому, не даслухаўшы, што мае сказаць Ноэ. — Дык ты пайшоў услед за ёй?
— Але.
— Да Лонданскага моста?
— Так.
— Дзе яна сустрэлася з двума людзьмі?
— Але, сустрэлася.
— З джэнтльменам і лэдзі, да якой яна яшчэ раней хадзіла самахоць, і яны прапанавалі ёй выдаць усіх сваіх таварышаў, найперш Манкса, што яна зрабіла, і апісаць яго, што яна таксама зрабіла, і расказаць ім, дзе дом, у якім мы ўсе збіраемся, што яна зрабіла, адкуль за ім найзручней можна сачыць, што яна таксама зрабіла, і сказаць, у які час мы збіраемся, што яна гэтаксама зрабіла. Яна ўсё гэта зрабіла. Яна ўсё гэта распавяла слова да слова, без боязі, не запнуўшыся, сказала — хіба не? — выкрыкнуў габрэй, напалову звар’яцелы ад шаленства.
— Як ёсць, — адказаў Ноэ, скрабучы галаву. — Дакладна так яно і было!
— Што яны сказалі пра мінулую нядзелю? — патрабавальна запытаў габрэй.
— Пра мінулую нядзелю... — раздумліва паўтарыў Ноэ. — Але ж я казаў вам ужо.
— Яшчэ раз. Паўтары яшчэ раз! — выкрыкнуў Фэджын, яшчэ мацней учапіўшыся ў Сайкса адной рукой, а другой рукой трасучы ў паветры, у той час як пена пырскала з яго рота.
— Яны пыталіся ў яе, — адказаў Ноэ, да якога, чым больш ён прачынаўся, тым больш вярталася ўсведамленне таго, хто такі Сайкс, — яны спыталі ў яе, чаму яна не прыйшла ў мінулую нядзелю, як абяцала. Яна сказала, што не магла.
— Чаму — чаму? — перапыніў габрэй, трыумфуючы. — Скажы яму гэта.
— Таму што яе сілай утрымаў дома Біл, чалавек, пра якога яна распавядала ім раней, — адказаў Ноэ.
— Што яшчэ пра яго? — выкрыкнуў габрэй. — Што яшчэ пра гэтага чалавека яна расказвала ім раней? Скажы яму гэта, скажы яму.
— Дык тое, што ёй не надта лёгка выйсці з дому, калі ён не ведае, куды яна ідзе, — адказаў Ноэ, — што ў першы раз, калі яна хадзіла да лэдзі, яна — гы-гы-гы, я мала не зарагатаў, калі яна сказала гэта — дала яму выпіць опійнага настою.
— Пекла з чарцямі! — загарлаваў Сайкс, раз’ятрана вырываючыся ад габрэя. — Пусці мяне!
Адштурхнуўшы старога, ён кінуўся прэч з пакоя, у дзікім шале ў адзін момант скаціўся ўніз па лесвіцы.
— Біл! Біл! — крыкнуў габрэй, паспяшаючы за ім. — Адно слова. Адно толькі слова.
Гэтае слова так і не прагучала б, каб хатні злодзей не наткнуўся на замкнёныя дзверы, якія ён цяпер асыпаў праклёнамі і ўдарамі. Неўзабаве, запыхаўшыся, падбег габрэй.
— Выпусці мяне, — сказаў Сайкс. — Не гавары са мной — яшчэ пачуюць. Выпусці мяне.
— ...паслухай, адно толькі слова, — адпрэчыў габрэй, паклаўшы руку на замок. — Ты ж не будзеш...
— Ну, — адказаў той.
— Ты не будзеш... занадта... гвалтоўным? — праяўкаў габрэй.
Толькі пачынала днець, і святла было дастаткова, каб
мужчыны бачылі твар адзін другога. Яны абмяняліся толькі адным кароткім позіркам; у вачах абодвух быў агонь, які не пакідаў аніякіх сумневаў.
— Я маю на ўвазе, — сказаў Фэджын, паказваючы, што прыкідвацца цяпер не мае сэнсу, — не занадта гвалтоўным дзеля бяспекі. Будзь хітрым, Біл, і не занадта самаўпэўненым.
Сайкс не адказаў, а расчыніў дзверы, адамкнутыя габрэем, і выбег на вуліцу.
Рабаўнік нястрымна імчаўся сваёй дарогай без перадыху ці хвіліннага сумневу, не паварочваючы галавы ні направа, ні налева, не падымаючы позірк угору і не апускаючы яго долу, утаропіўшыся з дзікай рашучасцю проста перад сабой. Яго зубы былі сцятыя так моцна, што, здавалася, напружаныя сківіцы вось-вось вытыркнуцца праз скуру. Ён не прамармытаў ані слова, не расслабіўся ані мускулам, пакуль не дасягнуў сваіх дзвярэй.
Ён бясшумна адчыніў іх ключом, лёгка падняўся па лесвіцы і, увайшоўшы ў пакой, закрыў замок на два абароты, заблакаваў дзверы, перанёс да іх цяжкі стол і адхінуў палог ложка.
Там ляжала дзяўчына, напалавіну адзетая. Ён разбудзіў яе — яна паднялася паспешліва, не арыентавалася, што да чаго.
— Уставай! — загадаў мужына.
— Гэта ты, Білі? — сказала дзяўчына, і было відно, што яна радая яго вяртанню.
— Я, — быў адказ. — Уставай.
Гарэла свечка, але мужчына паспешліва выхапіў яе з падсвечніка і кінуў пад камінную рашотку. Убачыўшы, што днее, дзяўчына пацягнулася, каб адхінуць фіранку.
— Няхай будзе, — прамовіў Сайкс, перакрываючы ёй шлях рукой. — Святла і гэтага стане для таго, што я збіраюся зрабіць.
— Біл, — сказала дзяўчына занепакоена, — чаму ты так глядзіш на мяне?
Некалькі секундаў рабаўнік сядзеў, не зводзячы з яе вачэй, з раздзіманымі ноздрамі, цяжка дыхаючы, потым схапіў яе за галаву і шыю, пацягнуў на сярэдзіну пакоя і, кінуўшы позірк на дзверы, закрыў ёй рот сваёю цяжкай рукой.
— Біл, Біл, — сіпела дзяўчына, вырываючыся з сілай смяротнага жаху, — я... я... не буду крычаць, ні разу, — паслухай мяне — скажы мне — скажы мне, што я зрабіла!
— Сама ведаеш, чортава племя! — адказаў рабаўнік, пераводзячы дых. — За табой сачылі ўчора ноччу, чулі кожнае слова, якое ты сказала.
— Тады пашкадуй маё жыццё ў імя Госпада Бога, як я пашкадавала тваё, — усклікнула дзяўчына, тулячыся да яго. — Біл, мілы Біл, ты не можаш забіць мяне. О! Падумай, ад чаго я адмовілася дзеля цябе толькі вось учора ноччу. Ты мусіш спыніцца, падумаць і не зрабіць гэтага злачынства. Я не пушчу рукі, табе не ўдасца адштурхнуць мяне. Біл, Біл, дзеля Бога святога, дзеля цябе, дзеля мяне, спыніся, пакуль не праліў маёй крыві! Я засталася верная табе, клянуся маёй грэшнай душой, верная!
Мужчына зацята спрабаваў вызваліць рукі, але рукі дзяўчыны абдымалі яго, і як ён ні намагаўся, але не мог адарваць іх ад сябе.
— Біл! — усклікнула дзяўчына, спрабуючы пакласці галаву на яго грудзі. — Джэнтльмен і гэтая мілая лэдзі казалі мне ўчора пра дом у далёкай краіне, дзе я магла б пражыць свае дні ў адасабленні і спакоі. Дай мне магчымасць яшчэ пабачыцца з імі і папрасіць іх, стоячы на каленях, аказаць такую ж міласць і табе, і давай удваіх пакінем гэтае жахлівае месца і зажывем далёка адсюль і адно ад аднаго лепшым жыццём і не будзем успамінаць ніколі пра тое, як жылі, толькі ў малітвах, і больш ніколі не сустрэнемся. Ніколі не позна пакаяцца. Так яны мнеказалі... цяпер — я адчуваю, што гэта правільна — але нам трэба мець час — хоць крышачку часу!
Зладзей вызваліў адну руку і намацаў пісталет. Але, нягледзячы на выбух лютасці, у ягонай галаве высвецілася думка, што ён адразу будзе раскрыты, калі стрэліць, і ён з усяе сілы ўдарыў пісталетам два разы зверху ўніз па твары дзяўчыны, які амаль дакранаўся да ягонага.
Яна захісталася і ўпала, амаль нічога не бачачы з-за крыві, якая пацякла з глыбокай раны на лбе, але з натугай узбілася на калені, дастала з-за пазухі белую насоўку — падарунак ад Роз Мэйлі — падняла яе ў складзеных руках да неба так высока, як дазвалялі яе слабыя сілы, і прашаптала ціхую малітву да Усявышняга, просячы міласэрнасці.
Гэта была прывідная карціна. Забойца адхіснуўся да сцяны, захінаючы вочы рукой, схапіў цяжкую дубіну і адным ударам збіў дзяўчыну з ног. Больш яна не паднялася.