апавядае пра насельнікаў дома, у якім знайшоў сабе прытулак Олівер
Умілым пакойчыку, абстаўленым мэбляй, якая хутчэй выглядала на старадаўні камфорт, чым на мадэрн, за багата накрытым сталом снедалі дзве лэдзі. Ім прыслужваў містэр Джайлс, адзеты ў бездакорную чорную тройку. Ён заняў пазіцыю паміж буфетам і сталом; Джайлс выпрастаўся на ўвесь рост, закінуў галаву і крыху нахіліў яе набок, левую нагу выставіў наперад, а правую руку засунуў у камізэльку, тым часам як левая звісала ўздоўж тулава. Вальяжна трымаючы паднос, ён меў выгляд чалавека, які працаваў, усведамляючы свае заслугі і сваю значнасць.
Адна з дзвюх лэдзі была ўжо ў сталым веку, але нават высокая спінка дубовага крэсла, у якім яна сядзела, не была больш прамой, чым яе пастава. Апранутая скрайне акуратна і вытанчана ў касцюм старога крою, але з нейкай доляй новага стылю, што не толькі не псавала кампазіцыі, але, хутчэй, выгадна падкрэслівала стары стыль, лэдзі сядзела, нібы на троне, паклаўшы рукі перад сабой на стол. Яе вочы (а ўзрост амаль не забраў у іх бляску) пільна глядзелі на маладую суразмоўніцу. Маладзейшая лэдзі была ўвасабленнем самой вясны і росквіту жаноцкасці. Яна была ў тым узросце, у якім (пра гэта можна меркаваць, не ўпадаючы ў блюзнерства), калі Бог па сваім добрым Провідзе калі-небудзь усяляе анёлкаў у смяротных людзей, то менавіта ў такіх, як яна.
Ёй было, можа, крыху больш за сямнаццаць. Аблічча яе было такім мілым і лагодным, такім чыстым і прыгожым, што зямля для яе здавалася занадта нізкай, а зямныя стварэнні занадта грубымі, каб скласці ёй кампанію. Нават розум, які свяціўся ў яе глыбокіх блакітных вачах і адбітак якога несла чало, здавалася, не адпавядаў ні яе ўзросту, ні гэтаму свету, але выраз мяккасці і зычлівасці, дабрыні, водбліскі душэўнага святла, якія ігралі на твары, не пакідаючы на ім ценяў, а найперш — усмешка, шчырая, шчаслівая ўсмешка — усё было створана для сям’і, для міру і для шчасця вакол сямейнага агменя.
Дзяўчына рупліва завіхалася за сталом. Выпадкова яна падняла вочы якраз у тую хвілю, калі старая лэдзі глядзела на яе. Яна ўсмешліва адкінула з ілба валасы, сціпла раздзеленыя пасярэдзіне праборам, і яе прамяністы пагляд выразіў столькі любові, захаплення і непадробнай спагады, што духі нябесныя ўсміхнуліся б, гледзячы на яе.
— Ужо больш за гадзіну прайшло, як Брытлз паехаў? — спытала старая лэдзі пасля паўзы ў размове.
— Ужо гадзіну і дваццаць хвілін таму, мэм, — адказаў містэр Джайлс, паглядзеўшы на срэбны гадзіннік, які ён выцягнуў з кішэні за чорную стужку.
— Ён заўсёды быў такі марудлівы, — заўважыла старая лэдзі.
— Брытлз заўсёды быў нетаропкі хлопец, мэм, — пацвердзіў слуга.
Заўважым, што калі прыняць да ўвагі той факт, што Брытлз
быў нетаропкім ужо больш за трыццаць гадоў, то ўяўлялася малаверагодным, што ён калі-небудзь разварушыцца.
— Мне здаецца, што ён замест таго, каб змяняцца ў лепшы бок, змяняецца ў горшы, — сказала сталая лэдзі.
— Нельга будзе дараваць, калі ён перастане гуляць з іншымі хлопчыкамі, — сказала з усмешкай маладая лэдзі.
Містэр Джайлс, напэўна, абдумваў, ці можа ён дазволіць сабе паблажлівую ўсмешку, але тут да садовай брамкі пад’ехала двуколка, і з яе саскочыў тоўсты чалавек. Ён адразу ж папраставаў да дзвярэй, нейкім загадкавым чынам вось тут жа пранік у дом і ўварваўся ў пакой, ледзь не перакуліўшы містэра Джайлса і стол адначасова.
— Я такое чуў, такія рэчы! — усклікнуў тоўсты джэнтльмен. — Мая дарагая місіс Мэйлі... Божа мой... пад покрывам ночы... Ніколі не чуў нічога падобнага!
Выказаўшы такім чынам сваё спачуванне, тоўсты джэнтльмен паціснуў руку абедзвюм лэдзі, падсунуў крэсла і запытаўся, як яны пачуваюцца.
— Вы маглі памерці, літаральна памерці ад жаху, — сказаў тоўсты джэнтльмен. — Чаму вы не паслалі па мяне? О Божа! Калі не я, дык мой слуга быў бы тут ужо праз хвіліну, або яшчэ нехта, запэўніваю вас, пры такіх абставінах — абавязкова. Так нечакана! Пад покрывам ночы!
Выглядала на тое, што доктар асабліва ўразіўся тым, што спроба рабаўніцтва здарылася нечакана і пад покрывам ночы, як быццам джэнтльмены-ўзломшчыкі мелі звычку пракручваць свае справы апоўдні або папярэджваць пра іх двухпенсавай паштоўкай за дзень-два.
— А вы, міс Роз, — сказаў доктар, павярнуўшыся да маладой лэдзі, — я...
— Так, так, — перапыніла яго Роз, — але там наверсе той маленькі небарака, і цётухна хоча, каб вы яго агледзелі.
— Зразумела, агледжу, — адказаў доктар, — абавязкова. Наколькі я зразумеў, гэта вашых рук справа, Джайлс.
Містэр Джайлс, які ліхаманкава прыбіраў кубачкі, моцна пачырванеў і сказаў, што гэты гонар належыць яму.
— Гонар, кажаце? — перапытаў доктар. — Ну, не ведаю. Можа быць, гэта і гонар — падстрэліць злодзея на кухні, такі самы гонар, як трапіць у саперніка на дуэлі з дванаццаці крокаў. Уявіце сабе, што ён стрэліў у паветра, і вы выйгралі дуэль, Джайлс.
Містэр Джайлс, які ўспрыняў такі легкаважны падыход да справы як несправядлівую спробу паменшыць ягоную славу, далікатна адказаў, што не яму тут выносіць прысуд, але на яго погляд, другому боку было не да жартаў.
— Але, але! — усклікнуў доктар. — Ну дык што, давайце пакажыце мне, дзе ён. Місіс Мэйлі, я зазірну яшчэ да вас, калі спушчуся ўніз. Вось праз гэтае маленькае акенца ён залез, так? Ну, ні за што не паверыў бы!
Не перастаючы казаць, ён пайшоў услед за містэрам Джайлсам. Пакуль яны падымаюцца па лесвіцы, чытачу можна паведаміць, што містэр Лосбэрн, мясцовы лекар, вядомы на дзесяць міль у акрузе як «доктар», растаўсцеў больш праз добры характар, чым праз добрае жыццё, і быў такім мілым і сардэчным, а да таго ж і крыху дзівакаватым старым халасцяком, якога ніводны даследчык не знайшоў бы за ўсё жыццё ў акрузе, у пяць разоў большай за гэтую.
Доктар адсутнічаў нашмат даўжэй, чым гэтага чакалі ён сам і абедзве лэдзі. З двуколкі прынеслі вялікую плоскую скрынку, у спальні вельмі часта звінеў званочак, а слугі няспынна бегалі ўверх-уніз па лесвіцы. На грунце гэтага была зроблена выснова, што наверсе адбываецца нешта надта сур’ёзнае. Нарэшце доктар вярнуўся, і калі яго з бояззю спыталі пра пацыента, ён з таямнічым выглядам зачыніў больш шчыльна дзверы.
— Гэта надзвычайны выпадак, місіс Мэйлі, — сказаў доктар, падпёршы спінай дзверы, быццам не дазваляючы іх адчыніць.
— Я спадзяюся, ён у бяспецы? — спытала старая лэдзі.
— Калі браць пад увагу ўсе акалічнасці, то можна сказаць, што небяспека ёсць, — адказваў доктар, — хоць я прытрымліваюся іншага меркавання. Вы бачылі гэтага злодзея?
— Не, — адказала старая лэдзі.
— І нічога не чулі пра яго?
— Не.
— Прашу мне прабачыць, мэм, — уставіў містэр Джайлс, — але я збіраўся расказаць вам пра яго якраз у тую хвілю, калі ўвайшоў містэр Лосбэрн.
Рэч была ў тым, што містэр Джайлс спачатку не мог прызнацца, што ён падстрэліў усяго толькі хлопчыка. Яго спраўнасць была настолькі ўхваленая, што ён не мог не адкласці на некалькі цудоўных хвілінак канчатковае тлумачэнне, і гэтыя хвілі знаходзіўся на версе хуткаплыннай славы, якую ён здабыў сваёй непахіснай мужнасцю.
— Роз хацела пабачыць гэтага чалавека, — сказала місіс Мэйлі, — але я і чуць пра тое не хацела.
— Гм, — азваўся доктар. — Выгляд у яго зусім не страшны. Вы не будзеце супраць паглядзець на яго ў маёй прысутнасці?
— Калі гэта так неабходна, — адказала старая лэдзі, — то, безумоўна, не супраць.
— Я думаю, што неабходна, — пацвердзіў доктар. — Ва ўсялякім выпадку, я абсалютна пэўны, што вы глыбока пашкадуеце, калі будзеце зноў і зноў адкладваць і не зробіце гэтага адразу. Цяпер ён зусім спакойны і ляжыць ціха. Дазвольце. Міс Роз, вы мне дазволіце? Клянуся гонарам, няма ніякіх падстаў баяцца!