РАЗДЗЕЛ VIII


Олівер ідзе ў Лондан. Па дарозе ён сустракае дзіўнага маладога джэнтльмена

лівер дайшоў да агароджы. Тут сцежка заканчвалася — за

пералазам зноў ішоў гасцінец. Было восем гадзін. Хоць ён і адышоўся ад горада міль на пяць, ён бег, хаваючыся за платамі, да палудня, баючыся, што за ім могуць выслаць пагоню і злавіць. Потым ён сеў адпачыць каля мілевага слупа і ўпершыню задумаўся, куды яму лепш ісці і дзе лепш жыць.

На слупе, ля якога ён сядзеў, вялікімі літарамі было напісана, што адсюль да Лондана роўна семдзясят міль. Назоў абудзіў у хлопчыка новы шэраг думак. Лондан — гэта вялікі горад! Ніхто, нават містэр Бамбл, не зможа знайсці яго там! Старыя з працоўні таксама казалі, што калі хлопец з галавой на плячах, то пражыве ў Лондане без праблем, і што ў гэтым вялікім горадзе ёсць такія спосабы зарабляць грошы, пра якія той, хто вырас у вёсцы, не мае ўяўлення. Для бяздомнага хлопчыка, які можа памерці на вуліцы, калі яму ніхто не дапаможа, гэта самае лепшае месца. Калі гэтыя думкі прайшлі праз яго галаву, ён ускочыў на ногі і зноўку пакрочыў наперад.

Адлегласць паміж Оліверам і Лонданам паменшала на добрых чатыры мілі, калі хлопчык нарэшце ўявіў, колькі яму трэба перацярпець, перш чым ён наблізіцца да месца прызначэння. Калі гэтая пэўнасць завалодала ім, ён запаволіў крокі і стаў разважаць аб сродках дасягнення мэты. У ягоным скрутку быў акраец хлеба, кашуля з грубага сукна і дзве пары панчох. У кішэні ляжаў яшчэ пені — падарунак ад Саўэрберы пасля аднаго пахавання, у час якога Олівер вызначыўся больш, чым звычайна. «Чыстая кашуля, — думаў Олівер, — гэта вельмі вартая рэч, гэтаксама як і дзве пары зацыраваных панчох ды пені, але гэта малая дапамога, калі трэба зімой прайсці шэсцьдзесят пяць міль».

Олівер, як і большасць іншых людзей, надзвычай тонка і хутка адчуваў цяжкасці. А вось адшукаць які-небудзь шлях да іх пераадолення яму было вельмі цяжка. Так што, паразважаўшы доўга і без карысці, ён перакінуў вузельчык на другое плячо і паплёўся далей.

У гэты дзень Олівер прайшоў дваццаць міль, і за ўвесь гэты час у яго ў роце не было нічога, акрамя скарынкі сухога хлеба і колькіх глыткоў вады, якую ён выпрошваў ля дзвярэй прыдарожных дамоў. Калі надышоў вечар, ён павярнуў на луг, залез у стог сена і вырашыў ляжаць тут да ранку. Спачатку яму было страшна, бо вецер журботна выў над пустымі палямі; яму было холадна і голадна, і ён пачуваўся больш адзінокім, чым калі-небудзь раней. Аднак ён быў стомлены доўгай хадою і хутка заснуў, забыўшыся на свае нягоды.

Калі ён прачнуўся наступным ранкам, то адчуў, што канчаткова змёрз, адубеў і быў такім галодным, што хоцькі-няхоцькі мусіў памяняць свой пені на маленькі бохан хлеба ў першай вёсцы, праз якую яму надарылася ісці. Калі надышла чарговая ноч, ён прайшоў не болей за дванаццаць міль. Падэшвы пяклі, балелі ступакі, а ногі былі такімі слабымі, што дрыжалі пад ім. Гэтую ноч хлопчык правёў у халодным, сырым месцы, і яму стала яшчэ горш. Калі наступным ранкам ён выбраўся ісці, то ледзь перастаўляў ногі.

Ён пачакаў каля падножжа высокага пагорка, пакуль да таго месца не наблізілася паштовая карэта, і папрасіў міласціну ў пасажыраў, якія сядзелі звонку, але на яго мала хто звярнуў увагу, а тыя, што азваліся, сказалі, каб ён пачакаў, калі яны даедуць да вяршыні, бо ім цікава паглядзець, ці зможа ён прабегчы гэтую адлегласць за паўпені. Небарака Олівер паспрабаваў трымацца ўпоравень з карэтай, але яго хапіла ненадоўга, бо ягоныя ногі былі слабыя і моцна балелі. Убачыўшы гэта, тыя, што сядзелі звонку, схавалі свае паўпені ў кішэні і абазвалі Олівера лайдакаватым шчанюком, які не заслугоўвае нічога. Карэта з грукатам знікла з вачэй, пакінуўшы пасля сябе воблака пылу.

У некаторых вёсках былі прымацаваныя вялікія каляровыя дошкі з абвесткамі, што тых, хто ў гэтай акрузе жабруе, здадуць у турму. Гэта вельмі напалохала Олівера, і ён быў вельмі рады знікнуць з паселішча з найвялікшай хуткасцю. У іншых вёсках ён стаяў каля пастаялых дамоў і ўмольна глядзеў на кожнага, хто праходзіў паўз яго. Звычайна гэта заканчвалася тым, што гаспадыня загадвала каму-небудзь з фарэйтараў, якія лазілі па двары, прагнаць чужога жабрака, бо была ўпэўненая, што той прыйшоў, каб нешта сцібрыць. Калі ён прасіў міласціну каля сядзібы селяніна, то ў дзевяці выпадках з дзесяці пагражалі нацкаваць на яго сабаку, а калі ён засоўваў нос у краму, то пачыналі казаць аб прыходскім кур’еры, ад чаго Оліверава сэрца, здавалася, падступала да самага горла, у якое цягам многіх гадзін не трапляла ані крошкі.

Насамрэч, калі б не дабрасардэчны вартаўнік ля заставы і не зычлівая старая лэдзі, Оліверавы нягоды скончыліся б урэшце гэтаксама, як у свой час скончыліся нягоды ягонай маці. Іншымі словамі, ён верагодней за ўсё ўпаў бы мёртвым на каралеўскім гасцінцы. Але вартаўнік даў яму на раз паесці хлеба з сырам, а старая лэдзі, у якой дзесьці далёка, у іншай частцы свету, пацярпеў крушэнне ўнук і цяпер блукаў басанож немаведама дзе, пашкадавала беднага бязбацькавіча і дала яму, што магла, а галоўнае — сказала пры гэтым такія лагодныя, ласкавыя словы, праліла такія слёзы спачування і сімпатыі, што яны запалі Оліверу ў душу глыбей, чым усе пакуты, якія ён перанёс.

Раненька на сёмы дзень пасля таго, як Олівер пакінуў родныя мясціны, ён, кульгаючы, памалу ўвайшоў у мястэчка Барнэт.

Аканіцы былі зачыненыя, вуліцы — бязлюдныя. Аніхто не прачнуўся яшчэ для будзённых спраў. Сонца падымалася ва ўсім сваім харастве, але святло толькі паказала Оліверу ягоную самоту і занядбанасць, калі ён са скрываўленымі нагамі, пакрыты пылам, сядзеў на каменным ганку.

Мала-памалу пачалі адчыняцца аканіцы, падымацца жалюзі, на вуліцы з’явіліся людзі. Некаторыя з іх на момант ці два спынялі пагляд на Оліверы, той-сёй на хаду паварочваўся і глядзеў на яго, але ніхто не дапамог яму і нават не паклапаціўся спытаць, як ён сюды прыйшоў. У яго ўжо не было духу прасіць міласціну. Так ён тут і сядзеў.

Нейкі час ён сядзеў на ганку, дзівячыся, як шмат тут шынкоў (кожны другі дом у Барнэце быў закусачнай, малой ці вялікай), гледзячы без імпэту на карэты, якія ехалі паўз яго, і думаючы, як гэта дзіўна, што яны за некалькі гадзін лёгка маглі зрабіць тое, на што яму спатрэбіўся цэлы тыдзень мужнага пераадолення і рашучасці, якія для яго ўзросту зусім не характэрныя. І тут ён звярнуў увагу на падлетка, які некалькі хвілін таму назад, не зважаючы на Олівера, прайшоў па вуліцы, а цяпер вось вярнуўся і пільна разглядаў яго з процілеглага тратуара. Спачатку Олівер не надаў гэтаму вялікай увагі, але гэтае сачэнне трывала так доўга, што Олівер падняў галаву і вытрымаў пагляд незнаёмца. Тут хлопчык перайшоў вуліцу і сказаў, падышоўшы да Олівера ўпрытык:

— Здароў, зух. Што здарылася?

Хлопчыку, які гэта прамовіў, было прыкладна столькі ж гадоў, колькі і Оліверу, але выглядаў ён вельмі дзіўна. Такога хлопчыка Оліверу не выпадала бачыць ніколі раней. Ён быў кірпаносы, з плоскім тварам, нічым асаблівым не вылучаўся і быў такім брудным, якім толькі можа быць падшыванец, але манеры і пастава ў яго былі зусім як у дарослага дзядзькі. Як на свой узрост, ён быў занадта малы, з досыць-такі крывымі нагамі і маленькімі, калючымі ды непрыемнымі вочкамі. Ягоны капялюш ледзь-ледзь трымаўся на макаўцы галавы; здавалася, што ён вось-вось зваліцца. Так яно і здарылася б, калі б яе гаспадар не меў завядзёнкі штохвілінна матляць галавой так, што капялюш зноў вяртаўся на належнае месца. На хлопчыку было паліто дарослага дзядзькі, якое яму было мала што не да пятаў. Рукавы ён адкасаў ледзьве не да самага локця, каб былі вольныя рукі, якія ён з задзірлівым выглядам засунуў у кішэні плісавых штаноў; відаць, для гэтага ён іх і вызваліў. Калі падагульніць, то гэта быў самы нахабны і самаўпэўнены малады джэнтльмен ростам з чатыры футы шэсць дзюймаў, у кароткіх ботах.

— Здароў, зух! Што здарылася? — сказаў Оліверу гэты дзіўны малады джэнтльмен.

— Я вельмі галодны і моцна стаміўся, — адказаў Олівер са слязьмі на вачах. — Я прайшоў шмат міляў. Іду ўжо сем дзён.

— Ажно сем дзён! — здзівіўся малады джэнтльмен. — Ну, бачу. Гэта што, дзюба загадаў, га? Але, — дадаў ён, заўважыўшы, як здзіўлена паглядзеў на яго Олівер, — здаецца, сябра, ты не ведаеш, хто такі дзюба?

Олівер ціхмяна адказаў, што ён заўсёды чуў, што гэтым словам называюць птушыны рот.

— Што я бачу! Які зялёны! — усклікнуў малады джэнтльмен. — Дзюба — гэта суддзя, і калі ты ідзеш на загад дзюбы, то ты ідзеш не проста, а заўсёды ўгару, на шыбеніцу, без звароту. Ты ніколі не быў на ступальні?

— На якой ступальні? — запытаў Олівер.

— На якой ступальні — вось табе і маеш! На ступальні, якую круцяць нагамі. Яна так мала месца займае, што працуеш, бы ў каменным мяшку, і чым лепш яна робіць, тым горш жывецца людзям, бо калі людзям жывецца добра, дык на яе ніяк не могуць знайсці рабочых. Але хадзем, — працягваў малады джэнтльмен, — ты хочаш узяць нешта на зуб, і ты возьмеш. Я і сам сяджу на мелі, усё, што маю, — гэта боб ды гарох, але калі ўжо такія справы, то адшкадую. Уставай на свае запалкі. Пад’ём! Руш!

Малады джэнтльмен дапамог Оліверу ўстаць і завёў яго ў краму непадалёку, дзе купіў вяндліны, палову чатырохфунтовага бохана хлеба, або, як ён сам выразіўся, «на чатыры пенсы вотруб’я». Вяндліну ён засцярог ад пылу дзякуючы хітрай выдумцы: ён выдаліў з буханкі частку мякіша і засунуў туды мяса. Узяўшы хлеб пад паху, малады джэнтльмен завярнуў у невялікі шынок і прайшоў у задні пакой, дзе была піўнуха. Тут на загад таямнічага маладзёна прынеслі куфаль піва, і Олівер, запрошаны сваім новым сябрам, доўга і ад душы еў. Дзіўны хлопчык час ад часу ўважліва разглядваў Олівера.

— У Лондан ідзеш? — спытаўся дзіўны хлопчык, калі Олівер нарэшце закончыў есці.

— Але.

— Ёсць дзе жыць?

— Не.

— Грошы?

— Не.

Дзіўны хлопчык свіснуў і засунуў рукі ў кішэні так глыбока, як дазволілі яму доўгія рукавы.

— А ты жывеш у Лондане? — спытаў Олівер.

— Так, калі бываю дома, — адказаў хлопчык. — Мяркую, што табе трэба сёння дзе-небудзь заночыць, га?

— Сапраўды, — адказаў Олівер. — Я не спаў пад дахам з таго часу, калі пайшоў з мястэчка.

— Можаш не церці наконт гэтага вочы, — прамовіў малады джэнтльмен. — Сёння ўвечары я маю быць у Лондане, і я ведаю аднаго шаноўнага старога джэнтльмена, які жыве там і дасць табе за ніц прытулак і рэшты не папытае, — зразумела, калі цябе прадставіць джэнтльмен, якога ён ведае. А мяне хіба ён не ведае? О, не, не ведае! Ні ў якім выпадку! Ні за што. Безумоўна, не!

Малады джэнтльмен усміхнуўся, быццам падкрэсліваючы, што апошнія яго словы былі сказаныя з іроніяй, і дапіў піва.

Нечаканая прапанова прытулку была занадта спакуслівай, каб яе адхіліць. Да таго ж, малады джэнтльмен адразу запэўніў, што памянёны стары джэнтльмен абавязкова, не губляючы часу, адшукае Оліверу якое-небудзь цёплае месца. Дыялог лагічна стаў больш прыязным і шчырым. З яго Олівер даведаўся, што ягонага сябра завуць Джэк Доўкінз і што ён улюбёнец і пратэжэ памянёнага старога джэнтльмена.

Выгляд містэра Доўкінза наўрад ці выразна сведчыў пра тыя даброты, якімі яго патрон нібыта мог забяспечыць ягоных знаёмцаў. Але хлопец меў такую нядбайную і раскілзануюманеру гаварыць, а да таго ж згадаў, што ў коле блізкіх сяброў ён больш вядомы пад мянушкай «Спрытны Махляр», — што Олівер вырашыў, што ён пустадомак, які не зважае на словы свайго дабрадзейнага апекуна. Кіруючыся гэтым уражаннем, Олівер патаемна вырашыў як мага хутчэй заслужыць ухвалу старога джэнтльмена, а што да Махляра, то калі нават выйдзе, што ён непапраўны, у чым не выпадала сумнявацца, то ён унікне гонару далейшага з ім знаёмства.

Паколькі Джон Доўкінз не хацеў з’яўляцца ў Лондане да таго, як сцямнее, то яны дасягнулі заставы ў Айлінгтоне толькі блізу адзінаццатай гадзіны. Ад «Анёла» яны павярнулі на вуліцу Святога Джона, прайшлі маленькай вуліцай, якая заканчвалася каля тэатра Сэдлерз-Уэлз, потым пайшлі па Эксмаўт-стрыт і Копіс-роў, праз двор ля працоўні, перасеклі пляц, які калісьці насіў імя Хоклі-ін-зэ-хоўл, павярнулі ў Літл-Сафранхіл, потым у Грэйт-Сафранхіл, па якой Махляр кінуўся подбегам, змушаючы Олівера не адставаць.

Хоць увага Олівера была скіраваная на тое, каб не згубіць з поля зроку свайго правадніка, ён не мог устрымацца, каб не кінуць некалькі паспешлівых позіркаў па абодва бакі дарогі. Ён ніколі не бачыў больш бруднага і больш агіднага месца. Вуліца была вельмі вузкая і вельмі гразкая, а паветра поўнілася смуродам. Было шмат крамаў, але здавалася, што адзіны тавар тут — гэта дзеці, якія плоймамі корпаліся перад дзвярыма нават у гэты позні час; знутры таксама быў чуцен іхні голас. Адзінымі месцамі, якія быццам бы квітнелі сярод агульнага ўпадку, былі шынкі, а ў іх гарланілі страчаныя людзі — ірландскія падонкі. Пераходы і двары з дахамі, якія тут і там ляпіліся да галоўнай вуліцы, закрывалі маленькія кучкі дамоў. Тут п’яныя мужчыны і жанчыны літаральна валяліся ў гразі, а з некаторых дзвярных проймаў, крадучыся, выходзілі падазроныя амбалы, і выпраўляліся яны, відаць, на справы не вельмі дабрадзейныя і бяскрыўдныя.

Олівер толькі быў падумаў, ці не лепш яму будзе ўцячы, як яны дайшлі да канца спуску. Яго праваднік, схапіўшы яго за руку, нагой адчыніў дзверы нейкага дома непадалёку ад Філд-лэйн і, зацягнуўшы яго ў калідор, зачыніў дзверы.

— Хто гэта?! — азваўся ў адказ на Махляроў свіст нечый голас знізу.

— Махлярства і фарт! — быў адказ.

Відавочна, гэта быў пароль або сігнал, што ўсё ў парадку, таму што на сцяне ў дальнім канцы калідора адбілася слабае святло свечкі, а з-за паламаных парэнчаў лесвічнага пралёту, які вёў на кухню, вызірнуў мужчынскі твар.

— Дык вас двое, — сказаў мужчына, выцягваючы перад сабою руку са свечкаю і засланяючы вольнаю рукой вочы ад святла. — Хто гэты другі?

— Новы таварыш, — адказаў Джэк Доўкінз, выштурхоўваючы Олівера наперад.

— Адкуль ён?

— З Зеленагародка. Фэджын наверсе?

— Так, разбірае выціралкі. Хадзем наверх!

Свечку прынялі, і твар знік.

Олівер адной рукой намацваў сабе ў цемры дарогу, другую моцна сціснуў у сваёй ягоны таварыш. Ён з цяжкасцю прабіраўся па цёмнай старой лесвіцы, у той час як яго праваднік ішоў лёгка і пэўна, што сведчыла пра тое, што месца яму было добра знаёмае. Ён штурхнуў дзверы ў нейкі задні пакой і пацягнуў Олівера за сабой.

Сцены і столь пакоя былі зусім чорныя ад часу і бруду. Перад камінам стаяў стол з хваёвых дошак, на стале — свечка ў бутэльцы з-пад імбірнага піва, два або тры алавяныя кубкі, бохан хлеба і масла ў масленіцы, а таксама талерка. На патэльні, якая вісела над агнём на дроце, прымацаваным за паліцу, смажыліся сасіскі, а побач з відэльцам для смажанак у руцэ стаяў вельмі стары габрэй, выпетралы ад узросту, з калматымі рудымі пэйсамі і злосным, непрыемным тварам. Ён быў адзеты ў завэдзганы фланелевы халат з вялікім выразам. Здавалася, што ён дзяліў сваю ўвагу паміж патэльняй і вешаком, на якім вісела вялікая колькасць шаўковых насовак. На падлозе ляжалі адзін каля аднаго некалькі неахайных матрацаў, зробленых са старых мяшкоў. Вакол стала сядзелі чатыры ці пяць хлопчыкаў. Ніхто з іх не быў старэйшы за Махляра. Яны з выглядам дзядзькаў сталага веку курылі гліняныя люлькі і папівалі нешта моцнае. Калі Махляр шапнуў нешта на вуха габрэю, яны скучкаваліся вакол яго. Пачуўшы, павярнулі твары да Олівера і заўхмыляліся, гэтаксама як і габрэй са сваім відэльцам у руцэ.

— Гэта ён, Фэджын, — сказаў Джэк Доўкінз, — мой сябра Олівер Твіст.

Габрэй ухмыльнуўся і, нізка пакланіўшыся Оліверу, паціснуў яму руку і выразіў спадзяванне на тое, што будзе мець гонар пазнаёміцца больш блізка. Пасля гэтага падышлі джэнтльмены з глінянымі люлькамі і вельмі моцна ціснулі яго абедзве рукі, асабліва тую, у якой ён трымаў свой вузельчык. Адзін з маладых джэнтльменаў улягаў павесіць яго шапку, а другі паклапаціўся засунуць рукі ў кішэні Оліверу, каб той не меў клопату штосьці там вымаць адтуль перад сном, бо ён жа вельмі стаміўся. Выглядала на тое, што іх галантнасць праявілася б яшчэ больш, каб не габрэй, які стаў абходжваць дабрадзейных маладых людзей па галовах і плячах.

— Мы вельмі радыя пазнаёміцца з табой, Олівер, вельмі, — сказаў габрэй. — Махляр, здымай сасіскі і падсунь да каміна бочку для Олівера. Ах, вось яно што, ты глядзіш на насоўкі, га, мой мілы? Што, шмат іх? Мы іх якраз пераглядалі перад тым, як памыць, вось і ўсё, Олівер, вось і ўсё. Ха-ха-ха!

Апошняя частка яго маналога выклікала воклічы ўхвалення ва ўсіх шматабяцальных вучняў вясёлага старога джэнтльмена. Пад гэтыя воклічы яны і распачалі вячэру.

Олівер з’еў сваю долю, і габрэй намяшаў яму джыну з цёплай вадой, сказаўшы, каб ён адразу ўсё выпіў, бо шклянка патрэбная іншаму джэнтльмену. Олівер зрабіў, як яму сказалі. Адразу пасля гэтага ён адчуў, што яго паднялі і паклалі на адзін з мяшкоў, а потым ён заснуў моцным сном.

Загрузка...