РАЗДЗЕЛ ХХІ


Экспедыцыя

Калі яны выйшлі на вуліцу, займаўся бязрадасны дзень.

Дзьмуў моцны вецер, ішоў дождж, хмары нізка навіслі над зямлёй. Ноч была вельмі сырая, і на вуліцах стаялі вялікія лужы. Сцёкавыя канавы былі перапоўненыя. Толькі-толькі пачынала брацца на дзень, але слабае святло дня адно азмрочвала панылы краявід: на гэтым бледным тле больш бляклымі выглядалі газавыя вулічныя ліхтары, і мокрыя дахі ды цёмныя вуліцы больш не падсвечваліся цёплымі і яркімі танамі. Здавалася, што ў гэтай частцы горада яшчэ ніхто не прачынаўся, таму што аканіцы паўсюдна былі шчыльна зачыненыя, а вуліцы, якімі ішлі Олівер і Сайкс, былі ціхімі і бязлюднымі.

Калі яны павярнулі на Бэтнэл-Грын-Роўд, ужо добра развіднела. Шмат якія лямпы пагасілі. У кірунку Лондана памалу ехала некалькі вазоў. Час ад часу з грукатам імчалася па дарозе паштовая карэта, і кучар частаваў бізуном дзеля перасцярогі вазніцу на цяжкім возе, які ехаў не па тым баку дарогі, — гэта пагражала кучару спазненнем на паштовую станцыю на чвэрць хвіліны. Ужо запалілі святло ў корчмах, і яны прымалі першых наведвальнікаў. Паступова пачалі адчыняцца і крамы. Зрэдку траплялі людзі. Потым асобнымі групамі пачалі сустракацца рабочыя, якія ішлі на працу, мужчыны і жанчыны з кошыкамі рыбы на галовах, павозкі з зелянінай, вазы з жывой скацінай або тушамі, малочніцы з бідонамі — бясконцая чарада людзей, што нясуць харчы ва ўсходнія прыгарады Лондана. Калі яны наблізіліся да Сіці, шум дарожнага руху паступова павялічыўся, а калі праходзілі па вуліцах паміж Шордзіч і Смітфілдам, шум перарос у гул, а рух больш нагадваў куламесу. Было ўжо зусім светла, і для паловы насельніцтва Лондана наступіла раніца дзелавога дня.

Містэр Сайкс павярнуў уніз па Сан-стрыт і Краўн-стрыт, перасёк Фінсберы-сквер і праз Чызуэл-стрыт выйшаў на Бар-бікен, потым на Лонг-авеню, а далей ужо быў Смітфілд, адкуль з паветрам даносіліся такія дзіўныя хаатычныя гукі, што Олівер быў моцна ўражаны.

У гэты дзень ладзіўся кірмаш. Гразь на пляцы даходзіла да шчыкалаткі; ад скаціны падымалася густая пара, насычаная спецыфічным смуродам. Уверсе яна змешвалася з туманам, які, здавалася, ляжаў на комінах, і воблакі гэтых выпарэнняў цяжка навісалі над галавой. Усе загоны ў цэнтры пляца і ўсе часовыя загоны, якія змаглі ўмясціцца на вольнай прасторы, былі набітыя авечкамі. Уздоўж жалабоў стаялі прывязаныя ў тры-чатыры доўгія шэрагі быкі і іншыя рагачы. Сяляне, мяснікі, пагоншчыкі, разносчыкі, хлопчыкі, злодзеі, разявакі, усялякія валацужнікі змяшаліся ў адзіную масу. Свісты пагоншчыкаў, брэх сабак, мычанне быкоў і кароў, бляянне авец, рохканне і віск свіней, крыкі разносчыкаў, воклічы, лаянка, праклёны з усіх бакоў, звон званочкаў, гул галасоў, які даносіўся з кожнай карчмы, і куламеса, штурханіна, бойкі, гіканне і выкрыкі, агіднае выццё, якое бесперапынна чулася то з аднаго, то з другога канца рынку; нямытыя, непаголеныя, пазначаныя беднасцю брудныя людзі, якія сноўдалі па абшары туды-сюды і час ад часу адбіваліся ад натоўпу, — усё гэта стварала даволі дзіўнае і непрыемнае відовішча, якое збівала з панталыку нязвыклага чалавека.

Містэр Сайкс, цягнучы за сабой Олівера, церабіў сабе дарогу локцямі праз самыя людныя месцы пляца і мала зважаў на шматстайнасць наваколля, якая так уразіла хлопчыка. Разы два ці тры ён ківаў нейкім сваім знаёмым, адхіляў іхнія запрашэнні выпіць разам ранішні кілішак і мэтанакіравана імкнуўся наперад, пакуль яны не прабіліся на волю і не выйшлі па Хаўзэр-Лэйн у Хольбарн.

— Ну, містэр Зялёнка! — сказаў Сайкс, паглядзеўшы на гадзіннік на царкве Сант-Эндру. — Хутка сем! Давай, не вісні на руцэ, лянівыя твае ногі!

Гэтую сваю прамову містэр Сайкс суправадзіў практычным дзеяннем, моцна тузануўшы свайго маленькага спадарожніка за руку. Олівер як мог прыстасоўваўся да хады хатняга злодзея; нарэшце ён пайшоў подбегам — гэта было крыху хутчэй за хуткую хадзьбу, але не так хутка, як сапраўдны бег.

У такім тэмпе яны ішлі, пакуль не дасягнулі кутка Гайд-парка і не скіраваліся ў бок Кенсінгтона. Тут Сайкс запаволіў крок, пакуль іх не дагнала пустая павозка, якая была ззаду. Убачыўшы на ёй надпіс «Хаўнслоў», ён з усёй ветлівасцю, на якую быў здольны, спытаў кучара, ці не мог бы той падвезці іх да Айлсварта.

— Заскоквайце, — дазволіў кучар і спытаў: — А гэта ваш хлопчык?

— Так, гэта мой хлопчык, — адказаў Сайкс, пільна гледзячы на

Олівера і засоўваючы руку ў кішэню, дзе ляжаў пісталет.

— Твой бацька ідзе занадта хутка для цябе, га, малец? — запытаўся кучар, бачачы, што Олівер задыхаўся.

— Німала, — умяшаўся Сайкс. — Ён прывычны. Нэд, трымайся за маю руку і залазь.

Сайкс меў на ўвазе Олівера. Ён дапамог хлопчыку залезці ў павозку. Кучар паказаў на гару мяхоў і сказаў, каб яны прылеглі на іх і адпачывалі. Яны міналі адзін указальнік міляў за другім, і Олівер пачаў губляцца ў здагадках, куды гэта хатні злодзей вязе яго. Яны ўжо праехалі Хамэрсміт, Чызуік, Кі Брыдж, Брэнтфорд, але працягвалі рухацца наперад так неадпрэчна, быццам бы толькі што выправіліся ў дарогу. Нарэшце яны пад’ехалі да тракціра, які называўся «Карэта і Коні». Непадалёку пачыналася іншая дарога. Тут павозка спынілася.

Сайкс паспешліва падхапіўся, трымаючы Олівера за руку, потым апусціў яго на зямлю, саскочыў і недвухсэнсоўна паляпаў кулаком па бакавой кішэні, злосна гледзячы на хлопчыка.

— Да пабачэння, хлопчык! — сказаў мужчына.

— Ён не ў гуморы, — азваўся Сайкс і патрос Олівера. — Ён не ў гуморы. Ах ты шчанюк! Не звяртайце на яго ўвагі.

— Надта мне трэба звяртаць увагу! — адказаў кучар, зноў залазячы ў павозку. — А надвор’е сёння — першы клас.

І ён ад’ехаў.

Сайкс пачакаў, пакуль ён не знікне з відавоку, потым сказаў Оліверу, што той можа, калі хоча, гапіцца па баках, і павёў яго далей.

Неўзабаве пасля тракціра яны павярнулі налева і потым доўга ішлі дарогай, якая адгалінавалася справа, мінаючы з абодвух бакоў шмат вялікіх садоў і багатых сядзіб, спыняючыся толькі зрэдчас, калі Сайкс хацеў выпіць піва. Нарэшце яны дайшлі да нейкага мястэчка. Тут на сцяне дома Олівер убачыў даволі вялікі надпіс «Хэмптан».

Некалькі гадзін яны блукалі палямі, потым павярнулі ў мястэчка і ў старой карчме з цьмянай пацёртай шыльдай замовілі каля кухоннага агменя абед.

Кухня была ў старым памяшканні з нізкай столлю, якая пасярэдзіне трымалася на доўгай бэльцы. Каля агменя стаялі лаўкі з высокімі спінкамі, на якіх сядзелі некалькі мужчын грубага выгляду ў рабочай адзежы. Яны пілі і курылі; яны не звярнулі ніякай увагі на Олівера і зусім мала — на Сайкса, а паколькі і Сайкс не звяртаў на іх увагі, то ён і ягоны малады спадарожнік сядзелі ў кутку самі па сабе, не абцяжарваючы сябе фактам нечай прысутнасці.

Яны паелі халоднага мяса. Містэр Сайкс выкурыў трубку, другую, трэцюю... Олівер ужо амаль упэўніўся, што далей яны не пойдуць. Ён сёння ўстаў рана і вельмі стаміўся ад дарогі, так што хутка пачаў клюкаць носам, а потым пад уплывам стомы і тытунёвага дыму наогул заснуў.

Было ўжо даволі цёмна, калі ён прачнуўся ад штуршка Сайкса. Ён скінуў з сябе санлівасць і ўбачыў, што гэты годны джэнтльмен мацаваў таварыскія ўзаеміны з нейкім рабочым над пінтай элю.

— Дык вы едзеце да Лоўэр Хэліфорд, так? — дапытваўся Сайкс.

— Так, — адказваў чалавек, які пасля выпіўкі пачуваўся крыху горш, а можа, і крыху лепш — гэта як каму. — І гэта хутка. Мой конік едзе паражняком, не тое што зранку, і ляцець ён будзе — о-го-го! Дык за яго здароўе! За майго каня! Гэта конік што трэба!

— Ці не маглі б вы падкінуць майго хлопца і мяне? — запытаўся Сайкс, падсоўваючы свайму новаму сябру эль.

— Калі паедзеце адразу, то чаму не, — адказаў чалавек. — Вам трэба ў Хэліфорд?

— У Шэпертон, — адказаў Сайкс.

— Тады падвязу вас, колькі па дарозе, — адказаў вазніца. — Бэкі, я нічога не павінны?

— Заплачана. Другі джэнтльмен заплаціў, — азвалася дзяўчына.

— Не, пачакайце, так не пойдзе! — зазначыў вазніца з робленай сур’ёзнасцю, якая ўласцівая п’яным.

— Чаму не? — запытаўся Сайкс. — Вы ж хочаце падвезці нас. Дык хіба мне нельга паставіць дзеля парахунку пінту-другую элю?

Вазніца з вельмі значным выразам твару колькі часу абдумваў гэты аргумент. Абдумаўшы, ён паціснуў Сайксу руку і сказаў, што той сапраўды мужык што трэба. На гэта містэр Сайкс адказаў, што хлапец жартуе, бо крыху выпіў. Вось каб ён быў цвярозы, то ў яго былі б сур’ёзныя падставы даваць такую ацэнку.

Памяняўшыся яшчэ колькімі кампліментамі, яны пажадалі тым, хто заставаўся, добрай ночы і пайшлі. Служанка прыбрала гладышы і куфлі і, трымаючы іх у руках, выйшла паглядзець, як кампанія ад’едзе.

Конь, за здароўе якога пілі ў яго адсутнасць, стаяў у вупражы збоку. Олівер і Сайкс без лішніх цырымоній залезлі ў вазок, а вазніца некалькі хвілін поркаўся ля каня, — «каб узбадзёрыць яго», як ён казаў, і каб яшчэ раз заявіць конюху і свету, што роўных гэтаму каню няма. Потым конюху было загадана адпусціць каня, а калі яго адпусцілі, той пакарыстаўся з гэтага скрайне непрыемным чынам: ён з выразам вялікай пагарды матляў галавой, на другім баку вуліцы заглянуў у некалькі вокнаў; учыніўшы гэтыя подзвігі, ён падняўся на дыбы, потым панёс і з грукатам вылецеў на гасцінец.

Ноч была вельмі цёмная. Над ракой і балацянкай вакол яе падымаўся туман і расцякаўся голымі палямі. Холад працінаў да касцей, панаваў пануры змрок. Ніхто не казаў ні слова. Вазніцу пацягнула на сон, а ў Сайкса не было настрою, каб завязваць размову. Олівер, скукожыўшыся, сядзеў у кутку вазка, прыгнечаны страхам і кепскімі прадчуваннямі: яму мроіліся нейкія злавесныя здані замест ніцых дрэў, голле якіх паважна гойдалася, быццам у нейкім вымарачным захапленні ад пагрозлівай змрочнасці краявіду.

Калі яны праязджалі царкву ў Санберы, звон прабіў сем гадзін. У доме перавозчыка насупраць у адным акне гарэла святло. Яно падала на дарогу і яшчэ больш падкрэслівала цемрадзь вакол цісавага дрэва і магіл пад ім. Дзесьці непадалёку глуха шумела, падаючы з вышыні, вада, і лістота старога дрэва ціха шапацела пад начным ветрам. Гэта выдавала на ціхую музыку, якая гучыць дзеля спакою памерлых.

Яны праехалі Санберы і зноў заглыбіліся ў пустэльню. Праз дзве або тры мілі вазок спыніўся. Сайкс вылез, узяў Олівера за руку, і яны зноў пайшлі далей.

Яны не зайшлі ў які-небудзь дом у Шэпертоне, як спадзяваўся змучаны хлопчык, а працягвалі ісці па гразі ў цямрэчы панылымі прасёлкамі, цераз глухія халодныя пусткі, пакуль удалечыні не сталі бачныя агні нейкага мястэчка. Угледзеўшыся, Олівер убачыў, што ўперадзе і ўнізе цячэ вада, і зразумеў, што яны падыходзяць да моста.

Сайкс ішоў проста, пакуль яны не падышлі да самага моста, а потым нечакана крута ўзяў улева.

«Там вада! — падумаў Олівер, і ў яго сэрца замерла ад страху. — Ён прывёў мяне ў гэтае бязлюднае месца, каб забіць!»

Ён ужо хацеў быў кінуцца на зямлю, каб змагацца за сваё маладое жыццё, як раптам убачыў, што яны стаяць перад нейкім напаўразбураным, недагледжаным домам. З кожнага боку ад уваходных дзвярэй з гнілым ганкам перад імі было акно, вышэй быў яшчэ адзін паверх, але святло нідзе не гарэла. Дом быў цёмны, стары, занядбаны. Выглядала на тое, што ў ім ніхто не жыў.

Сайкс, усё яшчэ не выпускаючы рукі Олівера са сваёй, падышоў паціху да нізкага ганка і падняў засаўку. Дзверы паддаліся яго намаганню, і яны ўвайшлі.

Загрузка...