пра шчаслівае жыццё, якім пачаў жыць Олівер сярод сваіх новых сяброў
лівер хварэў доўга і цяжка. Апрача болю ў прастрэленай
руцэ, хлопчыка даймала ліхаманка, якая прычапілася да яго ад доўгага знаходжання пад дажджом і на холадзе і не адпускала шмат тыдняў, моцна падрываючы ягоныя сілы. Але нарэшце ён памалу пачаў выздараўліваць, так што часам ужо мог звязаць некалькі слёзных слоў удзячнасці для дзвюх мілых лэдзі; ён казаў, што горача спадзяецца, ачуняўшы, зрабіць што-небудзь такое, каб даказаць ім сваю ўдзячнасць, — нешта такое, каб яны адразу ўбачылі тую любоў і адданасць, якой поўнілася ягонае сэрца, хаця б нешта нязначнае, нейкую драбніцу, якая, аднак, упэўніць іх у тым, што іх пяшчота і прыхільнасць не былі растрачаныя дарма, што бедны хлопчык, якога іх дабрадзейнасць выратавала ад бяды або нават ад смерці, хоча ад усёй душы служыць ім.
— Бедны хлопчык, — сказала аднойчы Роз, калі Олівер засмяглымі вуснамі спрабаваў вымавіць словы ўдзячнасці, — калі ты гэтага захочаш, у цябе будзе яшчэ шмат магчымасцей саслужыць нам службу. Мы паедзем у вёску, і мая цётухна хоча, каб і цябе ўзялі з намі. Спакой, чыстае паветра і ўсе радасці, хараство вясны адновяць твае сілы за некалькі дзён, і мы дамо табе сотні даручэнняў, калі яны толькі будуць табе па сілах.
— Па сілах! — усклікнуў Олівер. — О мілая лэдзі, я жыў бы адно толькі, каб працаваць дзеля вас, каб мець магчымасць прынесці вам задавальненне, паліваючы вашы кветкі, даглядаючы вашых птушак і цэлы дзень бегаючы на пасылках, — што б я толькі ні аддаў, каб зрабіць вас шчаслівай!
— Табе зусім не трэба нічога аддаваць, — сказала міс Мэйлі з усмешкай, — я ж казала, што мы дамо табе сотні даручэнняў, і ты зробіш мяне насамрэч шчаслівай, калі будзеш працаваць хаця б напалову так, як абяцаеш, каб дагадзіць нам.
— Шчаслівай, мэм! — усклікнуў Олівер. — Як прыемна чуць, што вы так кажаце!
— Ты можаш зрабіць мяне нават больш шчаслівай, чым можна выразіць словамі, — працягвала маладая лэдзі. — Для мяне было б невыказным задавальненнем проста ведаць, што мая мілая, дарагая цётухна стала збавіцелькай для каго-кольвечы, уратаваўшы ад такой жахлівай бяды, пра якую ты нам распавядаў; ведаць, што той, хто спазнаў яе дабрыню і спачуванне, шчыра ўдзячны, — гэта, нарэшце, прынесла б мне такую радасць, што ты і ўявіць сабе не можаш. Ты разумееш тое, што я кажу? — запыталася яна, гледзячы ў задуменны твар Олівера.
— О так, мэм, разумею, — горача адказаў Олівер, — але цяпер я думаў пра тое, што я няўдзячны.
— Да каго? — спытала маладая лэдзі.
— Да мілага джэнтльмена і добрай старой нянькі, якія так шмат пра мяне клапаціліся, — адказаў Олівер. — Я ведаю дакладна, што каб яны ведалі, які я шчаслівы, то ім гэта, напэўна, было б прыемна.
— Напэўна, — азвалася дабрадзейка Олівера, — і містэр Лосбэрн меў ласку паабяцаць, што, калі ты набярэшся дастаткова сіл, каб вытрымаць падарожжа, ён возьме цябе з сабой, і ты пабачыш іх.
— Насамрэч? — твар Олівера прасвятлеў ад радасці. — Я не ведаю, што зраблю ад радасці, калі зноў пабачу іх мілыя абліччы!
Неўзабаве Олівер дастаткова падмацаваў свае сілы, каб перанесці стому падарожжа, і аднойчы раніцай ён і містэр Лосбэрн рушылі ў дарогу на маленькай карэце, якая належала місіс Мэйлі. Калі яны даехалі да моста цераз Чэрсі, Олівер спалатнеў і гучна ўскрыкнуў.
— Што здарылася з хлопчыкам? — замітусіўся, як звычайна, доктар. — Ты што-небудзь убачыў... пачуў... адчуў... га?
— Вунь, сэр, — Олівер паказаў у акно карэты, — той дом.
— Ну дык што? Кучар, стой! Спыніцеся тут! — крыкнуў доктар. — Дык што з гэтым домам, га?
— Злодзеі... Гэта дом, куды яны мяне забралі, — прашаптаў Олівер.
— Каб вас чорт узяў! — усклікнуў доктар. — Дапамажыце мне вылезці!
Але перш чым кучар паспеў злезці з козлаў, ён сам нейкім чынам вылузнуўся з карэты, падбег да пакінутага жытла і стаў перыць у дзверы бы апантаны.
— Ну хто там яшчэ! — сказаў маленькі гарбун з агіднай знешнасцю, адчыніўшы дзверы так нечакана, што доктар па інерцыі ад яго апошняга размашыстага ўдару ледзьве не ўпаў у калідор. — Што там здарылася?
— Здарылася! — усклікнуў доктар, не разважаючы ні хвілі і хапаючы гарбуна за каўнер. — Шмат здарылася. Здарылася рабаўніцтва з узломам.
— Здарыцца яшчэ і забойства, калі ты мяне не адпусціш! — злосна сказаў гарбун. — Чуеш ці не?
— Чую! — адказаў доктар, добра страсянуўшы свайго палоннага. — Дзе гэты... Каб яго зямля завярнула, як там яго завуць, гэты... Сайкс! Так, дзе Сайкс, кажы, злодзей!
Гарбун вылупіў вочы, быццам з ім здарыўся прыступ раздражнення і гістэрыі; ён спрытна вывернуўся з рук доктара, выпаліў ладны зарад жахлівых праклёнаў і знік у доме. Аднак перш чым ён паспеў зачыніць дзверы, доктар без лішніх тлумачэнняў проста прайшоў у калідор. Ён нясмела агледзеўся. Ні інтэр’ер, ні нават расстаноўка шафаў не адпавядалі апісанню Олівера!
— Ну! — гарбун пільна глядзеў на яго. — Што гэта значыць? Як гэта вы ўломваецеся ў мой дом без дазволу? Хочаце мяне абрабаваць? Забіць?
— Ці здаралася вам, стары дурны вампір, бачыць чалавека, які б прыехаў рабаваць на карэце і пары коней? — сказаў раздражнёны доктар.
— Тады што вам трэба? — настойліва запытаўся гарбун. — Ідзі прэч адсюль, пакуль не позна! Хадзільшчык пракляты!
— Пайду адразу, як толькі палічу патрэбным, — сказаў містэр Лосбэрн, заглядваючы ў другую вітальню, якая, як і першая, зусім не адпавядала апісанню Олівера. — Я яшчэ дабяруся да вас, сябра.
— Дабярэшся? — завішчаў пачварны гарбун. — Калі я табе буду патрэбен, дык знойдзеш мяне тут штодня. Тырчу тутака ўжо дваццаць пяць гадоў адзін, да вар’яцтва дажыўся, а ён мяне запалохваць! Ты мне яшчэ заплаціш за гэта, заплаціш! — сказаўшы гэта, малы пачварны дэман завыў і пачаў скакаць па пакоі як ашалелы.
— Даволі прыкрая сітуацыя, — прамармытаў сам сабе доктар. — Напэўна, хлопчык памыліўся. На! Засунь сабе гэта ў кішэню і закрый рот.
З гэтымі словамі ён кінуў гарбуну манету і вярнуўся да карэты.
Чалавек ішоў за ім да самых дзвярэй карэты, асыпаючы яго самай бруднай лаянкай і праклёнамі; калі містэр Лосбэрн адвярнуўся да кучара, каб нешта сказаць, гарбун зазірнуў у карэту і кінуў на Олівера такі пранізлівы, гарачы і разам з тым злосны і помслівы пагляд, што хлопчык яшчэ некалькі месяцаў бачыў яго ўва сне так рэальна, як і тады наяве. Гарбун працягваў выкрыкваць дзікія праклёны, пакуль кучар не сеў на сваё месца; калі яны паехалі, то маглі бачыць, як ён воддаль тупае нагамі па зямлі ды рве валасы ў прыпадку неўтаймоўнага шаленства.
— Я асёл! — сказаў доктар пасля доўгай паўзы. — Ты ведаў гэта раней, Олівер?
— Не, сэр.
— Тады не забывайся на гэта ў наступны раз.
— Асёл, — паўтарыў доктар, памаўчаўшы яшчэ пару хвілін. — Нават калі б гэта было тое самае месца, і ў доме сядзелі б тыя самыя тыпы, што я мог бы зрабіць адзін і з голымі рукамі? Хай сабе ў мяне была падтрымка, цяпер я разумею, што не зрабіў бы нічога добрага, адно засвяціўся б і мог бы сам непазбежна ўляпацца, абставіўшы так рызыкоўна гэтую справу. Але, здаецца, гэта пайшло мне на карысць. Я часта дзейнічаю імпульсіўна і праз гэта маю праблемы, так што мне гэта пойдзе на карысць.
Гэты цудоўны чалавек насамрэч рабіў усё заўсёды пад уплывам імпульсу, і трэба сказаць, што ўсе ягоныя ўчынкі рабілі гонар яго імпульсам, бо ён ні разу і блізка не трапіў у якую-небудзь ліхую гісторыю, не быў няўдачнікам і карыстаўся глыбокай пашанай і прыхільнасцю ўсіх, хто яго ведаў. Сказаць па праўдзе, дык нейкі час, зусім нядоўга, доктар быў не ў гуморы, бо яго расчаравала тая акалічнасць, што ён не здабыў доказаў таго, што гісторыя Олівера праўдзівая, адразу ж, як толькі з’явілася нагода тыя доказы атрымаць. Але неўзабаве лекар супакоіўся; ён прыйшоў да высновы, што адказы Олівера на яго пытанні па-ранейшаму былі няўхілістымі і падрабязнымі, казаў хлопчык з выглядам шчырым і праўдзівым, як і заўсёды, так што містэр Лосбэрн надумаў з гэтага часу цалкам давяраць усяму, што кажа Олівер.
Хлопчык ведаў назву вуліцы, на якой жыў містэр Браўнлоў, і яны адразу скіраваліся туды. Калі карэта завярнула за рог вуліцы, сэрца хлопчыка забілася так моцна, што ён пачаў задыхацца.
— Ну, хлопча мой, каторы дом? — запытаўся містэр Лосбэрн.
— Гэты! Гэты! — адказаў Олівер, узрушана паказваючы ў акно карэты. — Белы дом. О! Хутчэй! Прашу вас, хутчэй! Я зараз памру — мяне ўсяго трасе.
— Спакойна, спакойна, — сказаў добры доктар, паляпваючы яго па плячы. — Зараз ты іх пабачыш, і яны надта ўсцешацца, што ты жывы і здаровы.
— О, я спадзяюся, што гэта будзе так! — усклікнуў Олівер. — Яны былі такімі добрымі да мяне, ну вельмі добрымі.
Карэта пад’ехала да дома і спынілася. Не, дом быў не той; наступныя дзверы. Праз колькі крокаў карэта зноў спынілася. Олівер глядзеў у акно карэты, і слёзы радаснага чакання каціліся па яго шчаках.
На жаль, белы дом быў пусты, а ў акне была шыльда: «Здаецца ў наём».
— Пастукаем у суседні дом, — крыкнуў містэр Лосбэрн, узяўшы Олівера за руку. — Вы не ведаеце, што стала з містэрам Браўнлоў, які жыў у суседнім доме?
Слуга не ведаў, але згадзіўся пайсці ў дом і спытаць у гаспадароў. Неўзабаве ён вярнуўся і сказаў, што містэр Браўнлоў прадаў усё сваё майно і з’ехаў шэсць тыдняў таму ў Вест-Індыю. Олівер сціснуў рукі і зняможана апусціўся на сядушку карэты.
— А ягоная эканомка таксама паехала з ім? — спытаў містэр Лосбэрн пасля хвіліннага маўчання.
— Так, сэр, — адказваў слуга. — Яны разам з’ехалі — і стары джэнтльмен, і эканомка, і сябра старога джэнтльмена.
— Тады варочайце назад, — сказаў містэр Лосбэрн кучару, — і не спыняйцеся карміць коней, пакуль мы не выедзем з гэтага праклятага Лондана!
— А ўладальнік кнігарні, сэр? — спытаў Олівер. — Я ведаю, як туды праехаць. Давайце заедзем да яго, прашу вас!
— Бедны мой хлопчык, хопіць расчараванняў на сёння, — адказаў доктар. — Даволі для нас абодвух. Калі мы яшчэ зойдзем да ўладальніка кнігарні, то, напэўна, высветліцца, што ён памёр, або спаліў свой дом, або ўцёк. Не, прамым ходам дахаты!
І яны ў поўнай адпаведнасці з гэтым імпульсам доктара паехалі дадому.
Гэтае горкае расчараванне прынесла Оліверу шмат смутку і журбы, нягледзячы на ўсё ягонае шчасце, бо падчас сваёй хваробы ён шмат думаў, што маглі б сказаць яму містэр Браўнлоў і місіс Бэдуін, як прыемна было б паведаміць ім, што ён шмат дзён і начэй правёў, раздумваючы пра тое, колькі многа дабра яны для яго зрабілі, і аплакваючы іх горкае растанне. Яго натхняла і падтрымлівала ў часе жорсткіх выпрабаванняў надзея апраўдацца перад імі і расказаць ім пра тое, як яго выкралі; ён не мог прымірыцца з думкай, што яны паехалі так далёка і павезлі з сабой перакананасць у тым, што ён падманшчык і злодзей, — перакананасць, якая можа так і застацца неабвержанай да ягонай апошняй хвілі жыцця.
Аднак усё гэта ніяк не паўплывала на стаўленне да яго ягоных дабрадзеяў. Яшчэ праз два тыдні, калі ўсталявалася добрае надвор’е, дрэвы зазелянелі новай лістотай, раскрылі свае бутоны кветкі, пачалася падрыхтоўка да ад’езду на некалькі месяцаў у вёску. Адаслаўшы ў банк сталовае срэбра, якое так узрушыла сквапнасць габрэя, і пакінуўшы дом на Джайлса і служанку, яны перабраліся ў вясковы асабняк, што знаходзіўся даволі далёка ад горада. Олівера яны ўзялі з сабой.
Хто можа апісаць задавальненне і радасць, спакой і ціхамірнасць духу, — усё тое, што хваравіты хлопчык адчуў у напоеным водарам траў паветры сярод зялёных пагоркаў і густых лясоў, якія акружалі вёску! Хто можа расказаць, як адбіваюцца ў душах змучаных насельнікаў людных і шумных гарадоў выявы згоды і цішыні і як глыбока кладзецца ў збалелыя сэрцы іхняя свежасць? Людзі, якія ўсё сваё жыццё пражылі ў людных, цесных вулках, цяжка працуючы, без спадзявання на перамены, людзі, для якіх звычка насамрэч стала другою натурай і якія амаль палюбілі кожную цагліну і камень, якія абазначалі цесныя межы іх штодзённых шляхоў, — нават гэтыя людзі, калі над імі ўжо навісала рука смерці, хацелі нарэшце хоць мімаходам паглядзець у твар Прыроды; калі яны аддаляліся ад сцэны сваіх колішніх перажыванняў і захапленняў, то быццам бы адразу траплялі ў іншае вымярэнне быцця. Калі яны дзень за днём выпаўзалі на якую-небудзь зялёную сонечную лугавіну, то ў іх пры выглядзе неба, пагоркаў, долаў, бляску вады абуджаліся такія ўспаміны, што нават прадвесце іншасвету злагоджвала іх шпаркае завяданне, і яны сыходзілі ў магілу гэтаксама ціхмяна, як знікала з іх цьмянага, згаслага зроку сонца, заход якога яны назіралі з акна сваёй самотнай спальні нейкія пару гадзін таму! Успаміны, якія выклікаюць мірныя вясковыя краявіды, не належаць да гэтага свету, да яго мараў і спадзяванняў. Іхні дабратворны ўплыў можа навучыць нас, як узнавіць вянкі на магілах тых, каго мы любілі, можа ачысціць нашыя намеры і знішчыць старую варажнечу ды нянавісць, але пад усім гэтым нават у душы найменш сузіральнай дрэмле няпэўнае, напаўсфармаванае ўсведамленне таго, што такія пачуцці ўжо былі зведаныя некалі даўно, у нейкія старыя, аддаленыя часы, і гэта абуджае ўзвышаныя думкі пра кругаварот часоў, суцішае свецкую мітусню і пыху.
Месца, куды яны пераехалі, было вельмі прыгожым. Для Олівера, які вырас пасярод бруднага натоўпу, шуму і лаянкі, тут пачалося, здавалася, новае жыццё. Ружы і бружмель туліліся да сценаў асабняка, плюшч абвіваўся вакол камлёў дрэў, садовыя кветкі насычалі паветра тонкім водарам. Зусім побач месціліся маленькія вясковыя могілкі, на якіх не было звыродлівых высокіх помнікаў, а віднеліся толькі капцы, пакрытыя дзёрнам і мохам, пад якімі спачывалі вясковыя старыя. Олівер часта гуляў тут; часам ён згадваў убогую магілку сваёй маці, сядаў і, схаваўшыся ад усіх, плакаў, але калі ён падымаў вочы да глыбокага неба над галавой, то ўжо не мог уявіць, што яна ляжыць у зямлі, і аплакваў яе з жалем, але без надрыву.
Гэта былі шчаслівыя дні. Надвор’е стаяла яснае, спакойнае, ночы не прыносілі ні страху, ні клопатаў — ні гібення ўмярзотнай турме, ні ўзаемінаў з мярзотнымі людзьмі, нічога, акрамя прыемных і шчаслівых думак. Кожны ранак ён ішоў да сівагаловага старога джэнтльмена, які жыў паблізу маленькай цэркаўкі, і той вучыў хлопчыка лепш чытаць і пісаць; стары джэнтльмен гаварыў так лагодна і так шмат улучаў яму ўвагі, што Олівер з усіх сіл стараўся дагадзіць яму. Потым ён з місіс Мэйлі і Роз выпраўляўся на шпацыр і слухаў, як яны размаўляюць пра кнігі, або сядаў побач з імі ў якім-небудзь цяністым месцы і слухаў, як маладая лэдзі чытала які-небудзь твор. Ён гатовы быў слухаць, пакуль не станавілася так цёмна, што нельга было разабраць літар. Потым ён мусіў выконваць заданні на заўтра; над імі ён зацята працаваў у маленькім пакойчыку з акном на агарод, пакуль паціху не апускаўся вечар. У той час лэдзі зноў выходзілі на шпацыр, і ён шпацыраваў разам з імі, з задавальненнем слухаючы ўсё тое, пра што яны размаўлялі, і вельмі радаваўся, калі ім хацелася мець кветку, і ён мог яе сарваць, або калі яны нешта забывалі дома і прасілі яго, каб ён збегаў і прынёс, — яму проста хуткасці не хапала, так ён хацеў ім услужыць. Калі рабілася зусім цёмна, і яны вярталіся ў дом, маладая лэдзі сядала да піяніна і наігрывала прыемныя мелодыі або спявала ціхім, лагодным голасам якую-небудзь старабытную песню, чым вельмі дагаджала сваёй цётцы. У такія вечары свечак не запальвалі, і Олівер у поўным захапленні сядзеў ля аднаго з вокнаў і слухаў цудоўную музыку.
А нядзеля! Наколькі іначай праводзілі гэты дзень тут у параўнанні з тым, як ён праводзіў іх раней! І якія гэта былі шчаслівыя нядзелі — як і іншыя дні таго найшчаслівейшага часу! Зранку было набажэнства ў цэркаўцы; за акном калыхалася зялёная лістота, спявалі птушкі, духмянае паветра прасочвалася праз нізкія дзверы і напаўняла сваім водарам сціплы будынак. Беднякі былі апранутыя так чыста, так акуратна, яны з такой пабожнасцю ўкленчвалі на малітву, што ўсё гэта, здавалася, было для іх чыстай прыемнасцю, а не надакучлівым абавязкам, і хоць іхнія спевы былі нястройнымі, затое — вельмі шчырымі і гучалі больш меладычна (прынамсі, для вуха Олівера), чым што заўгодна, што ён чуў раней у царкве. Потым зноў шпацыравалі, наведвалі маленькія чыстыя домікі рабочага люду, а ўвечары Олівер прачытваў раздзел або два з Бібліі, якую ён вучыў увесь тыдзень; у сувязі з выкананнем гэтага абавязку ён пачуваўся больш гордым і шчаслівым, чым калі б сам быў святаром.
Ужо а шостай гадзіне ўранні Олівер быў на нагах; ён блукаў палямі, скрозь абіраў агароджы ад палявых кветак і, нагружаны імі, вяртаўся дамоў, а дома яму трэба было старанна і з толкам падабраць букеты для ўпрыгожання стала да сняданка. Быў таксама і крыжацвет для птушак міс Мэйлі, якім Олівер, навучаны гэтаму прыходскім клеркам, з адмысловым густам упрыгожваў клеткі. Пасля таго, як птушкі былі дагледжаныя да дня, Олівера звычайна пасылалі ў вёску каму-небудзь на дапамогу, або зладжваўся на лугавіне які-небудзь дзіўны крыкет; калі гэтага не было, то знаходзілася якая-небудзь праца ў садзе або агародзе, якой Олівер займаўся таксама з вялікай ахвотай (ён вывучаў гэтую навуку пад кіраўніцтвам таго самага настаўніка, які па прафесіі быў садоўнікам). Потым з’яўлялася міс Роз, і яго асыпалі тысячай пахвал за ўсё, што ён зрабіў.
Так прамільгнулі тры месяцы — тры месяцы, якія маглі ў жыцці самага ўдачлівага і бесклапотнага смяротнага выдаваць на не абцяжаранае нічым шчасце, а ў жыцці Олівера дык былі проста сапраўдным раем.
Самая шчырая і прыхільная велікадушнасць — з аднаго боку, самая непадробная, гарачая і душэўная ўдзячнасць — з другога, — не дзіўна, што напрыканцы гэтага нядоўгага часу Олівер Твіст вельмі зблізіўся са старой лэдзі і яе пляменніцай, і палымяная прыхільнасць яго юнага, чуллівага сэрца была ўзнагароджаная прыхільнасцю з боку абедзвюх лэдзі і тым, што яны пачалі ім ганарыцца.