РАЗДЗЕЛ V


Олівер знаёміцца з таварышамі па прафесіі. Упершыню пабываўшы на пахаванні, ён атрымлівае адмоўныя ўражанні ад занятку свайго гаспадара

Пакінуты ў самоце ў краме трунара, Олівер паставіў лямпу на варштат і нясмела, з пачуццём піетэту і страху азірнуўся. Нават людзі, старэйшыя за Олівера, адчувалі б тут тое самае. Напалову гатовая дамавіна на чорных козлах, якая стаяла пасярод крамы, выглядала так журботна і ўсмярочана, што ў хлопчыка па спіне кожны раз, калі ён кідаў пагляд на гэты змрочны аб’ект, прабягалі халодныя мурашкі. Яму здавалася, што зараз ён убачыць, як нейкая жахлівая постаць памалу падыме з труны галаву — і ён звар’яцее ад страху. Уздоўж сцяны доўгім узорным шэрагам стаялі ясеневыя дошкі для дамавін: у ніцым святле яны здаваліся доўгімі прывідамі, што пазасоўвалі рукі ў кішэні. На падлозе былі раскіданыя таблічкі ад трунаў, стружкі, цвікі з яркімі плешкамі і шматкі чорнага матэрыялу. Сцяна ззаду прылаўка была ўпрыгожаная вельмі дынамічнай выявай двух плакальшчыкаў з вельмі туга накрухмаленымі гальштукамі; яны выконвалі свой абавязак ля дзвярэй прыватнага асабняка. На заднім плане карціны бачная была чацвёрка вараных коней, якія цягнулі катафалк. У краме было задушліва і горача. Здавалася, паветра прасякнутае пахам дамавін. Закутак пад прылаўкам, куды Оліверу кінулі матрац, нагадваў магілу.

Хлопчыка прыгняталі не толькі гэтыя тужлівыя адчуванні. Ён быў адзін у незнаёмым месцы, а мы ўсе ведаем, якім няшчасным і самотным можа пачувацца нават найлепшы з нас у такой сітуацыі. У дзіцяці не было сяброў, якімі ён мусіў бы заапекавацца або якія меліся б заапекавацца ім. Нядаўняе расстанне не выклікала ў ім ні каліва жалю, бо не было ніводнага ўлюбёнага твару, які б яму хацелася ўспомніць. Але ўсё ж нешта ціснула яму на сэрца, і запоўзшы на свой вузкі ляжак, ён хацеў, каб гэта была дамавіна, і каб ён заснуў спакойна навекі, і каб яго пахавалі на цвінтары, дзе высокая трава ціха шамацела б у яго над галавой і дзе яго закалыхваў бы нізкі гук старога звона.

Олівер прачнуўся ўранні ад моцнага груку ў дзверы. Не паспеў ён так-сяк апрануцца, як пагрукалі зноў, злосна і патрабавальна, разоў дваццаць пяць. Калі ён пачаў здымаць ланцужок, груканне нагамі ў дзверы перапынілася, і пачуўся голас.

— Адчыніш ты там дзверы ці не? — прамовіў голас таго, хто нагамі калаціў у дзверы.

— Ужо адчыняю, сэр, — адказваў Олівер, скідваючы ланцужок і паварочваючы ключ.

— Гэта ты будзеш новым служкам, га? — сказаў голас праз замочную адтуліну.

— Так, сэр, — адказаў Олівер.

— Колькі табе гадоў? — дапытваўся голас.

— Дзесяць, сэр, — адказаў Олівер.

— Але ж ты ў мяне і заробіш, калі я ўвайду, — сказаў голас, — успомніш мае словы, шчанюк прыходскі! — і пасля гэтай зваблівай абяцанкі голас перайшоў на свіст.

Олівер занадта часта быў аб’ектам аперацыі, якую толькі што так выразна азначылі, каб сумнявацца, што той, каму належыць голас, самым пэўным чынам выканае пагрозу. Ён дрыготкай рукою адвёў засаўку і адчыніў дзверы.

Секунду ці дзве Олівер аглядваў вуліцу, зірнуў налева, направа, агледзеў тратуар насупраць, мяркуючы, што невядомы, які гаварыў да яго праз замочную адтуліну, адышоўся на пару крокаў, каб сагрэцца. Але ён не бачыў паблізу нікога, акрамя большага хлопчыка з прытулку, які сядзеў перад домам на шулі і еў бутэрброд, разразаючы яго сцізорыкам на кавалкі велічынёй з ягоны рот і жвава заглынаючы іх.

— Прашу прабачыць, сэр, — сказаў Олівер нарэшце, упэўніўшыся, што нікога больш не было, — гэта вы грукалі?

— Гэта я малаціў, — адказаў інтэрнатаўскі.

— Вам патрэбная труна, сэр? — шчыра запытаў Олівер.

Тут інтэрнатаўскі зрабіўся страшэнна злосным і сказаў, што Оліверу самому неўзабаве спатрэбіцца такая штука, калі ён будзе наразаць такія жарты са старэйшымі.

— А ці ведаеш ты, шчанё прыходскае, хто я такі? — прамовіў далей інтэрнатаўскі, злазячы з шулы.

— Не, сэр, — адказаў Олівер.

— Я містэр Ноэ Клэйпал, — сказаў інтэрнатаўскі, — і ты падпарадкоўваешся мне. Адчыні аканіцы, хайча ты малая лайдачая!

Сказаўшы гэта, містэр Клэйпал паддаў Оліверу нагой пад зад і з вялікай годнасцю увайшоў у краму. Галавастаму таўсматаму падлетку з вузкімі вачыма і тупым выразам твару пры любых абставінах цяжка захоўваць годны выгляд, тым больш калі да гэтых прывабных рысаў дадаюцца чырвоны нос і жоўтыя кароткія нагавіцы.

Олівер, апусціўшы аканіцы, паспрабаваў перанесці адну з іх у закутак за домам, дзе яны стаялі ўдзень. Хістаючыся пад цяжарам, ён разбіў шыбу. Ноэ, запэўніўшы, што мала яму не будзе, міласціва дапамог яму. Неўзабаве зверху спусцілася місіс Саўэрберы, і Олівер, як гэта прадказаў Ноэ, зарабіў, а потым пайшоў з гэтым маладым джэнтльменам снедаць.

— Ідзі бліжэй да агню, Ноэ, — сказала Шарлот. — Я адшкадавала табе ад сняданка гаспадароў файны кавалачак вяндліны.

Олівер, зачыні за містэрам Клэйпалам дзверы і вазьмі сабе тое, што я паклала на накрыўку рондаля. Вось твая гарбата. Бяры ўсё вунь на тую скрынку ды еш хутчэй, бо хутка ты будзеш патрэбны ў краме. Чуеш ці не?

— Чуеш, шчанюк? — сказаў Ноэ Клэйпал.

— Божа, Ноэ, — сказала Шарлот, — ну і дзівак з цябе! Чаму ты не пакінеш хлопца ў спакоі?

— Пакінеш у спакоі! — паўтарыў Ноэ. — Яго і так усе дапраўды пакінулі ў спакоі. Ні бацька, ні маці ані ў чым не абцяжарваюць яго. Усе родзічы пакінулі яго, каб ён ішоў сваёй дарогай. Ці не так, Шарлот? Хі-хі-хі! Гы-гы-гы!

— Ну і дзівак з цябе! — адгукнулася Шарлот і шчыра засмяялася. Услед за ёй засмяяўся і Ноэ, пасля чаго абое з пагардай паглядзелі на беднага Олівера Твіста, які, дрыжучы, сядзеў на скрынцы ў халодным кутку пакоя і еў смярдзючыя аб’едкі, пакінутыя адмыслова для яго.

Ноэ быў інтэрнацкім хлопчыкам, а не сіратой з працоўні. Ён не быў байструком, мог прасачыць увесь свой радавод ад бацькоў, якія жылі ў нястачах. Маці ягоная была прачка, а бацька — п’янтос-салдат на драўлянай назе, з дзённай пенсіяй у два пенсы з паловай і яшчэ нейкай невытлумачальнай драбніцай. Служкі з лавак па суседству даўно ўжо мелі звычку прылюдна дражніць Ноэ ганебнымі мянушкамі накшталт «скураны», «інтэрнацкі» і гэтак далей. І Ноэ трываў гэта, не адказваючы. Але нарэшце лёс паслаў яму бязбацькавіча, дзіця без роду і племя, на якога нават самы нікчэмны чалавек мог з пагардай паказаць пальцам, і Ноэ адыгрываўся на ім аж цераз верх. Гэта дае спажыву для разваг. Гэта паказвае нам, якой часам дзіўнай рэччу можа быць чалавечая прырода і як адны і тыя самыя прыемныя якасці развіваюцца і ў вытанчанага лорда, і ў бруднага хлопчыка з прытулку.

Прайшло тыдні тры, а можа, месяц з таго часу, як Олівер пачаў жыць у трунара. Містэр і місіс Саўэрберы, зачыніўшы краму, вячэралі ў маленькай гасцёўні ў задняй частцы дома. І тут містэр Саўэрберы, колькі разоў выразна зірнуўшы на сваю жонку, сказаў:

— Мая дарагая...

Ён збіраўся сказаць нешта яшчэ, але місіс Саўэрберы кінула на яго такі непрыхільны позірк, што ён запнуўся.

— Ну? — з выклікам перапытала місіс Саўэрберы.

— Нічога, мая дарагая, нічога, — сказаў містэр Саўэрберы.

— Ах ты, вылюдак! — сказала місіс Саўэрберы.

— Не-не, мая дарагая, — ціхмяна азваўся містэр Саўэрберы. — Я падумаў, што ты не захочаш слухаць. Мая дарагая. Я толькі збіраўся сказаць...

— Ах, толькі не кажы, што ты збіраўся мне сказаць, — уставіла місіс Саўэрберы. — Я ж ніхто. Малю, не звяртайся да мяне па раду. Не хачу ведаць тваіх сакрэтаў.

Сказаўшы гэта, місіс Саўэрберы істэрычна засмяялася, што абяцала сур’ёзныя наступствы.

— Але ж, мая дарагая, — сказаў містэр Саўэрберы, — я толькі хацеў пачуць тваё меркаванне.

— Не, не пытайся ў мяне, — раздражнёна запярэчыла місіс Саўэрберы. — Пытайся ў каго-небудзь іншага.

Зноў пачуўся яе істэрычны смех, які надта спалохаў містэра Саўэрберы.

Такая надта распаўсюджаная і вельмі эфектыўная методыка ўзаемінаў у шлюбе. Містэр Саўэрберы адразу быў прымушаны як асаблівую міласць прасіць місіс Саўэрберы пра мажлівасць выказаць тое, што місіс Саўэрберы сама вельмі хацела пачуць. Пасля нядоўгай, з тры чвэрці гадзіны, спрэчкі дазвол быў міласціва дадзены.

— Гэта толькі ўсяго наконт малога Твіста, мая дарагая, — сказаў містэр Саўэрберы. — Ён вельмі паглядны хлопчык.

— Яно і не дзіва, бо есць ён як мае быць, — заўважыла лэдзі.

— У яго вельмі цікавы меланхалічны выраз твару, мая дарагая, — працягваў містэр Саўэрберы. — Ён быў бы выдатным нямым плакальшчыкам.

Місіс Саўэрберы здзіўлена паглядзела на мужа. Містэр Саўэрберы перахапіў позірк і, не чакаючы пярэчанняў з боку добрай лэдзі, працягваў:

— Я не маю на ўвазе сталую працу па пахаванні дарослых, а толькі пахаванне дзяцей. Гэта было б нешта новае і цікавае — мець нямога плакальшчыка адпаведнага росту і ўзросту. Можаш быць пэўная, эфект будзе самы бліскучы.

Місіс Саўэрберы, якая мела добры густ у справе пахавання, была ўражаная навізною ідэі, але выказаць гэта значыла ў існых абставінах прынізіць сваю годнасць, і таму яна досыць рэзка запытала, чаму такая відавочная ідэя не прыйшла містэру Саўэрберы ў галаву раней. Той зусім слушна вытлумачыў яе выпад як згоду на прапанову. На месцы было вырашана адразу пасвяціць Олівера ў таямніцы рамяства і ўзяць яго на пахаванне пры першай нагодзе.

Нагода не прымусіла сябе доўга чакаць. Наступным ранкам, праз паўгадзіны пасля снядання, у краму ўвайшоў містэр Бамбл. Прыпёршы сваю кульбу да прылаўка, ён дастаў вялікі скураны гаманец, адкуль выняў нейкую цыдулку і працягнуў яе містэру Саўэрберы.

— Так-так-так! — сказаў трунар, прабягаючы тэкст з прасветленым тварам. — Замова на дамавіну, га?

— Спярша на дамавіну, а потым на пахаванне за кошт прыхода, — адказаў містэр Бамбл, зашпільваючы раменьчык скуранога гаманца, гэткага ж таўсматага, як і яго ўладальнік.

— Бэйтан? — прамовіў трунар, пераводзячы пагляд з цыдулкі на містэра Бамбла. — Ніколі не чуў гэтага прозвішча.

— Упартыя людзі, містэр Саўэрберы, вельмі ўпартыя. Да таго ж, баюся, сэр, яшчэ і ганарыстыя.

— Ганарыстыя, кажаце? — усклікнуў трунар з пагардлівай усмешкай. — Ну, гэта ўжо занадта.

— О, гэта агідна, — адказаў кур’ер. — Амаральна гэта, вось!

— Так, — згадзіўся трунар.

— Мы даведаліся пра гэтую сям’ю толькі ўвечары тры дні таму, — сказаў кур’ер, — ды і тое, мы не даведаліся б нічога, калі б не жанчына, якая жыве ў адным з імі доме і якая звярнулася дзеля іх у прыходскі камітэт, каб прыслалі прыходскага лекара паглядзець жанчыну, бо ёй нібыта было вельмі кепска. Лекар якраз быў запрошаны на абед, але яго вучань, кемлівы хлапчына, адразу паслаў ім лекі ў бляшаначцы з-пад ваксы.

— Вось гэта аператыўнасць, — зазначыў трунар.

— І праўда, аператыўнасць! — адказаў кур’ер. — Але што ў выніку? Якія былі няўдзячныя паводзіны гэтых бунтаўшчыкоў, сэр? А як жа, муж прыслаў сказаць, што лекі не ад той хваробы, на якую хварэе яго жонка, і таму яна нібыта не будзе іх прымаць. Вы паслухайце, сказала, што не будзе прымаць, сэр! Добрыя, моцныя, гаючыя лекі, якія з добрым вынікам давалі ўсяго тыдзень таму двум ірландскім рабочым, аднаму вугальшчыку! Паслалі за так, у бляшаначцы з-пад ваксы — і ён пасылае перадаць, што яна не будзе іх прымаць, сэр.

Калі агіднасць учынка была ўсвядомленая містэрам Бамблам напоўніцу, ён выцяў кульбай па прылаўку і пачырванеў ад раздражнення.

— Ага, — сказаў трунар. — Мне ніколі ў голаву...

— Вядома ж, ніколі не прыйшло б, сэр! — усклікнуў кур’ер. — Ніколі нікому ні за што не прыйшло б, але цяпер яна памерла, і мы мусім хаваць яе. Такое распараджэнне, і чым хутчэй гэта будзе зроблена, тым лепш.

Сказаўшы гэта, містэр Бамбл у запале прыходскага шаленства нацягнуў сваю трохкутку на ліхі бок і выскачыў з крамы.

— Вось, Олівер, ён так раззлаваўся, што забыўся нават спытацца пра цябе, — сказаў містэр Саўэрберы, гледзячы, як кур’ер шыбуе ўніз па вуліцы.

— Сапраўды, сэр, — адказаў Олівер, які ў час наведвання трымаўся па-за полем зроку і ўвесь дрыжаў адно пры гуку Бамблавага голаса.

Аднак ён рабіў дарэмныя высілкі пазбегнуць кур’еравых вачэй, бо гэты службовец, на якога вельмі моцнае ўражанне зрабіла прадказанне джэнтльмена ў белай камізэльцы, прытрымліваўся думкі, што цяпер, калі трунар узяў Олівера на выпрабавальны тэрмін, пра яго лепш памаўчаць, пакуль не будзе падпісаная сямігадовая дамова, такім чынам не будзе зліквідаваная эфектыўна і легальна небяспека ягонага вяртання на ўтрыманне прыхода.

— Добра, — сказаў трунар, насоўваючы капялюш. — Чым хутчэй справа будзе зробленая, тым лепш. Ноэ, прасачы за крамай. Олівер, надзявай шапку і хадзем са мной.

Олівер паслухаўся і пайшоў услед за гаспадаром, які выправіўся выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Нейкі час яны ішлі праз самыя людныя і густанаселеныя кварталы горада, потым, павярнуўшы ў вулку яшчэ больш гразкую і ўбогую за ўсе, якімі ішлі раней, яны спыніліся, каб зарыентавацца ў пошуках патрэбнага дома. Дамы па іхнім баку вулкі былі высокія, вялікія, але вельмі старыя. Заселены яны былі людзьмі найбяднейшага стану. Пра гэта дастаткова выразна сведчылі брудныя фасады дамоў, наўрад ці гэтая выснова патрабавала пацвярджэння ў выглядзе нешматлікіх пацёртых жыццём мужчын і жанчын, якія час ад часу, нібы хаваючыся, сунуліся па вуліцы, сагнуўшыся амаль удвая і прыціснуўшы да жывата скрыжаваныя рукі. Шмат у якіх дамах на першым паверсе былі крамы, але яны былі амаль усе зачыненыя і разбураліся. Населеныя былі толькі верхнія паверхі. Некаторыя дамы ад часу і недагледжанасці былі ў аварыйным стане; ад абсоўвання на вуліцу іх засцерагалі тоўстыя бэлькі, упёртыя адным канцом у сцяну, а другім — проста ў дарогу. Але нават гэтыя руіны служылі начным прытулкам для бяздомных беднякоў, бо шмат дзе тоўстыя аполкі, якімі забівалі дзверы і вокны, былі напалову адарваныя, так што адкрывалася лёха, дастаткова шырокая, каб туды пралезла чалавечае цела. Вада ў сцёкавых канавах была стаячая і смярдзела. Нават здохлыя шчуры, якія ляжалі сям-там у гэтай гнілі, былі на дзіва худыя.

На адчыненых дзвярах, ля якіх спыніліся Олівер і яго гаспадар, не было ні малатка, ні званка. Асцярожна, навобмацак прабіраючыся па цёмным праходзе і наказваючы Оліверу не адставаць і не баяцца, трунар падняўся на верх першага лесвічнага пралёта. Наткнуўшыся на дзверы, якія выходзілі на лесвічную пляцоўку, ён сагнутымі пальцамі пагрукаўся ў дзверы.

Іх адчыніла дзяўчынка гадоў трынаццаці або чатырнаццаці. Толькі зазірнуўшы ў пакой, трунар зразумеў, што гэта якраз тое месца, куды яго паслалі. Ён увайшоў у пакой; следам за ім увайшоў Олівер.

Камін у пакоі не гарэў, але нейкі чалавек, згорбіўшыся, звыкла сядзеў ля халоднага агменя. Побач з ім, падсунуўшы табурэтку да пагаслага агню, сядзела старая. У другім кутку пад нейкаю дзяругай варушыліся дзеці, а ў малой пройме насупраць дзвярэй на падлозе ляжала нешта, накрытае старой коўдрай. Зірнуўшы на гэтае месца, Олівер затросся і міжволі падсунуўся да свайго гаспадара, бо хоць гэтае нешта і было накрытае, хлопчык здагадваўся, што гэта цела нябожчыцы.

Твар мужчыны быў выпетралы і вельмі бледны, яго валасы і барада былі сівыя, а вочы — налітыя крывёй. У старой быў маршчакаваты твар; два апошнія зубы тырчэлі над ніжняй губой, а вочы былі вострыя і бліскучыя. Олівер баяўся зірнуць на мужчыну ці на старую. Яны надта выдавалі на шчуроў, якіх ён бачыў на вуліцы.

— Ніхто не падыдзе да яе! — усклікнуў мужчына, запальчыва ўсхапіўшыся, калі трунар пайшоў да проймы. — Адыдзі! Адыдзі, кажу, калі хочаш жыць!

— Лухта, добры чалавек, — адказаў трунар, які даўно ўжо прывык да гора ва ўсіх яго праявах. — Лухта!

— Кажу табе! — сказаў мужчына, сціснуўшы кулакі і шалёна тупаючы нагамі па падлозе. — Кажу табе, я не дам закапаць яе ў зямлю! Яна там не спачне; чарвякі ёй будуць замінаць — есці яе яны не здолеюць — так яна высахла.

Трунар ніяк не адказаў на гэты прыступ шаленства, а выцягнуў з кішэні мерную стужку і на момант прысеў збоку каля цела.

— Ах! — заплакаў мужчына, укленчыўшы ў нагах мёртвай жонкі. — Укленчыце, укленчыце, усе ўкленчыце перад ёй і запомніце мае словы! Я кажу: яе замарылі голадам. У мяне і ў галаве не было, як ёй кепска, пакуль не пачалася гарачка і не праступілі потым косці праз скуру. Не было ні агню ў каміне, ні свечкі. Яна памірала ў цемры — у цемры. Яна нават не магла бачыць твары дзяцей, хоць мы чулі, як яна хрыпела іх імёны. Я жабраваў дзеля яе на вуліцах, а яны засадзілі мяне ў турму. Калі я вярнуўся, яна памірала. Уся кроў у маім сэрцы высахла, бо яны замарылі яе галоднай смерцю. Клянуся Богам, які гэта бачыў: яе замарылі голадам!

Ён убіў рукі ў валасы і з гучным лямантам стаў качацца па падлозе; яго вочы глядзелі толькі ў адну кропку, а на вуснах выступіла пена.

Спалоханыя дзеці ўголас заплакалі, але старая, якая захоўвала такі выгляд, быццам усё, што адбывалася, яе не датычыць, прымусіла іх замаўчаць. Паслабіўшы гальштук мужчыну, які ўсё яшчэ ляжаў на падлозе, яна няроўнаю хадой наблізілася да трунара.

— Гэта мая дачка, — сказала старая, кіўнуўшы галавой у бок цела. Пры гэтым яна некалькі разоў падміргнула з выглядам вар’яткі, што ў гэтых абставінах рабіла яшчэ больш цяжкае ўражанне, чым прысутнасць смерці.

— Божа, Божа! Дапраўды гэта дзіўна, што я, якая нарадзіла яе, калі была маладой, цяпер здаровая і вясёлая, а яна ляжыць тут вось такая халодная і нерухомая! Божа мой, Божа, толькі падумаць... Гэта тэатр, ну чыста тэатр!

Пакуль старэчая істота шамкала і хіхікала ў прыпадку страшэнна агіднай весялосці, трунар памкнуўся ісці.

— Стойце, стойце! — гучна прашаптала старая. — Яе пахаваюць заўтра, або пазаўтра, або сёння ўвечары? Я прыбрала яе да хаўтураў, і я мушу ісці за труной, вы ведаеце. Прышліце мне шырокі чорны плашч, цёплы плашч, бо страх які холад. Перад тым, як ісці на могілкі, нам таксама трэба выпіць віна і з’есці пірага. Зрэшты, няхай хоць хлеба — прышліце бохан хлеба і кубак вады. Даражэнькі, ці будзе нам крыху хлеба? — прамаўляла яна паспешліва, ухапіўшыся за трунарова паліто, калі той быў рушыў да дзвярэй.

— Добра, добра, — азваўся трунар, — зразумела, што будзе. Усё, што захочаце.

Ён вызваліўся ад рук старой жанчыны і паспяшаўся прэч, цягнучы за сабой Олівера.

Назаўтра (тым часам сям’і была аказана дапамога ў выглядзе двух фунтаў хлеба і кавалка сыру, якія прынёс сам містэр Бамбл) Олівер са сваім гаспадаром вярнуўся ва ўбогі прытулак, куды ўжо прыбыў містэр Бамбл з чатырма мужчынамі з працоўні, якія павінны былі несці дамавіну. На рыззё мужчыны і старой былі накінутыя старыя чорныя плашчы. Калі прыкруцілі шрубамі века нічым не абабітае труны, насільшчыкі паставілі яе на плечы і вынеслі на вуліцу.

— А цяпер паддайце хуткасці, старая лэдзі! — прашаптаў містэр Саўэрберы старой у вуха. — Мы познімся. Нельга прымушаць святара чакаць. Ну, наперад, хлопцы — рушым як найхутчэй!

Атрымаўшы такое ўказанне, насільшчыкі прыпусціліся хуткімі крокамі са сваёй лёгкай ношай; два плакальшчыкі з усяе сілы намагаліся не адстаць. Містэр Бамбл і містэр Саўэрберы шпарка крочылі наперадзе; Олівер, чые ногі былі не такія доўгія, як у гаспадара, подбегам шыбаваў збоку.

Насуперак меркаванню містэра Саўэрберы, спяшацца пільнай неабходнасці не было, бо калі яны дабраліся да занядбанага, зарослага крапівой кутка могілак, дзе хавалі прыходскіх, святара яшчэ не было, а клерк, які ў рызніцы сядзеў ля каміна, лічыў зусім верагодным, што той будзе недзе праз гадзіну. Таму труну паставілі на край магілы, і двое сваякоў цярпліва чакалі пад халоднай імжой у гразі, а хлопцы ў лахманах, якіх відовішча прывабіла на клады, тым часам сталі шумна гуляць у хованкі паміж помнікаў; потым, каб памяняць забаву, яны сталі пераскокваць цераз труну. Містэр Саўэрберы і містэр Бамбл, як асабістыя сябры клерка, сядзелі з ім ля каміна і чыталі газету.

Нарэшце, пасля крыху больш чым гадзіннага чакання, усе ўбачылі, што містэры Бамбл і Саўэрберы з клеркам бягуць да магілы. Адразу ж за імі паказаўся святар, які на хаду апранаў строй, каб чытаць службу. Потым містэр Бамбл для прыліку адлупцаваў аднаго ці двух хлопцаў, а правялебны айцец, прачытаўшы з пахавальнага абраду столькі, колькі можна было ўціснуць у чатыры хвіліны, аддаў строй клерку і сышоў.

— Біл, давай! — сказаў Саўэрберы далакопу. — Давай, засыпай.

Гэтая задача была не надта цяжкая, бо верхняя труна была ўсяго за некалькі футаў ад паверхні зямлі. Далакоп закідаў зямлю, злёгку затрамбаваў яе нагамі, ускінуў на плечы рыдлёўку і пайшоў. Яго праводзіла хеўра хлапцоў, якія гучна скардзіліся на тое, што іх забава была такой кароткай.

— Хадзем, добры чалавеча! — сказаў містэр Бамбл, паляпаўшы мужчыну па спіне. — Зараз зачыняць браму.

Мужчына, які не рухаўся з таго часу, як стаў збоку магілы, падняў галаву, паглядзеў на таго, хто да яго звяртаўся, зрабіўнекалькі крокаў наперад і ўпаў самлелы. Звар’яцелая старая была занадта занятая аплакваннем плашча (трунар забраў яго), каб звярнуць на самлелага ўвагу, так што на таго вылілі кубак халоднай вады, і калі ён ачуняў, вывелі з могілак, замкнулі браму і пайшлі кожны сваёй дарогай.

— Ну як, Олівер, — спытаўся Саўэрберы па дарозе дахаты, — як табе гэта спадабалася?

— Так сабе, дзякуй, сэр, — адказаў Олівер даволі няпэўна. — Не надта.

— Нічога, з цягам часу прывыкнеш, — сказаў Саўэрберы. — Калі прывыкнеш, то ўсё будзе нармальна, мой хлопчык.

Олівер падумаў, ці доўга трэба было прывыкаць містэру Саўэрберы. Але ён вырашыў, што лепш пра гэта не пытацца, і пайшоў назад у краму, разважаючы пра ўсё, што бачыў і чуў.

Загрузка...