апавядае, як Олівер Твіст ледзьве не атрымаў месца, якое зусім не было б сінекурай
Тыдзень пасля таго, як Олівер учыніў блюзнерскае і ганебнае злачынства — папрасіў дабаўкі, — ён сядзеў пад замком у цёмным пустым памяшканні, дзе яго зачынілі згодна з мудрым і міласэрным рашэннем рады. На першы погляд падаецца разумным, што калі б ён з належнай пашанай паставіўся да прароцтва джэнтльмена ў белай камізэльцы, то мог бы раз і назаўсёды пацвердзіць прадказальныя здольнасці гэтага індывіда, прывязаўшы адзін канец насоўкі да крука ў сцяне і павесіўшыся на другім. Аднак існавала адна перашкода для здзяйснення гэтага подзвігу: насоўкі, якія былі залічаныя да прадметаў раскошы, на ўсе будучыя гады і вякі былі забраныя ад насоў беднякоў адмысловым загадам рады ў поўным яе складзе, і загад гэты быў уласнаручна ўсімі падпісаны і завераны пячаткамі. Яшчэ большай перашкодай быў дзіцячы ўзрост Олівера і адпаведныя яго схільнасці. Ён цэлымі днямі адно толькі плакаў, а калі надыходзіла доўгая, маркотная ноч, затульваў рукавом вочы, каб схавацца ад цемры, зашываўся ў куток і спрабаваў заснуць, час ад часу ўздрыгваючы і прачынаючыся і яшчэ шчыльней прыціскаючыся да муру, як быццам хацеў упэўніцца, што халодная цвёрдая паверхня сцяны абараняе яго ад навакольнай цемры і адзіноты.
Няхай ворагі «сістэмы» не падумаюць, што падчас сядзення ў адзіночцы Олівер быў пазбаўлены карысных практыкаванняў, магчымасці стасункаў або рэлігійнай падтрымкі. Што да практыкаванняў, дык было выдатнае халоднае надвор’е, і Оліверу было дазволена штораніцы аблівацца ў каменным двары вадой з помпы ў прысутнасці містэра Бамбла, які глядзеў, каб Олівер не прастудзіўся, і кульбай дамагаўся, каб яму было цёпла па ўсім целе. Што да стасункаў, яго праз дзень вадзілі ў залу, дзе абедалі хлопчыкі, і лупцавалі там пры ўсіх, каб іншым не хацелася. А каб не пазбавіць духоўнай падтрымкі, яго кожны вечар кухталямі выганялі на малітву ў адзін і той самы пакой і дазвалялі там суцяшаць свой дух, слухаючы малітву хлопчыкаў з адмысловым дадаткам, зацверджаным радай. У гэтым дадатку хлопчыкі прасілі, каб іх зрабілі добрымі, годнымі, паслухмянымі і каб пазбавілі ад грахоў, якімі абцяжараны Олівер Твіст. Пра яго ў малітве дакладна гаварылася, што ён знаходзіцца пад асаблівай апекай і абаронай сілаў ліха і з’яўляецца нядаўнім вырабам самога д’ябла.
Аднаго ранку, калі Олівер знаходзіўся ў ранейшым прыемным і камфортным стане, па Хайстрыт ішоў містэр Гэмфілд, камінар. Ён быў вельмі заглыблены ў абдумванне шляхоў і сродкаў выплаты нядоімкі, якую ягоны арэндадаўца ад яго даволі настойліва патрабаваў. Самыя аптымістычныя разлікі не дазвалялі містэру Гэмфілду збіць запатрабаваную суму, зрабіўшы яе меншай за пяць фунтаў; ён прыйшоў у стан нейкай арыфметычнай прастрацыі і ламаў галаву то сабе, то свайму аслу, пакуль, мінаючы працоўню, яго вочы не натрапілі на абвестку на браме.
— Тпру! — сказаў містэр Гэмфілд свайму аслу.
Асёл быў у стане глыбокай задуменнасці і думаў наконт таго, ці пачастуюць яго адной-дзвюма качарыжкамі пасля таго, як ён пазбавіцца ад двух мяхоў сажы, якімі быў нагружаны маленькі вазок; такім чынам, не зважаючы на каманду, ён працягваў трухаць наперад.
Містэр Гэмфілд пачаў сыпаць праклёны на асла ўвогуле, але больш на яго вочы, потым дагнаў яго і нанёс яму жахлівы ўдар па галаве, ад якога, напэўна, раскалоўся б любы іншы чэрап, акрамя аслінага. Потым ён, ухапіўшыся за аброць, моцна тузануў за яе, каб ласкава нагадаць жывёліне, што яна не сама сабе гаспадар, і гэткім чынам завярнуў назад. Пасля ён яшчэ раз улупіў аслу па галаве, каб замацаваць навуку. Закончыўшы гэтыя падрыхтоўчыя захады, ён пайшоў да брамы чытаць абвестку.
Каля брамы, заклаўшы рукі за спіну, стаяў джэнтльмен у белай камізэльцы, які толькі што выказаў некалькі глыбокіх думак на пасяджэнні рады. Будучы сведкам маленькай спрэчкі паміж містэрам Гэмфілдам і аслом, ён пачаў весела ўсміхацца, калі той падышоў чытаць абвестку, бо адразу зразумеў, што містэр Гэмфілд якраз такі гаспадар, які патрэбны Оліверу Твісту. Прачытаўшы паперу, містэр Гэмфілд таксама ўсміхнуўся, бо пяць фунтаў былі якраз неабходнай яму сумай; што да хлопчыка, які быў даважкам, дык містэр Гэмфілд, ведаючы рацыён працоўняў, не сумняваўся, што той будзе досыць мініятурным узорам чалавечае прыроды, рыхтык для чысткі комінаў. Таму ён зноў па складах прачытаў абвестку да канца і потым, у знак пашаны даткнуўшыся да сваёй футравай шапкі, звярнуўся да джэнтльмена ў белай камізэльцы.
— Еты хлопчык, сэр, якога прыход хоча аддаць на вывучку... — пачаў містэр Гэмфілд.
— Менавіта так, даражэнькі, — з паблажлівай усмешкай азваўся джэнтльмен у белай камізэльцы. — Дык што?
— Калі б прыход хацеў, каб ён вывучыўся файнаму і даходнаму рамяству камінара, — працягваў містэр Гэмфілд, — дак мне патрэбен вучань, і я хочу яго ўзяць.
— Зайдзіце, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы.
Містэр Гэмфілд крыху памарудзіў і пасля яшчэ раз улупіў аслу па галаве ды тузануў за цуглі, каб той не ўцёк без гаспадара, а потым пайшоў следам за джэнтльменам у белай камізэльцы ў той пакой, дзе Олівер упершыню ўбачыў гэтага джэнтльмена.
— Гэта гідкая праца, — заўважыў містэр Лімкінз, калі Гэмфілд паўтарыў сваю прапанову.
— Здаралася, што хлопчыкі задушваліся ў комінах, — сказаў другі джэнтльмен.
— То ж бо мачылі салому ў вадзе перш чым патпаліць. Ад етага тока дым каромыслам, а вагню — ні на грош! А от ад дыму дак толку ніякага, каб прымусіць хлапца вылезці, бо ад дыму ён толькі ўчадзее і засне, а яму тока таго і трэба. Жэнтальмены, яны ж такія лайдакі ўпартыя, і няма нічога лепш за агонь, каб прымусіць гэтых гіцляў павылазіць з коміна як мага хутчэй. Ета што ні кажы, па-людзку, бо нават калі яны засядуць у коміне, а ім падсмажыш пяткі, дак яны аж са скуры вылузваюцца, каб вызваліцца хутчэй.
Такое тлумачэнне вельмі забавіла джэнтльмена ў белай камізэльцы, але гэтая весялосць вельмі хутка згасла пад паглядам містэра Лімкінза. Пасля рада пастанавіла сцісла абмеркаваць справу ў сваім коле, аднак гаварылі так ціха, што, акрамя слоў «скарачэнне выдаткаў», «добра адаб’ецца на балансе», «надрукуем спарваздачу», нічога не было чуваць. Ды і гэтыя словы былі чутны толькі таму, што іх паўтаралі шмат разоў і з вялікім пафасам.
Нарэшце шэпт заціх, і пасля таго, як чальцы рады селі на свае месцы, прыняўшы зноўку свой ранейшы паважны выгляд, містэр Лімкінз прамовіў:
— Мы абмеркавалі вашу прапанову, і мы не пагаджаемся з ёю.
— Рашуча не пагаджаемся, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы.
— Адназначна не пагаджаемся, — дадалі іншыя чальцы рады.
Містэру Гэмфілду ўжо выпадала пацярпець ад абвінавачванняў у тым, што ён забіў трох ці чатырох хлопчыкаў, таму яму раптам прыйшло ў галаву, што чальцы рады праз нейкі незразумелы бзік надумалі, што гэтыя пабочныя абставіны мусяць паўплываць на іх рашэнне.
Гэта зусім не было падобна да іх манеры працаваць, але пакуль што, не хочучы асабліва ажыўляць старыя чуткі, ён пакамечыў у руках шапку і павольна адышоў ад стала.
— Дак вы не згодныя, жэнтальмены? — спытаў містэр Гэмфілд, затрымаўшыся каля дзвярэй.
— Не згодныя, — сказаў містэр Лімкінз, — праца ваша гэткая кепская, што мы мяркуем, што вы павінны атрымаць выплату крыху меншую, чым пазначана ў нашай абвестцы.
Фізіяномія містэра Гэмфілда прасвятлела, ён хуткімі крокамі вярнуўся да стала і запытаўся:
— А колькі б вам не было шкада, жэнтальмены? Ну! Не крыўдзіце беднава чалавека! Колькі дасцё?
— Па мне, дык трох фунтаў дзесяці пенсаў было б досыць, — сказаў містэр Лімкінз.
— На дзесяць пенсаў перабольшана, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы.
— Ану, давайце пагодзімся на чтырох фунтах, жэнтальмэны. Давайце: чатыры фунты, і вы пазбавіцеся ад яво вельмі выгадна. Га?
— Тры фунты дзесяць, — упарта паўтарыў містэр Лімкінз.
— Паслухайце! Давайце падзелім розніцу папалам, — прапанаваў Гэмфілд. — Тры фунты пятнаццаць.
— Не дадам ані фартынга, — гэткі цвёрды быў адказ містэра Лімкінза.
— Вы жах як мяне крыўдзіце, — няўпэўнена прамовіў містэр Гэмфілд.
— Ну, гэта ўжо лухта! — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы. — Ён заслугоўвае, каб яго ўзялі без аніякае выплаты. Забірайце вы яго, неразумны вы чалавек! Гэта хлопчык што трэба. Час ад часу яго трэба цверазіць кіем. Гэта пойдзе яму на карысць. Яго ўтрыманне не будзе каштаваць залішне многа, бо яго не перакармілі ані разу з дня яго народзінаў. Ха-ха-ха!
Містэр Гэмфілд кінуў хітры пагляд на тых, хто сядзеў за сталом, і, заўважыўшы, што яны ўсміхаюцца, паступова сам наважыўся на ўсмешку. Гешэфт адбыўся. Містэру Бамблу неадкладна загадалі ў той жа дзень даставіць Олівера з неабходнымі дакументамі да суддзі на подпіс і зацвярджэнне.
Дзеля выканання гэтага рашэння маленькага Олівера, вельмі здзіўленага, выпусцілі з-пад замка і загадалі яму апрануць чыстую кашулю. Ён ледзьве паспеў зрабіць гэтае нязвыклае гімнастычнае практыкаванне, як містэр Бамбл асабіста прынёс яму місачку кашы і святочныя дзве з паловай унцыі хлеба. Гэтае відовішча зусім выбіла Олівера з каляіны. Ён вельмі жаласна заплакаў, небеспадстаўна падумаўшы, што рада пастанавіла дзеля нейкай карысці забіць яго — інакш навошта яны пачалі адкормліваць яго такім чынам?
— Олівер, не плач, а то вочы пачырванеюць. Лепш з’ядай усё і будзь удзячны, — сказаў містэр Бамбл з унушальнай пыхай. Цябе збіраюцца аддаць у вучні да аднаго чалавека.
— У вучні, сэр! — усклікнуў хлопчык, увесь дрыжучы.
— Ага, Олівер, — пацвердзіў містэр Бамбл. — Добрыя міласэрныя джэнтльмены, якія шмат у чым замяняюць табе бацькоў, якіх у цябе няма, збіраюцца аддаць цябе ў вучні, уладкаваць цябе ў жыцці, зрабіць з цябе чалавека, хоць выдаткі для прыхода складаюць тры фунты дзесяць пенсаў — падумай толькі, тры дзесяць! — семдзясят шылінгаў — сто сорак пенсаў! І ўсё гэта ніцаму бязбацькавічу, якога ніхто не можа палюбіць!
Калі містэр Бамбл перапыніўся, каб набраць паветра, бо прамовіў ён усё гэта жахлівым голасам, слёзы адна за адной пабеглі па шчаках беднага дзіцяці, і Олівер горка зарыдаў.
— Годзе, — ужо менш пыхліва сказаў містэр Бамбл, бо яму прыемна было бачыць, якое ўражанне робіць ягонае красамоўства, — досыць, Олівер! Вытры вочы крысом сурдута і не плач у кашу. Гэта ж толькі дурні так робяць.
Сапраўды, вады ў кашы і так не бракавала.
Па дарозе да суддзі містэр Бамбл падвучваў Олівера, што ён мусіць рабіць адно — выглядаць шчаслівым, і калі джэтльмен запытае, ці хоча ён ісці ў вучні, адказаць, што напраўду вельмі хоча. Олівер паабяцаў выканаць абедзве інструкцыі, тым больш што містэр Бамбл даў зразумець, што калі не будзе выкананая хоць адна, то дабра чакаць не варта. Калі яны прыйшлі да суддзі, Олівера зачынілі аднаго ў маленькім пакойчыку і загадалі чакаць, пакуль містэр Бамбл яго не пакліча.
Тут хлопчык быў з паўгадзіны. Сэрца ў яго калацілася. Калі гэты час прайшоў, містэр Бамбл прасунуў у дзверы галаву, ужо не ўпрыгожаную трохкуткай, і гучна прамовіў:
— Ну, Олівер, мой мілы, хадзем да джэнтльменаў.
Сказаўшы гэта, ён зрабіў змрочны і пагрозлівы твар і ціха
дадаў:
— Памятай пра тое, што я табе сказаў, малы паскуднік!
Такая супярэчлівая манера збівала з панталыку, і Олівер прастадушна зазірнуў містэру Бамблу ў твар, але гэты джэнтльмен прадухіліў магчымыя выказванні, хутка завёўшы Олівера ў сумежны пакой, дзверы ў які былі адчыненыя. Пакой быў прасторны, з вялікім акном. За сталом сядзелі два старыя
джэнтльмены ў напудраных парыках. Адзін з іх чытаў газету, у той час як другі з дапамогай акуляраў у чарапахавай аправе вывучаў кавалак пергаменту, што ляжаў перад ім. З аднаго боку перад сталом стаяў містэр Лімкінз, з другога — містэр Гэмфілд, які адмыслова для наведвання памыў твар. Па пакоі хадзілі яшчэ два ці тры дзядзькі досыць грубага выгляду ў высокіх ботах.
Стары джэнтльмен, што чытаў пергамент, мала-памалу заснуў. Узнікла невялікая паўза. Нарэшце містэр Бамбл выставіў Олівера перад сталом.
— Вось ён, той хлопчык, ваша міласць, — сказаў містэр Бамбл.
Стары джэнтльмен, які чытаў газету, на хвілю падняў галаву
і торгнуў другога старога джэнтльмена за рукаў. Той прачнуўся.
— Ах, дык гэта той хлопчык! — прамовіў стары джэнтльмен.
— Ён гэта, ён, — адказаў містэр Бамбл. — Пакланіся суддзі, мілы.
Олівер ачомаўся ад здранцвення і зрабіў вельмі нізкі паклон.
Утаропіўшыся ў парык суддзі, ён раздумваў, ці сапраўды ўсе чальцы рады нараджаюцца з такімі абсыпанымі белым пылам валасамі і ці з гэтай нагоды яны адразу становяцца чальцамі рады.
— Добра, — прамовіў стары джэнтльмен, — мяркую, што яму падабаецца чысціць коміны?
— Ён вельмі любіць гэты занятак, — адказаў містэр Бамбл, цішком даючы Оліверу лёгкага кухталя, каб той ведаў, што тут лепш не пярэчыць.
— І ён будзе камінаром, ці не так? — дапытваўся стары джэнтльмен.
— Калі б яго заўтра прымусілі займацца нейкай іншай прафесіяй, дык ён адразу ўцёк бы, ваша міласць, — даў адказ містэр Бамбл.
— А гэты чалавек што, будзе ягоным настаўнікам? Вы, сэр, ці будзеце вы абыходзіцца з ім па-людску, карміць там, паіць... і ўсё, што належыць, ці не так? — сказаў стары джэнтльмен.
— Раз гавару што буду то буду, — зацята адказаў містэр Гэмфілд.
— Мова ў вас неабчасаная, мой мілы, але выглядаеце вы на сумленнага і адкрытага чалавека, — прамовіў стары джэнтльмен, наводзячы свае акуляры на кандыдата на атрыманне грошай за Олівера. Пачварная фізіяномія гэтага апошняга сапраўды мела на сабе таўро жорсткасці. Але суддзя быў напалову сляпы і напалову здзяцінеў, і таму наўрад ці можна было спадзявацца, што ён заўважыць тое, што бачылі іншыя.
— Спадзяюся, што гэта так, сэр, — адказаў містэр Гэмфілд з непрыемнай усмешкай.
— Не сумняваюся, што гэта так, сэр, — зазначыў стары джэнтльмен, папраўляючы акуляры на носе і азіраючыся ў пошуках чарнільніцы.
Гэта быў крытычны момант у жыцці Олівера. Калі б чарнільніца была там, дзе яе спадзяваўся знайсці стары джэнтльмен, ён абмакнуў бы ў яе пяро, падпісаў паперу, і Олівера адразу забралі б. Але здарылася, што чарнільніца стаяла пад самым яго носам, так што ён, нават абмацаўшы позіркам увесь стол, яе не знайшоў. У працэсе зацятага пошуку яму надарылася паглядзець проста перад сабой, і яго позірк упаў на бледны і запалоханы твар Олівера Твіста, які, не зважаючы на папераджальныя міны і кухталі Бамбла, глядзеў на пачварную фізіяномію свайго будучага гаспадара з такім выразам боязі ды страху, што гэта не мог не заўважыць нават слепаваты суддзя.
Стары джэнтльмен запыніўся, адклаў убок асадку і перавёў позірк з Олівера на містэра Лімкінза, які з незалежным выглядам заладаваў у нос дозу тытуню.
— Хлопчык мой! — прамовіў стары джэнтльмен, перахіліўшыся цераз стол.
Ад яго голасу Олівер уздрыгнуў. Яму можна было прабачыць гэта, бо словы былі вымаўленыя лагодна, а нязвыклыя гукі палохаюць. Ён затрымцеў і расплакаўся.
— Хлопчык мой! — сказаў стары джэнтльмен. — Ты спалатнеў. Ты выглядаеш спалоханым. Што здарылася?
— Адыдзіце ад яго крыху ўбок, кур’ер! — сказаў другі суддзя. Ён адклаў паперу і з зацікаўленым выглядам сеў ямчэй за сталом. — Ну, хлопчык, скажы нам, што тут за бяда. Не бойся.
Олівер упаў на калені і, сцяўшы рукі, пачаў прасіць, каб яго паслалі назад у цёмны пакой, там марылі голадам, білі, нават забілі, калі ім так хочаццца, але не пасылалі яго з гэтым страшным чалавекам.
— Вось табе і маеш! — усклікнуў містэр Бамбл, пафасна ўзнёсшы рукі і вочы ўгору. — Вось табе і маеш! Бачыў я падступных і сапсаваных сірот, але з іх усіх ты, Олівер, самы нахабны.
— Трымайце язык за зубамі, кур’ер, — сказаў другі стары джэнтльмен, калі містэр Бамбл сфармуляваў гэтае дакладнае азначэнне.
— Прашу вашу міласць дараваць мне, — прамовіў містэр Бамбл, — ці вы, ваша міласць, звярталіся да мяне?
— Да вас. Трымайце язык за зубамі.
Містэра Бамбла ад здзіўлення бы паралюш схапіў. Прыходскаму кур’еру загадалі трымаць язык за зубамі! Дык гэта ж парушэнне ўсялякіх этычных нормаў!
Стары джэнтльмен у чарапахавых акулярах паглядзеў на свайго кампаньёна. Той кіўнуў галавой.
— Мы не падпішам гэтую дамову, — сказаў стары джэнтльмен, адкідваючы кавалак пергаменту ўбок.
— Я спадзяюся, — заікаючыся, прамовіў містэр Лімкінз, — я спадзяюся, што, грунтуючыся толькі на выказваннях дзіцяці, нічым не падмацаваных, суддзі не зробяць высновы, што прыходскія ўлады вінаватыя ў якіхсьці благіх учынках.
— У абавязкі суддзяў не ўваходзіць рабіць якія-небудзь высновы па гэтай справе, — абрэзаў яго другі суддзя. — Забірайце дзіця назад у працоўню і абыходзьцеся з ім як належыць. Здаецца, яно мае ў гэтым патрэбу.
Тым жа вечарам джэнтльмен у белай камізэльцы катэгарычна заявіў, што Олівера не толькі павесяць, але і прыцягнуць да месца пакарання волакам ды чацвяртуюць. Містэр Бамбл з панура-таямнічым выглядам матлянуў галавой і пажадаў Оліверу, каб той нарэшце схіліўся да дабра. Містэр Гэмфілд на гэта адказаў, што жадае, каб той трапіў яму ў рукі; гэта было кардынальнае разыходжанне з пажаданнем кур’ера. Хоць камінар амаль ва ўсім з ім пагаджаўся.
Назаўтра ўранні людзі зноў даведаліся, што Олівера здаюць у вучні і што кожнаму, хто захоча ім валодаць, будуць заплачаныя пяць фунтаў стэрлінгаў.