апавядае пра крытычнае становішча
Хто там? — запытаўся Брытлз, прачыніўшы дзверы на ланцужку.
— Адчыніце, гэта агенты з Боў-стрыт, пасылалі сяння па нас, — азваўся чалавек, які стаяў знадворку.
Цалкам супакоены такім адказам, Брытлз расчыніў дзверы насцеж і ўбачыў перад сабой мажнага чалавека ў шэрым паліто, які, не кажучы ні слова, адразу ўвайшоў і выцер ногі аб дыванок з такім выглядам, як быццам ён жыў тут заўсёды.
— Малады чалавек, пашліце каго падмяніць майго напарніка, — распарадзіўся агент, — ён сядзіць у брычцы, пілнуе каня. У вас тут ё стайня, дзе воз можна было б паставіць хвілін на пяць-дзесяць?
Брытлз адказаў сцвярджальна і паказаў на будынак. Мажны чалавек выйшаў праз садовую браму і дапамог свайму таварышу паставіць брычку. Брытлз, поўны захаплення, свяціў ім. Управіўшыся, яны вярнуліся ў дом; іх правялі ў гасцёўню, дзе яны знялі свае шэрыя паліто і капелюшы, так што іх можна было разгледзець лепш.
Чалавек, які стукаў у дзверы, быў тоўстым мужчынам сярэдняга росту, гадоў пяцідзесяці, з ільснянымі чорнымі валасамі, падстрыжанымі даволі коратка, з паўбакенбардамі, круглым тварам і праніклівымі вачыма. Другі быў руды, кашчавы чалавек у высокіх ботах; у яго быў непрыгожы твар і кірпаты, даволі злавеснага выгляду нос.
— Скажыце гаспадару, што прыехаў Блатэрс і Даф, чуяце? — прамовіў таўсцейшы мужчына, пагладзіўшы валасы і кладучы на стол пару кайданкаў. — О! Дабрыдзень, пане! Ці не памяняцца нам з вамі парай слоў сам-насам?
З гэтымі словамі ён звярнуўся да містэра Лосбэрна, які якраз меў гонар з’явіцца; гэты годны джэнтльмен знакам загадаў Брытлзу выйсці, прывёў абедзвюх лэдзі і зачыніў дзверы.
— Вось гаспадыня дома, — сказаў містэр Лосбэрн, паказваючы на місіс Мэйлі.
Містэр Блатэрс пакланіўся. Гасцей папрасілі сесці; містэр Блатэрс паклаў капялюш, узяў сабе крэсла і даў знак, каб Даф таксама сядаў. Гэты апошні, відаць, або не прызвычаіўся да кола прыстойных людзей, або пачуваўся ў ім не надта вольна, бо сеў толькі пасля нейкіх сутаргавых рухаў, засунуўшы з перапуду ў рот булавешку сваёй палкі.
— А цяпер наконт гэнага рабаўніцтва тут, — сказаў Блатэрс. — Пане, якія былі акалічнасці рабаўніцтва?
Містэр Лосбэрн, які, здавалася, хацеў выйграць час, пачаў распавядаць. Расказваў ён занудліва, з вялікімі падрабязнасцямі і адступленнямі. Што да містэраў Блатэрса і Дафа, то яны сваім выглядам давалі зразумець, што ім гэта не ўпершыню, і час ад часу пераглядваліся і ківалі галовамі.
— Зразумела, я ціпер не магу нічога сказаць напэвна, пакуль не пабачу месца здарэння, — сказаў Блатэрс, — але я адразу падумаў — у гэтых рамках я магу гаварыць адкрыта, — што гэта справа рук не якой-небудзь вясковай шантрапы, га, Даф?
— Пэвна, так, — азваўся Даф.
— Калі перакласці для гэтых людзей ваша азначэнне, то вы, наколькі я разумею, лічыце, што гэты замах быў зроблены не вясковымі жыхарамі? — сказаў, усміхаючыся, містэр Лосбэрн.
— Іменна так, пане, — быў адказ Блатэрса. — Дак наконт рабаўніцтва больш нечага сказаць?
— Не, — адказаў доктар.
— А што гэта слугі расказваюць пра нейкага хлопчыка? — сказаў Блатэрс.
— Лухта, — адказаў доктар. — Адзін са спалоханых слугаў убіў сабе ў галаву, што хлопчык мае нейкае дачыненне да спробы ўламацца ў дом; але ж гэта нонсэнс, чысты абсурд.
— Дак лёгка будзе і закрыць, калі што, — уставіў Даф.
— Бадай што, — заўважыў Блатэрс, сцвярджальна ківаючы галавой і бесклапотна іграючы кайданкамі, быццам парай кастаньетаў. — Што гэна за хлопчык? Што ён гаворыць пра сябе? Аткуль прыйшоў? Не ўпаў жа ён з неба, ці не так, пане?
— Зразумела, не, — адказаў доктар, нервова паглядзеўшы на абедзвюх лэдзі. — Я ведаю пра яго ўсё. Але давайце пагаворым пра гэта потым. Напэўна, вы хацелі найперш паглядзець месца, дзе злодзеі хацелі ўламіцца ў дом?
— Зразумела, — адказаў містэр Блатэрс. — Лепей мы спачатку агледзім месца здарэння, а потым дапытаем слуг. Так звычайна ідзець следства.
Прынеслі святло, і містэр Блатэрс з містэрам Дафам у суправаджэнні мясцовага канстэбля, Брытлза, Джайлса і, калі карацей, усіх астатніх, пайшлі ў маленькі пакой у канцы калідора і выглянулі з акна, потым абышлі дом па газоне і заглянулі ў акно, потым ім падалі ў акно свечку, каб яны маглі агледзець аканіцу, а ўслед за свечкай яшчэ ліхтар, каб можна было разгледзець сляды, і нарэшце вілы, якімі яны абпаролі кусты ў пошуках рэчавых доказаў. Усе, стаіўшы дыханне, сачылі за іх дзеяннямі. Скончыўшы работу, яны зноў вярнуліся ў дом, і тут містэр Джайлс і містэр Брытлз мусілі выкласці сваю меладраматычную версію ўдзелу ў начных прыгодах, якую яны паўтаралі добрых шэсць разоў, і пры гэтым першая іхняя інтэрпрэтацыя мела як мінімум адно супярэчанне ў адным важным пункце, а апошняя дык увесь тузін несупадзенняў. Дасягнуўшы такіх поспехаў, Блатэрс і Даф выправілі ўсіх з пакоя і доўга радзіліся; іхнія кансультацыі былі такімі патаемнымі і ўрачыстымі, што ў параўнанні з імі нават кансіліум знаных дактароў у найважнейшым пытанні медыцыны здаўся б адно дзіцячай гульнёй.
Між тым скрайне занепакоены доктар хадзіў узад і ўперад па сумежным пакоі, а місіс Мэйлі і міс Роз устрывожана паглядвалі на яго.
— Дапраўды, — сказаў ён, спыняючыся пасля вялікай колькасці вельмі шпаркіх кругоў, — я не ведаю толкам, што рабіць.
— Пэўна ж, — сказала Роз, — калі шчыра паўтарыць ім гісторыю беднага хлопчыка, то гэтага будзе дастаткова, каб апраўдаць яго.
— Сумняваюся, мая мілая лэдзі, — сказаў доктар, хітаючы галавой. — Не думаю, што гэта змагло б апраўдаць яго як у вачах гэтых двух, так і перад больш высокапастаўленымі службоўцамі. «Хто ён такі, нарэшце? — вось што скажуць яны. — Уцякач». Калі меркаваць, кіруючыся логікай здаровага сэнсу, то ягоная гісторыя вельмі сумніўная.
— Але вы ў яе верыце? — перапыніла яго Роз.
— Так, я, на дзіва, веру ў яе; можа быць, я стары дурань і веру таму, што страціў розум, — адказваў доктар, — але тым не менш я пэўна ведаю, што гэтая гісторыя не для вушэй дасведчанага паліцыянта.
— Чаму не? — дапытвалася Роз.
— Таму, мой мілы следчы, — адказваў доктар, — што ў ёй з іхняга пункту гледжання шмат цёмных месцаў; хлопчык можа даказаць толькі тыя факты, якія сведчаць пра яго дрэнна, а добрых ён даказаць якраз не можа. Праклятыя тыпы! Яны ж будуць дапытвацца, што і чаму, і проста так сабе не будуць браць на веру анічога. Вы ж бачыце: калі грунтавацца на яго ўласных сведчаннях, ён спачатку нейкі час быў супольнікам злодзеяў, быў дастаўлены ў пастарунак з абвінавачвання ў тым, што залез у кішэню да нейкага джэнтльмена. Ён быў выкрадзены з дома таго самага джэнтльмена, і яго завялі ў месца, якое ён не можа ні апісаць, ні паказаць, дзе яно знаходзіцца — пра гэта ён не мае аніякага ўяўлення. Яго прывозяць у Чэрсі людзі, якія моцна звязаныя з ім, хоча ён таго ці не. Яго засоўваюць у акно, каб абрабаваць дом, і вось толькі ён збіраецца падняць трывогу і пабудзіць насельнікаў дома, зрабіўшы тым самым учынак, які расставіў бы ўсё на свае месцы, як тут усплывае гэтая бесталковая пачвара, гэты ёлупень-дамарад, і страляе ў яго, як быццам хоча прадухіліць усё добрае, што малец сабраўся быў дзеля сябе зрабіць. Хіба вы не бачыце ўсяго гэтага?
— Зразумела, бачу, — усміхнулася Роз у адказ на лекарава ўзрушэнне, — і ўсё ж не разумею, што ў гэтым такога, што можа скампраметаваць беднае дзіця.
— А як жа, нічога! — адказаў доктар. — Няхай Бог блаславіць зоркія жаночыя вочы! Яны заўсёды бачаць толькі адзін бок — добры або кепскі — у залежнасці ад таго, што яны першым запрыкмецяць.
Падзяліўшыся такім чынам сваім жыццёвым досведам, доктар засунуў рукі ў кішэні і забегаў па пакоі яшчэ хутчэй.
— Чым больш я думаю, — працягваў ён, — тым больш упэўніваюся, што калі мы пасвяцім гэтых людзей у сапраўдную гісторыю хлопчыка, то гэта спрычыніць безліч клопатаў іскладанасцей. У яе, вядома ж, не павераць. Зрэшты, калі яму і не змогуць нашкодзіць, то агалашэнне гісторыі і сумненні, якія яна выкліча, істотным чынам паўплываюць на вашыя добрыя намеры выратаваць яго ад бед.
— О! Што рабіць?! — усклікнула Роз. — Божа, Божа, нашто яны паслалі па гэтых людзей?
— Насамрэч, нашто?! — сказала і місіс Мэйлі. — Я б ні за што на свеце не паклікала іх сюды.
— Усё, што я ведаю, — нарэшце сказаў містэр Лосбэрн, сядаючы з выразам адчайнай рашучасці, — гэта тое, што мы павінны паспрабаваць зрабіць усё магчымае, і зрабіць без боязі на твары і дрыжання рук. Мэта наша добрая, і гэта вызваляе нас ад віны. У хлопчыка моцныя сімптомы ліхаманкі, і з ім нельга размаўляць — вось адзінае, што нам спрыяе. Мы павінны выкарыстаць усё, што нам на карысць, і калі нам на карысць бяда, то гэта не наша віна. Уваходзьце!
— Ну, пане, — сказаў Блатэрс, уваходзячы ў пакой у суправаджэнні свайго калегі і зачыняючы дзверы, перш чым казаць далей, — справа гэтая не змоўная.
— А што такое змоўная справа, нарэшце?! — даволі злосна запытаўся доктар.
— Змоўнай справай мы называем, лэдзі, — сказаў Блатэрс, адварочваючыся ад іх, нібыта шкадуючы іх за іхнюю некампетэнтнасць, а вось доктаравым невуцтвам дык і пагарджаючы, — калі прыслуга замешана ў рабунку.
— Але ж у гэтым выпадку іх ніхто не падазраваў, — сказала місіс Мэйлі.
— Дак пэвна ж, што верагоднасць іх удзелу была малая, мэм, — сказаў Блатэрс, — але ўсё ж яны маглі быць замешаныя.
— Калі на іх не падала падазрэнне, дак тады тым больш маглі, — падаў голас Даф.
— Нам удалася высветліць, што гэта былі гарацкія, — працягваў сваю справаздачу Блатэрс, — перадусім з-за стылю работы.
— Надта падобна да таго, — заўважыў упаўголаса Даф.
— Іх было ўдвух, — працягваў Блатэрс, — і з імі быў хлопчык: гэта зразумела, калі мець на ўвазе памеры вакна. Гэта ўсё, што можна пакуль што сказаць. Калі можна, мы хацелі б паглядзець гэтага хлапчука, які там ляжыць наверсе.
— Можа быць, яны спачатку што-небудзь выпілі б, місіс Мэйлі? — сказаў доктар, і яго твар прасвятлеў, як быццам яго наведала нейкая новая ідэя.
— О, сапраўды, — горача падхапіла Роз. — Вам адразу паднясуць, калі вы пажадаеце.
— О, дзякуй, міс, — сказаў Блатэрс, праводзячы рукавом па вуснах, — наша работа такая, што ў горле сохне. Не шукайця нічога такога, міс, пойдзе любое, што пад рукамі.
— Чаго б вы хацелі? — спытаў доктар, падыходзячы разам з маладой лэдзі да буфета.
— Кроплю спіртнога, калі ўжо прапаноўваеце, — адказаў Блатэрс. — Ехаць з Лондана было зімна, мэм, а я даўно змікіціў: спіртное грэе лепш усяго.
Гэтае цікавае паведамленне было адрасавана місіс Мэйлі, якая ўспрыняла яго вельмі прыхільна. Пакуль выкладалася гэтае меркаванне, доктар выслізнуў з пакоя.
— Ах, — сказаў містэр Блатэрс, трымаючы кілішак не за ножку, а абхапіўшы яго за дно ўказальным і вялікім пальцам левай рукі і падняўшы яго на ўзровень грудзей, — я за сваё жыццё бачыў многа такіх спраў, мэм.
— Дак тое ўламанне на ускраіне Эдмантана, Блатэрс, — падтрымаў памяць свайго калегі Даф.
— Там было нешта тыпу сённяшняга, праўда? — падхапіў містэр Блатэрс. — Гэта была справа рук Насатага Чыквіда.
— Вы заўша прыпісваеце гэта яму, — запярэчыў Даф. — Гавару вам, гэта зрабіў Сямейны Пэт. Насаты мог мець да гэтай справы не больш дачынення, чым мы.
— Да кіньця вы, — аспрэчыў Блатэрс. — Я лепш ведаю. Вы маеце на ўвазе той выпадак, калі ў Насатага забралі грошы? Во гэта была забава дак забава. Лепш, чым якая аповесць альбо раман.
— І што ж там было? — пацікавілася Роз, якая хацела як мага больш падтрымаць сімптомы добрага настрою непажаданых наведвальнікаў.
— Там якраз было такое рабаўніцтва, міс, якое наўрад хто можа асудзіць, — адказаў Блатэрс. — Гэты Насаты Чыквід...
— Насаты — азначае з нюхам на грошы, мэм, — перапыніў Даф.
— ...Хіба лэдзі і без таго разумее гэта, так ці не? — строга спытаўся Блатэрс. — Увесь час вы мне ў слова ўпадаеце, напарнік! Дак вот гэты Насаты Чыквід, міс, трымаў паб на Бэтлбрыджскім гасцінцы і меў пакой у падвальным паверсе, куды многа хто з маладых джэнтльменаў хадзіў глядзець на птушыныя баі, цкаванне барсукоў сабакамі і таму падобнае. Справы гэтыя абстаўляліся хітра, бачыў на ўласныя вочы. На той час ён яшчэ не ўваходзіў у банду, і аднэй начы ў яго скралі з брызентавай торбай трыста дваццаць сем гіней, скраў у спальні глухой ноччу высокі мужчына з чорнай павязкай на адном воку, які хаваўся пад ложкам, а потым — з сумкай з акна — там быў толькі другі паверх. Ён гэта ўсё хутка зрабіў. Але і Насаты тэж не марудзіў: ён прачнуўся, пачуўшы шум, выскачыў з пасцелі і ўдарыў ім услед са стрэльбы, пабудзіў усех па саседству. Яны адразу паднялі шум, а калі сталі аглядаць вакол, то ўбачылі, што Насаты папаў-такі ў злодзея, таму што аж да агароджы былі сляды крові. Потым яны губляліся — злодзей даў драла разам са спажывай. Адпаведна, імя містэра Чыквіда, уладальніка ліцэнзіі на продаж спіртнога, з’явілася ў «Газеце» сярод імён іншых банкрутаў, і для яго распачалі патпіскі, латэрэі, збор ахвяраванняў: ён з-за сваёй страты быў зусім страціў галаву і тры альбо чатыры дні хадзіў па вуліцах і рваў на сабе валасы ад адчаю, так што многа хто баяўса, што ён накладзець на сібе рукі. Аднаго разу прыбег ён у паліцэйскі суд і гаварыў с судзьёй, адзін на адзін, даволі доўга. Той потым звоніць у калакольчык і загадвае, каб зашоў Джэм Спаерс (а Джэм быў хвацкім хлопцам) і кажа Джэму, каб той ішоў з містэрам Чыквідам і памог яму арэставаць чалавека, які абрабаваў дом. «Спаерс, я бачыў яго, — гаворыць Чыквід, — калі ён праходзіў міма маяго дома ўчора вечарам». «Дак чаму ж вы не выскачылі і не схапілі яго за каўнера?» — пытае Спаерс. «Я быў настолькі агаломшан, што мне можна было прабіць башку зубачысткай, — кажа небарака, — але ціпер мы яго напэвна злапаем, бо ён зноў праходзіў паміж дзесяццю і адзінаццаццю вечарам». Спаерс як толькі пачуў гэта, адразу засунуў у кішэні чыстую бялізну і грэбень на выпадак, калі яму прыдзецца правесці там дзень альбо два, ідзе ў паб, сядае каля вакна, схававшыса за маленькай краснай занавескай, — у кацялку, каб адразу выскачыць, калі што. Ужэ позна вечарам — ён якраз курыў трубку — як загарланіў тут знянацку Чыквід: «Лаві! Лаві зладзея! Забіваюць!» — Джэм Спаерс выскоквае на вуліцу і бачыць там, як Чыквід мчыцца што ног і гарланіць. Спаерс за ім, а Чыквід бяжыць дальшэ; людзі аглядваюцца, усе крычаць «Зладзеі!», і Чыквід гарланіць, як вар’ят. Спаерс на момант губляе яго з поля зроку, і калі аббягае вугал вуліцы, бачыць невялікую кучку людзей, укліньваецца ў яе. «Дзе ён?» «Каб мне праваліцца на гэтым месцы, — кажа Чыквід, — зноў уцёк!» На дзіва, але яго зноў не было, так што яны вярнуліся ў паб. Наступным ранкам Спаерс зноў заняў старое месца і па-ранейшаму выглядваў з-за занавескі высокага мужчыну с чорнай павязкай на воку, пакуль яму не забалелі свае лічныя вочы. Нарэшце ён не мог устрымацца і зажмурыў іх на хвілю-другую; як толькі гэта зрабіласа, то ён адразу і чуе Чыквідавы выкрыкі: «Вось ён! Трымай!» знову ён бяжыць, з Чыквідам у палавіну вуліцы паперадзе, і прабег два разы больш, чым учора, даведваецца, што злодзей зноў убег! Так было яшчэ раза са два, а потым саседзі сказалі, што Чыквіда абрабаваў чорт і ціпер яво дурачыт; другія думалі, што бедны Чыквід забалел на галаву з гора.
— А што сказаў Джэм Спаерс? — запытаўся доктар, які вярнуўся ў пакой неўзабаве пасля таго, як Блатэрс пачаў расказваць.
— Джэм Спаерс доўгі час зусім нічаго не казаў і да всяго прыслуховываўса, а гэта значыт, што ён разумеў сваю справу як след, — адказаў віж. — Але аднаго разу ранкам увайшоў ён у бар, падняў табакерку і гаворыць: «Чыквід, я знайшоў таго, хто ўчыніў рабунак. «Праўда? — гаворыць Чыквід. — О мой дарагі! Спаерс, толькі дай мне папомсціцца! І я памру спакойна! О мой дарагі Спаерс, дзе ж гэты злодзей?» «Пашлі, — гаворыць Спаерс і прапануе яму панюшку табаку, — даволі мазгі пудрыць. Ты сам гэта зрабіў!» Так яно і было папраўдзе, і на гэтым ён добра нагрэў сабе рукі; так нічаго і не аткрылася б, каб ён не замятаў сляды так старацельна, вось і ўсё, — закончыў містэр Блатэрс, ставячы кілішак і пабраскваючы кайданкамі.
— Вельмі цікава, вельмі, — заўважыў доктар. — А цяпер, калі вам пажадана, можаце падняцца наверх.
— Калі вам пажадана, сэр, — адказаў містэр Блатэрс, і абодва віжы, не адстаючы, рушылі за доктарам наверх, у пакой Олівера. Замыкаў шэсце містэр Джайлс са свечкай у руце.
Олівер драмаў, але выглядаў ён нашмат горш, і гарачка ў яго была нашмат большая, чым раней. З дапамогай доктара ён змог пасядзець з хвіліну ці дзве; ён глядзеў на незнаёмых людзей, абсалютна не разумеючы і, відаць, не ўсведамляючы, дзе ён і што з ім адбываецца.
— Вось, гэта той самы хлопец, — сказаў шэптам, але з вельмі вялікай экспрэсіяй містэр Лосбэрн, — той самы, які свавольнічаў тут непадалёку і якога выпадкова паранілі з самапала на пляцы Містэра-як-яго-там-завуць, — гэта адразу за намі. Ранкам ён прыйшоў сюды па дапамогу, а яго адразу затрымлівае і абыходзіцца з ім груба вось гэты праніклівы джэнтльмен са свечкай у руцэ, ставячы тым самым яго жыццё пад вялікую пагрозу, што я магу як лекар кампетэнтна засведчыць.
Містэры Бластэрс і Даф паглядзелі на дамарада, якога адрэкамендавалі такім чынам. Агаломшаны містэр Джайлс з выразам страху, змешанага з неўразуменнем, пераводзіў пагляд то з Олівера на містэра Лосбэрна, то з містэра Лосбэрна на Олівера.
— Спадзяюся, вы не будзеце адмаўляць гэтага? — сказаў доктар, беражліва кладучы Олівера на пасцель.
— Я... я хацеў як найлепш, сэр! — знайшоўся Джайлс. — Яны... у іх пэўна быў хлопчык.
— Які хлопчык? — перапытаў старшы віж.
— Хлопчык узломшчыкаў, сэр! — адказваў Джайлс. — Яны... У іх дакладна быў хлопчык.
— Дак значыць, вы так ціпер думаеце, — працягваў дапытвацца Блатэрс.
— Што думаю? — спытаў Джайлс, няўцямна гледзячы на віжа.
— Думаеце, што гэты хлопчык — той самы, тупая ваша галава! — нецярпліва патлумачыў Блатэрс.
— Не ведаю, насамрэч не ведаю, — сказаў Джайлс з пакаянным тварам. — Не стану клясціся, не.
— Дак што ж вы врэшце думаеце?
— Не ведаю, што і думаць, — адказаў бедны Джайлс. — Я не думаю, што гэта той хлопчык. Насамрэч. Я нават амаль што пэўны, што гэта не той хлопчык. Усялякае здараецца, вы ж ведаеце.
— Сэр, гэты чалавек выпіў, альбо што? — запытаўся Блатэрс, павярнуўшыся да доктара.
— Ну і тупагаловы ты мужык, — з пагардай сказаў Даф, звяртаючыся да містэра Джайлса.
Падчас гэтага дыялогу містэр Лосбэрн мераў пульс свайго пацыента; цяпер ён устаў з фатэля, які стаяў ля ложка, і заўважыў, што калі ў віжоў засталіся якія-небудзь сумненні, то, можа быць, ім лепш было б прайсці ў суседні пакой і распытаць Брытлза.
Яны прынялі гэтую прапанову і накіраваліся ў сумежны пакой, дзе пакліканы туды містэр Брытлз заблытаў і сябе, і свайго паважанага начальніка ў такую шчытную павуціну новых супярэчнасцяў і алагізмаў, што не ўдалося высветліць ніводнага факта, акрамя факта ягонага поўнага неўразумення; зрэшты, ён заявіў, што не апазнаў бы хлопчыка, каб яго тут адразу паставілі перад ім, што ён толькі прымаў Олівера за таго хлопчыка, таму што так сказаў раней містэр Джайлс і што пяць хвілін таму на кухні містэр Джайлс прызнаўся, што, магчыма, ён паспяшаўся.
Потым сярод іншых цікавых ідэй узнікла і такая: а ці падстрэліў містэр Джайлс каго-небудзь наогул? Калі аглядзелі другі пісталет з пары, то знайшлі, што ён зараджаны адно порахам і папяровым пыжом. Гэтае адкрыццё зрабіла важкае ўражанне на ўсіх, акрамя доктара, які выняў кулю хвілін дзесяць таму назад. Але найбольш гэтае адкрыццё ўразіла самога містэра Джайлса, які некалькі гадзін мучаўся ад неверагоднасці таго, што ён параніў свайго бліжняга, і цяпер ухапіўся за гэтую ідэю і ўсяляк яе прапагандаваў. Нарэшце агенты, ужо не надта турбуючыся пра Олівера, пакінулі ў доме канстэбля з Чэрсі і паехалі начаваць у горад, паабяцаўшы вярнуцца назаўтра ўранні.
Наступным ранкам пайшла пагалоска, што ў турму ў Кінгстане пасадзілі двух мужчын і хлопчыка, якіх пры падазроных абставінах арыштавалі ўночы; адпаведна, містэр Блатэрс і містэр Даф паехалі ў Кінгстан. Аднак пры больш пільным разглядзе падазроныя абставіны заключаліся адно ў тым, што гэтых трох людзей знайшлі ў стозе сена, дзе яны спалі, што хоць і з’яўляецца цяжкім злачынствам, аднак караецца адно толькі ўвязненнем і з пункту гледжання міласцівага англійскага закона з яго ўсебаковай любоўю да каралеўскіх падданых лічыцца пры адсутнасці іншых улік недастатковым доказам таго, што той, хто спаў (тыя, хто спалі), учыніў рабаўніцтва з узломам і, такім чынам, заслугоўвае смяротнага пакарання. Містэр Блатэрс і містэр Даф вярнуліся, не набраўшыся розуму.
Карацей кажучы, пасля шматлікіх праверак і размоў мясцовы суддзя ахвотна згадзіўся прыняць заруку, што Олівер з’явіцца, як толькі яго выклічуць, а Блатэрс і Даф, узнагароджаныя некалькімі гінеямі, вярнуліся ў горад, так і не прыйшоўшы да згоды ў ацэнцы вынікаў свайго выезду: Даф, грунтоўна абдумаўшы ўсе абставіны справы, схіляўся да таго, што замах быў зроблены Сямейным Пэтам, а першы гатовы быў у роўнай меры прыпісаць заслугу вялікаму Насатаму Чыквіду.
Тым часам пад аб’яднаным наглядам місіс Мэйлі, міс Роз і добрасардэчнага містэра Лосбэрна Олівер пакрысе папраўляўся і раскашаваў. Калі толькі палымяныя малітвы, якія выліваюцца з сэрца, перапоўненага ўдзячнасцю, бываюць пачутыя на небе — а калі не, то што тады ў такіх малітвах! — то тыя блаславенні, якія сірацінка выпрошваў для сваіх дабрадзеяў, пранікалі ў іхнія сэрцы і спараджалі ў іх спакой і шчасце.