у якім Олівер адыходзіць у распараджэнне містэра Сайкса
Калі раніцай Олівер прачнуўся, то моцна здзівіўся, убачыўшы ля сваёй пасцелі пару новых чаравікаў на тоўстай падэшве. Старыя нехта забраў. Спачатку гэтая знаходка яго ўзрадавала, бо ён падумаў, што яго, мабыць, неўзабаве адпусцяць, але хутка высветлілася, што яго спадзяванні былі марнымі: калі ён сеў снедаць з габрэем, той сказаў яму, што сёння ўвечары яго завядуць да Біла Сайкса, прычым сказана было гэта такім тонам і ў такой манеры, што хлопчык яшчэ больш спалохаўся.
— І... і пакінуць там, сэр? — занепакоена запытаўся Олівер.
— Не, не, мой даражэнькі, не пакінуць, — супакоіў яго габрэй. — Мы не хочам губляць цябе. Не бойся, Олівер, ты вернешся да нас. Ха-а-ха! Мы не настолькі жорсткія, каб выпіхваць цябе прэч, мой даражэнькі, о не!
Стары, які смажыў кавалак хлеба, схіліўшыся над агнём, азірнуўся на Олівера і захіхікаў, быццам хочучы паказаць, што ён ведае, з якім задавальненнем той уцёк бы, каб толькі мог.
— Я так мяркую, мой даражэнькі, — сказаў габрэй, спыняючы позірк на Оліверы, — што ты хочаш ведаць, навошта ты ідзеш да Біла, га?
Олівер міжволі пачырванеў: стары быццам чытаў яго думкі. Але калі сказаць шчыра, ён сапраўды хацеў ведаць.
— Дык навошта, га? — дапытваўся габрэй, не даючы адказу сам.
— Я сапраўды не ведаю, сэр, — адказаў Олівер.
— Вось і маеш! — прамовіў габрэй, пільна ўгледзеўся ў твар хлопчыка і расчаравана адвярнуўся. — Тады пачакай, пакуль Біл сам табе скажа.
Выглядала на тое, што габрэя раззлавала гэтая безуважнасць Олівера, але насамрэч хлопчыка адпалохала і ўтрымала ад далейшых роспытаў непадробная шальмаватасць габрэевых позіркаў, а больш магчымасці папытацца не выпала, бо габрэй увесь вечар быў панурым і нясхільным да размовы, а потым пачаў збірацца ў дарогу.
— Можаш запаліць свечку, — сказаў габрэй, ставячы яе на стол. — Тут унізе кніжка для цябе, можаш пачытаць, пакуль па цябе прыйдуць. Дабранач!
— Дабранач! — ціха азваўся Олівер.
Габрэй, гледзячы цераз плячо на хлопчыка, накіраваўся да дзвярэй. Раптам ён спыніўся і аклікнуў Олівера па імені.
Олівер падняў галаву. Габрэй знакам паказаў, што трэба запаліць свечку. Олівер паслухаўся. Калі ён ставіў падсвечнік на стол, то ўбачыў, што габрэй, начапурыўшыся, пільна глядзіць на яго з цёмнага кутка пакоя.
— Сцеражыся, Олівер, сцеражыся! — сказаў стары, трасучы пагрозліва правай рукой. — Ён грубы чалавек і не спыніцца перад тым, каб праліць кроў, калі ў яго самога кроў завіруе ў жылах! Што б ні здарылася, нічога не кажы і рабі, што ён загадае. Дык помні!
Асабліва падкрэсліўшы апошнія словы, стары з натугай агораў новы выраз твару — цяпер ён расплыўся ў агіднай ухмылцы, паківаў галавой і знік з пакоя.
Калі стары пайшоў, Олівер абапёрся галавой на рукі і з трымценнем у сэрцы думаў пра тое, што толькі што пачуў. Чым больш ён разважаў пра габрэева папярэджанне, тым менш зразумелым станавіўся для мальца ягоны сэнс. Ён не мог даўмецца, чаму яго хочуць дзеля ўчынення чагосьці дрэннага паслаць да Сайкса і чаму гэта не зможа адбыцца, калі ён застанецца ў Фэджына. Пасля доўгіх разваг ён прыйшоў да высновы, што яго адсылаюць да хатняга злодзея, каб ён выконваў там паўсядзённую брудную працу да таго часу, пакуль не знойдуць іншага хлопчыка, больш прыдатнага для гэтых мэтаў.
Ён перанёс шмат пакутаў і зашмат пакутаваў тут, каб наракаць на нейкую перамену і перажываць праз яе. Некалькі хвілін ён быў заглыбіўся ў роздум, потым цяжка ўздыхнуў, зняў са свечкі лішні воск і пачаў чытаць кніжку, якую яму пакінуў габрэй.
Ён гартаў старонкі спачатку безуважна, але потым адзін урывак тэксту прыцягнуў ягоную ўвагу, і ён паглыбіўся ў чытанне. Гэта былі жыццяпісы і судовыя працэсы вялікіх злачынцаў; старонкі былі замусоленыя і зацёртыя пальцамі. Тут ён знайшоў апісанні крывавых злачынстваў, ад якіх кроў стыла ў жылах; забойстваў у бязлюдных, цёмных месцах; забітых, схаваных ад людскіх вачэй у глыбокіх ямах і студнях, — як глыбока ні былі б схаваныя трупы, але праз шмат гадоў сховы выкідвалі іх на паверхню, і гэтая карціна настолькі настрашвала забойцаў, што яны ў жаху прызнаваліся ў тым, што ўчынілі, і выпрошвалі як мага хутчэй пакараць іх смерцю, каб вызваліцца ад згрызотаў сумлення. Тут Олівер прачытаў таксама пра людзей, якія глухімі начамі ляжалі ў сваіх пасцелях, і на іх находзіла насланнё, спакуса граху, як яны самі потым прызнаваліся. Паддаўшыся спакусе, яны ўчынялі такія жахлівыя забойствы, што мурашкі беглі па скуры, і дрыжалі ногі ды рукі. Страшныя апісанні былі настолькі рэальнымі і жывымі, што пажоўклыя старонкі, здавалася, падцякалі крывёю, а словы гучалі ў вушах Олівера, як быццам іх глуха нашэптвалі духі забітых.
У жаху хлопчык загарнуў кніжку і адкінуў яе прэч. Потым ён укленчыў і пачаў маліцца Богу, каб Бог засцярог яго ад такіх учынкаў і даў яму лепш адразу памерці, чым учыніць такія жахлівыя і мярзотныя злачынствы. Паступова Олівер супакоіўся і ціхім, перарывістым голасам прасіў Бога, каб ён выратаваў яго ад будучых небяспек, і, калі гэта магчыма, дапамог беднаму, адрынутаму людзьмі хлопчыку, які ніколі не ведаў сяброўскай любові і спагады, каб дапамог яму менавіта цяпер, калі ён, самотны, пакінуты ўсімі, адзін знаходзіцца пасярод грахоўнасці і злачынстваў. Ён скончыў маліцца, але па-ранейшаму сядзеў, закрыўшы твар рукамі. Нейкі шорах прымусіў яго азірнуцца.
— Што такое? — крыкнуў ён, ускокваючы з падлогі. У кутку ля дзвярэй нехта стаяў. — Хто тут?
— Гэта я. Усяго толькі я, — адказаў няпэўны голас.
Олівер падняў свечку над галавой і паглядзеў у бок дзвярэй. Там стаяла Нэнсі.
— Пастаў свечку, — сказала дзяўчына, адвярнуўшы твар. — Вочы баляць на яе глядзець.
Олівер бачыў, што яна вельмі бледная, і мякка спытаў, ці не хворая яна часам. Дзяўчына абсела на крэсла да яго спінай і стала моўчкі ламаць рукі.
— Божа, даруй мне, — усклікнула яна праз хвіліну, — я пра гэта не падумала.
— Што-небудзь здарылася? — спытаў Олівер. — Ці магу я дапамагчы вам чым-небудзь? Я з ахвотай дапамог бы. Праўда.
Яна пачала хістацца ўзад-уперад, потым схапілася рукамі за горла і пачала з хрыпеннем і бульканнем лавіць ротам паветра.
— Нэнсі! — усклікнуў Олівер. — Што такое?
Дзяўчына пачала малаціць рукамі па каленях, а нагамі па падлозе, потым раптам спынілася, шчыльней захінулася ў шалік і затрэслася ад холаду.
Олівер падшураваў у каміне. Яна падсунула сваё крэсла бліжэй да агню і нейкі час сядзела моўчкі, але потым нарэшце падняла галаву і агледзелася.
— Я не ведаю, што на мяне находзіць часам, — сказала яна, робячы выгляд, быццам папраўляе сукенку. — Відаць, гэты цёмны, сыры пакой так на мяне падзейнічаў. Дык што, Нолі, мой даражэнькі, ты ўжо гатовы?
— Мне ісці з вамі? — спытаў Олівер.
— Так. Я прыйшла ад Біла, — азвалася дзяўчына. — Ты мусіш ісці са мной.
— Навошта? — спытаў, адхіснуўшыся, Олівер.
— Навошта! — рэхам паўтарыла дзяўчына, паглядзеўшы на Олівера і зноў адвёўшы вочы пасля таго, як яе позірк сустрэўся з ягоным.
— А так. Нічога такога.
— Я не веру, — сказаў Олівер, які пільна назіраў за ёю.
— Няхай будзе па-твойму, — засмяялася робленым смехам Нэнсі. — Ні для чога добрага.
Олівер адчуваў, што нейкім чынам мае ўплыў на лепшыя пачуцці дзяўчыны, і на адно імгненне ім завалодаў намер маліць яе аб спагадзе да яго, самотнага і ўсімі пакінутага. Але потым прамільгнула думка, што яшчэ толькі адзінаццаць гадзін і на вуліцы яшчэ шмат мінакоў і што, напэўна, сярод іх знойдзецца хоць адзін, хто паверыць ягонаму расказу. Сцвердзіўшыся ў сваім намеры, ён зрабіў крок наперад і крыху паспешліва сказаў, што ён гатовы.
Ні яго кароткі роздум, ні паспешлівасць не засталіся па-за ўвагай Нэнсі. Калі ён казаў, яна ўважліва за ім сачыла, а потым яе праніклівы і красамоўны пагляд засведчыў дастаткова пэўна, што яна прачытала тыя думкі, якія прайшлі ў галаве Олівера.
— Ціха! — сказала дзяўчына, нахіляючыся над ім, насцярожана агледзелася і паказала на дзверы. — Ты нічога не зможаш зрабіць. Я вельмі старалася табе дапамагчы, але ўсё без толку. Цябе абклалі з усіх бакоў, і калі табе выпадзе, можа быць, выслізнуць, то не цяпер. Яшчэ не час.
Уражаны яе энергічнай манерай, Олівер з вялікім здзіўленнем паглядзеў ёй у вочы. Відаць, яна казала праўду. Яе твар быў бледным і ўсхваляваным, і яна непадробна трымцела.
— Аднойчы я абараніла цябе ад крыўды, абараню яшчэ, калі трэба будзе, і абараню цяпер, — сказала яна ўголас. — Калі б замест мяне прыйшоў па цябе хто іншы, то ён абыходзіўся б з табой больш груба, чым я. Я абяцала, што ты будзеш паводзіць сябе ціхмяна і будзеш маўчаць. Калі гэтага не будзе, то ты адно нашкодзіш і сабе, і мне. Магчыма, праз гэта мяне заб’юць. Глядзі! Бог сведка, што я ўжо перанесла праз цябе.
Яна паспешліва паказала на сінякі на шыі ды руках і хутка працягвала:
— Помні пра гэта! І не прымушай мяне прымаць праз цябе пакуты, не рабі гэтага сёння. Каб я магла табе дапамагчы, я дапамагла б, але гэта не ў маіх сілах. Яны не маюць на мэце зрабіць табе крыўду, і не ты будзеш вінаваты ва ўсім, што яны прымусяць цябе зрабіць. Дык маўчы! Кожнае тваё слова — гэта ўдар па мне. Дай мне руку. Пайшлі, хутка! Давай руку!
Яна схапіла Олівера за руку, якую той інстынктыўна паклаў у ейную, задзьмула свечку і пацягнула яго за сабой уверх па прыступках. Нехта звонку расхінуў перад імі дзверы і адразу зачыніў іх, калі яны ступілі на вуліцу. Іх чакаў наняты кабрыялет. Нэнсі з ранейшай паспешлівасцю, з якой звярталася да Олівера, зацягнула яго ўнутр і захінула фіранкі. Кучар не пытаўся, куды ехаць, а з месца пагнаў каня наўскач.
Дзяўчына не адпускала руку Олівера і працягвала шаптаць яму папярэджанні і запэўніванні накшталт ранейшых. Усё адбывалася так хутка, так паспешліва, што не паспеў Олівер разабрацца, дзе ён і як сюды трапіў, як кэб спыніўся перад домам, куды габрэй скіраваў свае крокі мінулай ноччу.
На адзін момант Оліверу надарылася глянуць на пустую вуліцу, але крык аб паратунку захрас у яго горле, калі ён узгадаў словы Нэнсі, голас, які з трымценнем пагібелі маліў яго помніць. Пакуль ён вагаўся, зручны момант быў ужо ўпушчаны. Яго завялі ў дом і зачынілі дзверы.
— Сюды, — сказала дзяўчына, у першы раз адпускаючы руку. — Біл!
— Здароў! — азваўся Сайкс, які з’явіўся на верхняй лесвічнай пляцоўцы са свечкай у руцэ. — Усё як мае быць. Запрашаем!
З боку асобы з такім тэмпераментам, як у Біла Сайкса, гэта была выразная ўхвала, вельмі сардэчны прыём. Нэнсі,відавочна задаволеная гэтым, горача вітала яго.
— Казінае Вока пайшоў дадому з Томам, — заўважыў Сайкс, які свяціў ім па дарозе. — Ён тут, мабыць, спатрэбіўся б.
— Сапраўды, —азвалася Нэнсі.
— Дык ты прывяла мальца, — працягваў Сайкс, зачыняючы дзверы, калі ўсе зайшлі ў пакой.
— Так, вось ён тут, — адказала Нэнсі.
— Як ён паводзіў сябе па дарозе? — дапытваўся Сайкс.
— Ціха, як ягня, — адказала Нэнсі.
— Рады чуць гэта, — сказаў Сайкс і змрочна паглядзеў на Олівера, — іначай яго маладому каркасу не паздаровілася б. Ідзі сюды, містэр Зялёнка, паслухаеш лекцыю аб прыстойных паводзінах, каб усё адразу было зразумела.
Сказаўшы гэта Оліверу, ён садраў у таго з галавы шапку і шпурнуў яе ў куток, потым узяў хлопчыка за плечы, сам сеў ля стала, а малога паставіў перад сабой.
— Ну, цяпер найперш скажы мне, ці ведаеш ты, што гэта такое? — запытаўся Сайкс і ўзяў кішэнны пісталет, які ляжаў на стале.
Олівер адказаў сцвярджальна.
— Добра, тады глядзі сюды, — працягваў Сайкс. — Вось порах, гэта вось куля, а гэты кавалачак старога капелюша — гэта пыж.
Олівер прамармытаў, што яму вядома прызначэнне гэтых прадметаў. Містэр Сайкс грунтоўна і з вялікай стараннасцю ўзяўся зараджаць пісталет.
— Вось, гатова, цяпер ён зараджаны, — сказаў містэр Сайкс пасля таго, як зрабіў сваю работу.
— Так, я бачу, сэр, — адказаў Олівер.
— Добра, — сказаў рабаўнік, ухапіўшы Олівера за запясце і прыставіўшы рулю пісталета да яго скроні, так што Олівер аж уздрыгнуў, — калі пасля таго, як мы выйдзем з дома, ты скажаш хоць слова сам, не адказваючы на мой зварот, гэты набой без папярэджання апынецца ў тваёй галаве. Так што, калі ты наважышся гаварыць без дазволу, лепш прамаўляй перш малітву.
Каб павялічыць эфект сваёй перасцярогі, містэр Сайкс пагрозліва паглядзеў на Олівера і працягваў:
— Наколькі я ведаю, ніхто не будзе перажываць аб тваім лёсе, калі цябе кончаць, так што мне не варта было б улягаць у тлумачэнні, калі б не жадаў табе дабра. Чуеш ці не?
— Карацей, — рашуча ўмяшалася Нэнсі, кінуўшы на Олівера выразны позірк, каб той зважаў на яе словы, — ты маеш на ўвазе, што, калі Олівер будзе чым-небудзь замінаць табе ў рабоце, якую ты збіраешся рабіць, ты прастрэліш яму галаву, каб потым нічога не казалі, і пры гэтым цябе не спыніць нават пагроза апынуцца на шыбеніцы, бо твой бізнес вымагае ад цябе падобных спраў у шмат большай колькасці і, бадай, штомесяц.
— Вось-вось! — ухваліў містэр Сайкс. — Жанчыны заўсёды могуць сфармуляваць найбольш сцісла, калі толькі не выходзяць з сябе, і тады пачынаецца вярэда. Ну, цяпер ён ведае, што, як і пачым. Трэба ўкусіць чаго на вячэру дый прыжмурыць вока перад выхадам.
Выконваючы гэты загад, Нэнсі хутка накрыла на стол, потым знікла на некалькі хвілін і неўзабаве вярнулася, несучы гляк портэру і місу з фаршыраванымі авечымі галовамі, што дало падставу містэру Сайксу выдаць некалькі каламбураў, якія грунтаваліся на дзіўным супадзенні значэнняў слова «джэмі», якое на жаргоне азначала якраз гэтыя голавы і хітрую прыладу, шмат ужываную ў яго прафесіі. Годны джэнтльмен, знаходзячыся, мабыць, пад моцным дабратворным уплывам перспектывы ў хуткім часе прыступіць да актыўнай дзейнасці, быў у гуморы. У пацверджанне гэтага няхай дазволена будзе заўважыць, што ён даволі па-гумарному нагбом выпіў увесь збан піва і, па грубым падліку, вылаяўся брыдкімі словамі за ўсю вячэру не больш за чатыры разы.
Пасля вячэры — можна лёгка здагадацца, што ў Олівера не было апетыту, — містэр Сайкс спажыў дзве шклянкі віскі з вадой, потым пляснуўся на ложак і загадаў Нэнсі разбудзіць яго роўна а пятай, загадзя аблаяўшы яе на той выпадак, калі яна не выканае даручэння. Оліверу паводле загаду таго самага камандзіра расцягнуўся ў адзенні на матрацы, разасланым проста на падлозе. Дзяўчына засталася ля агню, каб падкідваць дровы і разбудзіць іх у патрэбны час.
Доўга Олівер не мог заснуць: ён думаў, што не ёсць немагчымай сітуацыя, калі Нэнсі захацела б шапнуць яму некалькі парад, але дзяўчына ў змрочным одуме, не варушачыся, сядзела ля агменя і толькі час ад часу здымала лішні воск са свечкі. Змучаны страхам і бяссоннем, хлопчык нарэшце заснуў.
Калі ж ён прачнуўся, на стале стаяла ўжо ўсё для гарбаты, а Сайкс засоўваў у кішэні свайго плашча, які вісеў на спінцы крэсла, нейкія рэчы. Нэнсі мітусілася, ставячы на стол сняданак. Днець яшчэ не пачало — па-ранейшаму гарэла свечка; знадворку было даволі цёмна. Па шыбах сцябаў калючы дождж, а неба было пакрытае хмарамі.
— Ну, давай! — прабурчэў Сайкс, калі Олівер падхапіўся. — Ужо палова на шостую. Глядзі, варушыся, а то застанешся без сняданка. Мы познімся.
Олівер хутка памыўся, крыху нечага перахапіў ля стала і на сярдзітае пытанне Сайкса адказаў, што ўжо гатовы.
Нэнсі, стараючыся не глядзець на Олівера, дала яму хустку, каб ён абвязаў яе вакол шыі, Сайкс даў яму шырокую накідку з грубай матэрыі, якую Олівер накінуў на плечы. Апрануўшыся, хлопчык даў рабаўніку руку; той спыніўся, паказаў яму рукой на бакавую кішэнь плашча, дзе ляжаў пісталет, заціснуў руку хлопчыка ў сваёй руцэ і, развітаўшыся з Нэнсі, павёў яго.
Калі яны дайшлі да дзвярэй, Олівер на імгненне азірнуўся, спадзеючыся сустрэцца вачыма з Нэнсі. Але тая заняла сваё колішняе месца каля агменя і сядзела нерухома.