Яшчэ болей – скажа


Уладзімір Някляеў — паэт сучасны, што называецца, з галавы да пят — ад вонкавага, крыху падкрэсленага піжоністага выгляду, манеры трымацца на вуліцы і на сцэне, да верша — нервовага, няўрымслівага, напоўненага клопатамі і трывогамі дня, праблемамі часу, верша дынамічнага і падцягнутага, вонкава строгага малюнка, без абавязковай ламаніны — лесвічкі, якой шмат хто з маладых імкнецца падкрэсліць сваё наватарства.

Уладзімір — паэт сучасны, гэта значыць актуальны, праблемны, маштабны сваім ходам думак і ахопам жыццёвага матэрыялу. Хвалюе яго і дзень сённяшні, і дзень вечны, дзень заўтрашні. У манеры пісьма Уладзіміра Някляева цікава і вынікова спалучаецца маскоўская школа паэтычнага рамяства з купалаўска-багдановічаўскай традыцыяй, карані якой глыбока ідуць у свет славянства, у яго свет прадметны. З першых выступленняў у друку ў ім адметна праявіўся прыроджаны майстра верша, тонкі, выразны, акрэслены. У слове паэта Уладзіміра Някляева ёсць прастора, ёсць паветра, ёсць каларыт і дух роднага краю.

Адразу запомніліся радкі яшчэ першага верша, які прынёс Уладзімір у часопіс «Полымя», дзе я загадваў тады аддзелам паэзіі. Гэта былі радкі пра беларускую, тады толькі што адкрытую, нафту:

Калі, нарэшце, корба

Прабіла тоўшчу глебы

I нафта чорнай кобрай

Рванулася пад неба...

I мне сказаў прараб: —

Давай пішы з абзаца.

Ці як у вас там звычна:

Навечна слава працы!

БССР! I клічнік!

Так сталася, што мне давялося потым у выдавецтве «Мастацкая літаратура» рэдагаваць і першы зборнік паэта. Гэта, на жаль, адзін з нешматлікіх, рэдкіх выпадкаў у маёй рэдактарскай практыцы, калі, не корпаючыся ў рыфмах, радках, было проста прыемна пагутарыць не з аўтарам, што рвецца, пнецца хутчэй выпусціць першую кнігу, а з цікавым, ужо акрэсленым, ужо выстаяным паэтам, чалавекам, які прайшоў добрую і грунтоўную школу жыцця і літаратурнай вучобы. Нагадаю для даведкі, што Уладзімір Някляеў нарадзіўся ў Смаргоні ў 1946 годзе, пасля заканчэння Мінскага тэхнікума сувязі працаваў радыётэхнікам на Далёкім Усходзе і на Поўначы, завочна закончыў філфак Мінскага педінстытута, зноў-такі завочна займаецца на аддзяленні паэзіі Літінстытута імя М. Горкага.

I тут той рэдкі шчаслівы выпадак, калі вучоба з філалагічным ухілам не зрабіла вершы паэта літаратурнымі, кніжнымі ў самым небяспечным значэнні гэтага слова. Жыццёвая загартоўка і жыццёвы вопыт, гарт перамаглі. Яны ж дапамаглі Уладзіміру Някляеву напісаць цікавую, дынамічную, канкрэтную ў дэталях і не заземленую па думцы паэму пра будоўлю веку — «Дарога дарог». Дарэчы, у першай ужо кнізе «Адкрыццё» была паэма — кампактная, адметная, як зарука таго, што аўтару не пагражае аднастайнасць у форме і жанрах.

Сёлета выходзіць новая кніга Уладзіміра Някляева «Вынаходцы вятроў». У ёй вершы, балады, паэма. Але з першага зборніка стала ўжо як не традыцыяй — кніга падпісваецца ў набор, а ў паэта ўжо амаль гатовая новая. Так і гэты раз. Чакае чаргі ў выдавецкіх планах тамок балад — яны з дарог Беларусі, Украіны, з Балгарыі, Венгрыі. Старшыня клуба творчай моладзі пры ЦК ЛКСМБ шмат ездзіць, часта сустракаепца з сваімі маладымі чытачамі і слухачамі. Застаецца толькі пажадаць, каб Уладзімір быў і надалей верны сваёй традыцыі — хай не бяднее запас ягоных будучых кніг!

А калі б мне давялося складаць анкету з пытанняў і адказаў, дык анкета Уладзіміра Някляева ў мяне выглядала б прыблізна так. Веданне жыцця — глыбіннае. Тэхніка верша — дасканалая. Гарантыя трываласці і поспеху — паўнейшая. Чаго не хапае, не стае? — Часу ўсё сказаць. Умее, шмат што сказаў, а яшчэ болей — скажа!

Гэта мае не зусім арганізаваныя словы, не традыцыйнае пажаданне на дарогу, не страмянное слова старэйшага па ўзросту ў паэтычным цэху з рытуальна-абавязковым паляпваннем, пахлопваннем па плячы, бач, расці, даганяй, раўняйся! Проста хацелася падзяліцца радасцю і, не таюся, гордасцю, гонарам, што ў нас, у Беларусі, штогод адкрываюцца ўсё новыя і новыя радовішчы карысных выкапняў, а шырокі чытач, адпаведна, адкрывае для сябе новых самабытных паэтаў.

1979

Загрузка...