Паненка-сялянка


Бэла Ахмадуліна. Прозвішчам яна перагукваецца, і не толькі прозвішчам, з Аннай Ахматавай, захавальніцай і старэнніцай-раўніцельніцай паэтычнага рускага слова ў яго поўнагалосным класічным гучанні.

Бэла Ахмадуліна, «дачка і ўнучка маскоўскіх двароў», як называе сябе паэтэса, з плеяды, з кагорты, што пра сябе заявіла шумна, далёкачутна, нават стадыённа-гулка. Згадаем Яўгена Еўтушэнку, Андрэя Вазнясенскага. У кожнага з іх свой голас, свая адчайная смеласць выхаду да аўдыторыі, да спажыўцоў нервовага слова. Голас Бэлы Ахмадулінай гучыць і, я сказаў бы, аглушае роздумнай цішынёй, у якой душа слухае самую сябе. «Гэты голас, што роўны душы, на запас берагчы я не ўмею». Гэта не фраза на цытату, гэта самараскрыццё, самавыкрыццё свайго пачуцця.

Голас паэзіі Бэлы Ахмадулінай не імкнуўся ніколі нікога перакрычаць, перагучаць, ён інтэлектуальна стрыманы, пашанліва прыглушаны, можа, крыху салонны ў традыцыйна высокім значэнні гэтага слова. Гэта забыты пецярбургскі гаварок. Гэта ад Пушкіна, ад Лермантава. I не выпадкова ў Бэлы Ахмадулінай падкрэслена многа вершаў і ўпамінанняў пра вечных паэтаў рускамоўнага свету. «Рабом рамяства» называе маладзейшая чалядніца свайго вялікага прамайстра Пушкіна, сама як бы прымяраецца да галераў паэтычнага слова.

Алхімік слова, яна можа ўгадаць у слове тое, што і само слова не ведае пра сябе. Яна дапамагае слову выказацца, яна чаруе над словам, вядзьмуе над словам, пра вечнае ўмее сказаць сучаснаму сэрцу, сучаснаму чытачу. Космас пачуцця і думкі Бэла Ахмадуліна лучыць з канкрэтнай зямной адзнакай жыцця. У традыцыйнай восені ўгледзець можа яна, як «ударяется яблоко оземь — столько раз, сколько яблок в саду». I хоць шчыра пакутуе спаконнай пакутай майстроў — «пісаць, як хачу, я не ўмею, пісаць, як умею — нашто?», сама здзіўляецца сваім жа вершам, дзіву з'яўлення, нараджэння іх:

Когда сей миг и прошлое мгновенье

соединятся, будто медь и медь,

их общий звук и есть стихотворенье.

Бэле Ахмадулінай Андрэй Вазнясенскі, таксама, як і яна, Ганаровы член Амерыканскай акадэміі мастацтваў і літаратуры, прызнаецца па-рыцарску:

Я кідаў табе ў ногі Парыж,

аўгусцейшы абдзіртыш, салоўка!

Вялікі чыліец Пабла Нэруда, сябра Федэрыка Гарсія Лоркі, у «Элегіях», прысвечаных нашай краіне і яе выдатным дзеячам, так чытае Бэлу Ахмадуліну:

...гэта не лямпы ззяюць сінім святлом,

а вочы неадумнай

пантэры, што з лесу выходзіць

з салаўём у зубах...

...сірэна, якая толькі што выйшла з мора,

і яе запрашаюць плаваць у пустыні.

Калі Бэла Ахмадуліна была ў чарговым сваім наведванні Беларусі ў гасцях у Васіля Быкава, прачытаў я ёй у сваім перакладзе верш Пабла Нэруды пра яе (дарэчы, гэты цыкл паэта выйшаў у нас раней, чым у Маскве), Бэла Ахатаўна на старонцы беларускага Нэруды напісала экспромтам:

Коль впрямь качнулась и упала

его хранившая звезда,

откуда эта весть от Пабло

и весть моя ему — куда?..

Гэта паэты перагукваюцца зорамі, каб святлей было на небе побыту.

Бэла Ахмадуліна — уся такая — жыве паэзіяй, мысліць, думае вобразамі ўзвышана-канкрэтнымі, першастворанымі. Шмат дыскусій пра тое, якая мусіць быць паэзія, каб зразумеў яе і просты чытач, хоць простых ні чытачоў, ні людзей не бывае, і самы вышкалены дэгустатар радка смакаваў. А калі Бэла Ахмадуліна выступала перад калгаснікамі ў славутым сваімі прыбыткамі і каміннай залай калгасе пад крылом Белавежы, дзе старшынёй Бядуля, людзі, прыйшоўшы з нялёгкай працы, забыліся, што трэба спяшацца дамоў, што іх зачакаліся нядоеныя каровы і някормленыя аднасямейцы,— усе да трэціх пеўняў слухалі і амаль незразумелую ім, і зусім родную іх душам паэзію Бэлы Ахатаўны Ахмадулінай.

1985

Загрузка...