Сёлета 75 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча... магло б быць. Ды ў горле перасядае даўкі камяк — налета аж паўстагоддзя з той сумнай часіны, калі перастала біцца сэрца выдатнага сына беларускага народа.
Добрым ладам, яму б яшчэ жыць ды жыць, каб здзейсніць хоць невялічкую частку сваіх сапраўды касмічных задум, каб яшчэ на вышэйшую арбіту сусветнага гучання вывесці дарагую ягонаму сэрцу беларускую паэзію, беларускую мову.
У наш час, у век, празваны векам касмічных хуткасцей, зачаста пачынаем цмокаць і прыцмокваць, калі ў рэдакцыю прышле вершы невядомы аўтар, дзе з рыфмамі ўсё ў парадку і рытм не збіваецца. I падымаюцца шлагбаумы крытыкі, загараюцца зялёныя семафоры «Добрай дарогі», бо аўтар жа малады, яшчэ трыццаці няма.
А Максім Багдановіч за чвэрць веку жыцця зрабіў для літаратуры столькі, што, пакуль будзе гучаць беларускае слова, ён будзе па неаспрэчнаму праву лічыцца правафланговым нашай паэзіі разам з Янкам Купалам і Якубам Коласам.
Геній роднага слова, Максім Багдановіч любіў крэўнае слова да самазабыцця, да самаахвярнасці. А неба лёсу вельмі скупое было для паэта на тыя сонечныя дні, калі мог ён пачуць беларускае слова жывое, калі мог ён напіцца з народнай крыніцы непасрэдна.
Ля калыскі Максіма Багдановіча-паэта стаялі беларускія народныя калыханкі, песні, казкі, ашчадна сабраныя клопатам ягонага бацькі Адама Ягоравіча. Шчасліва пасеяныя зерні роднай мовы на ўдзячнай глебе ўражлівай юнай душы далі добры ўраджай. I ўраджай гэты даў хлеб надзённы ўсім, каму дорага Беларусь, яе культура, яе паэзія
Матчына песня, роднае слова... Гэта яны могуць зрабіць невераемнае вераемным.
Расул Гамзатаў у прадмове да зборніка аварскіх казак прыводзіць надзвычай цікавы прыклад Малалетні сын Шаміля — Джэмалутдзін, узяты ў заложнікі, праз дваццаць год «па літасці» цара вярнуўся на Радзіму. Юнак забыўся ўсё: і малітвы, і родную мову, і Дагестан з яго суровымі звычаямі. Горац у шынялі царскага афіцэра рваўся ў Пецярбург. Але маці праспявала яму песню аб Аварыі, тую самую, што чуў ён у калысцы, і ў ім прачнулася душа горца, ён успомніў Радзіму. Юнак скінуў з плячэй чужы шынель, надзеў горскую чаркеску і папрасіў у бацькі кінжал, каб змагацца за родны край. Песня маці вярнула яму Радзіму.
Максім Багдановіч быў адным з першых жаўрукоў, што звінеў у блакіце высокай паэзіі і песняй сваёй вяртаў родную мову, родную Беларусь усім тым, хто забыўся яе.
Болем за мову бацькоў і прадзедаў, гневам да тых, хто адабраў у народа мову, гучаць радкі:
Народ, Беларускі Народ!
Ты — цёмны, сляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалі,
Цябе не пушчалі з ярма
I душу тваю абакралі,—
У ёй нават мовы няма.
Збудзіўшысь ад грознай бяды,
Увесь поўны смяротнай жуды,
Ты крыкнуць не вольны: «Ратуйце!»
I мусіш ты «Дзякуй» крычаць.
Пачуйце жа гэта, пачуйце,
Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!
Паэт пасылае «ваякаў на грозных канях» наўздагон за тымі сынамі Беларусі, што яе «...забылі... адракліся, прадалі і аддалі ў палон...». Ён бязлітасна загадвае ім:
Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
Сэрца Максіма Багдановіча балела за родны край, за народ, які стагнаў пад двума ўціскамі — сацыяльным і нацыянальным. Ён верыў:
Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага, яснага дня.
Народ дачакаўся гэтага дня. Толькі няўмольная смерць не дала Максіму Багдановічу ўбачыць яго, убачыць свой народ свабодным і шчаслівым, роўным сярод роўных.
Паэт любіў народнае слова, народную песню, народ аддзячыў яму ўзаемнасцю. Лёс паэзіі Максіма Багдановіча — лёс сапраўднай паэзіі. Чым больш праходзіць часу, тым яна глыбей, па-новаму асэнсоўваецца. Сапраўды, «вялікае відней здалёку стане». З маленства да старасці ідзе з намі слова Максіма Багдановіча. Паэт згарэў, як зорка, пакінуўшы назаўсёды ў сэрцах светлы след —
Светлы ж след будзе вечна жывым...
1966