Старэйшына краіны паэзіі


Ва ўсіх у нас доўг перад вечнасцю. Але і вечнасць падчас аддае даўгі, аднак аддае іх толькі годным і самаахвярным працаўнікам духу, таму што вечнасць ашчаджае ў памяці толькі вялікія справы чалавечага генія. Так, вечнасць не безаблічная, яна канкрэтная ў бытаванні кожнага народа, кожнай асобнай нацыі. А кожны народ, кожная нацыя асвячваюцца сваімі паэтамі. У Расіі — Аляксандр Пушкін, на Украіне — Тарас Шаўчэнка, у Беларусі — Янка Купала, у Латвіі — Ян Райніс. Спачатку паэты як бы працуюць на нацыю, на свой народ, дапамагаючы нацыі ўсвядоміць сябе, замацаваць за сабою сваё імя, пераўтвараюць і развіваюнь мову, ствараюць шэдэўры на гэтай мове. Потым нацыя, народ жагнае сябе імем свайго паэта, на ўсе вякі захоўваючы імя гэтае ў памяці наступных пакаленняў.

Заўсёды зямным паклонам кланяешся ў думках тым, хто, кажучы вядомымі словамі Дзмітрыя Кедрына, «двадцать жизней людских отработал» за імгненны прамежак часу, адведзены яму лёсам.

Адным з першых у зорным спісе нястомных працаўнікоў літаратуры стаіць імя Яна Райніса. Больш як трыццаць кніг паэзіі, чатырнаццаць завершаных і яшчэ болей незавершаных п'ес, пераклад на родную мову паэзіі і драматургіі класікі ад старажытнасці да навейшых часін — вось тое, што паспеў зрабіць вялікі паэт латышскага народа.

11 лістапада 1895 года пад вершам «Найглыбокія думкі» чытачы ўбачылі прозвішча, якому доліла было стаць вядомым свету. Пазней пра гэта скажа Андрэй Упіт: «Латышская літаратура мае права ганарыцца тым, што можа назваць сваім аднаго з самых вялікіх у свеце паэтаў працоўных».

Ян Плекшан узяў сабе за псеўданім прозвішча аднаго латгальскага селяніна, якое прачытаў ён аднойчы на прыдарожным слупе.

«Нашыя, і літоўскія, і беларускія народныя песні галасістыя, выйшлі насустрач. Усё маё маленства напоўнена дзівоснымі гукамі і фарбамі, усё яно нібыта купалася ў агромністым моры паэзіі... Я сам нарадзіўся ў Латгаліі, у тым краі, дзе жывуць беларусы. У мяне з беларусамі брацкая сувязь»,— успомніць пазней Ян Райніс.

У эміграцыі ў Швейцарыі ён прыгадае і па памяці перакладзе беларускую народную песню пра тое, як «былі ў бацькі тры сыны ды ўсе яны Васілі». Адным з гэтых Васілёў ці не выявіцца пазней Васіль Быкаў, якога ведаюць, любяць і чытаюць сёння ў Латвіі на мове Яна Райніса. Прыгадае Ян Райніс і плытагонаў у белых кашулях, што гналі плыты з Беларусі ў Рыгу. Ці ад плытагонаў, ці ад партовых рабочых-беларусаў у мястэчку Грыва, прыгарадзе Даўгаўпілса, пачуе ён песню пра Дзінабург — Даўгаўпілс:

Ты, Дзінабург, горад слаўны,

Ты, Дзінабург, над Дзвіной.

Як Арына Радзівонаўна зачаравала Пушкіна рускімі песнямі, казкамі, так і беларус Грышка ў сэрцы Райніса зараніў любоў да нашага народа. «З пяці гадоў свайго жыцця і аж да пятнаццаці чуў я літоўскія народныя песні і журботныя беларускія народныя мелодыі. У памяці засталіся падобныя на спеў асенняга ветру песні старога начнога вартаўніка беларуса Нядзведскага»,— не забудзеца Ян Райніс.

Любоў да нашага народа, да нашай культуры і прывядзе сівавусага Яна ў лістападзе 1926 года ў Мінск і Віцебск (зямля Віцебска прыняла прах маці паэта). Гэтая любоў і пасябруе яго з нашым дзядзькам Янкам — Янкам Купалам. Як некалі служба ў Віленскім акруговым судзе ў якасці кандыдата на судовую пасаду звяла маладога Яна Плекшана з Францішкам Багушэвічам, які служыў у акруговым судзе Вільні прысяжным павераным.

Гэтая любоў загадае Яну Райнісу стаць пасля абаронцам інтарэсаў беларусаў у сейме буржуазнай Латвіі, падкажа задуму фальклорна-этнаграфічнай драмы «Беларусы».

Першы старшыня «Таварыства культурнай сувязі з народамі Савецкага Саюза» Ян Райніс 3 чэрвеня 1929 года (у год заснавання таварыства) скажа: «Два народы, з якімі мы хочам наладзіць культурныя сувязі,— гэта беларусы і рускія...»

Прыняўшы ўдзел у рабоце акадэмічнай канферэнцыі па ўдакладненню беларускага правапісу, седзячы ў прэзідыуме з Янкам Купалам, у сваім выступленні ад імя латышскай дэлегацыі ў лістападзе 1926 года Ян Райніс адзначыць: «...Беларускі народ, які меў ужо сваю культуру ў той час, калі ў нас не было ніякой культуры,— гэты беларускі народ не толькі дасягне агульнаеўрапейскай культуры, але зойме ў ёй пачэснае месца».

У Мінску ў сваім дзённіку Ян Райніс пакіне запіс: «З хваляваннем буду сачыць за тым, як вялікі энтузіязм падыме беларускую паэзію на вяршыні пралетарскай культуры».

На любоў адказваюць любоўю. У Беларусі ведаюць Яна Райніса. Беларускія крыніцы заўсягды радыя напаіць сцюдзёнай вадой сыноў і ўнукаў паэта, а ліповыя прысады атуліць спякотлівы дзень.

Ніколі не забудуся верасня 1964 года, калі разам з Уладзімірам Караткевічам і добрымі сябрамі Беларусі Еранімам Стулпанам, Віктарам Ліўземніекам у традыцыйныя «райнісаўскія дні» садзілі мы ліпы ў тых мясцінах, дзе прайшло маленства Яна, у маляўнічай Ясмужы. Неяк пасля Еранім прыехаў у Мінск і сказаў, што нашыя ліпы прыжыліся. Яны не маглі не прыжыцца, бо пасаджаны былі ад шчырага сэрца, з пачуццямі добрымі.

Мне і сёння помніцца здзіўлены пагляд прадаўшчыцы адной з кнігарань Рыгі, калі я папрасіў зборнік вершаў Яна Райніса. Райніс не ляжыць на прылаўках ніколі, не толькі ў Рызе.

Няхай жа будзе заўсягды людна на дарозе ў дзівосную краіну паэзіі Латвію, дзе заўсягды па-святому шануюць імя яе ганаровага грамадзяніна, яе вечнага працаўніка, яе старэйшыны — Яна Райніса!

Песняром рэвалюцыі 1905 года быў Ян Райніс. «Зламаныя сосны» — гімн нязломнасці духу, рэвалюцыі, іх і пераклаў я на мову Янкі Купалы:

Зламаў выносныя сосны ўраган,

На дзюнах стаялі — мора ў нагах.

Хацелі, гордыя, ўдалеч зірнуць,

Не ўмелі хавацца і спіны гнуць.

«Ты, лютая сіла, зламала нас,

Ды мы не здаёмся — наш прыйдзе час!

Наш стогн апошні —па хвалях уздых,

Не сок — нянавісць у голлях тугіх».

З разгневанай прорвы ўпарта ўсплылі

Не сосны зламаныя — караблі.

Супроць урагану іх смелы шлях,

Нянавісць і помста — іх ветразь і сцяг.

«Ты, лютая сіла, валы ўздымай,

Мы ўсё ж даплывём у шчаслівы край!

Ламай нас і трушчы — мы не твае,

Мы далі дасягнем, дзе сонца ўстае!»

Загрузка...