На вогненнай сцяжыне духу


Цяпер цяжка ўжо ўспомніць той першы дзень, калі ўбачыў я чалавека з густой чупрынай, да якой рана падкраўся зазімак сівізны, з калючымі брывамі. Вочы менавіта свяціліся і ўсмешкай, і дабрынёй, і далёка прыхаванай пяшчотай, якой не з кожным дзяліўся і не адразу. Нервовы, узбуджана-пошукавы стан душы выдавалі губы. Яны як бы яшчэ раз вывяралі, узважвалі словы, якія неўзабаве мусіў пачуць субяседнік, таварыш, знаёмы. Яны дадавалі словам хітрынку, вар'яцінку, непаўторную прывабнасць. Яны ўздрыгвалі, перасмыкаліся, упіваліся прагна ў цыгарэту, якую штоімгненна падносілі пракураныя да рудаты пальцы, тыя пальцы, што трымалі цяжкавата-ўчэпіста ручку з вечным пяром, спісаным на адзін бок.

Як прыкідваю, дык у той час былі, вядома, кансультанты і пры Саюзе пісьменнікаў, і пры рэдакцыях газет і часопісаў, але ўсе мы, маладыя ды задзірыстыя, ішлі ў рэдакцыю часопіса «Вожык». Ішлі паказаць свае вершы і апавяданні, ішлі атрымаць нейкае пісьмо на анрацоўку, каб пасля ў складчыну купіць каму пінжак, каму гарнітур. Бо адзін чалавек, з выгляду суровы, а з душой спагадлівай і шчодрай, быў і дарадцам, і старэйшым таварышам, і родным бацькам.

Вузенькі, цесны пакойчык, у які трэба было праходзіць праз суседзяў, уладкаваных шыкоўней і трывалей, змяшчаў штовечар столькі людзей, што іх бы на дзве дарэвалюцыйных вітальні стала б з гакам, у чырвоным цагляным доме па Ульянаўскай вуліцы, ведалі ўсе — і масцітыя, такія, як Анатоль Вялюгін, і пачаткоўцы, што яшчэ баяліся званіць па тэлефоне-аўтамаце. У гаспадара пакойчыка заўсёды быў густы, моцны чай, хлеб і да хлеба, як любяць пісаць нашыя журналісты, была невыводная і чарчына, якая, бо добрай рукой налівалася, давала смеласці чытаць свае вершы. Мне пашэнціла нават паспытаць славутую яечню на жалязцы. Уключаўся прас, на прас ставілася патэльня, а ўсё астатняе спрадвечным спосабам.

Як уласныя ўваходзіны святкавалі мы пярэбары нашага спагадніка і настаўніка ў двухпакаёвую малагабарытку па вуліцы Якуба Коласа. Тут ужо і днявалі, і начавалі. Сюды прыязджалі з камандзіровак, з родных мясцін. Гаспадар любіў браць адну плату — трэба было расказаць новую прыказку, новае, яшчэ ў расе, слова ці песню, з дому прывезеную, праспяваць. Мы табуніліся, хваліліся сваімі кволымі радкамі, а гаспадар цярпліва слухаў, раіў, падбадзёрваў.

Па маладосці сваёй эгаістычна кралі ў гаспадара ягоны залаты сваёй спеласцю час, а ён начамі чытаў і пісаў і нязменна рады быў шумлівай гамане маладзейшых.

Сяргей Дзяргай звалі гэтага ўсёцярплівага, усё-ўспрымальнага чалавека. Паэт найвысокай культуры, ёп адным з першых у нашай роднай паэзіі памеціў шляхі развіцця дакладна знойдзенага слова. Ён першы пачаў вызваляць паэзію ад аднастайнасці памераў, тэм і вобразаў. Ён першы прыпаў да крыніцы народнай творчасці, каб даць слову свайму глыбіню і чысціню, маштабнасць і агульна-чалавечнасць. Роздум, спалучаны з утрапёнасцю, узнёсласць, памножаная на развагу, гнеў, ачышчаны безабаронным даверам, зрабілі паэзію Сяргея Дзяргая сучаснай на многа дзесяцігоддзяў уперад.

Праехаць вельмі лёгка

ці прайсці

Шашой асфальтавай

ці плынню руху.

Але

як цяжка часам нам брысці

Па вогненнай

сцяжыне

духу.

Вогненная сцяжына духу праз усё жыццё вяла Сяргея Дзяргая, праз усю творчасць. Нібы магутная рака, паэзія аўтарытэтнага майстра ўбірала ў сябе прытокі і плыні разнажанравыя, рознастылёвыя. Яна кожны раз змянялася, абнаўлялася, не стаяла на адным месцы. I сам паэт быў чалавекам настрою: сум пераходзіў у радасць, абурэнне прыцішвалася расчуленасцю. Ад зменліва-настраёвай натуры паэта, ад яго рознабаковасці інтарэсаў— і шматграннасць, разнастайнасць творчых здабыткаў.

Сяргей Дзяргай быў тонкім лірыкам і дасціпным, па-народнаму ашчадным гумарыстам, сатырыкам. Паэма і мініяцюра, пераклад сусветнай класікі і паэтаў сучаснікаў, рэдагаванне кнігі маладзейшага таварыша і аднагодка — усё рабіў Сяргей Дзяргай таленавіта і непрымірыма-прынцыпова. На ўсё і на ўсіх хапала часу, акрамя сябе. Бязлітасная ліхвярка-ноч пазычала яму часу, падступна забіраючы сваё. Гэта пра сябе напісаў паэт:

Дружа мой! Шчыры мой!

Цяжка табе было на свеце:

Бо любіў ты болей, як цябе самога любілі.

I пакут зазпаў ты болей, як іншыя.

Душа твая расчынялася насцеж, як дзверы,

Калі ў іх хто-пебудзь трывожна стукаўся.

А стукаліся часта, настойліва,

Бо хата твая не з краю стаяла —

На шырокім шляху — не абмінуць.

Так, на шырокім шляху жыцця, развіцця роднага беларускага слова стаіць хата паэзіі Сяргея Дзяргая. Ніхто не абміне хаты гэтай, бо гаспадар яе жыў для людзей, для нашчадкаў, для прадаўжальнікаў вечнай справы служэння сумленню і Радзіме. Ёмістая канкрэтнасць вобраза таленавітага паэта Дзяргая будзе будзіць думку і слова.

Хадзіць яму цяжка было,

I думкай ён свет абыходзіў.

I ўвагаю не абыходзіў

Усё,

Што ўспрымала святло.

Усё падуладна было

Сяргею, Сцяпанаву сыну,—

Радку,

Дружбаку

I ўспаміну

Даваў ён і хлеб, і жытло.

Самотніку светла было

Ад лямпы,

Ад роднага слова,

Што сіверна і тапалёва

Ішло на дасвецці ў сяло.

А жалю не меў да сябе,

I ў мройнай пяшчоце суровы.

Кусціліся здзіўлена бровы,

I позірк маліўся сяўбе.

Штоночнай,

Штодзённай,

Святой

На сціхлым загоне паперы,

Дзе зернем узважанай веры

Змагаўся з падступнай слатой.

Удзячнасці сум, зберагай

Збалелай душы паратунак —

Адборнага слова гатунак,

Што вывеў з бяссоння

Дзяргай!

1982

Загрузка...