«А ты, старшина, не валяй дурака, пиши по-белорусски!..»
Словы гэтыя, хітравата-задзірыстыя вочы Аляксандра Твардоўскага, вочы, што, здавалася, глядзелі праз чалавека, запомніў старшына I стацці Артур Вітальевіч Вольскі.
У верасні 1949 года ў Хабараўску праходзіла першая пасляваенная канферэнцыя далёкаўсходніх пісьменнікаў. 3 Масквы кіраўнікамі семінараў прыехалі Аляксандр Твардоўскі, Эміль Казакевіч, Міхаіл Луконін. Толькі, як у песні, «на Ціхім акіяне свой закончылі паход» нашы слаўныя воіны. Большасць удзельнікаў канферэнцыі, тады маладыя літаратары, былі ў вайсковай форме. Старшы лейтэнант Аляксандр Дракахруст быў дакладна ў час, як заўсёды. А вось старшыну I стацці Артуру Вольскаму давялося на папутках дабірацца да сталіцы Хабараўскага краю з месца службы. На нейкія дзве-тры хвіліны спазніўся малады паэт. Пазвоньваючы медалямі, далажыў па форме. Уразіў вялізны стол на ўвесь пакой. Пагляд Аляксандра Твардоўскага спыніўся на тым, хто спазніўся:
— Вось з цябе, старшына, і пачнём.
Як школьнік, разгубіўся — перад ім жа сам Твардоўскі! Пачаў нервова чытаць вершы на рускай мове, дзе старагша і як молша багата была зарыфмавана марская тэрміналогія. Былі і такія радкі:
Словно чайка на просторе,
Белый парус над водой.
И веселый звон шкаторин
Слился с песней боевой.
Аляксандр Твардоўскі слухаў з іранічнай усмешкай. Верш пра Амур, дзе было болей канкрэтнага, крыху прытушыў іронію ва ўсмешцы. I раптам:
— А гавораць, старшына, ты і па-беларуску пішаш? (Нехта з мясцовых масцітых, пэўна, сказаў.)
— Пішу.
— Давай чытай па-беларуску. I загучала беларуская мова:
Нафтай,
жалезам,
рыбай
славіцца край усходні.
А неба — гэткае ж, нібы
па-над далёкай Гродняй.
I сонцам багата лета,
і жыта — сцяной у полі.
Але залатых ранетаў
тут не расло ніколі.
Верш «Ранеты» быў напісаны паводле ўсіх тагачасных канонаў, заканчваўся абавязкова аптымістычна, тым, што ўдэгейскія хлопцы возьмуць насенне і ранеты «амаль на ўскраі свету» будуць налівацца сокам, як над Нёманам. Другі верш, вядома ж, пра дарогі:
На стыках стукоча, грукоча цягнік,
А хлопцы ў матроскай форме
Глядзяць, як шлях асвятляюць агні
У будучае семафорамі.
(Пазней гэтыя вершы ў «Полымі» надрукаваў Анатоль Вялюгін — нязменны «хросны» бацька некалькіх пакаленняў беларускіх паэтаў.)
Ацэнак Твардоўскі не даваў, але слухаў уважліва і запытаўся на беларускай мове (нейкі час падбіраў словы):
— А ці друкаваліся вашы вершы ў Беларусі?
Адказ быў, што некаторыя друкаваліся, некаторыя — не.
Твардоўскі абвёў усіх позіркам і пераклаў сваё пытанне на рускую мову. Больш нічога не пытаўся, не хваліў і не ганіў. Разглядаліся вершы іншых паэтаў. А калі ў перапынку ўбачыў Артура Вольскага, ён сказаў, каб пісаў старшына на роднай мове, на мове, якую выдатнейшы рускі паэт ведаў з маленства. Гэта ж яму чыталі свае вершы Янка Купала і Якуб Колас, Аркадзь Куляшоў і Пятрусь Броўка, як сабрату, як роднаму.
Сваю любоў да беларускага слова Артур Вольскі праверыў і часам, і адлегласцю. Мастак БДТ-2, былы навучэнец Віцебскага мастацкага вучылішча, у 1942 годзе быў прызваны ў Ваенна-Марскі Флот. Служыў на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у баях супроць імперыялістычнай Японіі. Дэмабілізаваўся Артур Вольскі ў 1952 годзе. Зноў Мінск. Беларуская' мова. Беларуская літаратура, якая жыла яшчэ ўражаннямі вайны, партызанскімі подзвігамі. I калі зайшоў Артур да свайго сябра, з кім разам вучыліся маляваць у слаўным на традыцыі Віцебску і вершы пісалі, да Юзэфа Пучынскага, то ўбачыў сваю аднакласніцу з паралельнага класа на палатне сябра. Карціна называлася «Партызаны каля параненай Рымы Шаршнёвай».
За колькі гадоў перад вайной у 25-й узорнай чыгуначнай імя Чарвякова беларускай школе ў Мінску вучыліся і Аляксандр Міронаў, і Эдзі Агняцвет, а геаграфію выкладаў Янка Маўр. Разам з Рымай Шаршпёвай вучыўся і Артур Вольскі.
Наогул Артур Вольскі быў адным з першых патомных беларускіх пісьменнікаў, які ў літаратуру прыйшоў не традыцыйна з вёскі, з сям'і аратаяў, а з горада, з пісьменніцкай хаты. Бацька Артура — вядомы беларускі драматург, празаік, вучоны, аўтар славутага «Несцеркі», што свет абышоў, сам паходзіў з інтэлігентнай сям'і з Пецярбурга. Ці не таму так упэўнена і па-добраму заклапочана адчувае сябе Артур Вольскі ў літаратурнай гаспадарцы.
Можна было б многа казаць пра ягоныя рэцэнзіі на кнігі сяброў, пра ягоныя турботы аб маладой змене.
Прыгадваецца, як кіраваў нашым літаб'яднаннем пры «Чырвонай змене» Артур Вольскі. Генадзь Бураўкін, Сымон Блатун, Васіль Зуёнак, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Міхась Стральцоў, Уладзімір Паўлаў — можна доўга працягваць пералік нашага літаратурнага брацтва пачатку 60-х гадоў. I па-вайсковаму дакладна скажа пазней паэт:
Я чырвоназменаўцам лічуся,
хоць і мне ўжо змена падрасла.
Але самы большы клопат у Артура Вольскага пра самую неабходную кожнай літаратуры, кожнай культуры змену — пра маленькіх чытачоў. Апошнім часам кожны літаратар лічыць неабходным ашчаслівіць асобнай кніжкай дзяцей. Пішацца гэта часта на ўзроўні развіцця аўтара ў гады яго маленства. Артур Вольскі быў адным з першых пасляваенных літаратараў, якія пачыналі па-сур'ёзнаму мудра і даходліва, з захапленнем гаварыць з маленькім чытачом.
Мы са Слаўкам
Сталяры,
Робім лаўку
На двары.
Седзячы на ганку матчынай хаты ў родных Ушачах, чытаў я вершы з першай дзіцячай кніжкі Артура Вольскага, якая выйшла ў 1955 годзе. На вокладцы — марак у акружэнні цікаўнай дзятвы. I мастак — сябра паэта Юзэф Пучынскі. Некалькі гадоў назад, калі ўпершыню пачуў я тэлекалыханку:
Недзе ў Белавежы
дрэмле зубраня,—
адразу падумаў: аўтар слоў Артур Вольскі. I не памыліўся. Бо ў першай дарослай кніжцы «Водбліскі далёкіх маякоў», што прыйшла да чытача праз тры гады пасля дзіцячай, пачынаўся паэт, які любіць слова адчуць і на слых, і на зуб:
Зубраняты ходзяць каля матак,
як цяляты ходзяць ля кароў...
Як гара, упоперак дарогі
стаў і пазірае у бакі;
над ілбом закручаныя рогі
ззяюць, нібы два маладзікі.
У першым зборніку яшчэ шчодра аддавалася даніна традыцыйна-трывалай канцоўцы. Канцоўкі гэтыя, не на ноч кажучы, нагадвалі табурэтачку, што ставілі пад ногі шыбельніку. Выбіваецца табурэтачка — і чытач боўтаецца ў пятлі верша. Так і пра зубра.
Гаспадар...
Але дадаць я мушу:
як траву схавае шчыльны снег,
навядзе ён статак да кармушак,
што яму паставіў чалавек.
Ад кнігі да кнігі расло майстэрства, прагна прабіваўся паэт да канкрэтнага, да першавытокаў слова, народнай песні.
Я родам — гарадскі.
На адгалоскі
і на ўспаміны сельскія — скупы.
Ды ўсё ж —
у парку белыя бярозкі
мілей мне за ліхтарныя слупы.
На моры асаблива ў прывабных абрысах мроіцца зямля. Далёка ад роднага краю балючэй і радней гучыць кожнае крэўнае слова. У Артура Вольскага любоў да вёскі, да свежай араллі слова натуральна-неабходная. Яна і прычашчэнне, і ачышчэнне. Мове продкаў — малітва паэта.
Ёй —
самароднай,
самай роднай —
ні крыўдай нізкай,
ні апіскай
не здраджу.
Самай неабходнай
яна мне стала.
Самай блізкай.
Па шчырасці, не па вярбоўцы
служу аддана роднай песні.
Я ўдзячны вам,
сябры-вяскоўцы,
што мову да мяне данеслі.
Вока карэннага гараджаніна па-свойму бачыць той жа самы, задоўга да Ясеніна апеты і перапеты клён:
Хутка восень прынясе
аб зіме забытай згадкі.
З рук азяблых атрасе
клён намоклыя пальчаткі.
Яно ж, гэтае вока, бачыць вёску з вопыту, з узросту горада:
О вёска! Даўняя — што Кіеў,
І старажытная — што Менск.
У адзін ранг са стольнымі гарадамі пастаўленая спрадвечная хлебадарыца пачуваецца з годнасцю, бо,
Магчыма, праставаты Козел
Старэйшы родам за Сапег.
I старое найменне нашай сталіцы, і гэтае змененае на сучасны лад пракавечнае прозвішча (у беларускай мове прозвішча старажытней за еўрапейскае слова фамілія) добра перагукаюцца праз стагоддзі, як сваты на багатым вяселлі.
Зазямленне, прыпаданне да зямлі дае добры плён у працы паэта. Ён таксама зямны, ураджай, які паэт назваў лускаватым.
I рыба рвецца з жорсткага капрону.
Лісцём асеннім сыплецца луска...
Тут нават сосны
рыбаю прапахлі.
I соснамі прапахлі чараты.
З 50-х гадоў зацытаваны ўсімі літкансультантамі радок Ісакоўскага «Здесь даже сосны с горя поседели» загучаў па-новаму, на іншай глебе. Здавалася б, пра Нарач пасля Максіма Танка — гаспадара гэтай тэмы, немагчыма нічога сказаць, але ў паэзіі ў кожнага сваё, ім адкрытае неба, сваё возера, свой бор. Як былы марак, няхай сабе і «размарачаны боцман запасу», Артур Вольскі не мог не заўважыць чаек. Але не так, як звычайна, сухапутныя метафары бачаць гэтыя пырскі хваль ці аблачынак. На моры матросы і чайкі глядзяць адзін на аднаго, як, напрыклад, у лесе грыбнік і сарока, ці што. Паэт, што доўга пражыў на моры, помніць і пра голад гарластых крыкух.
А хутка чайкі чуйныя прачнуцца
і шчэлепы на беразе збяруць.
I сам, пэўным чынам госць вёскі, гаворыць пра дачнікаў як бы словамі вяскоўца:
Верасень ужо сабраў валізкі.
I, зямлю спазнаўшы ўпершыню,
запятлялі спуджаныя лісці,
як зайцы, адводзячы гайню.
Дачнікі ўжо скончылі гасціны.
I сляды іх вымелі вятры.
А гэта ўжо мастак заўважыў лісці, якія ўпершыню дакрануліся да зямлі, каб знікнуць і ўзнавіцца праз колькі пакаленняў.
Паэту блізка знаёма рупніца, пільніца восеньскай вёскі:
А на пошце я — што госць няпрошаны.
Пачакайце, спешныя радкі!..
У начальніцы вясковай пошты выхадны.
Збірае буракі.
З усмешкай, з сялянскай хітравацінкай пра свае радкі: скоры паспех вядома куды вядзе. Можа, крыху не па-вясковаму гучаць словы «збірае буракі». Але не гэта галоўнае. I ажно мяне самога пацягнула на сугуччы: галоўнае — любоў сыноўняя. I верым паэту, калі ён прызнаецца:
А калі б я проста нарадзіўся
Каменем, дык пэўна — валуном.
Я б на гэты бераг прыкаціўся,
Нават і пе гнаны ледніком.
Чаму так мнагавата спыніўся я на вершах Артура Вольскага пра зямлю, пра вёску, пра еднасць з прыродай? Бо надакучыла шматгалосае галашэнне паэтаў, што, толькі прыйшоўшы ў горад з вёскі, плачуць па роснай сцялшнцы, па басагюгаму (хоць у нас даўно вытворчасць абутку перарасла штодзённьг попыт) маленству, у вершах дамоў просяцца, а на справе з камяніц ды з асфальту і трактарам самым магутным у сотні конскіх сіл да забытага каня не выцягнеш. Наогул, дзе нараджаюцца паэты, лепей за ўсё расказаў Пімен Панчанка ў вершы «Край паэтаў». I Пімену Панчанку прысвяціў радкі Артур Вольскі, дзе, здалося яму, не вечнае «піць-палоць»:
Просіць-моліць перапёлка:
— Пі-
мен!
Пі-
мен!
На-
пі-
шы!..
Адным з першых у пасляваеннай маладой кагорце ііашых паэтаў Артур Вольскі пачаў пракладаць масты дружбы, кажучы гатовай газетнай мовай, да суседзяў, у прыватнасці, у Прыбалтыку, з якой звязвае яго і прадзедаўская крэўнасць. Пракладаць — значыць перакладаць. Перакладаў латышоў, літоўцаў, эстонцаў. Прысвячаў вершы сябрам. А што тычыць сяброў, дык іх у Артура Вольскага шмат. Адна акалічнасць і ўразіла мяне чакана, і яшчэ раз падкрэсліла дужа істотную рысу ў паэта, у характары ягоных твораў. Калі б ні пісаў паэт аўтабіяграфію ці ўспамін, заўсёды амаль нічога пра сябе, а ўсё пра сяброў, пра тых, з кім пачынаў жыццёвы і творчы шлях, з кім ваяваў, з кім да мірнага жыцця звыкаў, з кім цяпер працуе, раіцца, спрачаецца. Незагойная памяць у паэта да тых, хто не далшў да перамогі:
Даўно вайны куродым горкі
пакінуў мірны мебасхіл.
А мне ўначы здаюцца зоркі
адбіткам зорак з іх магіл.
Артур Вольскі ведае цану радасці, цяжар гора. Вершы пра каханне, поўныя сонца і хмелю, і адчай ад страты сына, «Вянок на дажынкі», дзе смела пераліваецца цераз край народная песня, і лірычны маналог пра Мінскае метро. Усё ва ўзаемадзеянні, у перагукванні, у бясконцым працягу жыцця. Сучасныя па дынамічнасці і незацягнутасці, па думцы і адказнасці паэмы Артура Вольскага прапануюць чытачу думаць, марыць, задумвацца.
Актыўная перакладчыцкая практыка, праца ў дзіцячай паэзіі (ёй паэт верны да сёння; разам з Васілём Віткам быў адным з заснавальнікаў часопіса «Вясёлка», аўтар лібрэта першай беларускай аперэты для дзяцей «Сцяпан — вялікі пан», паглыбленая ўвага да фальклору: адсюль і казкі, і п'есы для малодшага гледача) зрабілі радок Артура Вольскага і мускулістым, і раскутым. Класічны і вольны верш, песня, кантата — паўсюль сябе спрабаваў паэт, і, трэба прызнаць, паспяхова.
Радзіма. Народ. Мова. Пра іх піша паэт Артур Вольскі, для іх піша, імі жыве.
Паэт — першапраходца ва ўсе часы. Нездарма Артура Вольскага салігорцы надзялілі самым. высокім тытулам — назвалі ганаровым шахцёрам. Тады паэт сказаў запаветную мару:
Як прагне солі кожны чалавек,
Так прагну я здабыць жывыя словы.
Гэтая прага ў кожнага паэта. Яна не пакідае Артура Вольскага. А пакуль ёсць, датуль паэт будзе шукаць, здзіўляцца і здзіўляць!
Шукаць ураселае і непаўторнае слова. Здзіўляцца мудрай нечаканасці жыцця. Здзіўляць знаходкамі чытача патрабавальнага і зацікаўленага.
1983