Вёска Хільчыцы. Пяць кіламетраў язды да старажытнага Турава, дзе яшчэ, здаецца, у наваколлі жыве рэха прамоў Кірылы Тураўскага. Тут, мінуючы дзевяты і дзесяты класы падлетак экстэрнам здае за сярэднюю школу. Паступае ў Ленінградзе ва універсітэт. Фізічны факультэт. Спецыяльнасць — фізіка палімераў, праблема вадкага крышталю. I потым усё як у анкетах, кароткіх аўтабіяграфіях Паўла Шруба. Фізік да кончыкаў валасоў ці да завітка самых складаных формулаў. I раптам:
Песню матчыну спяваюць,
а я столькі слоў не помню...
Бо толькі словамі матчынай песні, якая ўскрыляла і слова славутага земляка Кірылы Тураўскага, і Францыска Скарыны, у каго на радзіме працаваў малады паэт пасля заканчэння навучання ў Ленінградзе, толькі словамі матчынай песні можна выказаць і любоў да роднага краю і прызнацца ў першым пачуцці спачатку каханай, а пасля чытачу, можна адаграваць душу, адухаўляць спазнапы навукай свет,
пакуль не сціснулі нас
халодная пушча металаў,
неруш
пластычных мас.
Бо страшна ператварыцца ў робата, які кажа: «Я думаю толькі ў межах сістэм...» Бо не хочацца быць блудным сынам, якому
У светлую зорку
даўно ўжо зліліся
маці ля хаты
і белая вішня.
Звычайна паэты філалагічнай школы, ці філалагічнага пакрою, ідуць ад слова да гукапісу, да асэнсавання з'яў жыцця.
Павел Шруб імкнецца пранікнуць у сутнасць з'явы, у сутнасць, у самую сарцавіну рэчыва, шукаючы слова для выказвання, для пераказу. Ён навуковец і чаляднік роднага слова, гараджанін і інтэлігент у першым калене і нашчадны аратай, чые карані глыбока ў роднай глебе. Думка ягоная сваім клопатам заўсягды дома, там, дзе ў працавітай калгаснай сям'і Марыі і Міхала Шрубаў узгадавалася чацвёра сыноў. Паэт Павел Шруб не традыцыйна плача па вёсцы, збегшы з яе, як многія маладзейшыя і старэйшыя ягоныя калегі па пяру, ён услых думае пра тое, што турбуе яго, што не дае спакою нідзе:
Рукі мае ў гарадах,
сэрца маё на вёсцы —
гэта яно штовосень
жураўлямі галосіць.
Чытач шматзначна ўсміхнецца, ага, зноў журавы, зноў восень традыцыйна-«рыдалістая» па выразу Сяргея Ясеніна. Не спяшайся ўсміхацца, дарагі чытач, паслухай лепей самога паэта ўважлівей:
Часу няма сказаць «люблю»,
не тое што пакахаць,
а ў пісьмах бацькавых
працякае страха —
25 ёй гадкоў на Іллю.
Толькі той, хто сам будаваў сабе хату, а не браў ключы ад паказушных сельскіх катэджаў, дзе ўсё болей разлічана на тэлекамеры, чым на жыццё, дзе селянін штучна адрываецца ад зямлі, толькі гаспадар помніць, калі ён крыў страху. I заўважце, гэта памяць сялянская, якая мысліць часінамі года яшчэ з паганскай даўніны. Прыроджаны селянін, ён і ў горадзе імкнецца да спагадлівага суседства, да жадання ўсім сялом вырашаць праблемы, радавацца, сумаваць. I дапытліваму, непаседнаму, субяседліваму ніякавата ў горадзе, дзе зачастую яшчэ людзі адасоблены адзін ад аднаго клеткамі гарадскіх кватэр:
Хто мой сусед,
чым жыве — я ые знаю:
ў цэнтры кватэра
і ўсё ж такі з краю.
Паэт Павел Шруб ведае жыццё і на смак, і на колер, і на радасць, і на бяду, ведае думкай відушчай, сэрцам узрушаным, потам салёным, бо
пабудаваны дамы
з поту і дзён шурпатых.
Толькі ходзячы па мулкіх дарогах, па хітраватых сцяжынках, а не па адным паркеце, можна адчуць, што дні шурпатыя, шурпатыя сваімі турботамі, надзеямі, стратамі.
Паэт Павел Шруб не спяшаўся выдаваць свой першы зборнік, якому даў сучасна-рабочае імя «Лабараторыя». Калі абеларусіць латынь, дык можна было б сказаць «працоўня». Працаваць паэт любіць і словам, і над словам, працаваць думкай навуковай, працаваць канкрэтна з сякерай, з рыдлёўкай. I таму так апраўдана-задзірыста гучаць ягоныя радкі:
Стала модна пісаць
пра малаткі і зубілы...
I гэтак старанна ў паэме паэт
размазвае соплі,
што верыш:
праз хвілю ён возьме хамут
і сам запражэцца ў аглоблі...
Прыслухайцеся, як тут добра гучыць сэнсава-адносінная рыфма «паэт — хамут». Не ў лоб, а здалёку, з намёку.
Веды навуковыя, веды літаратурныя, як сапраўдныя веды, не даюць паэту права на самазаспакаенне, на самазадаволенасць, на самаўлюбёнасць. У свае сталыя гады паэт помніць пра блакітны ўзрост:
Хвароба блакітнага ўзросту:
ёсць мара, жаданне, сілы,
і крыламі ўзмахваць проста,
і цяжка паверыць у крылы.
Глыбока перакананы, што чытач першы паверыць у крылы — і неслабыя! — Паўла Шруба, прачытаўшы ягоную першую кнігу паэзіі «Лабараторыя», і надасць гэтую веру самому паэту, каб ляцеў вышэй, далей у небе беларускай паэзіі, і ля зор помнячы пра клопат нівы:
Няма анічога лепей
калючых калоссяў жыта
і ціхай вузкай сцежкі
пад жаўруковым крылом.
Жаўрукова крыло ацяняе чало паэзіі Паўла Шруба, чало думнае і заклапочанае!
«Ідзі — і ў неба выйдзеш гаем»,— чытачу і самому сабе раіць паэт. Толькі глыбока любячы зямлю, можна зразумець сум Сусвету як свайго блізкага суседа.
1986