А паклон я перадам...


Вясна. Адскочыла маладая трава, праклюнулася кволая рунь. Але зямля, як і памяць, доўга трымае сляды вайны. Уздоўж чыгункі яшчэ добра значацца былыя акопы, артылерыйскія пазіцыі. Іх багата...

Еду ў Рудню, дзе жыве Міхаіл Ягораў, здаецца, вяртаюся ва ўспаміны пра перамогу, пра вайну.

Рудня — тыповы райцэнтр. Асноўную прамысловасць гарадка складае камбінат, як называюць яго тут скарочана, малако-кансервы. На ім, казалі мне, працуе Міхаіл Ягораў. Стаю ля прахадной, чакаю, пакуль клічуць майго універсітэцкага сябра Віктара Куневіча. Ён павінен павесці мяне да Ягорава. Слухаю гаворку шафёраў, рабочых. Гавораць пра паўсядзённыя сямейныя клопаты, успамінаюць знаёмых, з некага кпяць, некага хваляць. Маладзіца просіць вадзіцеля малакавоза падвезці яе ў Смаленск, а вадзіцель пярэчыць, што ён не шафёр таксі. Ідуць да начальства, узгадняюць. Гавораць усе амаль так, як па маёй Ушаччыне, лічы, па-беларуску.

I яшчэ раз успамінаецца мне паседжанне ў Крамлі, прысвечанае дваццацігоддзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якое трансліравалася па тэлебачанні.

«Закрапілі мы знамя і ўвідзілі Бярлін па ладані...» Мяне тады прыемна ўразіла гаворка героя, пра якога кожны з нас з захапленнем чытаў на старонках школьных падручнікаў. I недзе закралася думка, а ці не зямляк ён раптам... Думка гэтая і прывяла мяне, дакладней, прывезла чыгункай у Рудню.

А во, нарэшце, і мой сябра — Віктар. Просіць пачакаць яшчэ хвілінку — трэба папярэдзіць некага, што ён сёння на працы не будзе.

Ідзём да яго дамоў. Жыве сябра ў двухпавярховым доме. Цэлая вуліца набудавана ад іхняга камбіната. Па праверанай звычцы стараюся спачатку дазнацца пра Ягорава ўсё, што можна, а потым ужо і да самога пайду.

Віктар расказвае мне паволі.

Нарадзіўся Міхаіл у вёсцы Бардзіна Руднянскага раёна, што на Смаленшчыне. У вайну партызаніў, потым быў у арміі. Пасля вайны — старшыня калгаса ў Мікуліне, загадчык гандлю там жа, слухач партыйнай школы.

Дарэчы, зазначае Віктар, у Мікуліне пахавана шэсць Герояў Савецкага Саюза. Шасцёра дэсантнікаў завязалі няроўны бой з захопнікамі. Усе загінулі смерцю храбрых, але і 120 фашыстаў улажылі...

Цяпер Ягораў працуе старшым дыспетчарам чыгуначнай веткі на камбінаце.

У размову падключаецца жонка Віктара (яна таксама працуе на камбінаце).

Раней Міхаіл быў загадчыкам буртавога поля. Па старой памяці часта наведвае сушыльны цэх. Калі трэба каму знайсці яго — спачатку ў сушыльны бягуць.

Ягораў — нязменны дэпутат гарадскога Савета. Калі што каму дастаць неабходна — да Міхаіла. Заўсёды дапаможа, не адмовіць.

Мне спадабалася такая дэталь — усе называюць Ягорава ці Міхаілам, ці Мішам. Для кожнага руднянца ён свой, блізкі. Нават калі я запытаўся, як жа ўсё-такі па бацьку яго — жартам адказалі, што гэта, напэўна, ведаюць у аддзеле кадраў.

Такія-сякія падрабязнасці вызнаў. Зараз і да Міхаіла можна.

Выходжу на вуліцу. На рослай вішні, нібы на пахвалу напрошваючыся, заліваецца шпак. Першага сёлета ўбачыў недалёка ад Віцебшчыны.

Але далей мне пачынае не шанцаваць. Невялікі акуратны дамок на Ленінскай вуліцы замкнёны. Застаецца адно — ісці ў школу да жонкі Ягорава і дазнавацца, дзе муж. Сярэдніх гадоў настаўніца пачатковых класаў адказвае:

— А Міхаіл ужо даўно ў Віцебску і, відаць, не скора дома будзе.

Самы бліжэйшы прыгарадны цягнік Рудня — Віцебск адыходзіць раніцай а чацвёртай гадзіне.

Калі я спяшаўся на станцыю, непадалёку ад камбіната ў лашчынецы ў тумане раптам знаёма запахлі мне штабялі асіны. Да Віцебска вёз я гэты пах...

Няўлоўнага Міхаіла Ягорава застаю ў Віцебскім таварыстве па распаўсюджванню ведаў. Ён толькі што прыехаў з саўгаса «Паставы» ад былога партызанскага камісара палка Васіля Усцінавіча Какошына, які працуе ў саўгасе заатэхнікам.

Невысокі. Хударлявы. Па-вайсковаму падцягнуты. Здаецца, прывыклы да таго, што яго паўсюль запрашаюць, што ім цікавяцца. З нейкім унутраным спакоем і разам з тым стомлены, нават крыху раздражнёны. Вайсковыя штаны галіфэ. Вайсковая фуражка. На заламаным лацкане чорнага пінжака Зорка Героя, ордэны.

Насцярожана зірнуў на фотаапарат Мішы Мінковіча і, чамусьці прыняўшы яго за магнітафон, наадрэз запярэчыў:

— Запісвацца на магнітафон не буду. Наогул часу не маю — еду ў Рудню.

Размова яўна не клеілася. Нічога не заставалася, як задаваць нейкія пытанні, каб так-сяк разгаварыць Героя.

Пытаюся самае нейтральнае, з якога года, дзе пачынаў партызаніць.

Нарадзіўся Міхаіл Ягораў 5 мая 1925 года. Партызаніць пачаў у Чачэнскіх лясах Дзямідаўскага раёна. У дзень свайго нараджэння ў сорак другім атрымаў першае баявое хрышчэнне. Было гэта ў Блоні, партызаны трымалі льнозавод.

Шчыра прызнаецца Міхаіл, што страшна было спачатку. Хаваў галаву і страляў угору, а камандзір суцяшаў: «Не бойся, сынок... прывыкнеш». I прывык.

— Пасля наш Смаленскі полк Садчыкава стаяў ва Ушачах гады паўтара... Добра запомніўся калючы сад каля касцёла.

Мне, натуральна, хацелася знайсці беларускія карані ў родзе Ягорава. Да дзеда тыя карані давялі, а далей Міхаіл падкрэсліў, што ён рускі.

Ва Ушачах! Сцежкі памяці павялі мяне да родных мясцін, у краіну партызанскага маленства, дзе кожная сцежка пахла порахам, а вышэйшай узнагародай быў дазвол бацькі, які прыходзіў на кароткую пабыўку з атрада, стрэліць з сапраўднай вінтоўкі.

Гэта ж пра Смаленскі полк спявалі мы:

Па дарогах ушацкіх,

Па тылах парцізанскіх,

Па бальшых беларускіх лясах

Едуць немцы-бандзіты,

На франтах недабіты,

Штобы зону заняць парцізан...

На заслон проціў немцаў

Ішла брыгада смаленцаў...

Спявалі па-мясцоваму, не надта клапоцячыся аб правільнасці граматычных форм. (Пазней нам за гэта ставілі двойкі.) I мы вельмі ганарыліся, малыя шпінгалеты, што ў песні ўпамінаюцца ўшацкія дарогі, што якраз нашу партызанскую зону не ўдалося ўзяць фашысцкім недабіткам.

Гэта смаленцам, калі яны з баямі прыйшлі ва Ушачы, землякі мае, маці мая зносілі аўчыны на кажухі, прасціны на маскхалаты, кужаль на бінты, жыта, ячмень,— хто што мог зносілі.

Мы ведалі ў твар усіх партызанскіх камандзіраў і адважных разведчыкаў. Стараліся нават пераймаць манеру хадзіць, гаварыць. Я перакананы, што любы мой ушацкі аднагодак помніць такія славутыя імёны, як Лабанок, Цябут, Уткін, Радзівонаў.

Толькі не ведалі мы, што па нашых вуліцах ходзіць юнак, якому суджана будзе ўзняць сцяг Перамогі. Пазней, праз дваццаць год пасля пачатку вайны, гэты юнак успомпіць:

«У нашу задачу ўваходзіла вырвацца на дах. Немцаў там не аказалася. Мы вырашылі замацаваць сцяг на бронзавым кані, так як міны, што рваліся бесперастанку, не давалі магчымасці зрабіць гэта на купале. Пазней, калі стала цямнець, мы ўзнялі сцяг з бронзавага каня і сталі прабірацца да купала. Але ён быў разбіты. Купал уяўляў сабой жалезную раму, якая была раней зашклёная. Але цяпер усё шкло было разбіта. Праз гэты купал добра асвятлялася зала рэйхстага. Падняўшыся на купал і паглядзеўшы ўніз, мы ўбачылі, што цнэнтральная зала рэйхстага гарыць. Вышыня купала — 70 метраў. Моцна трымаючыся, вылезлі мы на яго вяршыню, замацавалі сцяг...»

Дзейнічаў Смаленскі полк у трохкутніку Орша — Віцебск — Смаленск. Ірвалі чыгункі, грамілі фашысцкія гарнізоны.

Боепрыпасы народным мсціўцам дастаўлялі самалёты з Вялікай зямлі. У прыватнасці, ротныя мінамёты. Мінамёт гэты называлі партызанскай лапатай — можна і капаць і страляць.

Я помню лясны партызанскі аэрадром каля вёскі Пліна, зімовы — на лёдзе возера Вечалле.

Міхаіл Ягораў прыпальвае папяроску і ўсміхаецца:

— Бікфордаў шнур, бывала, запальвалі «кацюшай». Накінеш на галаву якую халаміду (каб не відаць было іскраў) і б'еш крэсівам па крэменю, пакуль агонь не высечаш. Надзейна працавала «кацюша».

У нейкай ступені спраўдзілася мая падспудная думка. Амаль зямляк. На ўшацкай зямлі мужнеў ён. Ушацкія лясы засланялі маладога партызана, палкавога разведчыка.

Вясной 1944 года немцы пачалі блакаду Ушацкага раёна — партызанскай зоны. Смаленскі полк атрымаў загад прасоўвацца да польскай граніцы, дзе і павінен быў злучыцца з рэгулярнымі войскамі. Ён ірваў чыгункі, масты — не даваў немцам магчымасці адступаць. У Смаргоні злучыўся Смаленскі полк з арміяй. Партызанскі палкавы разведчык Міхаіл Ягораў стаў палкавым разведчыкам 3-й ударнай арміі 150-й дывізіі 756-га стралковага палка...

Чырвоныя зоркі на танках і на пілотках байцоў засвяціліся ва Ушачах у ноч з 27 на 28 мая 1944 года. А ў перадапошняй бойцы 5 мая загінуў партызан з брыгады Мельнікава, бацька мой. Міхаілу Ягораву пайшоў дваццаты год, бацьку ішоў — трыццаць шосты...

Сцежкі памяці, яны вядуць да ракі часу, адзін бераг якой — радасць, другі — смутак.

Міхаіл Ягораў спяшаецца дадому — нялоўка болей затрымліваць чалавека. Праводзім да вакзала. На мосце праз Дзвіну просім сфатаграфавацца. Стаіць на мосце былы разведчык, былы падрыўнік.

Глядзіць удалеч. Ці ён бачыць бераг свайго баявога юнацтва, ці ўспамінае, як у Дзень Перамогі «адплываў напоўнены таварышамі бераг» (А. Твардоўскі).

Гэта не толькі яму павязвалі піянеры Віцебшчыны чырвоны гальштук, але і тым юнакам, якія не дажылі да светлага дня, якія разам з ім ішлі з партызанскіх лясоў да рэйхстага.

Напярэдадні свайго дваццацігоддзя ўзняў Міхаіл Ягораў сцяг нашай Радзімы.

Не старэць табе, Міхаіл. Быць вечна маладым аднагодкам маладых.

А паклон ушацкім лясам ад цябе я абавязкова перадам...

1962

Загрузка...