Зялёны цягнік маленства


Ён павінен быў нарадзіцца ў лясной спакойнай старане на Віцебшчыне. Але лясная старана забылася на спакой, яна стала партызанскім краем... Бацька будучага паэта звязаў свой лёс з народнымі мсціўцамі.

Нарадзіўся Уладзімір Лісіцын у фашысцкім канцлагеры. Бацька не пабачыў свайго сына, сын не пабачыў бацькі. Фашыстовец ірвануў тым-сім звязаныя ручаняты і з прысутным цынізмам заявіў: «Хай прывыкае да волі!..»

Пра гэта да болю дакладна пазней паэт раскажа ў паэме «Дзірваны».

Пішу пра свайго харошага друга, пішу не ліст у далёкі Джанкой, дзе апошнія гады жыў Уладзімір, дзе смерць застала яго за пісьмовым сталом, бо працаваў апошні час днямі і начамі, прыйшоўшы дадому са школы, дзе ён «вёў працу».

Вёў працу. Так, яму змалку знаёма гэтае слова. Праца і фізічная і праца творчая. Сякера ў марозным лесе і на ўдовіным дварышчы, адбойны малаток на шахтах Данбаса, аўтаручка журналіста былі яму заўсёды блізкімі, звычайнымі, будзённа-святочнымі...

Уладзімір Лісіцын скончыў педагагічнае вучылішча, вучыўся завочна нейкі час у Літаратурным інстытуце імя Максіма Горкага ў Маскве. Завочна скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, напісаў дысертацыю па тэатры.

Сумная справа — пісаць прадмову да першай кнігі, казаць словы, якія спазніўся сказаць самому паэту. За штодзённай крутаверцю думалася, паспею, потым скажу.

Кароткімі былі нашы сустрэчы, кароткімі былі размовы... Упершыню пазнаёміўся я з Уладзімірам Лісіцыным недзе летам 1970 года. У рэдакцыю часопіса «Полымя», дзе вёў я тады аддзел паэзіі, зайшоў русявы высокі малады чалавек. Танклявы, з інтэлігентным, я сказаў бы, крыху эстэцкім тварам. З-пад акуляраў на мяне глядзелі разумна-ўдумлівыя, стомленыя вочы, якія ясніліся няўлоўным унутраным агнём... Паказаў вершы. На рускай мове, многа, што называецца, пад Сяргея Ясеніна... Чытаю, пракідваюцца беларускія, віцебскія словы. Пытаюся, а ці пісаў часам па-беларуску. Няўпэўнены адказ, што спрабаваў...

Літаральна праз тры дні прыносіць той самы русявы танклявы «эстэт» вершы на беларускай мове. Чытае з душэўнай, віцебскай ласкавасцю:

Костачкамі вішняў

Кулі па вадзе.

З акружэння выйшлі

На чацвёрты дзень...

I цяпер з гадамі

Дзед шукае стрэч,

То каня згадае,

То жахлівы стрэл.

Ды, відаць, на золку

Сну не пабароць.

Дзеду неба зорнае —

З клёпкамі аброць.

Гэта верш «У начлезе». Мяне здзівіла мускулістасць радка, свабоднае дыханне слова ў радку.

Уладзімір Лісіцын параўнаўча мала жыў у Беларусі, але трэба па-сапраўднаму любіць роднае слова, каб помніць яго з усімі адценнямі, з усімі рухамі душы матчынай мовы. Там-сям трапляюцца мясцовыя словы, словы, што чуў паэт ад маці, словы, што назаўсёды прыкіпелі да сэрца сваёй чысцінёй, сваёй першароднасцю. Гэтыя словы не вырываюцца з агульнай плыні сакавітай, свежай мовы Уладзіміра Лісіцына.

У паэта не было традыцыйнага таптання пачаткоўца — уваходзіў у родную літаратуру бурна, стала, са сваёй тэмай, са сваімі адметнымі вобразамі, са сваёй манерай пісьма. Ён смела ўздымаў моўныя пласты, спяшаўся сказаць пра тое, што балела, што незагойнай ранай вярэдзіла ўспаміны. Расказаць у яго было пра што.

Ён з прагнасцю ўдыхаў кожны гук роднага слова. Так пасля вайны зямля засумавала па скрыгату лемяха, па ранішняму рыпу гужа, па ласкава-хмурыністаму фырканню прытомленага каня...

Апошнім часам Уладзімір аб'ехаў Сібір і Крайнюю Поўнач. З хваляваннем, зразумела, адчыняў я заўсёды паштовую скрынку — прасоленыя роўным дыханнем Ціхага і Ледавітага акіянаў, прыляталі да мяне лісты ад чулага, па-вясковаму сарамяжлівага і ўражлівага Уладзіміра.

У кожным лісце вершаў з дарог, вершаў пра новыя краі, пра родную Віцебшчыну болей, чым слоў.

Ранняй зімой з'ездзілі мы з Уладзімірам на Ушаччыну, дамовіліся, што ранняй вясной пабудзем разам на крымскай зямлі. У сваім апошнім лісце друг запрашаў у Джанкой...

I вось летам прыходзіць мне невясёлая вестка ад брата Уладзіміра з Віцебска. Брат ягоны дзесяцігадовым хлапчуком быў надзейным апірышчам, дарадцам і, можна сказаць, бацькам Уладзіміру ў канцлагеры. Брат Іван даслаў мне апошні ліст, у якім Уладзімір віншаваў яго з днём нараджэння. Зноў-такі — вершы і пранікнёныя словы павагі да блізкага і роднага чалавека, да адзінага роднага, хто застаўся ў паэта.

Ліст неадасланы, знойдзены ў шуфлядзе пісьмовага стала паэта.

У нікуды, а ўсё-такі дамоў

Мяне цягнік зялёны перакоціць.

Гарачынёй матуліных камоў

Да горла радасць першая падкоціць.

...Узняўшы галаву, з'явіўся бусел,

I я прад ім схіляю галаву.

Уладзімір збіраўся стала пераехаць у Беларусь. Вось радкі з ліста: «...Гэта мая зіма — апошняя ў Крыме. Мінск... Мінск... і нічога болей. Вершы, вершы... і яшчэ раз вершы...»

Зялёны цягнік маленства спыніўся далёка ад радзімы. Але слова паэта засталося ў роднай Беларусі, слова мужнае і пяшчотнае, слова шчырае і пранікнёнае...

1973

Загрузка...