Чакаю зборніка!


«Мае гэтулькі кніжак...» «Аўтар такіх і такіх зборнікаў!» Ідзе колькаснае пералічэнне, успамінаюцца назвы... I вельмі дарэчы прыгадаць тады аўтараў адной кнігі — Аляксандра Грыбаедава, Максіма Багдановіча...

Мне вельмі хочацца сказаць некалькі слоў пра паэта, які пакуль што не мае ніводнага зборніка, паэта, якога ведаю вось ужо дзесяць год, паэта, чые вершы для мяне заўсёды сустрэча з нечым чыстым, родным, наскім, беларускім.

Працяглы час паэт маўчаў. Гэта турбавала. А раптам назусім выпусціў са стайні свайго Пегаса? На шчасце — не! Набіраў сілы, выходзіў на арбіту — і выйшаў!

Як заўсёды, «хросным бацькам» быў Анатоль Вялюгін,— падборка ў «Полымі». Потым цікавыя падборкі ў «Беларусі», «Маладосці», «ЛіМе».

Не ад сонца ідзём у глыбіні —

Па сонца ідзём.

Сонца гіне:

У кайданы крышталёў

закута —

Ляжыць у падземных закутках.

Ідзём —

магутныя —

Вызваліць брата

З-за кратаў.

Шахцёркі гараць

над галовамі,

нібы —

Німбы...

Варочаем,

узнімаем пластамі

Сонца, што камянела вякі.

Смялей ступайце над намі,

Смялей,

землякі!..

Гэта з верша пра беларускіх шахцёраў. Якія мускулістыя радкі, колькі ў іх чаканкі, чытаеш, і здаецца, сам варочаеш глыбы. А як зайграла слова «землякі» ў дадзеным кантэксце!

Ці ўзяць наступную мініяцюру, дзе, кажучы крылатай фразай, «словам цесна».

Ніхто не пачуў:

Яблык упаў дасвеццем —

Ля Халопеніч,

на Беларусі.

Ніхто не пачуў —

Ні людзі, ні травы, ні вецер...

Ніхто.

А шар зямны здрыгануўся...

Чытаў я вершы ў асобных падборках — радавалі, падабаліся. Аўтар падрыхтаваў зборнік, занёс у выдавецтва. Перад гэтым я перачытаў увесь рукапіс — па-вясноваму звонкі, па-маладому смелы. Умоўна зборнік названы «Верасовы звон». Справа, безумоўна, не ў загалоўку. Як кажуць, абы сына прычакаць, а імя можна падшукаць. А сын— такі добры!

Прыемна ўражваюць паэтычныя знаходкі будучага зборніка, яны не вонкавыя, не крыклівыя, а менавіта тыя, якія можна знайсці толькі раз.

Дзіва чакаюць бярэзнік, ліпоўнік.

Праз нейкі тыдзень

Над лесам узыдзе

Зялёмая поўня.

Гэта пра трывожпую нару года — прадвесне.

Паэт заўважыў, як двух шчаслівых

Вячэрні час

Вёў з нядзелі

у панядзелак.

Лірычны герой ідзе лугам. Наседкі зрываюцца з гнязда, адводзяць. I глядзіце, як цёпла, стрымана, хораша заканчваецца верш:

Я крыўдаваць не стану,

За недавер судзіць...

Я знікну,

ўміг растану,

Каб гнёзд не астудзіць...

Паэт разумее спрадвечную тугу кнігавак па марскім бязмежжы, бо кнігаўкі — «трыццатае калена белых чаек», паэт дзівіцца з сілы іхняй веры, з іх вытрымкі чакання.

Колькі думак у вершах пра космас, колькі пачуцця ў вершах пра Радзіму, пра маці, колькі іскрыстай весялосці ў вершах пра свой прыезд дадому разам з дажджом, пра цецерука, які перамог сапернікаў і з'явіўся перад цяцерай «урачыста-голы»,— трэба цытаваць. Але і самыя вясёлыя вершы, становячыся цытатамі, робяцца сумнымі. Не буду больш цытаваць, каб не адбіраць у чытачоў прыемнай магчымасці пазнаёміцца з цікавым зборнікам майго даўняга сябра, сціплага чалавека, паэта Васіля Зуёнка.

Пішучы гэты невялічкі артыкульчык, я зусім не меў намеру накідваць на сябе ментарскую тогу. Проста хацеў выказаць тую радасць, якой надарыў мяне Васіль Зуёнак сваімі вершамі. Я чакаю яго першага зборніка.

1964

Загрузка...