На палях вечнасці


Ён любіў жыццё апантана, да самазабыцця. Любіў, нібы наганяючы той час, які забралі ў яго вайна і суровыя дарогі лёсу. Любіў, нібы адчуваючы, што шлях да роднага парога не бясконцы. Любіў жыццё і за тых сяброў і таварышаў сваіх, якія не дасталіся дадому.

Ён быў дасціпны і непаўторны і ў вясёлым застоллі, і на афіцыйным пасяджэнні, і ў сваіх артыкулах, сваіх выступленнях, сваіх рэпліках і заўвагах.

Ён валодаў амаль забытым у апошні час у нашым літаратурным асяроддзі ўменнем радавацца ўдачай калегі, паплечніка, рабіць чужы поспех уласнай радасцю. Адзін радок, слова, нечаканая рыфма маглі зрабіць пагодным настрой яго, найтанчэйшага знаўцы і, я сказаў бы, дэгустатара паэзіі. У ім арганічна, па законах таленту спалучаліся прызнаны мэтр і захоплены юнак, эрудыт і вастраслоў, даследчык і публіцыст. Ён увесь час быў апанаваны нецярпеннем адкрываць, нават газету, часопіс, зборнік паэзіі раскрываў па-асабліваму нервова, па-ранішняму, з чаканнем шчаслівага адкрыцця. I ён умеў адкрываць новыя таленты, новыя імёны. У яго была лёгкая рука на гэта, а галоўнае — душа. Умеў і наноў прачытаць паэта, драматурга, празаіка.

Менавіта ён адкрыў Аляксея Пысіна і для чытачоў і для самога ж паэта, адкрыў як самабытнага майстра, як непадобную асобу.

Помніцца, з якім непрыхаваным гонарам паказваў ён ліст ад Міхайлы Грамыкі. у якім старэйшына нашай літаратуры дзякаваў крытыку за шчырыя словы, за тое, што прыўзняў века над ягонай труной, труной забыцця і маўчання.

Калі выйшла пасмяротна кніга Уладзіміра Лісіцына, які нарадзіўся ў канцлагеры ў 1944 годзе,— не чакаючы, пакуль нашая крытыка прымерыцца да непрывычнай паэзіі, у «Литературной газете» быў надрукаваны ўзнёслы і дасведчаны артыкул прызнанага крытыка.

Рыгор Бярозкін. Ён першы парушыў тыя каноны і тую традыцыю, па якіх на крытыка пазіралі як на чалавека, што недалюблівае паэзію, слабавата ў ёй разбіраецца, а павучаць любіць, бо прафесія вымагае. Артыкулы Рыгора Бярозкіна гучалі як паэтычныя старонкі, напоўненыя гневам і спагадай, мудрасцю і віртуознай дасканаласцю кожнага слова.

Настолькі была магутнай слава крытыка, настолькі магічнай была думка ягоная, што многія паэты за асабістую крыўду лічылі і схаваць гэтае пачуццё не маглі, калі іх не заўважаў Рыгор Бярозкін. А калі ўжо сам Бярозкін сказаў колькі станоўчых слоў, яно ўжо і з сабратам па пяру можна было здароўкацца не першаму. Ну, вядома, такое было ўласцівей маладым.

Не магу забыцца, як наш любы і не пакрыўджаны ўвагай Пятрусь Броўка ў дні свайго 70-годдзя па-юнацкаму расчулены быў і адкрыта радаваўся артыкулу Рыгора Бярозкіна, надрукаваным пра яго ў «Вячэрнім Мінску». А Рыгор Саламонавіч са звычнай яму іроніяй казаў, што пасля «Вячэрняга Мінска» на вуліцы і нават у пад'ездзе больш вітацца сталі — паславуцеў.

Ён паспеў яшчэ напісаць артыкул да двухтомніка Аляксея Пысіна і рэцэнзію для выдавецтва на выбранае Еўдакіі Лось.

Апошнія гады перад цяжкой хваробай сваёй Рыгор Бярозкін шмат пісаў, выступаў — спяшаўся выказаць хоць трохі свайго запаветнага, выпакутаванага, яшчэ развітваўся з людзьмі, з жыццём, якое да яго жорстка ставілася.

Назаўсёды застанецца жывы для мяне Рыгор Саламонавіч. Крыху закінутая назад галава. Губы, яшчэ сцятыя на момант пасля чарговай зацяжкі цыгарэтай, пасля чарговага глытка радасці ад знойдзенага ў некага слова ці вобраза. Вось рука зрабіла лёгкі рух з непагаслай цыгарэтай, і са здзіўленай пасмай пабялелай чупрыны пераплятаецца пасма дыму. Вочы крыху прыжмураныя, насмешлівыя і разгублена-даверлівыя. Зараз ён скажа нешта раптоўнае, бярозкінскае.

Тое, што паспеў сказаць Рыгор Саламонавіч, што засталося ў кнігах ягоных, і жыве і жыць будзе і ў нашчадках нашых.

1981

Загрузка...