Перакладчык. У беларускай мове гэтае слова можна тлумачыць і як той, хто перакладае, перасоўвае з месца на месца нейкі клад, і як кладаўшчык нейкіх скарбаў, духоўных хутчэй за ўсё. Можна тлумачыць і як той, хто пераносіць кладзь ручную ці якую іншую, у сэнсе — насільшчык. У любым выпадку перакладчык мае справу з нечым даволі цяжкім, важкім і нават грувасткім, з тым, што трэба несці, перакладаць, перакладваць, перасоўваць, прысоўваць. Ну, гэта, вядома, філалагічная размінка. А ўвогуле перакладчык нясе да свайго моўнага чытача іншамоўнага пісьменніка, празаіка ці паэта. Паколькі мне бліжэй апошні жанр, хацелася б колькі слоў сказаць пра пераклад паэзіі.
Глыбока перакананы, што паэзію можа і павінен перакладаць паэт. Адразу мушу агаварыцца. Неабавязкова, каб сам ён выдаваў свае паэтычныя кніжкі. Перакладчык паэзіі ў першую чаргу павінен быць паэтам па душы, па светаўспрыманню. Для прыкладу назаву двух такіх нашых выдатных паэтаў-перакладчыкаў, хоць ніводнага іхняга арыгінальнага радка ні разу не чытаў. Гэта Язэп Семяжон, гнто вольна адчувае сябе ў моры англамоўнай паэзіі і гаспадаром у беларускай, і Васіль Сёмуха, што найбліскуча пераклаў гётаўскага «Фаўста», Рыльке і шмат іншых самабытных сусветна маштабных паэтаў.
Пра Карласа Шэрмана некалькімі словамі не скажаш. Гэта з'ява унікальная.
Часта ўзнікае пытанне, навошта перакладаць, напрыклад, з рускай мовы на беларускую, чытач можа чытаць у арыгінале. Але забываюцца многія, што ўся паэзія з дня свайго ўзнікнення — пераклад з рэальнасці на мову вобразаў і рытмаў, з мовы на мову, з сэрца ў сэрца. Калі разважаць, што чытачу хопіць толькі адной мовы, то ўзнікае такая далёкая паралель. Самыя моцныя напіткі — чысты спірт і чыстая хлебная гарэлка (і самагонка, што гоніцца для сябе), але ж існуюць і віно, і піва, асабліва хатняе ў Латвіі і Літве, і кактэйлі. I аматару цікава адчуць смак, прысмак, букет — розныя. Пераклад паэзіі — і клопат пра развіццё мовы, на якую перакладае паэт, і вучоба, падкрэсліваю, грунтоўная, дакладна-канкрэтная вучоба, бо перакладчыку, як краўцу, што перашывае тую ці іншую адзежыну, добра відаць і крой, і фасон, і кожнае шво. Праўда, перашытае лайно амаль заўсёды розніцца ад першы раз пашытага, скроенага ўпершыню. У працы перакладчыка не павінны былі б відаць белыя ніткі. Гэта ў ідэале. Увогуле, які паэт перакладае, такі і пераклад. Якія, напрыклад, паэтычныя пераклады прозы ў Янкі Брыля!
Але я зноў вярнуся да кладзі, да грузу, які нясе перакладчык. Усе шышкі ў бальшыне перакладчыкам, а пышкі — аўтарам. Яго, беднага, аўтара значыць, не данеслі. Не данеслі — надта хадавы тэрмін пры ацэнцы перакладніцкай працы. Але калі ўдумацца, то каго носяць? Ці малога, які яшчэ не ходзіць, ці старога, альбо недалугу, які ўжо хадзіць не можа. Дый, наогул, лепей не даносіць, а гаварыць шчыра ў вочы, калі ўжо да слова прыйшлося. Можа, раз аўтару не шкодзіла б зрабіць празаічныя даслоўнікі ці парадкоўнікі сваіх жа вершаў, а пасля, забыўшыся, што яны ім жа ўжо аднойчы былі напісаны, перакласці самому. Даслоўнік голы і канкрэтны, як сутнасць, як шаравая маланка. I якія б шаргункі-шарахаўкі з наймаднсйшых ці найгучнейшых рыфмаў ні вешалі на шыю драўлянаму каньку-гайдунку (падкрэсліваю, не гарбунку!), ён не паскача.
Можа, пачынаць трэба і старэйшым і маладзейшым паэтам з павагі да перакладчыка, з сораму за сваю іншы раз няўклюднасць, а не з упартага хапання за крысо і нават вышэй — за горла — данось, нясі, «перепирай на язык родных осин». У нас яшчэ часта чыста спажывецкія адносіны да перакладчыка. Помнім пра яго толькі тады, калі ён трэба, пакуль ён, што называецца, на грабяні хвалі. Не будзем жа перакладаць на плечы перакладчыкаў цяжкія мяхі з пустой пародай, абы той быў пры клопаце.
Беларуская паэзія не міфічная, яна існуе не толькі ў парадкоўніках і перакладах. У кожнага нашага класіка тамоў у арыгінале куды болей, чым у перакладзе. Мне ў Сярэдняй Азіі расказваў адзін выдавец: калі выпускалі па-руску Збор твораў аднаго сучаснага класіка, не знайшлі 5 паэм і 150 вершаў у арыгінале. Сын адказаў: «Наверно, отец что-то рассказывал переводчику». Мы калі часам і расказваем свайму перакладчыку, дык каго трэба перакладаць, а каго не трэба, найчасцей кіруючыся ўласным густам.
Мы па дышаль загружаем сваіх маскоўскіх паў-прэдаў і амаль забываемся, што свае, якія жывуць у Мінску, Віцебску, Гомелі, паэты-перакладчыкі ходзяць улегцы. Дый не заўсёды заўважаем іхнюю працу. Навум Кіслік выдаў аднатомнік перакладаў з Янкі Купалы, многія творы ўпершыню пераклаў. Дзе грунтоўныя рэцэнзіі? Дарэчы, рэцэнзіі на перакладзеныя кнігі надзвычай рэдкія, што неаднаразова ўжо адзначалася. А калі тэарэтыкі пачнуць павучаць, дык як тыя бяздзетныя бацькі чужых дзяцей. Навум Кіслік ужо які год просіць перавыдаць Янку Купалу, каб хоць паправіць густыя друкарскія памылкі.
Старэйшыя перакладчыкі — і зямны паклон ім — імёны іх заўсёды ў пашане, перагружаны. А дзе маладзейшая змена? Яна ёсць. Напрыклад, на нарадзе ў Каралішчавічах былі такія здольныя рускамоўныя паэты-перакладчыкі, як А. Крывялевіч, В. Спрынчан, Л. Турбіна, В. Кіегія, Т. Лейка і інш. Яны многа б маглі, а дзе поле іхняга разгарнення? Варта было б і ў «Немане» і ў «Знамени юности» практыкаваць дэбют перакладчыкаў. А то ў «Немане» адны і тыя ж імёны паўтараюцца.
Шкада, што дужа мала перакладае беларускай паэзіі выдатны знаўца мовы, паэт тонкага густу Генадзь Бубнаў.
На мінулай усесаюзнай нарадзе ў семінары, якім кіравалі Андрэй Дзяменцьеў, Натан Злотнікаў, Геворг Эмін, добра ўразілі ўсіх сваімі вершамі і перакладамі Юры Мезэнка, ён жыве ў Кіеве, і наш зямляк, родам з Бялыніч, Вячаслаў Казакевіч. Прайшло колькі гадоў. Юры Мезэнка актыўна працуе ў справе прапаганды ўкраінскай літаратуры, а наш Вячаслаў Казакевіч у самым росквіце таленту без справы ходзіць не пад хамутом.
Добра, што ў апошнія гады ў нашым выдавецтве «Мастацкая літаратура» пачала выходзіць серыя «Кніга перакладчыка». Гэта і нейкая форма павагі да працы нашых спагаднікаў і прапагандыстаў, і прадстаўнічая справаздача перад чытачом майстра перакладу.
Яшчэ хочацца сказаць пра апошнія тэрміны перастварэння, перавырашэння, так можна дагнаць да перастварэння, пераўтварэння, перавароту, да перастарання. Гэта недзе блізка да рэанімацыі (Навум Кіслік, слухаючы, кінуў рэпліку такую). Паэзія жывая, і перакладаць яе трэба, каб яна жыла на другой мове новым жыццём.
Што нам трэба, дык выдаць анталогію беларускай паэзіі на беларускай мове. Апошняя выходзіла даўно, а паэтаў новых нарасло паўсаюза. Трэба і анталогія рускай савецкай паэзіі — каб хоць трошачкі змаглі аддзякаваць мы рускім майстрам, рускаму слову, што даюць нашаму беларускаму слову шырокую дарогу ў людзі, у свет.
Будзем працаваць самааддана і шчыра. Бо пераклад не церпіць адклад, ён патрэбен і сёння, і заўтра!
1984