Жаноцкасць вечная красы...


Юзэф Пучынскі — мастак, што называецца, ад бога. Якое ўжо дзесяцігоддзе не стамляецца ён здзіўляцца жыццю, красе ягонай і не перастае здзіўляць гледачоў, спажыўцоў прыгожага, прыхільнікаў свайго мастакоўскага таленту творамі, у якіх люструецца свет чалавечай душы. Позірк мастака бачыць глыбока, глыбінна, абвострана.

З маленства будучы мастак адчуў першародную красу прыроды, пазнаў нялёгкую, але адухоўленую прыгажосць працы. У родным пасёлку, сталіцы цэлага літаратурнага раёна нашай рэспублікі, ва Уздзе бачыў малы Юзэф, як вечар апускае ў Нёманец распаленае сонца, якраз як бацька-каваль — абцугамі гарачы лямеш у ваду. З малых гадоў краса і праца зліліся ў адно ва ўяўленні мастака. Трэба яшчэ зазначыць, што жыццё гартавала яго так, як сталь гартуюць. У бітве пад Сталінградам быў цяжка паранены. I былі гады вучобы, гады працы настойлівай, самаадданай, упартай.

Ад Нёмана, ад нашай непаўторнай беларускай прыроды ў Юзэфа Пучынскага любоў да беларускага мастацкага слова, да літаратуры, якую ён плённа і таленавіта ілюстраваў з першых сваіх крокаў у мастацтве. Ён вырас у майстра кніжнай графікі.

Ад бацькі-каваля — любоў да працы, уменне, набытае цярплівасцю і акрыленасцю, рабіць паслухмяна-гнуткім жалеза вобраза і сюжэта.

Ад маці, ад сялянак беларускіх, ад кабет вясковых — улюбёнасць у вобраз жанчыны, матулі, нарачонкі, каханай.

Жаночыя вобразы ў творчасці Юзэфа Пучынскага займаюць асобнае, можа, галоўнае месца. Першай працай, якая ў 1951 годзе звярнула ўвагу на мастака, на ягоны талент пранікнення ў характар, у духоўны свет героя, была карціна «Партызаны каля параненай Рымы Шаршнёвай». Хвалюе, прымушае задумацца і згадаць, якой цаной дасталася нам вялікая перамога, палатно «Памяць» (знаходзіцца на сталым месцажыхарстве ў музеі легендарнай крэпасці-героі над Бугам).

Цеплынёй, сыноўскай шчырасцю вее ад карціны «Жыццё пражыць». Гэта пра тых вясковых жанчын, што нібыта тыя яблынькі, якія ніяк не могуць прыжыцца на асфальце, не чуючы роднай глебы свайго агародчыка, свайго поля, не чуючы пад нагой сцяжынкі, што ўцякае ў лес. Іх яшчэ называюць добрымі духамі пад'ездаў.

Самі назвы карцін гавораць за сябе: «Партрэт дзяўчыны», «Сялянская дзяўчына», «Ядзя». Кожны вобраз раз і назаўсёды знойдзены, кожнаму мастак аддаў частку душы сваёй, чуласці сваёй і замілаванай пяшчоты.

А колькі роднай, беларускай шчырасці ў «Вечары»! На падаконніку дзяўчына ловіць апошнія ўсмешкі сонца, каб дачытаць цікавую кніжку. Ловіць святло вечнасці, святло ведаў, святло радасці быць чалавекам.

Жаноцкасць вечная красы,

Яна ў абліччах, у абрысах

Пад попелам вякоў,

Як прысак,

Нязгасная ва ўсе часы!

У цемры высветліць шляхі

Усмешка маці, нарачонкі.

Брывоў зламаныя пярсцёнкі

Акрэсляць звабныя штрыхі.

У забыццё, у небыццё,

У яву акунуць пагляды.

Кахання сон,

Атрута здрады

Напоўняць да краёў жыццё.

I толькі воку мастака

Краса даверыцца адкрыцца,

Каб непаўторна паўтарыцца

Цнатлівым дотыкам мазка.

Адчаю, ласкі галасы

Гучаць удзячна ў кожным сэрцы.

I зоры, як адзінаверцы,

Гараць жаноцкасцю красы!

1982

Загрузка...