Ён вёсны будзіў


Было ў яго адно самае ўлюбёнае слова, якое ён не казаў, а неяк па-асабліваму выгукваў, укладваючы ў выгук гэты ўсё сваё захапленне, усё ўсцешнае замілаванне ці ўдалым радком, альбо нечаканым вобразам таварыша па пяру, ці надзвычайнасцю роднага краявіду, слова, поўнае прасторы і цішыні, кругла-бухматае, як марознае паветра, што няпрошана і жадана ўрываецца ў хату, калі вяртаецца дадому сын: — Цудоўна!

Слова гэтае амаль дакладна перадавала душэўны стан паэта, закаханага ў даверлівую красу свайго краю, паэта, чый слых поўніўся суладнымі гукамі беларускае мовы. Паэт любіў жыццё прагна і ўзнёсла, бо ўзрост ягоны, хоць і не быў на перадавой, не хадзіў на баявое заданне з народнымі помснікамі, ведаў, чым пахне ліха, як пахне порах — вайна не пашкадавала ні сэрцаў, ні летуценняў падлеткаў, ці, магчыма, правільней будзе сказаць, падлёткаў, чые крылы, пачуўшы волю мірнага неба, імкліва набіралі вышыню.

Сціплымі раслі мы хлапчукамі,

Воінаў сыны.

I бацькоў сваіх штодня чакалі —

Вернуцца з вайны.

Паглядалі ў вокны незашклёныя —

Шыбаў не было.

Высыпаўся з ранцаў паштальёнавых

Смутак у сяло.

Гэты смутак, высыпаны з паштальёнавых ранцаў у сэрцы аднагодкаў, шчымеў паэту, рабіў ягоны духоўны зрок чулым да чужой бяды, адчувальным да радасці сябра.

Ён быў паэтам у штодзённым жыцці, ён быў рамантыкам, акрыленым, захопленым, які «ўмываўся з лісцяў ліўнем рос», бо верыў —

Не аслабнуць у песні крылы,

Калі ёсць у яе сябры.

А сябры былі паўсюль, бо душой гарнуўся паэт да людзей і яны ўзаемна адказвалі любоўю і павагай.

Паэтам ён быў па прызванню і па складу душы, бо адкрыта ішоў насустрач аўдыторыі, не баючыся яе няшчаднасці і прадузятасці, і сваім непасрэдным даверам скараў яе бязлітаснасць. Чытаў заўсёды крыху спяшаючыся, за паспешлівасцю гэтай хаваў і хваляванне і разгубленасць. I, па традыцыі 50-х гадоў, абавязкова выдзяляў канцоўку, як бы падкрэсліваючы галоўную думку, а слухачам даваў магчымасць настроіцца на ўспрыняцце наступнага верша. Як сёння чуюцца мне гэтыя мілыя канцоўкі:

Я ціха,

пяшчотна сказаў:

— Суніцы,

суніцы паспелі!..

Альбо:

На маладзік не хочаш наглядзецца.

А вокала мяне — такая ціш!

Ажно чуваць, як сэрца б'ецца.

Няўжо ты спіш?..

Наогул трэба зазначыць, што сама манера адчування, само паэтычнае светаўспрыманне канца 50-х гадоў наклалі значны адбітак на вершы паэта. Адсюль ідзе і пэўпая стрыманасць у выказванні пачуццяў, і вызначанае кола тэм, і арыентыроўка на класічныя памеры. Гэта з аднаго боку засцерагала ад пэўнай расхлябанасці 60-х гадоў. I ўсё ж шчырасць і непасрэднасць разрывалі тыя ўмоўнасці, і паэзія гучала натуральна, і ў стрыманым радку ёй не было цесна.

Я наўмысна не адразу называю імя паэта, бо ўсё яшчэ не верыцца, што ўжо не пачую болей ягонага ледзь прыглушанага, заўсёды ўзрушанага і паважлівага да субяседніка голасу.

Іван Калеснік. Яго часта называлі Іван Іванавіч. I маладзейшыя, і нават аднагодкі падкрэслівалі гэтым павагу да яго чуласці і адгуклівай спагадлівасці, што складалі асноўную рысу яго асобы, яго характару.

Яшчэ слова настаўнік не мела свайго сёння распаўсюджанага новага значэння, а ён рупліва, штодзённа выхоўваў літаратурную моладзь, новую змену нашай беларускай паэзіі. Не ўзростам быў ён старэйшы за тых, каго прывячаў словам падтрымкі, абнадзейваў парадай і спагадай, а рэдакцыйным вопытам, пасадай літаратурнага супрацоўніка і кансультанта «Чырвонай змены», газеты, якая ў часы Івана Калесніка па-сапраўднаму дбала пра літаратурную памаладзь. I калі казаць больш дакладна, дык асновай усёй ягонай настаўпіцкай дзейнасці была бязмежная адданасць паэзіі, улюбёнасць у кожны чысты гук роднага беларускага слова. Відаць, мела нейкае значэнне і тая акалічнасць, што хлопец з сялянскай сям'і, з Фаніпальшчыны, скончыў на пачатку жыццёвай дарогі педагагічнае вучылішча.

Проста цяжка пералічыць усе імёны, каго на першай сцяжыне, першым раздарожжы заўважыў Іван Калеснік, каму дапамог убачыць надрукаванымі свае няўпэўненыя радкі, смелыя хіба што сваёй бездапаможнасцю. Тут будуць Генадзь Бураўкін і Юрась Свірка, Васіль Зуёнак і Уладзімір Паўлаў, Сымон Блатун і Анатоль Сербантовіч, Яўген Крупенька і Васіль Макарэвіч.

Сам Іван Калеснік пачынаў па-маладому звонка і радасна свой спеў — і на роўных правах — са Сцяпанам Гаўрусёвым і Нілам Гілевічам, Уладзіславам Нядзведскім і Петрусём Макалём. З яго імем найцесна і ўдзячна звязана паэзія 50-60-х гадоў.

Пасля «Чырвонкі» Іван Калеснік шмат энергіі і вопыту, душэўнай дабрыні і шчодрай шчырасці аддаў маладзейшым і сталейшым паэтам на пасадзе рэдактара аддзела паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Цяжкі спіс складуць кнігі, пад якімі стаіць подпіс рэдактара I. I. Калесніка. Чвэртку стагоддзя прабыў ён на перадавой у арміі паэзіі.

Слова дружба для яго было святым і азначала ўзаемную павагу, якая мацуецца штодзённай працай. Гэтае слова і кіравала творчыя планы паэта, калі перакладаў ён чыста і плённа сваіх паплечнікаў па паэтычным цэху з нашай шматмоўнай сябрыны, класікаў Расіі, Украіны, Прыбалтыкі.

Шмат творчага запалу аддаў Іван Калеснік чыста газетнай працы. Бясконцыя камандзіроўкі былі для яго жаданымі дарогамі да чытачоў, да сваіх герояў, калі казаць па-газетнаму. Заўсёды вяртаўся ў рэдакцыю з патрэбнымі матэрыяламі, з выкананым заданнем і абавязкова з новымі вершамі. I такая ўжо была асаблівасць характару паэта, што ўсё незвычайным бачылася яму — і цесная раённая гасцініца, і дрогкая, гразкая дарога.

Вандраваць мне шмат здараецца

То машынай, то пяшком,

Ды чамусьці ўспамінаецца

Часта полацкі райком.

Пасля аднойчы па-змоўніцку прызнаўся, што для большай лірычнай прывабнасці хлопца ён перайначыў на «русакосага сакратара».

Гулкія брукаванкі і мяккія сцяжынкі нашэптвалі расчуленаму паэту радкі:

Дзе знойдзеш гэтакі спачын?

Вятры даўно не гойсаюць.

Брыдуць з някошаных лагчын

Дзяды —

Туманы босыя.

Вясна сама занатоўвала ў паэтаў блакнот радкі:

У наступ рушыла трава —

Якая лёгкая паходка.

Да апошніх дзён Іван Калеснік заставаўся ўзнёслым, бескарыслівым, незайздрослівым, добразычлівым у жыцці і ў паэзіі.

Як сёння помню Янку, калі прыехаў ён аднойчы са сваіх родных мясцін і ў маленькім, яшчэ, відаць, студэнцкім чамаданчыку прывёз ад маці дуддзё малінніку чай заварваць. Трэба было бачыць яго радасць і расчуленасць гэтай данінай лета маленства. Трэба было чуць, як клапатліва ён ставіўся да матулі. Кожную вольную хвіліну ехаў у родны кут, нібы адчуваючы, што карацее ягоны шлях да вытокаў. I тады прызнаваўся як сын:

Я не люблю бальніц.

Аптэкі,

Каму здароўя вы далі?

А ўсё хаджу,

Шукаю лекі,

Каб трохі маці памаглі.

Часта, думкамі вяртаючыся дамоў, пытаўся паэт:

Ну, як ты засынаеш маці?

Адной не страшна?

Каб не сны...

I падчас вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве прызнаваўся:

Сумую па сіняй хустцы

Роднай маці

У родным полі.

Паэтаву маці, пра якую ведаў з вершаў, пра якую заўсёды чуў, упершыню давялося ўбачыць мне, калі яна папраўляла, відаць, вытканы ёй, маладой абрусік на свежым грудку магілы сына. Засцілала абрусік, стаўляла горкія чаркі.

Як у лузе касец, упаў сын на свой пачаты пракос. Адышоў ад нас паэт засмяглым чэрвеньскім днём, на пачатку лета, у самым пачатку свайго творчага поўдня, тры гады не дажыўшы да свайго першага круглага юбілею, да пяцідзесяцігоддзя.

Жорсткая патрабавальнасць да ўласнага радка і жыццёвыя варункі не далі магчымасці на ўсю прыродную сілу разгарнуцца цікаваму таленту паэта. Але створанае ім будзе ўзрушаць яшчэ не адно пакаленне чытачоў сваёй непасрэднасцю і неазмрочанай верай у чыстае і святое мастацтва, імя якому Паэзія.

Нібы пра сябе пісаў Іван Калеснік:

Толькі той,

Хто першым вёсны будзіць,

Доўга будзе помніцца ў жыцці.

1981

Загрузка...