У выглядзе ягоным спалучаліся святы з беларускіх драўляных абразоў і мудры дзядок-селянін, крамяны і задуменна-ўзнёслы.
У прэзідыумах творчых саюзаў, у прэзідыумах урачыстых дат ён нязменна сядзеў у першым радзе, у цэнтры, і сваёй прысутнасцю кампазіцыйна злучаў усіх седакоў на стомленых конях крэслаў і адухаўляў часта сумнаватыя паседжанні.
Ён быў своеасаблівым сімвалам нашай роднай культуры, увасабленнем інтэлекту і дэмакратызму нацыі.
Дні літаратуры і культуры ў братняй Літве. Урачыстае адкрыццё. На імправізаванай трыбуне на Вільнюскім чыгуначным вакзале нібы плыве над натоўпам знаёмае аблічча. Пад воплескі ганаровы госць атрымлівае ключ горада. Гэта — ЁН.
Цяпер цяжка і згадаць, калі ўпершыню пачуў я тры словы, што грукаталі, як жорны ў вясновым халадку, як далёкія летнія грымоты, то ў парыве гневу, то раптоўна палагаднелыя: Рыгор Раманавіч Шырма. Яны чаравалі, яны запаўнялі душу нечым незвычайным, невыказным. За словамі гэтымі стаяла Яе Непераўзыдзенасць музыка. Мы, прагныя да ведаў і да роднай культуры студэнты, у большасці сваёй паэты-пачаткоўцы, баяліся прапусціць хоць адзін канцэрт Шырмавай капэлы (і пры жыцці кіраўніка яна звалася ягоным імем).
Многія з нас у школах спявалі ў хорах, бывалі на заезджых канцэртах у сваіх вёсках і райцэнтрах. Але нішто не магло і параўнацца нават з самім выглядам капэлы! А пасля курса па антычнай літаратуры па-асабліваму ўспрымалася і строгасць, і дакладнасць, і высокая, нячутая намі дасюль, культура выканання.
Заўсёды нецярпліва чакалі пачатку канцэрта. На сцэну выходзіць, дакладней, на ёй узнікае Рыгор Раманавіч Шырма. Няўлоўны па сваёй імгненнай дакладнасці рух — і залу, і сэрцы запаўняе музыка.
I ў кожным канцэрце, і ў кожнай новай праграме і класіка, і народныя песні. Але такія народныя, што глыбінёй сваёй, непаўторнай праславянскасцю не ўступалі класічным узорам. Народная песня ў выкананні Шырмавай капэлы спаборнічала з класікай, адцяняла яе, падкрэсліваючы па-сялянску далікатна першародную свежасць сваю і душэўную глыбіню.
«Зорка Венера ўзышла над зямлёю...»— паўтараў я моўчкі ўслед за Шырмавай капэлай словы ўлюбёнага яшчэ са школы майго Максіма Багдановіча. Так любоў узбагачалася любоўю, любоўю пашанлівай, адданай.
На апошніх курсах на канцэрты капэлы, на Шырму, як між сабой казалі мы, хадзіў я з асаблівым хваляваннем, а прычынай хваляванню гэтаму стала першакурсніца, маці якой у свой час спявала ў Шырмы, калі капэла яшчэ была Беларускім дзяржаўным ансамблем песні і танца. I няхай мне дазволена будзе вольнасць назваць Рыгора Раманавіча як кіраўніка капэлы ў пэўнай ступені сватам. Першакурсніца, а потым і выпускніца асабіста ведала многіх спевакоў, самога Рыгора Раманавіча і нават дома ў яго бывала. I, натуральна, цяжка мне было хаваць зайздрасць сваю.
I можна зразумець, якая была мая радасць, калі пасля аднаго канцэрта мне абвясцілі, што хоча мяне асабіста бачынь сам Шырма!
Рыгор Раманавіч прызначыў мне час, і назаўтра быў я ў доме, што тады таксама шырмаўскім зваўся, бо ў ім пераважна жылі артысты капэлы.
Рукапісы. Кнігі. I ўся прасторная кватэра, як здалося мне, напоўнена музыкай. Гаспадар і ў хатніх умовах заставаўся тым богам, тым незвычайным чалавекам, які чуў гукі, што іншым не чутны былі. I непасрэдная набліжанасць да яго прыбаўляла хвалявання і непасрэднасці ўрачыстасці. За плячыма ў Рыгора Раманавіча стаяла такое багатае на творчасць жыццё, што нібы не ўмяшчалася яно ў межы часу. I расказваў ён, па-шырмаўску неназойліва, прачула і ўражліва пра музыку, якою жыў і для якой не шкадаваў душэўнай энергіі, пра народную песню, пра багатае на выяўленне самых тонкіх адценняў пачуцця беларускае слова. Прыгадваў, цытаваў сваіх калег, сяброў. I здавалася, што ў гаворцы ўдзел прымаюць Свешнікаў і Тэраўскі, Вяроўка і Эрнэсакс — так хораша казаў пра іх старэйшына беларускай музыкі. Усё мне было цікава, а дужа многа ўпершыню чулася. Неўпрыкметку ўсмешку ў вусы тоячы, вучыў мяне Рыгор Раманавіч — скарбам сваім дзяліўся. А канкрэтна пакліканы быў я, каб для капэлы перакласці Райнісавы «Зламаныя сосны». Дарнізеўская музыка патрабавала новага варыянту перакладу, вымагала часам двух націскаў у адным слове, каб спяваўся кожны склад. Цэлы тыдзень перакладаў я «Зламаныя сосны». I, калі б не дапамога майго сябра, вядомага хормайстра, аўтара падручнікаў па спевах Міколы Хаўхлянцава, не дамогся б я адэкватнасці гучання тэксту. Мікола іграў мне на фартэпіяна радок за радком, а я выкручваўся як толькі мог. Затое пасля ганарыўся, што шырмаўская капэла спявала вялікага Яна Райніса па-беларуску!
Рабіў я Рыгору Раманавічу і тэкст шапэнаўскай «Тугі». У тым жа кабінеце зноў, затаіўшы дыханне, баючыся лішнім словам парушыць ход думак гаспадара, слухаў я Рыгора Раманавіча. Ён падкрэсліваў, што мы павінны засвойваць класіку, што па-беларуску мусяць гучаць сусветныя шэдэўры.
Сёння мне хочацца прывесці тэкст «Тугі», бо сугучны ён настрою майму, калі думаю, што не давядзецца болей ні чуць, ні бачыць чалавека, які дбаў пра песню Народную.
Сівер ідзе, стыне Млечны Шлях.
Лета панеслі ў вырай журавы.
Гнёзды самотна чарнеюць.
Лістабой адзвінеў — сумна ў гаях,
Глуха ў палях.
Стомлены ўздыхае пошум баравы.
А нядаўна неба жаўранкі будзілі,
Цвілі касачы ў вясны на плячы,
Росы п'ючы.
Зноў будзе май, зноў зорам спець,
Зноў будзе гай ад лісця малады.
Мой жаўранак не зазвініць.
Сонцу вясны радасцю звінець.
Лістабой развеяў светлыя гады.
Вочы касачамі ціха адсінелі.
Мару дарма, лёс мой—зіма!
Перакладаў я для капэлы па просьбе Рыгора Раманавіча і венгерскую народную песню, дзе
Брынзай нашчыцца цыган —
У сваім шатры ён пан:
Гоніць жонку варажыць,
Сына — сена варушыць.
I цяпер, калі на будынку, што на плошчы У. I. Леніна, бачу мемарыяльную дошку, не верыцца, што нельга ўжо ніколі зайсці ў кватэру, дзе былі кнігі, дзе нават на паркеціны боязна стаць было, яны клавішамі ўяўляліся, што не адчыніць дзверы гаспадар, які валадарыў над песняй. А я чую дасюль шаноўнага маэстра на юбілейным вечары Максіма Танка, на ўрачыстасцях з нагоды ўручэння «Песнярам» прэміі ЛКСМБ. Голас яго ў душы кожнага, хто любіць свой народ, сваю культуру, песню сваю.
Па-палеску качае сівы чараўнік «о», нібы спявае адкрыты і самы ўлюбёны салістамі гук. Дагэтуль качае.
Мне пашанцавала чуць, бачыць, размаўляць з Рыгорам Раманавічам. Пашанцавала і павіншаваць яго з 85-гадовым юбілеем:
Спазналі роднай песпі шыр мы,
Нястомнасць сіл
I дужасць крыл,
Калі шчасліва
Зорка Шырмы
Наш асвятляла небасхіл.
1982