ПРЫГАЖОСЦЬ


Табе пярэчу, прыгажосць.

Наканавана мне пярэчыць

I з галавы да ног — наскрозь

Працятым быць нязгодай вечнай.

Цябе прыняць такой, як ёсць,

Адной табе ў жыцці маліцца

Не маю сілы, прыгажосць,

Не здатны я табе скарыцца.

Я — тут, а ты, вядома, скрозь,

Я шмат не разумею рэчаў,

Але я ўцяміў, прыгажосць,

Адно — штодзень табе пярэчыць.

Не адмаўляць цябе, крый бог,

Не абмінаць цябе ніколі,

Не абражаць, як хтосьці б мог,—

Пярэчыць толькі, і не болей.

О так — ты выратуеш свет,

Ты мову нашую ўратуеш,

І не адзін яшчэ паэт

У рыцарах тваіх звякуе.

Усюды існую тваю

Уславіць велічнасць ад сэрца,

А мне праз глухату сваю

Ізноў пярэчыць давядзецца.

Прабач, я дрэнны служка твой,

А лепшым стаць не выпадала —

З маёй пачварнаю душой,

З маёй душой недасканалай.


Загрузка...