Мы разам, і расстанне, што было,
У свой кароткі вырай паляцела.
Сышліся крылы у адно крыло
На даляглядзе — аблачыне белай.
Не вер, што адышло на доўгі час!
З любой нагоды дробнай ці прычыны
Імгненна вернецца, нястрымнае, да нас
У ценю, што ад белай аблачыны.
Але пакуль дарожная жарства
Не засціць у святочнасці спаткання
Яшчэ адну праяву хараства —
Кахаць, не прадчуваючы расстання.