* * *


Да кветак не хінуўся я ў маленстве.

Было ў гародзе кветак — цераз плот!

З любой грады, бы ў нейкім набажэнстве,

Расой хрысцілі мой няўцямны лоб.

Яны не крыўдавалі, існавалі

Як лепшая з усіх зямных аздоб,

Узрошчаная над гарынскай хваляй.

Я не хацеў пакрыўдзіць іх знарок...

Красой ахвярнай кветкі ратавалі

Мой талент кволы, мой адчайны крок.


Загрузка...