Захочацца сказаць пра хараство.
А слоў няма, а калі ёсць — не тыя.
А то зусім яны абы-якія.
Не словы — смецце. Не святло, а тло.
Тады маўчу. У горле — цішыня,
А ў сэрцы — толькі водгалас гучання.
I ўсё тужэй пятля майго маўчання.
I ўсё даўжэй мой цень на схіле дня,
I ўсё цяжэй маўчаць і разумець,
Што хараству — у кожны міг ягоны —
Ні гімны не патрэбны, ні праклёны
I ні жыццё тваё і нават смерць.