* * *


Усё — падман, усё — падман,

I толькі не падман — каханне!

Я напісаць хачу раман

Пра абяцанне-спадзяванне.

I той раман, і той раман

Пачну, як гэтае прызнанне,

Што ўсё — падман, усё — падман,

I толькі не падман — каханне.

Я напішу, я напішу

Не проста добра, а выдатна,

Але ж я вас не ўзварушу

Ні першай сцэнай, ні астатняй.

Няўжо таму, што мой раман

Пачаўся з гэтага прызнання,

Што ўсё — падман, усё — падман

I толькі не падман — каханне?

А вы мне скажаце: «Раман

Пра спадзяванне-абяцанне

Сам па сабе і ёсць падман...

Раманы ж пішуць пра каханне».


Загрузка...