АДАМ НЯДЗЕЛЬКА

Паэма

З чаго мне, чорт пабірай, пачаць?

У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі


I драбяза гняце, і веліч —

З чаго пачаць? Ва ўсім — туман.

Пра тое думаў Караткевіч,

Свой пачынаючы раман.

I мне таксама дбаць пра тое,

З чаго пачаць...

I я хачу

Сваёй паэмкаю малою

Цікавым стацца чытачу.

Чытач, цябе не дагукацца

Па нашым часе, але ўсё ж

Не проста так цікавым стацца,

Як вераб'ю базарны грош,—

Хачу, каб ты ў маім героі

Сябе пабачыў...

I мяне

Шчэ больш упэўніў, што дурное

Як горб нябачны на спіне.

Хваробы гэтае сімптомы

На кожнай вуліцы,

Зірні —

Ва ўладзе выпешчанай стомы

Марнеюць душы дзень пры дні.

Дык вось, акрыўшыся цытатай,

Займеўшы тэму не па блату,

Ступлю два крокі і ў акно

Зірну — надвор'е там якое?

Пачну з надвор'я, бо яно

Заўсёды побач, пад рукою,

I ахвяруе рытм настрою

Майму галоўнаму герою —

У Мінску холадна было,

У размаітасці наклеек

Вітрынаў гастраномных шкло

Блішчала незвычайна неяк.

Хоць незвычайнага ані:

На шкло налеплены плакаты,

Гарэў неон, і ў тым агні

Стаялі слуцкія таматы.

Недэфіцытны неслі сцяг

Алей, і маргарын заўсёдны,

I крупаў застаялы пах,

I селядцовы дух нязводны.

I ўсё ж, герой мой дарагі,

Далёкі ад высноў цынічных,

Прамовіў: «Выбар неблагі

I выгляд у вітрын нязвычны...»

Лайдакаваты абармот

Зусім на яву не зважае,

Адно з кішэні бутэрброд

Дастаў і зноўку прамаўляе:

«Які нязвычны рух таксі

I незвычайны грук трамвайны,

I бутэрброд, што сам ясі,

Не проста смачны — незвычайны.

I манекены ў негліжэ,

I літары СБ па пральні,

І нават літары МЖ,

I сам замок на прыбіральні.

Ах, Мінск! I што ні прамільгне —

Ты ў кожнай рысе неаспрэчны,

Не тое што абрыдлы мне

Заштатны горад Маладзечна».

Сказаўшы гэта, поўны рот

Перакрывіў — аж зніклі словы!

Нібыта ў цемры бутэрброд

Глынуў з мяшэчкам папяровым.

Ажно прыцішыўся вакзал,

I толькі ветрычак пранізлы

Пад палітончык падлязаў,

Пад халасцяцкую бялізну.

I ён падумаў пра цяпло,

А гэта значыць пра кілішак,

У Мінску ж холадна было,

Калі ён з электрычкі выйшаў.

Заўжды, калі бываў жадзён

Раптоўпай кроплі пры нагодзе,—

То стукаўся ў «Мядуху» ён

Альбо ў «Каханую» заходзіў.

З уяўнай стомай на ілбе

I з нейкім напускным сарказмам

Ён адпаведнае сабе

На халасцяцкія заказваў.

«Цяпер не той разгон піццю

I мерка, нібы хвост авечы,—

Сто грам на рукі, і.. адзью,

I болей не нальюць за вечар.

Ды ўсё ж і гэтыя сто грам

Не костка, кінутая Лыску,—

Нектар, дарованы багам,

Бо яны выпітыя ў Мінску.

Ах, Мінск! Ты праз усе вякі

Жаданым будзеш як сталіца...

I гэта ж трэба, сум які,

У Маладзечне нарадзіцца.

Як далей жыць з бядой такой?»

...Адкажа столік у «Мядусе».

I так праз хвілю мой герой

Зноў у «Мядусе» апыпуўся.

Пакуль са стомай на ілбе

I саркастычным тым плюмажам

Ён адпаведнае сабе

На халасцяцкія закажа,—

Я шчодра гушчы чарпяну

З яго біяграфічнай місы,

Складу, пашкрэбаўшы па дну,

Партрэт да канчатковай рысы,

Анкетнай форме волю дам,

Яе дакладнасці надзейнай...

Дык вось, імя ў яго Адам,

Адам па прозвішчы Нядзелька.

Узрост паважны — сорак год,

Але ж і дня не быў жанаты,

Прафесія — рахункавод,

Жыве з зарплаты да зарплаты.

Была вучоба, інстытут,

Было бадзяжнае юнацтва

I без клапотаў і пакут

Жаданне ў Мінску прапісацца,—

Кватэра каб, работа каб...

I каб з тых розных «каб» і «кабак»

Кішэня поўнаю была б,

Як люмпены гавораць, бабак.

Стаялі дні, калі «сто грам»

Маглі да літра разрастацца,—

I цешыўся жыццём Адам,

Як цацкай, бразгацеў юнацтвам.

Праз гэта, інстытут, бывай,

Бывай, жаніцьба з Евай мінскай,

I Маладзечна, родны край,

Паўстаў адвечнаю прапіскай.

I там штодня «няшчасны» ён

Да дробных клопатаў прыкуты,

Няўдачнік, і такіх мільён,

Як школьнік скажа, вальтанутых.

Пад баязлівасці луской

Недатыкальныя персоны

Дрыжаць за свой адзін пакой

I халасцяцкія кальсоны.

А каб не цёк жыццёвы пыл

У плыні нуднай, аднастайнай,

То кожны з іх на свой капыл

Гуляе ў гульні розных тайнаў.

Хто спасцігае тайну Дзэн,

А хто над акультысцкай вазай

Дух выклікае, нейчы цень,

Пад спорны плёхат унітаза.

Таўкуць у ступцы драбязу,

I што ні макаўка — падзейка!

I любяць хмельную слязу,

Як мой герой Адам Нядзелька.

Глядзяць, як на шэдэўр Лежэ,

На манекеннае зіхценне,

I кожны гузік, і манжэт

Для іх чарговае здзіўленне.

I што ні ёсць — прагрэс, рэгрэс,

Таксі, трамваі, магазіны

I цень Чарнобыльскай АЭС —

Усё ім пералік адзіны.

Вазон у шчыліне гардзін

I той, як дзіўная раптоўнасць,—

Дык вось, герой мой не адзін,

I ў тым уся яго каштоўнасць.

...«Бяду» прыцішвае Адам,

На стол успёршыся з рукамі,

Ён заказаў сабе сто грам

I п'е маленькімі глыткамі.

Адам нырае ў мутны сон,

У цеплыні вандруе млечнай,

Ды ўрэшце схамянецца ён,

Назад паедзе ў Маладзечна.

Але ў наступны выхадны

Прыедзе зноў і без утомы

Ён будзе славіць, хоць бы хны.

Кавярні ўсе і гастраномы.

I зноў дастане бутэрброд,

I стукнецца ў шынок той самы...

«Бяда, бяда — мне сорак год.

А ў Мінску я не прапісаны».

Парой любой і днём любым

Ён поўны дробнаю турботай,

Каб толькі ў Мінску, у адным.

Нядзелі бавіць і суботы,—

I з халасцяцкае тугі

Пазіркваць на мінчанак ласа.

Адам, герой мой дарагі,

На глупствы не шкадуе часу.

У чым ягоная бяда,

Зусім не цяжка здагадацца.

I мне шкада яе, шкада

Душы — пад стрэшкаю лайдацтва.

У свае поўных сорак год

Душа і думаць не гатова,

Што ёсць зямля, што ёсць народ.

Што беларуская ёсць мова,—

Якою пішуцца радкі

Паэмкі гэтае малое...

I што тут сталася віною

Таго, што стыль яе такі —

На злыя кепікі багаты?

Адкажа: «Аўтар вінаваты,

І твор пачаў ён, смех які,

Як шчыры графаман — з цытаты...

Мяне ўшчувае і грызе,

А ў вёску ж не схацеў падацца

I абабіў парогі ўсе,

Каб толькі ў Мінску прапісацца.

Праз цешчу, толькі праз яе,

Выгоды ўсе да аднае

Займеў — пасаду, лыжку, міску

I ў Караткевіча прапіску.

Таму без клопатаў-турбот,

Вядома, думаць ён гатовы,

Што ёсць зямля, што ёсць народ,

Што беларуская ёсць мова...»

Чытач, пакуль Нядзелька мой

Дае мне водпаведзь такую,

Я развітаюся з табой,

Цябе ад лішняга ўратую.

Даруй, чытач, за страту часу

I за ідэю выбачай:

Адам — твой брат, ды за абразу

Ты гэта, браце, не прымай.

I маладзечанцаў сардэчна

Прашу прабачыць, што Адам

З майго дазволу Маладзечну

Ярлык заштатнасці надаў.

Ваш горад, зрэшты, выпадкова

З'явіўся у радкі мае —

Не дзеля нейкае высновы,

А дзеля рыфмы аднае.


Загрузка...