Пляшку выпілі, а потым
Кінулі пад плот.
I яна ляжыць пад плотам
Тыдзень, месяц, год.
Той памёр, хто пляшку кінуў,
Той памёр, хто піў.
Паваліўся плот на гліну
I дарэшты згніў.
Пастарэлі сонца й месяц —
Свецяць як калі.
Запусцелым гэтым месцам
Цені паплылі.
Іх не разглядзела гліна,
I не ўбачыў плот
Ценяў гонкі і глыбінны
Чалавечы ход.
Але вока пляшкі прагна
Зіркнула імгле,
Слёзы выступілі раптам
На зялёным шкле.
Слёзы вымякчылі гліну —
Той плыве, хто пляшку кінуў.
Слёзы на зялёным шкле —
Той, хто піў, плыве.