Не цягніце да Пушкіна прагныя рукі —
Не асвенціць іх сёмым крылом серафім.
Не лічыце паэта адно толькі рускім
I з прычыны такой назаўсёды сваім.
Не рабіце праз меру з яго дзекабрыста.
Не ўзбуйняйце паэтавы гнеў да цара...
I туману паменей на воблік празрысты,
I ялею паменей па твар песняра.
Гіменей прадракаў яму добрую долю —
Ён ні мужам, ні бацькам шчаслівым не стаў.
Апалон заклікаў да ахвяры святое —
Ён на заклікі тыя ўсур'ёз не зважаў.
З весялосцю сляпою ішоў да ахвяры
I трагічнасць нябачную нёс у душы.
Як дзіця, пра замежжа далёкае марыў,
Як дзіця, па глушэчы расійскай тужыў.
Думкі-мроі, што чыстай паперы прасілі,
Пад такім неспакойным і лёгкім пяром
Мелі клопат адзін — аб магутнай Расіі,
Самаўладнай Расіі з разумным царом.
Хоць і кляў самаўладцу ён і самаўладдзе,
Клікаў вольнасць, але жыў у часе сваім
I рабіў усё тое, што час яму радзіў,
Не пярэчачы наканаванню ні ў чым.
Пушкін быў манархістам і быў дэмакратам —
Гэткі Пушкін нязвыклы для догмаў-праграм,
Што курылі заўжды фіміямны парадак
Бенкендорфам сучасным і іхнім царам.
Не Дантэс, вінаваты паэт асабіста...
Не ў даптэсавым стрэле, трагедыя ў тым,
Што паэт не забіў у сабе манархіста,
I вядома чаму — жыў у часе сваім.
I таму не ахоўвайце замілаваннем,
Не апраўдвайце ў нуднай сваёй чарадзе
Супярэчнасці генія, бо апраўданне
Не заўсёды да ісціны чыстай вядзе.
Адыдзіце, не рушце і позіркам музу,
Што спазнала, напэўна, пайбольшы прымус...
Вам — Расія і Пушкін, а мне, беларусу,
I Расія, і Пушкін, і ўся Беларусь.