КУРАСОЎШЧЫНА

Паэма


На Курасоўшчыне ставала соў,

Па Курасоўшчыне хадзілі куры,

Лясы шумелі, і з усіх лясоў

Не жменькі совак, а навалы соў

Курэй сачылі позіркам панурым.

I з кожным годам менела курэй...

Гаспадары па совах як прыпала

Стралялі з вышак, з вокан і з дзвярэй,

Ды толькі больш палохалі курэй —

Савіная ж не менела навала.

Ці стрэльбы ў іх няўдалыя былі,

Ці поначы страляць не мелі спрыту —

Хто ведае, апроч самой зямлі

I неба, што ва ўсе часы былі

Хаўруснікамі пэўнымі нябыту.

Здавалася, што з нейкага там дня,

Калі дарэшты папусціцца, совы

Апошняе пацягнуць кураня...

На седалы пустыя з таго дня

Пасядзе страх... дай божа, каб часовы.

I так... на вёсачку сыходзіў страх,

I пасля кожнае начы савінай

На кожны комін і на кожны дах

Ён ціснуў больш, той ненажэрны страх,—

Аж храбусцелі кроквы і цагліны.

Ды ў роспачы, няхай сабе якой.

Ратунак ёсць, нібы тапельцу трэска,

I толькі варта зварухнуць рукой —

У роспач Вашу, злучаны з якой,

Ратунак прыйдзе радаснаю весткай.

Дык вось, адзін вясковы жартаўнік,

Раблезіянец з гузікаў да шлунак,

I халасцяцкай ніўкі працаўнік.

I так далей... дык гэты жартаўнік

Сказаў суседзям: «Ведаю ратунак.

Між соваў ёсць галоўная сава,

Драпежніца і, як і ўсе, дурніца.

Але не то, што вока, а брыва

Мне не здзяўбе галоўная сава,

Бо з той савой надумаў я жаніцца».

Суседы ў рогат, кінуліся ў смех,

«Жаніх» таксама ў смех, аж вочы граюць,

I, нібы шлюбны вэлюм, просіць мех

I рады думцы, што дарэчы смех,

Бо там смяюцца, дзе надзею маюць.

Прынеслі мех. Пад паху — і з кійком

Пайшоў і знік за метраў сто ці дзвесце...

Хлеб чорны запівае малаком

I недзе там арэхавым кійком

Ён крылы абаб'е сваёй нявесце.

Ці змовіны з савою ў іх былі,

Ахрышчаныя пачуццём нібыта?

Хто ведае. апроч самой зямлі

I неба, што ва ўсе часы былі

Хаўруснікамі пэўпымі нябыту.

Калі саву той жартаўнік прынёс —

Яшчэ анёлы ў комін заляталі,

Яшчэ світанак зоры не абтрос,

А вёска бегла. крычучы: «Прынёс!»

I ў ладкі гучна пляскала платамі.

«Вылазь!»... I з меха вылезла сава,

Звычайная. з бульбатымі вачыма

I з рожкамі сівая галава.

I па-дзіцячы сонная сава

Ад вільгаці пацепвала плячыма.

Яе сляпіла зыркае святло

I галасы палохалі людскія,

I як даўмецца, беднай, ёй было,

Што галасы і гэтае святло

Ёй зычаць змены ў лёсе неблагія.

«Ты мудрая, мудрэйшая за ўсіх,

Ў табе я жонку бачу, не гультайку»,—

Так распавёў абранніцы жаніх.

I нахіліўся раптам, і пры ўсіх

Саву пагладзіў, як жывую ляльку.

Сава змікіціла, што да чаго.

I хоць не бачыла яна прамоўцу,

Бліжэй падсунулася да яго

I крылцы ў бокі — вось, маўляў, чаго

Яна натрэбна гэтаму вяскоўцу.

А той працягваў: «Жыць сярод людзей

Ты здолееш, бо мудрая адвеку.

Стань жопкай мне і лепшаю з падзей.

Папросім блаславенне у людзей.

Патрэбнае саве і чалавеку».

I быў яшчэ апошні аргумент,

Які пераканаў саву адразу —

Пра хараство звычайны камплімент...

Калі забудзеш гэты аргумент,

Жанчына тое прыме за абразу.

Ды жартаўнік забыць яго не мог

I, больш таго, сава ж была жанчынай!

Круцілася каля ягоных ног,

Нібы спрыяла, каб герой наш мог

З тых дотыкаў адчуць сябе мужчынам.

I ён адчуў... «Прыгожая!» — саве

Ледзь выдыхнуў у дробненькае вушка,

I ўжо тады не мех пусты ў траве —

Убачыліся ўзбуджанай саве

Крухмальныя прасціны і падушка.

I шлюб адбыўся і збярог курэй...

Сава ж была галоўнаю савою,

Таму спыніла свой драпежны рэй,

I рэшта недаедзеных курэй

Ёй склала пацеры на гурбе гною.

А людзі зразумелі, што заўжды

З любою ўяўнай і няўяўнай сілай

Дамовіцца, каб не было бяды,

Магчыма назаўсёды, назаўжды

Не стрэльбай, а прыгодай нейкай мілай.

Таму няхай жывуць жартаўнікі

I ў Курасоўшчыне, і ў дальнім краі,

Бо ў дні любыя і ва ўсе вякі

Не на багоў, на Вас, жартаўнікі.

На Вас адных — жыццё надзею мае...

Сава ж з вяскоўцам век свой прабылі.

А ў блізкай блізкасці ці мелі сітрыту?

Хто ведае, апроч самой зямлі

I неба, што ва ўсе часы былі

Хаўруснікамі пэўнымі нябыту.


Загрузка...