Вуліцы з дзвюма найменнямі для Давыд-Гарадка не дзіва. Афіцыйныя назвы, як і палежыць, існуюць на шыльдачках, у гарадской дакументацыі і, вядома, на паштовых перасылках — неафіцыйныя ж, гістарычныя, іншы раз з таемна-паэтычным гучаннем, жывуць у памяці.
Ідзеш па вуліцы Камунальнай, а сэрца падказвае, што ідзеш ты на «Осэліцы», павернеш на Свярдлова і адразу ўспамінаеш, што гэта «Радзічы». I ніколі не забудзеш, што вуліца Калініна — гэта яшчэ і «Мэльнікі», Максіма Горкага — «Лужок», Карла Маркса — «Каралін», Савецкая — «Альшанская», Мічурына — «Вугонь», Кірава — «Закосцёлье»... А твая родная — Антона Макаранкі — «Кодак». Слова загадкавае, этымалогію сваю губляе недзе ў даўніне татарскіх паходаў.
Адразу пасля вайны такой вуліцы не было. Яна вырасла ў канцы 50-х і займела імя славутага педагога, але ж у абіходку і па сённяшні дзень называецца «Кодаком» — у памяць кодацкіх гародаў, праз якія пралегла.
Якраз з «Кодаком», з яго віднымі, што кляштар, як кажуць гарадчукі, дамамі і звязана маё самае першае ўяўленые аб мінулым. I тут гаворку мне трэба павесці ад лета 1969-га...
У адну сонечную раніцу «Кодак» прыкметна заварушыўся. Людзі пакінулі свае дамы і выйшлі з двароў як на нейкае свята. Я ўжо не памятаю — адкуль ён з'явіўся, той шчаслівы нумар «Маладосці» з нарысам У. Караткевіча, у якім «пісалос про Городок», і са шчодрымі фотаздымкамі В. Шдановіча і З. Пазняка. Той часопіс усім хацелася патрымаць у руках, упэўніцца, што і на фотаздымках таксама Давыд-Гарадок — з такімі знаёмымі дамамі, Георгіеўскай царквой, могілкамі. Усе дзіваваліся, радаваліся і нават крыўдавалі — асабліва тыя, што не маглі праціснуцца ў сярэдзіну і на свае вочы ўсё пабачыць.
Яны, мусіць, першыя і закрычалі: «Трэба ўголос прочытаць, коб усе почулі!» Часопіс апынуўся ў маіх руках, і мне строга загадалі: «Чытай і нічого ні пропускай!»
Я прачытаў да апошняга радка тую месціну ў часопісе, дзе было пра Давыд-Гарадок, пават не абмінуў надпісы пад фотаздымкамі. Ніхто не зварухнуўся, слухаючы...
Часопіс у мяне выхапілі, і зноў пасыпалася гаворка, як звычайна па вуліцы — шматгалосая, бязладная. Ніхто нікога не слухаў, гаварылі ўсе.
Стаяў будні дзень, калі клопату багата ў хаце і ў гародзе, але вуліца не пусцела. Нехта выгукнуў: «Чуйцэ, людзі, тут напісано — хаты под знаком сонца, а ў нас і напраўду на шчытах сонцэ!»
«Кодак» узбуджана ўскалыхнуўся, нібы ўпершыню ўсім давялося зірнуць на франтоны сваіх дамоў. Зрэдку на якім шчыце значыўся сціплы крыжык, а на большасці дамоў ярка віднелася кветка сонца, якое узыходзіць або ўзышло.
Ускінулася новая гамана. Пачалі гадаць, калі гэтыя знакі з'явіліся ў Гарадку? З вайны? Пасля смерці Сталіна? I тут нехта са старэйшых цвёрда прамовіў — яны былі ўжо і за польскім часам.
Так я ўпершыню пачуў гэтае таемнае «за польскім часам», якое і легла пасля пачатковым штрышком у маё спасціжэнне мінулага.
Я рыхтаваў сябе ў паэты, густа, з паціскам пісаў вершы і чытаў іх свайму «кодацкому» сябру, часцей сур'ёзнаму, чым вясёламу, Валодзю Вінаградаву. Ён уважліва слухаў мяне, хваліў, пасля даставаў свой сшытак і пачынаў уголас чытаць таксама вершы.
Два юныя кучаравыя (мы падоўгу не стрыгліся) паэты ў «Кодаку» — гэта былі мы.
Ад тых вершаў нічога не засталося. І хіба магло што застацца калі радкі нашыя былі лягчэйшыя за тапалёвы пух? Але ўсё ж, як правіла на дні будучыя. засталося ці не класічнае разуменне — паэт, асабліва з кучаравай галавой, на ў с ё павінен глядзець нязвыкла. А калі так, то і знак сонца гэта не проста знак, прымацаваны на шчытах давыд-гарадоцкіх дамоў — гэта помнік анёлу згоды, які ніколі не складзе свае крылы.
Так мне ўявілася тады, а цяпер я ўпэўнены, што спрадвек анёл згоды ахоўваў вільчыкі дахаў і святло ў вокнах, і той, хто меў талент убачыць яго ў небе, набываў шлях для пэўнай хады.
Жыхары Давыд-Гарадка ўзнеслі драўляную выяву анёла на свае дамы. Яны не толькі бачылі яго ў небе, але й чулі ў пошуме крылаў патрэбную сабе музыку жыццёвага ладу.
I чым больш мною авалодвала жаданне пісаць, тым болей назапашвалася прага ўвайсці ў мінулае, як у сад, хоць бы ў тое, недалёкае мінулае, якое хавалася ў магічным выразе — «за польскім часам». I я зрабіў, магчыма, дзіўнае, але вельмі істотнае адкрыццё — будучыня, калі яна існуе, то існуе толькі ў мінулым. Інакш і быць не можа. Нездарма ж мае мудрыя суседзі і добрыя бацькі заўсёды больш успаміналі тое, што было, і менш за ўсё гаварылі аб тым, што будзе.
Уснамінаць мінулае было для іх натуралыіай патрэбай, і самыя складаныя пачуцці іхнія жывіліся паэзіяй былога. Землякі вучылі мяне, што і мінулым чалавек выпрабоўваецца на высакароднасць і не заўсёды вытрымлівае тое выпрабаванне. I я спазнаў гэта па сабе ў поўнай меры.
Неяк у бляшанай скрынцы, у якой мая баба Прося хавае розныя патрэбныя і непатрэбныя паперы, я знайшоў польскую дамавую кнігу. Ведаючы пра маю цікавасць да ўсяго колішняга, баба Прося аддала мне гэты дакумент. Ужо ў Мінску, раз-пораз зазіраючы ў польскі слоўнік, пачаў я расшыфроўваць зжаўцелыя старонкі książki meldunkowej.
Яна была выпісана ў 1922 годзе на імя майго прадзеда Нічыпорка Максіма Мікалаеві-ча, уладалmyіка дома № 48 на вуліцы Касцюшкі. Вывучаючы książku я раптам адкрыў для сябе, што ён, Максім Мікалаевіч, славуты на ўсю акругу бондар, зусім не ведаў граматы. У графе Podpis właściciela domu дадзена ад рукі тлумачэнне: za niepiśmiennego Nicziporko podpisał się і пастаўлены чужы подпіс. Па ўсім відаць. што распісаўся ўжэнднік, які выпісваў кнігу, бо і ўсе наступныя старонкі акуратна запоўнены тым жа почыркам.
Што ж, цікава, павінен адчуць літаратар з літінстытуцкай адукацыяй, даведаўшыся, што ягоны прадзед быў непісьменны?
Пачуццё няёмкасці або, кажучы школьнай мовай, пачуццё крыўды на сацыяльную несправядлівасць? А можа, з усяго глтага вырастае і нейкая «абразлівая» сімволіка — за непісьменнага ж беларуса распісаўся пісьменны паляк?..
Відаць, ні першае, ні другое, ні трэцяе. Я сябе проста адчуў вінаватым, бо ў душы, як кавалак лёду, варухнулася зайздрасць да прадзеда. Звычайная, брыдзенькая зайздрасць, наркатычнае ўздзеянне якой не заўсёды лёгка пераадолець.
Так, ён быў непісьменны, але ён быў майстрам, і на ягоныя бочкі і цэбры малілася кожная гаспадыня. А я вось пісьменны, у дзень спісваю па некалькі старонак, але ці майстар я?
Дзяцінства маё прайшло сярод майстроў, і сам феномен мінулага часу, я ўпэўнены, не спасцігальны без іхніх канкрэтных вобразаў, а таксама без пошуку ў сваёй душы таго, што называецца ўласным майстэрствам.
Я не вытрымаў выпрабаванне мінулым, вывучаючы старонкі колішняй дамавой кнігі. З ценем нядобрага параўнання я пазайздросціў роднаму па крыві чалавеку. Спадзяюся на ўласную вытрымку, згадваючы іншага майстра, чужога мне Міхала Небу, які таксама жыў тады — «за польскім часам» і быў адзіным у нашым мястэчку фатографам.
Не, ён быў не проста «фатаграфаваль-шчык» — прашу ўвагі... зараз выляціць «птушачка»... гатова.— ён быў паэтам у сваім рамястве і філосафам. Без удумлівай фантазіі пра такога чалавека не раскажаш. А фантазія, вядома, узвышае над будзённасцю і нават самы нязвыклы матэрыял робіць зразумела блізкім.
Дык няхай нязвыклае робіцца блізкім, хай дапаможа мне анёл згоды — самае пэўнае ўнасабленне ўдумлівай фантазіі.
У пошуме анёлавых крылаў чыстым золатам пабліскваюць сасновыя стружкі. I дасюль жывуць у тым пошуме смалістыя галасы сталяроў, чуецца наструнены шоргат лёгкіх гэблікаў. На варштатах нараджаліся знакі сонца — першыя помнікі анёлу згоды. I ці захаваўся б у памяці дзень ці хоць бы год, калі гэта пачалося, каб пе діастацтва Міхала Небы? Відаць, што не. А вось на адным з фота дата захавалася. Пасля пячаткі Foto M. Niebo. Dawidgródek ul. Słowackiego маецца пазначаны алоўкам год — 1938-мы. А на самой фатаграфіі акурат паэтычны эцюд — на высокіх драбінах стаіць давыдгарадчук і мацуе да шчыта прамяністага анёла.
Мусіць, шкодзіць мне трохі ідэалізацыя даўняга, бо абрысы мінулага ўяўляюцца серабрыста-воблачнымі і трохі пахіленымі долу, як сівая галава майго бацькі. Зрокава тыя абрысы прыйшлі да мяне якраз са спавядальна-пранікнёных фотаздымкаў Міхала Небы.
Аднойчы я ўбачыў тыя фотаздымкі...
Пад высокім шкляным дахам майстэрні яны, высыпаныя з куфра, вынятыя з розных прыстолкаў і шуфляд, ляжалі проста на падлозе ўперамешку з тамамі рускай і польскай класікі і пагрызенай пацукамі бібліяй.
Майстар памёр.
Гаспадаром у ягоны дом па лініі блізкага сваяцтва прыйшоў мой сябар,— як і ў дзяцінстве, уважліва-сур'ёзны Валодзя Вінаградаў.
Ён сказаў мне: «Усё, што падабаецца, бяры, а то можа прапасці».
Фотаздымкаў было мноства, цэлая гара пялёсткаў з кветкі гісторыі. Яны пахавалі пад сабой вялізарную сцябліну, з якой, нібы варожачы на каханне, паволі абрываў іх час. Тую кветку ўваскрасіць ужо немагчыма. Яна засохла, пакінуўшы нам здымкі-пялёсткі з выразнымі на іх адбіткамі былога.
Вось яно, тое былое, непадзельнае на значнае і нязначнае. Усё яно — мінулая музыка, якую можна бачыць. Аскетычныя, амаль скульптурныя твары маіх землякоў, графічна-строгія з запаленымі свечкамі кампазіцыі пахаванняў і вяселляў, не абцяжараныя лішнімі эмоцыямі абліччы вайскоўцаў, твары яўрэяў і цыганоў — так, усё гэта музыка, незапісаная на нотную паперу.
Дом, у якім жыў майстар, пабліскваў здалёк шкляным дахам майстэрні і блакітнай верандай. Веранда пераходзіла ў калідор, у якім было шмат філянговых дзвярэй — першыя налева і вялі ў майстэрню. Ад ранку да вечара яны хадзілі хадуном, сюд-туд скрыпалі завесамі, а здаралася, што і з усяго размаху наляталі на вушак. З грукатам уваходзілі толькі чужыя людзі. Міхалавы ж сваякі і яго заўсёдныя кліенты ніколі не стукалі дзвярыма, ведаючы пра гаспадарова павучанне — у доме, апрача іншага, трэба шанаваць і дзверы, бо яны ўпускаюць у дом і выпускаюць з яго. Па той жа прычыне Міхалава жонка, унёсшы ў хату бярэмак дроў, не кідала іх абы-як пад грубу, як тое магла зрабіць любая іншая гаспадыня. Яна абавязкова нагіналася, нібыта кланялася будучаму цяплу, і акуратна, па паленцы выкладвала дровы на кавалак бляхі, якім закрывалася падлога каля грубы.
Рознага люду перабыло ў майстэрні, у Міхалавым доме, які выгодна знаходзіўся ў самым цэнтры мястэчка.
Заходзілі да майстра маладыя шляхцюкі, не ў меру вясёлыя і. здавалася, пад моцнай чаркай. Але пілі яны трошкі, самую кроплю, а больш вылівалі сабе на грудзі, за ўлогі. Рабілася тое знарок, каб мацней пахла гарэлкай — знак таго, што ты багатыр і ў цябе ёсць грошы на выпіўку.
Нейкі дзядька тупаў паўз вокны майстэрні, падганяючы каня вішнёвым дубчыкам. Дзядька вёз на поле азімае жыта і кошык з пасвенчанымі яблыкамі. Усім ягоным памочнікам, сынам і дочкам, будзе на полі па яблыку, на якіх яшчэ, здаецца, не высахла святая вада. Добрае жыта ўродзіць, калі перад самай сяўбой з'ясі спасаўскі яблык... А пасля дасевак, памыўшыся і прыбраўшыся, усёй сям'ёй можна зайсці і да Міхала, каб «зняцца на карточку».
Фатаграфаваў майстар і наведнікаў кавярні Polonia. Які-небудзь донжуаністы пан паручнік забягаў у майстэрню, усё яшчэ не ачухаўшыся ад нядаўніх занадта шчырых позіркаў гаспадыні кавярні. Пазіруючы, ён ужо выдумляў пяшчотны надпіс на будучым фотаздымку, які меўся таемна падарыць пані гаспадыні. Пан паручнік толькі што з'явіўся ў Давыд-Гарадку, і ён, няма ніякай мовы, прыгажун, і ягоны кожны фотаздымак не звычайная pamiątka służby wojskowej, а залаты ключык, якім ужо неаднойчы даводзілася з поспехам карыстацца...
Але пакуль фотаздымка няма, а сама пані гаспадыня знаходзіцца пад пільным вокам пана гаспадара, таму паручніку застаецца адзіны шлях — да Солтанавай хаты.
Пра Солтанаву хату, якую наймалі для сваіх заняткаў пэські — мясцовыя прастытуткі,— паручнік пачуў у кавярні ад афіцэра-пагранічніка. Пагранічнік папярэдзіў, што трэба спяшацца, бо прастытутак у мястэчку мала, хапае толькі на дзесятак афіцэраў. Асабліва тое адчуваецца, калі з Нырчы прыплывае ў мястэчка кацер з маракамі. Іх, бравых марынажаў, сустракае каля Солтанавай хаты чарга нецярплівых пагранічнікаў, якія, вядома, месца не саступяць. Сам Рыдз-Сміглы не здольны тут прадухіліць рыцарскай бойкі, і ў палескі пясок шчодра ўсмоктваецца гарачая кроў абаронцаў Рэчы Паспалітай. Эрасу застаецца толькі спачувальна падміргваць анёлу згоды.
Падрыхтаваны такім ладам пан паручнік ідзе да Царкоўнай гары і падзывае выпадковага хлопчыка: «Хлопак, ходзь ту. Гдзе тутай пэські?» Малы ўподбежкі праводзіць наструненага паручніка да Солтанавай хаты і зарабляе за тое дваццаць грошаў на цукеркі.
У занядбалай майстэрні засталося багата жаночых партрэтаў. З рыскай ледзьве ўлоўнага неспакою альбо з адкрытай, ну проста дзіцячай, радасцю глядзелі жанчыны ў аб'ектыў апарата. Коратка не скажаш пра іх, бо ўсе яны — рознага веку і прыгажосці, багатыя і бедныя, славянскай і неславянскай крыві.
Майстар даволі пажыў на свеце, досыць прачытаў разумных кніг, каб ведаць, што ніводзін мужчына не здатны палюбіць у жанчыне душу. Майстар лічыў тую няздатнасць грахом і гатовы быў пакаяцца за сябе перад жонкай і за ўсіх астатніх мужчын перад сваімі наведвальніцамі, але ўсё ж не рабіў таго. Ён баяўся, што тое дзіўнае пакаянне жанчыны не зразумеюць, а, не зразумеўшы, нават не хочучы таго, могуць звесці сур'ёзнае на жарт.
Каб дайсці да сябе — лепшага, сябе — дасканалага, неабходна палюбіць у жанчыне душу. Майстар верыў, што некалі так яно й будзе — кожны дойдзе да сябе лепшага. I магчыма, тое н е к а л і прыйдзе пад канец веку. бо пад канец веку, вучаць старыя людзі, здараюцца розныя дзівы. А зараз пакуль што год 1938-мы, і над майстэрняй кружыцца, глядзіцца ў яе шкляны дах нястомны анёл згоды.
Майстра цікавіла жанчына, якую ніхто не кахаў і якая за ўсё сваё жыццё не атрымала ніводнага любоўнага пісьма. Майстар разважаў, што менш за ўсё такая жанчына будзе ненавідзець жыццё і тым больш мужчын. Якраз наадварот. У нейкі момант яна памяркоўна ўспрыме сваю непазбыўную самоту, як нейкае выключнае становішча, і зразумее, што самае вялікае шчасце ў жыцці — бачыць над сабой чыстыя воблакі.
Выключнае становішча, адчутае ў сабе, прыводзіць да ўнутранай гармоніі, што адпавядае Бібліі. А выключнае становішча, створанае вакол сябе,— гэта ўжо шлях да бяды, і ён больш адпаведны пазнейшай літаратуры.
I Талстой у «Анне Карэнінай», і Блок. асабліва ў вершы «На чыгунцы», былі псіхалагічна прыгнечаны трагічнасцю таго становішча, якое стварылі іхнія гераіні вакол сябе...
Майстар быў упэўнены, што жанчына, якую ніхто не кахаў і якая за ўсё сваё жыццё не атрымала ніводнага любоўнага пісьма, менш за ўсё магла стаць гераіняй твораў Талстога і Блока. Яна сама была творцай і праз сваю пакутную выключнасць магла б стаць першай евангелісткай.
Майстар марыў пра яе партрэт.
Ён шукаў тую жанчыну ў кожнай беларусцы, у кожнай яўрэйцы і польцы. У любой каплічцы бачылася яе постаць і нават на пяці злотых, выпадкова знойдзеных у вулічным пыле, яснеў яе тонкі профіль.
Пра Міхала Небу і пра давераснёўскую Польшчу я патроху распытваў у старых людзей. Яны ахвотна расказвалі як «тоды було» і «шчо тоды робілос» і як Міхал усё гэта фатаграфаваў; як ён вандраваў са сваім апаратам па ўсёй давыд-гарадоцкай акрузе і як нічога не міналася ягонай увагі — кірмашы, крамы, цэрквы, салдацкія кашары, школы, гарынскае разводдзе, пахаванні і нават пажары. Я слухаў з удзячнасцю гэтыя расказы, уяўляючы паэтычную постаць фоталетапісца, местачкоў-ца-працаўніка, і разам з тым баяўся той катэгарычнай зададзенасці, на якую, на жаль, багатая памяць старых людзей. Кожны з маіх суразмоўнікаў лічыў, што толькі ён ведае ўсё пра той час і як ён расказвае, так трэба й пісаць.
I вось пасля кожнай такой бяседы я ўсё больш і больш пераконваўся, што акрамя жывых гутарак неабходна вывучаць дакументы. Няхай сабе і самыя нязначныя, як згаданая ўжо książka meldunkowa. Некалькі такіх «нязначных» дакументаў паказаў мне ў сваім калгасным музеі Уладзімір Якаўлевіч Куст [8].
Я радаваўся, калі да мяне траплялі ацалелыя колішнія паперы, нават выпадковыя шматкі з фрагментамі запісаў. На адным з іх. што даволі цікава, komisja egzaminacyjna mistrzowska паведамляла вяльможнаму пану Міхалу Небу. калі і дзе адбудзецца экзамен па спецыяльнасці фатаграфічнай.
Буйны звон чуўся ў хаце і рассыпаўся па доле, калі з дзіцячых рук нечакана выпадала торба з цяжкімі злотымі. Віхурылася мноства профіляў Пілсудскага. з якіх паволі выкладвалася на надлозе мазаіка даваеннай Польшчы.
Каб была патрэба ствараць мазаічныя арнаменты з колішняй паперы, то пад рукой мелася даволі наказаў платнічых, гмінных і павятовых паведамленняў, квітоў з чырвонай круглай пячаткай пажарнай стражы і ўсялякіх купчых умоў.
I па сённяшні дзень іх могуць паказаць вам у нашым краі. Яны найбольш захаваліся, бо іх найбольш пільнавалі ад агню і чужога вока. Паперы ўсё ж тычыліся грошай, заплачаных або заробленых. таму і ашчаджаліся як грошы.
У мове маёй маці паблісквае залаты пясок паланізмаў. Пра што яна ні гаворыць, у кожным выразе чуюцца ўсе гэтыя «опініі», «скуткі», «тэчкі», «турэпкі». «плецакі» і «вуцечкі», ад якіх, здаецца, большае ў гародзе кветак, а над імі пчол.
Мала сказаць, што гэта незвычайная мова, дыялектны кветнік, вечары і ранкі майго дзяцінства. Гэта тая музыка, паслухаўшы якую, адчуваеш сябе творцам. Богам, калі рукам патрэбна гліна, а розуму яснасць.
Два гады я не чуў гэтую мову, калі служыў у войску. Вярнуўшыся, я да ўсяго быў гатовы — да слёз, да неверагодных пытанняў, нават да неразумення. Але я не падрыхтаваўся да самага простага — спакойна без узрушэння, якое ў гэтым выпадку вельмі блізкае да экзальтацыі, пачуць першыя словы, нават першыя гукі матчынай гаворкі. Яны мяне ашаламілі, ператварылі ў тое шчаслівае дзіця, якое само дайшло да разумення, што сонца не памірае, а толькі заходзіць. Мусіць, тое ж сталася і з Тувімам, калі ў Бразіліі ён нечакана праз доўгі час эміграцыі пачуў польскую мову на адной з вулак Рыо.
Міхал Неба любіў фатаграфаваць вуліцу Касцюшкі, галоўную вуліцу мястэчка, на якой стаяў дамок майго прадзеда. На фотаздымках засталіся шэрыя, непаголеныя твары брукароў, што ў 30-я гады замасцілі вуліцу шасцікантовы-мі плітамі. I па тым і па сённяшнім часе «польскі брук», як называюць яго ў нас,— цудоўны ўзор дарожнага будаўніцтва. У ягоным трывалым існаванні маецца адкрыты папрок нашаму бруку, асабліва вясковым дарогам і вуліцам.
Зрэшты, не варта ганіць сённяшніх брукароў, не яны тут вінаваты, а сістэма аплаты іхняе працы. Ім не плацяць за якасную ўкладку, а толькі за колькасць пагонных метраў. А колішнім брукарам плацілі за якасць, таму й не адным толькі колам утульна на «польскім бруку», утульна нават босай дзіцячай ножцы.
Пліта да пліты падганялася і вымошчва-лася з сапраўднай ювелірнай дакладнасцю. Стваралася не дарога, а струна, поўная мелодыі бесперашкоднай хуткасці, у якой шчасліва ўтойваецца найбольшая бяспека руху. Я так мяркую, што гэта адзіны шлях, трапіўшы на які, легкадумны Фаэтон імгненна навучыўся б кіраваць вогненнай калясніцай.
«Польскі брук» назаўсёды застанецца на фотаздымках Міхала Небы, але ці застанецца ён наяве? Некалькі ягоных кіламетраў беззваротна зніклі. У канцы 70-х было задумана пашырыць цэнтральную вуліцу. Дзеля гэтага выламалі гістарычныя пліты, а частку іх проста засыпалі пяском. Вуліцу зрабілі шырэйшай, накрылі шэрай паласой асфальту, а з вывернутых плітаў абапал асфальту скляпалі сяк-так тратуар. I, мусіць, нічога такога страшнага ў тым няма, калі не лічыць страшным, што ізноў патрэба надзённага ўзвысілася над хараством.
У той час, калі вуліцу Касцюшкі вымошчвалі плітамі, на суседняй вуліцы будавалі з чырвонай цэглы касцёл. Яго асвянцілі ў 1936 годзе. Але калі ў ім адбылася апошняя імша — цяпер ужо цяжка сказаць, таксама як і тое — калі ў ім заіграў першы гармонік. У вядомыя часы касцёлу, што называецца, надалі «свецкасці» — скінулі крыж і разбурылі вежу-званіцу. Ён стаў клубам, але і па сёння людзі называюць яго касцёлам. Не праз упартасць сваю, а толькі пакланяючыся трывалай звычцы. I таму фраза «пайсці ў клуб на танцы» вымаўляецца ў Давыд-Гарадку даволі дзіўна — «пайсці ў касцёл на танцы».
Дык вось касцёл, да якога цяпер прырабілі танцпляцоўку, падобны на самотную і, асабліва ў сонечныя дні, сумную істоту. Толькі пад дажджом ён весялее. Цэгла робіцца яснейшай, вокны набываюць вясёлкавы рух, і сама будыніна губляе цяжар адзіноцтва. Сцены ўвачавідкі вырастаюць і становяцца такімі ж невымяральнымі, як і струмені дажджу.
Мяне захапляе такое пераўтварэнне, і таму я люблю дождж. Любы — і той, які ледзьве крапае, і той шалёны, што як з вядра, і ранішні, і вечаровы, вясновы і восеньскі. У любую пару першыя кроплі дажджу, як першыя радкі Бібліі, апавядаюць пра неба і зямлю і ажыўляюць адзіны ў Давыд-Гарадку касцёл.
6 мая 1936 года дажджу не было, хоць на яго выглядалі ўжо з самае раніцы. Абыходзячы Царкоўную гару з двух бакоў, да прыстані збіраліся людзі. Яны неслі свае цяжкія клункі, а ў душы яшчэ больш цяжэйшы настрой. Людзі развітналіся з радзімай, маліліся па драўляныя сцены Уваскрасенскай царквы — яны ехалі на заработкі ў Канаду. Іх ужо чакаў Piast, рэйсавы параходзік, што нястомна курсіраваў паміж Давыд-Гарадком і Пінскам. Развітацца са сваімі прыхаджанамі прыехаў святар Бяляеў, які адначасова з'яўляўся і віцэ-бурмістрам. Неўзаба-ве ўсе заўважылі і Міхала Небу, з ягоным лёгкім апаратам на трох акаваных ножках. Са школкі прывялі дзяцей, прыбраных як на свята. Кожны школьнік трымаў развітальную галінку шпарагусу.
А дажджу ўсё не было. А людзі ж чакалі яго, бо на вялікую дарогу патрэбен дождж.
Бяляеў збіраўся сказаць развітальнае слова, як раптова загуў моцны вецер, і ў тую ж хвіліну загарэўся храм на Царкоўнай гары. З галоўнага купала выбеглі палосы агню, высока узвіліся абпаленыя вараняты. Іхнія кублы, густа абсыпаныя іскрамі, вывальваліся з дымнага купала. Вецер панёс іх на той бок Гарыні, на сухія саламяныя стрэхі. Прыстань застагнала. Цяпер ужо гарэла на абодвух берагах ракі.
Пажарная стража запазнілася, царкву маглі ўратаваць толькі вайскоўцы. Яны ўжо спяшаліся з кашараў, насцёбваючы коней — імчалі да Царкоўнай гары лёгкую палявую гармату. Людзі, што беглі да свайго храма хто з чым — з баграмі, драбінамі, вёдрамі, спыніліся. каб не замінаць жаўнерам. «Будуць збіваць купал!» — выдыхнуў натоўп... Але подбегам рушыў да артылерыстаў страшны сваім пачарнелым тварам свяшчэннік Бяляеў і забараніў страляць. Ён убачыў у гэтым пажары знак божы — і ягоная царква згарэла. З абрывістага схілу замчышча яна абрынулася на гарынскі бераг, галавешкі даляцелі да прыстані, да нізкіх бартоў апусцелага Piastа. У гэты дзень параход не дачакаўся пасажыраў, а Давыд-Гарадок дажджу.
Жаўнеры, заварочваючы коней, лаялі у душы віцэ-бурмістра з яго вар'яцкім загадам, а ён, гледзячы на пажар, ужо не валодаў мовай, уражаны ўласнай здагадкай — гэта ж царква ахвяравала сабой, каб не пусціць прыхаджан на чужыну.
У агульным гвалце не згубіў спакою толькі адзін чалавек — Міхал Неба. Майстар фатаграфаваў Уваскрасенскую царкву, яе апошнія імгненні, яе зыход у небыццё.
Кожны храм, нават самай нязначнай забудовы, займае мінімум прасторы. Калі храм знешне грувасткі — гэта ўжо не храм, а сцены для жылля. Толькі ўзнесенасць, толькі адухоўле-ная вертыкаль ратуюць прастору ад наступу глухой матэрыі.
I кожны партрэт, выкананы Міхалам Небам, сімвалізуе тую ж самую думку — чалавек панінен займаць мінімум прасторы. У партрэтах гэта дасягаецца перш за ўсё праз вытанчанасць ліній твару.
У пэўныя моманты майстар мусіў рабіць свядомы падман. Ён знарокава аскетызаваў паўнаватыя твары, падначальваў плоцкую гарызанталь вертыкалі. А кліентам не заўсёды тое падабалася. Яны не плацілі і пакідалі партрэты ў Небавай майстэрні. Паўната і мажнасць чалавека, лічылі яны, гэта й ёсць прыгажосць і шчыра пасмяяліся б з кожнага, хто развёў бы з імі гаворку пра «мінімум прасторы».
I сённяшнім гарадчукам, чытачам рамана Г. Марчука «Крык па хутары», зразумела хваляванне старога папа Шыдлоўскага, які баяўся, што пасля смерці ў яго западуць шчокі і ў дамавіне ён будзе непрыгожа выглядаць. У рамане поп Шыдлоўскі просіць дзяцей, каб тыя не забыліся пакласці яму, нябожчыку, у рот ваты.
Мае землякі прымалі ў Міхалу Небу толькі чыстага фатографа і ніякага мастака бачыць не хацелі. Майстар не крыўдаваў на тое. Пакінутыя партрэты ён акуратна збіраў і захоўваў у розных сваіх прыстолках і шуфлядах.
У нейкім без вокладак польскім часопісе за 1930 год яму пашчасціла сярод розных здымкаў, падабраных да 50-годдзя Блока, убачыць апошні партрэт паэта, зроблены Напельбаўмам. Гэта быў магічны партрэт, на якім ужо ляжаў цень ад Харонавага вясла. Вочы схімніка, што вытрымаў вялікі пост, глядзелі на давыд-гарадоцкага майстра.
Вядома, Міхал таго не ведаў, толькі мог здагадвацца, што Блок верыў у прамую залежнасць гармоніі ад выразнасці твару самога творцы. Выказваючыся пра нямецкіх рамантыкаў (Ціка, Наваліса, Гофмана), Блок заўважаў: «У іх невыразныя твары. З такімі тварамі немагчыма здабыць велічы...»
Міхал Неба ўспрымаў выразнасць, як мінімум, як кветку, на якой павінна быць толькі пяць, а не шэсць пялёсткаў.
Ён меў рацыю. Сапраўды, выразнасць — гэта арганізаванае хараство, якое заўсёды было цэнтрам прасторы. I фатаграфуючы давыд-гарадчука, што пакідаў на шчыце сваёй хаты памятку пра анёла згоды, Міхал Неба фатаграфаваў цэнтр прасторы.
1988