Аскаду Мухтару
Ці помніш ты мяне,
Аскад,
Калега мой і аднагодак?..
Цябе,
далёкі ўзбекскі брат,
Успамінаю я заўсёды.
Бо не забыць пары тае,
Калі
як госцю дарагому
Мы родныя краі свае
Паказвалі адзін другому.
Цымбалаў тонкі перазвон
I гукі хрыплыя карнаяў1
Здымалі стому,
гналі сон,
За сэрца,
за душу краналі.
У цеснаце застольных месц
Цякла гамонка мірным ладам.
Быў зразумелы сэнс і змест
Чужых нам слоў без перакладу.
Ды, як на зло,
якраз тады
Працяглы рокат землятруса
Давёў узбекаў да бяды,
Азваўся ў сэрцах беларусаў.
За Беларусь
каля Дняпра
Загінуў твой настаўнік строгі,
Паэт-салдат Султан Джура,
Што спіць у вёсцы Казярогі.
Дзе Казярогі й Сабалі
Чакаюць коз і сабаліхаў,
Злавесна звісла на палі
Крыло чарнобыльскага ліха.
Мо боскі суд —
гэта бяда?..
Ці ж мала войнаў беларусам?
Няўжо алаху не шкада
Узбекаў мучыць землятрусам?