Агонь на крылы маладыя плёснуў
I выпаліў нязмыўнае таўро.
Каб лётаць птушцы,
трэ мець сілы
Пераадолець свой цяжар.
А мне яшчэ пры ўзлёце
крылы
Сусветны апаліў пажар.
Нас бралі за мяжой на мушку,
Каб утрымаць любой цаной...
То кальцавалі,
быццам птушак
У цеснай клетцы драцяной.
А мне ж хацелася дадому,
Як з пекла грэшніку —
у рай...
Я быў наіўны і свядомы,
Я быў даверлівы праз край.
Я не ўяўляў,
што мне на свеце
Не стануць людзі давяраць
I дома будуць па анкеце
Мой шлях жыццёвы правяраць.
Узняты з цемры падзямелля,
Прытуплены пагляд вачэй —
Быў пільны пры святле завельмі
I ўсё ў жыцці ўспрымаў ярчэй.
Не даравалі мне ніколі
Каранаваныя чыны,
Што за мяжой
я ўбачыў болей,
Чымся дазволілі б яны.
Каб я не пікнуў у далейшым,—
Зацуглілі,
аж сперла дых,
I з рук не выпускалі лейцы,
Раз-пораз тузаючы іх.
Маўляў, от пагарцуй,
васпане,
Калі ты выжыў,
а не здох!
Ні ўспудзіцца
я быў не ў стане,
Ні на дыбкі стаць
я не мог.
Цягнуў я лямку з сілай конскай
У пекле страху ды маны
I верыў,
што насустрач сонцу
Кручу на восі шар зямны.
Круціў жа прывад малатарні,
Якая ў свету на вачах
Не малацьбу вяла,
а марна
Гула і ўдзень і па начах.
Мяне трымалі ў чорным целе,
Ніхто не знаў,
што не з дабра
Ў ім слёзы горкія кіпелі,
Нібы ў бязмоўнага бабра.